“Звярталіся грамадзяне”
Шмат у якіх гарадах у продажы з’явіліся беларускамоўныя квіткі на грамадскі транспарт. Карыстальнікі сацыяльных сетак паспелі размясціць на сваіх старонках фатаздымкі новых талонаў ды суправадзіць іх пазітыўнымі допісамі.
Гісторыя беларусізацыі квіткоў. Сцісла
Чарговую кампанію беларусізацыі квіткоў грамадскага транспарту распачалі год таму прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Умовы для мовы” Аліна Нагорная і Ігар Случак у межах акцыі “Беларускім месцам – квіткі па-беларуску”. Першыя запыты яны зрабілі ў Міністэрства транспарту, а потым пераключыліся на абласных перавозчыкаў.
Пазітыўна на прапанову адрэагавалі ў Берасцейскай, Гомельскай ды Магілёўскай абласцях. У некаторых райцэнтрах рэакцыя была насцярожаная. Цяпер ініцыятары беларусізацыі квіткоў зацікаўлены, каб да працэсу далучыліся шырэйшыя колы грамадзян. Пакуль вынікамі сваіх дзеянняў яны задаволеныя.
У аб’яднанні “Магілёўаблаўтатранс” запэўніваюць: беларуская мова для мясцовага грамадскага транспарту – не навіна. У аўтобусах ды тралейбусах даўно абвяшчаюць прыпынкі па-беларуску ды прадаюць беларускамоўныя праязныя. Цяпер, каб дасягнуць “аднастайнасці”, выдрукавалі на беларускай мове і квіткі на адну паездку. Яны з’явіліся ў продажы на пачатку ліпеня.
– Пагатоў, пачалі звяртацца з такімі прапановамі і грамадзяне, – кажа намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання Мікалай Антусаў. Ён дапускае, што знойдуцца пасажыры, незадаволеныя беларусізацыяй квіткоў.
– Такім будзем па-людску тлумачыць сітуацыю, – кажа суразмоўца, – але, мяркую, гэта не настолькі прынцыповае пытанне, якое будзе перашкаджаць жыць. Таму знойдзем паразуменне.
Мясцовыя знаўцы мовы заўважылі памылку ў тэксце на квітку. Мікалай Антусаў дзякуе за гэта і запэўнівае, што яе выправяць у наступнай партыі. Не выключае ён і таго, што па-працуюць у аб’яднанні яшчэ і над дызайнам талона.
– Пастараемся напоўніць яго магілёўскім характарам, каб стаў прывабнейшы і каб яго маглі пакінуць на памяць госці горада, – кажа суразмоўца.
Па ягоных словах, цяперашні выгляд квітка прапанавала друкарня, а “Магілёўаблаўтатрансу” было важна, каб талон ды тэкст на ім адпавядалі правілам аўтамабільных перавозак, а таксама былі практычныя і чытэльныя.
Мікалай Антусаў не сказаў, у якую суму абышоўся выдрук беларускамоўных квіткоў. Запэўнівае, аднак, што на цане праезду гэта не адаб’ецца, бо расходы ўнутрыгаспадарчыя. З ягоных слоў вынікае, што новымі квіткамі бу-дуць замяняць старыя расейскамоўныя па меры іх сканчэння.
– Замаўлялі друк беларускіх квіткоў невялікімі партыямі, каб спраўдзіць, як іх успрымуць пасажыры, – тлумачыць ён. – У свой час расейскамоўных шмат зрабілі, а потым выяўляліся хібы. Але забракаваць жа іх не маглі, таму ў абароце былі, пакуль не распрадалі. У новых якасць паперы лепшая, дый адрываюцца лепей.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім усцешана пашырэннем беларускай мовы ў сферы транспарту ды вяртаннем яе ў актыўны ўжытак. Што да памылак, то яны, паводле яе, – вынік замалой практыкі ўжывання мовы.
– Вядома ж, такіх памылак можна пазбегчы, калі б звярталіся да адпаведных прафесійных устаноў ці асобаў, напрыклад, настаўнікаў беларускай мовы, – кажа Алена Анісім і нагадвае:
– У нас жа ёсць Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, дзе таксама маглі б дапамагчы, як гэта цяпер робіцца з перакладам кодэксаў на беларускую мову ў сферы заканадаўства.
Гэтая публікацыя падрыхтавана “Радыё Свабода” з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.