Частка нашай нацыянальнай гістарычнай спадчыны – гэта старажытныя могілкі. Наш родны Магілёў мае шэраг старажытных пахаванняў, якія плённа вывучаюць гісторыкі і краязнаўцы горада. У траўні 2020 года мною было выяўлена знікненне надмагільнай пліты Рыгора Грум-Гржымайлы на Мышакоўскіх могілках. А ў хуткім часе стала вядома, што знікла і яшчэ некалькі помнікаў з гэтых могілак. Паколькі помнікі былі металічныя, то ўзнікла версія, што марадзёры вырашылі зарабіць на металаломе. Я адразу падаў заяву ў міліцыю. Самым каштоўным страчаным гістарычным артэфактам з’яўлялася чыгунная пліта 19 стагоддзя Рыгора Грум-Гржымайлы. Грум-Гржымайлы – старажытны магілёўскі шляхецкі род, уплывовы і вядомы як на тэрыторыі Беларусі, так і далёка за яе межамі. Рыгор Іванавіч (1773-1846) займаў важныя і адказныя пасады ў нашым горадзе. Яго бацька, Іван Іванавіч, служыў у гарадскім магістраце. Сам Рыгор скончыў народнае вучылішча і працаваў на дзяржаўнай службе. Абіраўся ў склад совеснага суда ад магілёўскага купецтва. Суд разглядаў некаторыя грамадзянскія справы. З 1830 по 1846 год займаў пасаду гарадскога галавы, што па сённяшнім часе раўназначна ста-ршыні гарадскога выканаўчага камітэта. На надмагільнай пліце была выява герба роду Грум-Гржымайлаў і надпіс: “Здесь покоится Григорий Иванович Грум Гржимайло, родился 30 сентября 1773, скончался 29 октября 1846 года”. Герб вельмі падобны на герб горада Магілёва: цвердзевая сцяна з трымя вежамі і адчыненай брамай. У браме рыцар у даспехах з узнятым мячом, падрыхтаваным для ўдару. Рыгор Іванавіч жыў у Магілёве на вуліцы Зялёнай, гэта сучасная вуліца К. Маркса. Нейкім дзіўным чынам яго дом захаваўся да нашых дзён. І некалькі год таму краязнаўцу Наталлі Куляшковай паказаў гэты драўляны будынак дальні іх сваяк і сябар Тэадор Штанге, які прыязжаў у госці з Польшчы. Сучасны адрас дома Рыгора Іванавіча Грум-Гржымайлы – завулак Буянава, 19 і зараз тут месціцца “Камбінат супрацьпажарных мерапрыемстваў”. Увогуле, калі нехта цікавіцца родам Грумаў і гісторыяй магілёўскай мужчынскай гімназіі, то лепшага знаўцу, чым Наталля Фёдараўна Куляшкова, у нас на Магілёўшчыне не знайсці. Наталля Куляшкова працуе настаўнікам фізкультуры ў гімназіі № 3 і вялікую частку свайго жыцця прысвяціла вывучэнню яскравых старонак сваёй навучальнай установы.
Род Грум-Гржымайлаў вядомы многімі сваімі прадстаўнікамі ў грамадскай і навуковай сферы. Першым вядомым навукоўцам лічыцца родны брат Рыгора Іванавіча Кандрацій Іванавіч Грум-Гржымайла (1794-1874) – доктар медыцыны, адзін з першых рускіх лекараў-пісьменнікаў. Нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў мужчынскай гімназіі. Затым навучаўся на лекара ў Віленскім універсітэце. Служыў у Магілёве вайсковым хірургам. Выдаваў на дзяржаўныя сродкі першую ў Расіі медыцынскую газету “Друг здравия”. Напісаў некалькі навуковых і папулярных кніг па гігіене.
