Да 75-годдзя з дня нараджэння Рыгора Семашкевіча
ВІЗІТНАЯ КАРТКА. Рыгор Міхайлавіч Семашкевіч. Нарадзіўся 12 верасня 1945 года ў вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям’і. Беларускі пісьменнік, літаратуразнавец і крытык. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў дырэктарам Малінаўскай васьмігодкі Смаргонскага раёна. Пасля аспірантуры выкладаў у БДУ беларускую літаратуру. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Член Саюза пісьменнікаў СССР.
Дэбютаваў вершамі ў 1960-м. Аўтар зборнікаў паэзіі “Леснічоўка” (1968), “Субота” (1973), аповесці “Бацька ў калаўроце” (1976), кнігі “Лічыла дні зязюля” (1987), зборніка прозы “Выпрабаванне любоўю” ( 1982).
Памёр 11 чэрвеня 1982 года.
АДКАЗАЦЬ АДНАЗНАЧНА, калі я ўпершыню пачуў імя Міхася Чарота – не бяруся. А вось з ягонай цікавай творчасцю падрабязна пазнаёміўся ў 1970-м, падчас другога семестра першага курса любімага журфака.
Беларускую літаратуру ў нас выкладаў сутулы, хударлявы, занадта сціплы і сарамлівы малады дацэнт Рыгор Семашкевіч. Я тады даведаўся, што ў свае 27 на ягоным творчым рахунку былі ўжо вершаваны зборнік “Леснічоўка” і дзве даследчыя працы: “Браніслаў Эпімах-Шыпіла” ды “Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу”. Толькі больш за гэта нас тады цікавіла тое, што ён – зяць самога Янкі Брыля!
Звычайна без асаблівага ўздыму і захаплення, спакойна і сцішана вядомы пісьменнік і літаратура-знавец распавядаў пра чарговага літаратара ці ягоны твор. Калі ж чарга дайшла да Чарота, ён імгненна ператварыўся. Спіна заўважна выпрамілася, плечы нібы сталі на сваё месца, словы атрымліваліся куды больш чутнымі, выразнымі і пераканаўчымі. Раней гэтак уважліва мы яго не слухалі. Рыгор Міхайлавіч часцей папраўляў свае ўжо не першыя акуляры, ускідваў у іх вочы пад столь і скідваў адтуль на нашыя галовы тое, што цяжка забыць: і “шчырасць пачуццяў”, і “высокі грамадзянскі дух”, і “ўсёпераможны аптымізм”, і “ўсход надзеі”, і “зорны небасхіл”… Карацей, словы і сімвалы, якія “ўвасаблялі запаведную мару рэвалюцыйнага народа”. Асабліва зацікавіў расповед пра два вершы Чарота. Першым быў “Суровы прыгавор падпісваю першым”. Твор, які не друкаваўся нідзе з 1930 года, калі ад яго трапяталі старонкі “Полымя” і “Маладосці”:
Чаго хацелі вы? Якое мелі права
Крывёю гандляваць
працоўных Беларусі?
Прыйшла на вас суровая расправа,
Перад судом віну
прызнаць прымусім.
Вы прытаіліся пад венікам, як мышы,
Каб зноў паўзці на вольныя загоны,
Вы марылі ўзабрацца на ўзвышша
І дыктаваць драпежныя законы.
Наш смелы крок –
узвышша зараслося,
Законы піша дыктатура працы.
Выкрывальны верш адрасаваўся, уражваў нас Семашкевіч, выдатнаму пісьменніку, крытыку, публіцысту і вучонаму Вацлаву Ластоўскаму, аднаму з прызнаных творцаў у гісторыі нашай культуры Максіму Гарэцкаму, заснавальнікам літаб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша” Язэпу Пушчу і Алесю Дудару. Апошняга, дарэчы, за ненадрукаваны верш “Пасеклі край наш папалам…” выслалі ў 1928-м на тры гады ў Смаленск, а праз дзесяць гадоў расстралялі. Іх ды іншых Чарот асуджаў за нацдэмаўшчыну. Яны былі арыштаваны вясной і летам 1930 года ў ліку дзеячаў беларускай навукі і культуры па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Многіх рсстралялі, іншыя згінулі ў розных лагерах.
І другі верш, напісаны ўжо ў турме, стаў, падкрэсліваў Рыгор Мі-хайлавіч, споведдзю не толькі перад сабой, але і перад усім сваім народам, якому зычыў працвітання і шчасця. Тым, хто гэтага не чуў, немагчыма нават уявіць твар Семашкевіча, калі ён чытаў нам радкі Чарота:
Я вам не здрадзіў,
Не зманіў,
Бо славіў наш савецкі будзень,
Свой верш сардэчнай чысціні
Ахвяраваў я родным людзям.
