Багатае на таленты шчырае свята беларускага пісьменства разгарнулася сёлета ў Бялынічах 6 верасня і было прысвечана памяці творцаў, якія паходзілі з Магілёўшчыны: Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Альгерда Абуховіча, Максіма Гарэцкага, Аркадзя Куляшова, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віктара Турава і іншых.
Дабраславенне ўсім служыцелям слова на шляху праўды перадаў ад імя мітрапаліта Веньяміна архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Ён узгадаў пра традыцыі айчыннага прыгожага пісьменства, якія мелі вытокі ў дзейнасці святых Кірылы і Мяфодзія, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага і іншых.
6 верасня на галоўнай сцэне ў Бялынічах адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў некалькіх намінацыях. У галіне паэзіі прэмію атрымаў Валеры Грышкавец за зборнік вершаў “Застаюся назаўсёды”, лепшым дасягненнем у прозе прызнаны зборнік апавяданняў “Хвалі” Уладзіміра Сцяпана. Сярод твораў публіцыстыкі прэміяй быў адзначаны зборнік “Пастаўшчына” Ігара Пракаповіча. Лепшай ў галіне літаратурнай крытыкі прызнана кніга Івана Васільевіча Саверчанкі “Магія слова”. Лепшым творам для дзяцей была названа кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісоўскай “Ключ ад вялікай каштоўнасці”, а паспяховым дэбютам – зборнік вершаў “Сузор’е птушкі” Вольгі Нікіценка.
Іван Саверчанка адзначыў, што мастацкая літаратура спрыяе інтэлектуальнаму станаўленню асобы, развівае творчыя здольнасці, кансалідуе грамадства на нацыянальных каштоўнасцях.
Падчас канцэрту ўдзельнікі конкурсу “Жывая класіка” чыталі ўрыўкі з твораў Уладзіміра Караткевіча да яго 90-годдзя. Майстры мастацтваў і творчыя калектывы выступілі з разнастайнай музычнай праграмай. У яе былі ўключаны ўрыўкі з драматычных твораў. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, якую ўзнялі выступоўцы, падкрэсліла важнасць захавання міру ў краіне.
У цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурса буктрэлераў (відэаролікаў, якія папулярызаюць лепшыя мастацкія творы) “Кніга з экрана” ўзяў удзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай і выдавецкай дзейнасці А. А. Суша. Былі ўзнагароджаны буктрэлеры па творах Васіля Быкава і Барыса Васільева.
На пляцоўцы Бялыніцкага раённага цэнтра культуры была разгорнута кніжна-ілюстратыўная выстава “Скарбы зямлі беларускай”. У экспазіцыі можна было азнаёміцца з цікавымі і багата ілюстраванымі выданнямі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, кнігамі, прысвечанымі праваслаўным і каталіцкім храмам краіны, помнікам сакральнага жывапісу і станаўленню іканапіснай школы на беларускіх землях. Асобны раздзел выставы “Жыровіцкая святыня” быў прысвечаны Жыровіцкаму манастыру. У рамках свята беларускага пісьменства Нацыянальная бібліятэка перадала з фонда дзяржаўнай установе культуры “Бялыніцкая цэнтральная бібліятэчная сетка” 70 выданняў навукова-папулярнай, мастацкай, і энцыклапедычнай літаратуры.
На цэнтральнай плошчы працавалі павільёны “Друкарскі двор”, “Слова пісьменніка” і іншыя, дзе ўдзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства знаёміліся з кніжнымі навінкамі і сустракаліся з пісьменнікамі. Таксама былі прадстаўлены экспазіцыі перыядычных выданняў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі і аўтограф-сесіі праходзілі на пляцоўцы “Слова пісьменніка”.
Вельмі разнастайнай была праграма свята. Цікавыя экспанаты, архіўныя дакументы, альбомныя выданні, карціны прадставілі на прагляд Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава і Магілёўскі музей гісторыі горада. Госці свята агледзелі адноўленую экспазіцыю мастацкага музея майстра пейзажнага жывапісу Вітольда Бялыніцкага- Бірулі.
На свяце былі шырока прадстаўлены народныя рамёствы: разьбярства, ткацтва, кераміка. Працаўнікі кампаніі ААТ ” Дамачай” частавалі гасцей караваямі свежай выпечкі, самымі рознымі гатункамі хлеба і кандытарскіх вырабаў.
Ганаровыя госці свята заклалі алею гарадоў-сталіц урачыстасці бе-ларускага пісьменства, высадзіўшы 20 клёнаў у гарадскім парку.
Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праходзіць з 1994 года ў гарадах з багатай гісторыка-культурнай спадчынай, у даўніх цэнтрах культуры і асветы. Сталіцамі Дня беларускага пісьменства тройчы станавіўся Полацк, двойчы Тураў і Заслаўе, свята прымалі на сваёй зямлі Нясвіж, Мір, Орша, Пінск, Камянец, Шчучын і Рагачоў. На Магілёўшчыне, якая ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства адзначаўся ўжо тройчы – у Мсціславе, Шклове і Быхаве.
Падрыхтавала Э. Дзвінская,
фота аўтара.