У Рыгора Іванавіча было чацвёра дзяцей: дочкі Дар’я, Алена, Ганна і сын Яфім. Яфім Рыгоравіч скончыў мужчынскую гімназію ў Магілёве і Пецярбургскі ўніверсітэт. Працаваў у Рызе і Пецярбургу, дзе на Неўскім праспекце адкрыў уласную натарыяльную кантору. Унукі Рыгора Іванавіча – Рыгор, Міхаіл і Уладзімір – таксама праславілі свой род далёка за межамі нашай краіны на абшарах Еўропы і Азіі.
Старэйшы быў Рыгор Яфімавіч Грум-Гржымайла (1860-1936) – географ, падарожнік, заолаг. Даследчык Заходняга Кітая, Паміра, Цянь-Шаня, Манголіі, Тувы і Дальняга Усходу. З’яўляўся віца-старшынём Рускага геаграфічнага таварыства. Пісаў артыкулы для Вялікай савецкай энцыклапедыі. У гонар навукоўца названы горны хрыбет і ледавік. У Санкт-Пецярбургу, дзе жыў Рыгор Яфімавіч, усталявана памятная дошка.
Міхаіл Яфімавіч Грум-Гржымайла (1861-1921) – расійскі вайсковы дзеяч, вынаходнік, падарожнік. Разам з братам Рыгорам прымаў удзел у экспедыцыях. Даслужыўся да чыну генерал-маёра. З’яўляецца выбітным вынаходнікам свайго часу ў ваеннай сферы. Распрацаваў аптычную прыладу для артылерыстаў і некалькі прыстасаванняў для конных войскаў. Аўтар кніг і артыкулаў па вайсковых пытаннях, напрыклад такіх: “Снаряжение офицеров в походе”, “Описание контрольного прибора для наводчиков”. Пасля кастрычніцкага перавароту патрапіў у Бутырскую турму ў Маскве, дзе і памёр.
Уладзімір Яфімавіч Грум-Гржымайла (1864-1928) – вынаходнік, інжынер, металург, педагог і арганізатар вытворчасці, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР. Скончыў Горны інстытут у Пецярбургу. Працаваў на Урале, дзе займаўся металургічнымі печамі і пячнымі канструкцыямі. Па яго ініцыятыве быў створаны ў 1924 годзе Інстытут “Стальпраект”, які і дагэтуль існуе ў Маскве на вуліцы Ціміразеўскай. Гэта быў чалавек энцыклапедычных ведаў, якія перадаваў маладому пакаленню на педагагічнай працы у Пецярбургу ў Політэхнічным інстытуце і ў Екацерынбургу ва Уральскім універсітэце. Пасля кастрычніцкага перавароту адносіны з бальшавікамі былі складанымі. Уваходзіў у склад ураду Калчака. Абараняў сваіх калег ад палітычных рэпрэсій. Адкрыта крытыкаваў тэорыю марксізму. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках. Некалькі год таму ў Свярдлоўскай вобласці ў горадзе Верхняя Пышма Уладзіміру Яфімавічу быў усталяваны пом-нік.
Нашчадкі слаўнага роду Грум-Гржымайлаў, з якімі краязнавец Наталля Куляшкова падтры-млівае сяброўскія сувязі, жывуць зараз у Менску і Маскве.
На вялікі жаль, сумная гісторыя з кражай надмагільнай пліты Р. Грум-Гржымайлы мела свой працяг… У ліпені была выяўлена разрабаванне цаглянага склепа Янчэўскіх марадзёрамі, а таксама на габрэйскіх могілках знік вялікі прыгожы металічны помнік пачатку 20 стагоддзя прадстаўніка вядомага роду Лур’е… Магілёўская міліцыя ўжо затрымала двух чалавек, якія падазраюцца ў знішчэнні помнікаў на могілках, але верагодна, што злодзеяў у нашым горадзе, якія зарабляюць марадзёрствам, значна больш!
Варта надалей вывучаць і прымаць меры для захавання старажытнага некропаля на Мыша-коўскіх могілках і іншых старажытных пахаваннях нашага славутага горада Магілёва.
Алег Дзьячкоў.
Магілёў. Жнівень 2020.
Фота аўтара.