Дзень беларускага кнігадрукавання ці беларускага першадруку, Дзень беларускай Бібліі… Па-рознаму называюць шосты дзень жніўня 1517 года, калі ў чэшскай Празе запрацаваў друкарскі станок Францішка Скарыны. Назвы не мяняюць сутнасць найвялікшай падзеі ў культурным лёсе нашага народа.
Вядома, ёсць штогадовае Свята беларускага пісьменства і друку, але і гэты, шосты жнівеньскі дзень, павінен мець свае святочныя акцэнты. Прынамсі, так лічаць сябры ТБМ з Нясвіжчыны. Трэці год запар па іх ініцыятыве ля помніка прадаўжальніку скарынаўскай справы Сымону Буднаму збіраецца зацікаўленая грамада. Сёлета кожны прыйшоў сюды са сваёй, самай неабходнай, самай цікавай, самай любімай кнігай. Шчыры хрысціянін, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Бруй нікога не здзівіў сваім выбарам: кожны, хто яго ведае, разумеў, што спадар Уладзімір прынясе Біблію – кнігу кнігаў, якую “праз жыццё дзень у дзень належыць чытаць, перачытваць, спасцігаць, каб набірацца духоўнай моцы”. Развагі пра Біблію, варыянты яе перакладаў прадоўжыў арганіст касцёла Божага цела, арганізатар мясцовых курсаў “Мова нанова” Дзяніс Каўшар. Кнігі свайго мужа прынесла Ніла Бруй. ” У іх таксама біблейныя ісціны,- кажа яна, – толькі сцвярджаюцца яны праз мясцовыя выпадкі і здарэнні, жыццёвыя лёсы землякоў, родных, сяброў”.
Самую вялікую кніжку прынёс самы маленькі ўдзельнік сяброўскай сустрэчы ля Буднага. Яраслаў Еўдакімаў, як сапраўдны асветнік, распавёў грамадзе пра тое, што напісана ў энцыклапедыі(!) пра Месяц, пра сілу прыцягнення на спадарожніку Зямлі ды тыя дзівосы, якія чакаюць там касмічнага вандроўніка. У Станіславы Вальчык, бабулі Яраслава, старшыні Карцэвіцкай суполкі, іншыя прыцягненні. Яе клопат, каб не згубілася ніводнае роднае слоўка. Таму з пашанай прынесла яна змагарную кнігу Валерыя Дранчука “Гавязна”. Гэтым выданнем аўтар працягвае шматгадовую барацьбу за вяртанне на карту Беларусі і ў паўсядзённае жыццё землякоў пракаветнага тапоніма.
Не змагла прыехаць на сустрэчу Валянціна Холадава, старшыня Новасвержанскай суполкі, але зборнічак паэзіі ад яе ўсё ж лёг на п’едэстал як удзячнасць пачынальнікам друкарскай справы. Спадарыня Валянціна перадала кніжачку паэзіі яе добрых знаёмцаў – Міколы, Генрыха і Галіны Кутас “У храме дзён”. Ёсць жа такія, з творчым імпэтам сем’і! Нялёгкія жыццёвыя дарогі прывялі на пэўны час у наш горад Міколу Кутаса. Нясвіжу прысвяціў ён нямала ўдзячных радкоў. Напісаў нават верш-гімн у гонар яго. Але працытаваць хочацца радкі яго сына:
Так, мы з палёў
забытай Атлантыды,
Жывыя, антырозуму назло.
Паўсталі мы,
зламаўшы лёсу дзіды,
Каб запаліць сваё святло.
І ўжо цяпер
трывогай незабыўнай
Расфарбаваўшы
гэты белы свет,
Паўсталі ў думках велічных,
парыўных,
Каб не згубіць свой
спаконвечны след.
Наталля Плакса прынесла дзве актуальныя на яе пагляд кнігі – краязнаўчы сказ Станіслава Судніка “Пілігрымка дадому” і зборнік вершаў паэта-земляка Уладзіміра Жылкі, нагадаўшы, што гэты год сябры ТБМ з Нясвіжчыны аб’явілі Годам Жылкі.
Завяршыў кніжны парад Міхась Асмыковіч. “На сёння гэта самая свежая мая кніга, нядаўна з выдавецтва, а таму і самая цікавая для мяне, “- сказаў спадар Міхась пра кнігу Алеся Краўцэвіча “Дзяржава волатаў. Альгерд і Кейстут”.
– Мяне заўсёды цікавілі гістарычныя кнігі, новыя даследаванні пра велічныя постаці з нашай мінуўшчыны. Таму і паўдзельнічаў у кніжнай талацэ ды маю вось такі, шчодра ілюстраваны і вельмі цікавы фаліянт”.
…А поруч на гранітным пастаменце з годнасцю і ўцехай узнімаў сваю першую кнігу Сымон Будны.
Вольга Карчэўская. Нясвіж.