Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Рэгіянальныя музеі – захавальнікі гісторыі і традыцый

Рэгіянальныя музеі – захавальнікі гісторыі і традыцый

14 ліпеня 2020, 15:56 Культура 38
Рэгіянальныя музеі – захавальнікі гісторыі і традыцый

Не толькі цэнтральныя сталічныя музеі адчынілі свае дзверы пасля доўгага перапынку для наведвальнікаў, але і маленькія рэгіянальныя.

Гасцінна сустрэў аматараў падарожжаў па родным краі Карэліцкі краязнаўчы музей.

Установа  была створана 23 траўня 1969 года як раённы музей народнай славы. У 1972 годзе быў выдзелены будынак для гістарычна-краязнаўчага музея. Цяперашняя экспазіцыя была адкрыта 4 чэрвеня 1995 года да 600-годдзя з дня першага згадвання пра Карэлічы ў пісьмовых крыніцах.

 Петр Мікалаевіч Капура, у мінулым – выкладчык гісторыі, ахвотна распавёў пра цікавосткі Карэлічаў і Міра.

Упершыню Карэлічы ўзгадваліся ў Хроніцы Ліндэнблата ў 1395 годзе у сувязі з нападам войскаў Тэўтонскага ордэна на Мір. Іншая дата звязана з 1434 годам, калі Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч падараваў Мір і навакольныя землі, у тым ліку Карэлічы, свайму паплечніку віленскаму кашталяну Сеньку Гедыгольдавічу. У ХVI cтагоддзі Карэлічы былі сядзібай вялікіх князёў ВКЛ, а з другой паловы ХVII cтагоддзя мястэчка належала Радзівілам. Карэлічы мелі магдэбурскае права, у гарадку існаваў будынак ратушы.

У 1736 годзе тут пачала працаваць мануфактура ткацкіх габеленаў. Карэліцкія шпалеры не адно дзесяцігоддзе ўпрыгожвалі інтэр’еры замка ў Нясвіжы.

Экспазіцыя музея знаёміць наведвальнікаў з помнікамі археалогіі на тэрыторыі раёна (сярод экспанатаў ёсць матэрыялы раскопак з неалітычнай стаянкі ля в. Ярэмічы і гарадзішча жалезнага веку ля в. Варонча), з гісторыяй края ў перыяд сярэднявечча (змешчаны археалагічныя знаходкі з раскопак ў г. п. Мір і Мірскім замку, скарб медных манет солідаў XVIII ст., рукапісныя кнігі XVIII – XIX ст. і інш.), з земляробчымі каляндарнымі абрадамі беларусаў.

Карэліцкі музей багаты на этнаграфічныя экспанаты, гаспадарчыя прылады – бароны, плугі, ступы, жорны, якія адлюстроўваюць фізічную моц, з якой жыхары гэтых мясцін працавалі на зямлі. Экскурсавод  таксама прадэманстраваў узбраенне рыцара, якое важыла 60 кілаграмаў.

Вялізны куфар, дзе захоў-валіся ручнікі і строі, тканыя і вышываныя ў пасаг, сведчыць пра адвечныя жаночыя клопаты і ўмельства мясцовых майстрыц.

У музея захоўваюцца і экспануюцца шматлікія матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё, навуковую і творчую дзейнасць славутых людзей Карэліччыны (Я. Чачота, І. Дамейку, А. Мілюця, А. Бажко, Я. Брыля, А. Дзеркача, В. Іпатаву, Р. Тармолу, У. Калесніка, П. Конюха, А. Ільінскага, П. Ламана і інш.). Значны раздзел экспазіцыі музея прысвечаны падзеям, якія адбываліся на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі могуць убачыць дакументы акупацыйнага перыяду, фотаздымкі загінуўшых жыхароў раёна, даведацца пра трагедыю спаленых на Карэліччыне вёсак.

У музеі праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі вайны і мерапрыемствы, прысвечаныя нашым славутым землякам. Кожны год супрацоўнікі рыхтуюць перасоўныя выставы, з якімі жыхары Карэліччыны знаёмяцца на раённых святах, у школах і іншых установах. Для школьнікаў і дарослага насельніцтва чытаюцца лекцыі на краязнаўчую тэматыку. Кожнае летняе падарожжа нават у маленькі гарадок можа стаць крыніцай вывучэння гісторыі роднага краю.

Па дарозе давялося наведаць вёсачку Любанічы ў Карэліцкім раёне на рацэ Сэрвач. На ўзгорку між ліпаў знаходзіцца невялікі храм Успення Прасвятой Багародзіцы.

Эла Дзвінская,

фота аўтара і з сайта  http://korelichi-museum.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам
Выданні

«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам

4 снежня 2018, 16:2531
Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў
Грамадства

Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў

16 лістапада 2018, 11:3331
Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў
Грамадства

Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў

15 лістапада 2018, 21:3930
Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта
Выданні

Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта

14 лістапада 2018, 11:2030
Далучайцеся да нас