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, –
Кажу вам: я не вінаваты!
Паверце – я не вінаваты!
НЕ МОГ настаўнік не распавесці, вядома ж, і пра “Босых на вогнішчы”… Трохкроп’е тут таму, што менавіта гэтая паэма трапіла мне на будучым экзамене. Увогуле пад-рыхтаваўся нядрэнна. Уважліва прачытаў-перачытаў твор – пра пажар на Усходзе, пра агонь, у якім марнее ўсё, што збіралі вякамі. Асабліва ўрэзалася пра знішчэнне тава-рышамі з дымам памяці мінулага – цэркваў, палацаў і харомаў, пра што некаторыя мараць і сёння. Дарэчы, прыхапіў з сабой сшытак з лекцыямі, сярод якіх была і Семашкевічава. Ведаў, што яму падабаецца, калі за ім запісваюць і на яго спасылаюцца.
І вось, адказваючы на білет, пасля таго, як дайшоў да тых пабудоў, што разбураюцца і гараць у агні, – не змог далей гаварыць. Мне стала натуральна дрэнна (і сёння дрыжыкі па целе) не толькі маральна, але і фізічна. Аднагрупнік, з якім мы падчас вучобы моцна сябравалі (павінен быў адказваць за мной), так перапужаўся, што кінуў рыхтавацца, падбег да графіна і наліў мне вады. Разгубіўся і Семашкевіч, пачаў нярвова і хуценька праціраць шкельцы акуляраў.
Я ўсё ж узяў сябе ў рукі і працягнуў адказваць. Мае дзяды і бабулі былі вернікамі. У якаўлевіцкай і анікавіцкай хатах на мяне глядзелі з дзяцінства божыя абразы, перад якімі, асабліва бабулі Акуліна і Марыя, заўсёды ўтрапёна маліліся. Ды і расказы дзядоў Ільі, які сябраваў з Янкам Купалам, і Лукі добра памятаў. Да таго ж, для добрай адзнакі вырашыў “здзівіць” Семашкевіча тым, што сам пішу вершы, што яны друкаваліся ў вайсковай і раённай газетах. Але падобнае на тое, што напісаў Чарот, не напісаў бы ніколі – ні тады, ні сёння…
– У якім сэнсе? – інтэлегентна-рашуча ўскінуў вочы пад дах аўдыторыі Рыгор Міхайлавіч.
– Шкада ж усяго, што гіне, людзі ж будавалі, верылі, спрачаліся, спадзяваліся… Вы ж самі казалі, вось я занатаваў у сшытку (паказаў, дазвалялася прыносіць, але не карыстацца падчас адказу), што ў творчасці павінны быць стваральныя матывы.
Цяпер ужо ваду піў выкладчык. Хлапец, не буду называць яго прозвішча, які сядзеў за маім сябрам, схапіўся за галаву, ён пазней працаваў зусім не ў журналістыцы, тым больш, не ў літаратуры. Семашкевіч задаў гэткае дадатковае пытанне, на якое я адказу не знайшоў і ўбачыў у залікоўцы тлустую, першую і апошнюю за ўсю вучобу, “тройку”… Пазней мы сустракаліся, нібы нічога “дрэннага” не здарылася…
ЧАСТА ЎСПАМІНАЮ я пра тую адзнаку. Перадусім яна нагадвае мне незабыўнак знаёмства з удумлівым і дасціпным (прачытаў, акрамя ўсяго, амаль усе ягоныя творы) літаратарам, якога Рыгор Барадулін называў самым сарамяжлівым інтэлектуалам. Па словах Рыгора Іванавіча, дакладнага на радок і водгульнага ў часе на думку паэта, артыстычнага эсэіста, празаіка, тонкага гумарыста і ўедлівага сатырыка, Семашкевіча паважалі і “непрыхавана пабойваліся намнога старэйшыя за яго ўзростам, і, калі можна так сказаць, стажам у літаратуры. Думка ягоная была пільная, прадбачлівая, руплівая, вынашаная пад сэрцам і ўзважаная розумам, а таму і непахісная, вогнетрывалая”.
Застаецца пагадзіцца з дзядзькам Рыгорам, што Рыгор Семаш-кевіч – адна з апостальскіх фігур у нашай літаратуры.
Уладзімір Барысенка.