Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Навіны Германіі Германія зняла ўсе абмежаванні на дзяржаўных межах

Навіны Германіі Германія зняла ўсе абмежаванні на дзяржаўных межах

23 чэрвеня 2020, 08:01 У свеце 25
Навіны Германіі Германія зняла ўсе абмежаванні на дзяржаўных межах

Германія з панядзелка адмяніла апошнія абмежаванні на дзяржаўных межах – цяпер грамадзяне могуць перасякаць іх бесперашкодна, як і было да пандэміі. Раней адпаведнае рашэнне прынялі ўлады краіны, піша tass.ru.

ФРГ увяла абмежаванні на неабавязковыя паездкі за мяжу 17 сакавіка. З тых часоў на межах дзяжурылі 6 тысяч супрацоўнікаў федэральнай паліцыі. Амаль 200 тысяч чалавек не пусцілі ў ФРГ за апошнія тры месяцы, паведаміў кіраўнік МУС Хорст Зеехофер. З сярэдзіны траўня рэжым памежнага кантролю паступова памякчалі, цяпер ён адменены цалкам.

Таксама адменена папярэджанне аб небяспецы падарожжаў у 29 краін Еўропы (чальцы ЕС і Шэнгена). Адпаведныя папярэджанні ўлады ФРГ выносяць, калі мяркуюць, што абстаноўка ў той ці іншай краіне пагражае нямецкім грамадзянам. Адмена гэтага рэжыму азначае аднаўленне рэгулярных пералётаў.

Адначасова да 31 жніўня захоўваецца папярэджанне на паездкі ў больш як 160 дзяржаў за межамі Еўропы. Гэта азначае, што жыхарам Германіі не ўдасца правесці адпачынак у краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Да верасня будуць магчымыя кропкавыя выключэнні, калі ў якой-небудзь краіне эпідэміялагічная абстаноўка істотна палепшыцца.

Адкрываючы межы, улады ФРГ папярэджваюць, што грамадзянам самім прыйдзецца вырашаць магчымыя праблемы, калі другая хваля выкліканага каронавірусам захворвання заспее іх у паездцы. Калі Германія ў сярэдзіне сакавіка ўвяла абмежаванні, высветлілася, што за мяжой знаходзяцца каля 240 тысяч нямецкіх турыстаў. Іх вывезлі на Радзіму за пяць тыдняў. У МЗС папярэдзілі, што другі раз такую акцыю ўлады правесці не змогуць.

Германія ўжо на працягу некалькіх тыдняў паступова змякчае забароны, уведзеныя з-за каронавіруса. Ва ўсіх федэральных землях ужо працуюць музеі, фітнес-клубы, басейны пад адкрытым небам, пляжы, гатэлі, турбазы, рэстараны, бары, крамы, дзіцячыя сады і школы.

Пры гэтым абмежаванні на сацыяльныя кантакты пакуль дзейнічаюць – збірацца можна максімум удзесяцёх або ў коле прадстаўнікоў дзвюх хатніх гаспадарак. Застаецца ў сіле масачны рэжым у крамах і грамадскім транспарце.

У ФРГ каранавірусам заразіліся больш за 186,2 тыс. чалавек, 172 тыс. ачунялі, памерлі 8,7 тыс. пацыентаў. Тэмпы пашырэння інфекцыі ў краіне скарачаюцца з траўня.

Ужо ў аўторак германскія распрацоўшчыкі прадставяць грамадскасці дадатак для смартфонаў, які дазволіць адсочваць кантакты носьбітаў каранавіруса.

Выкарыстоўваць яго можна будзе выключна на добраахвотнай аснове. Прынцып працы наступны: пры ўключаным перадатчыку Bluetooth смартфоны карыстальнікаў, якія, да прыкладу, стаяць у адной чарзе ў краме, будуць фіксаваць адзін аднаго і захоўваць гэтую інфармацыю ва ўнутранай памяці. Калі пасля хтосьці захварэе, то аўтаматычныя апавяшчэнні прыйдуць усім, хто знаходзіўся побач – на вуліцы, у краме, у транспарце і гэтак далей.

NN.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Дажынкі ў Бераставіцы
Грамадства

Дажынкі ў Бераставіцы

11 кастрычніка 2022, 16:2015
„Белавія” адкрыла рэгулярныя рэйсы ў Мюнхен
Грамадства

„Белавія” адкрыла рэгулярныя рэйсы ў Мюнхен

17 ліпеня 2019, 22:3414
У роднай школе
літаратура

У роднай школе

17 мая 2026, 09:4614
На Паўночных могілках у Менску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму
Грамадства

На Паўночных могілках у Менску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму

18 ліпеня 2026, 21:4714
Далучайцеся да нас