Пра Віцебск, як творчую Меку… Пра творчы і жыццёвы радавод… Пра вандроўны дух Драздовіча і мастацкі свет Міколы Селешчука… Пра неба Шагала… Пра ўлюбёныя колеры і ўлюбёныя гарады… Пра вечнае і чалавечнае… Пра мастацтва любіць – наша гутарка з таленавітым віцебскім мастаком Эдвардам Галуставым…
Гутарыць Эдуард Акулін, рэдактар часопіса “Верасень”.
Эдуард Акулін:
– Спадар Эдвард, для многіх прыхільнікаў беларускага выяўленчага мастацтва, у тым ліку і для мяне, вы з’яўляецеся, кажучы метафарычна, – tabula rasa… І я патлумачу чаму… Па запыце ў Гугле “Эдвард Галустаў” выскоквае спасылка на варонежскага бізнесоўца, які гандлюе сельскагаспадарчай тэхнікай… Вы – не гандляр… Вы – вядомы мастак. У самым што ні на ёсць сапраўдным сэнсе гэтага слова. Але, як гэта часта здараецца, – вы добра вядомы ў мастацкім свеце за межамі Беларусі, а на Радзіме пра вас амаль ніхто не ведае… Ці згодны вы са старажытным выслоўем – “Няма прарока ў сваёй Айчыне”?..
Эдвард Галустаў:
– Так, уласна… Я паспрабаваў таксама ўпісаць сваё імя і прозвішча па-расейску ў Google – выскачыла шмат інфармацыі, але не пра мяне… Чаму так? Бо ўжо шмат гадоў я дзейнічаю як мастак па-за Беларуссю ў Польшчы. Наконт “Прарока ў сваёй Айчыне…” – гэта хіба што моцна сказана… Проста ў Беларусі даўно не выстаўляўся. А яшчэ дастаткова ўпісаць маё імя і прозвішча лацінскімі літарамі – будзе значна больш інфармацыі пра мяне.
Э. А.
– Распавядзіце крыху пра сябе… Адкуль вы родам? Хто вашыя бацькі? Дзе вучыліся? Дзе працавалі?
Э. Г.
– Нарадзіўся я ў горадзе Кіравакане (зараз Ванадзор) у Арменіі. Калі мне было 6 гадоў, мы з сям’ёй пераехалі ў Баку. Потым ужо ў сярэдзіне 70-х гг. пераехалі на гістарычную Радзіму маёй матулі ў Пінск. Тата мой быў вайсковым інжынерам-будаўніком, што праўда ў Беларусі ён працаваў будаўніком (не вайсковым). Мама працавала амаль усё жыццё на пошце, на тэлеграфе. Вучыўся я ў Віцебску на мастацка-графічным факультэце. Скончыў у 1987 г. Працаваў 20 гадоў у школе, як настаўнік выяўленчага мастацтва, чарчэння і апошнія гады, як выкладчык Сусветнай мастацкай культуры. У 90-я гг. вучыўся ў Кракаўскай педагагічнай акадэміі і яшчэ ў Сілезскім універсітэце.
Э. А.
– Вам падабалася праца-ваць у школе? Як вы лічыце, на колькі сёння аўтарытэтнай з’яў-ляецца праца настаўніка ў Беларусі?
Э. Г.
– Складанае пытанне… Першыя гады вельмі было няпроста. З аднаго боку мне падабалася працаваць з дзецьмі і моладдзю, але кожны верасень я шукаў сабе іншую (непедагагічную працу). Добра, што ў тыя часы можна было працаваць дадаткова (напр. у камбінаце “Мастацтва”). Чым ганаруся, што меў вельмі добры кантакт з моладдзю. Асабліва падабалася працаваць у гады “беларусізацыі”, калі мае прадметы выкладаліся па-беларуску. Складалася ўражанне, што робіш нешта незвычайнае, гістарычнае… На жаль, праца ў школе ані ў тыя часы, ані, тым больш, зараз, не з’яўляецца, ані прэстыжнай, ані аўтарытэтнай. Уласна, у Польшчы іначай… Калі я скончыў інстытут, то лічылася, што той, хто пайшоў працаваць у школу – чалавек, у якога нешта не атрымалася, а ў Польшчы людзі пасля Акадэміі мастацтваў ахвотна ідуць працаваць у школу і вельмі гэтым ганарацца.
Э. А.
– Каго вы лічыце сваім творчым настаўнікам?
Э. Г.
– Таксама складанае пытанне… Назваць некага канкрэтна цяжка, бо ясна, што ўплыў мастакоў на маю творчасць безумоўна быў, але няма такой адзінай асобы. Вельмі люблю творчасць Andrew Wyeth, Edward Hopper, мастацтва Паўночнага Рэнесансу. А настаўнікі з інстытута… Хіба што ад кожнага нешта добрае ўзяў.
Э. А.
– Ёсць меркаванне, што Віцебск – гэта сталіца беларускага мастацтва… Нешта ў гэтым горадзе ёсць такое, што стымулюе творчую натуру да працы… Пэн, Малевіч, Шагал, Азгур, Бембель, Багатыроў, Быкаў – вось толькі самыя зорныя імёны, якія заззялі на небасхіле айчыннай культуры, дзякуючы свайму непасрэднаму дачыненню да гэтага старажытнага горада… Вы падзяляеце гэтую думку? Чым асабіста для вас стаў Віцебск?
Э. Г.
– Для мяне Віцебск – гэта горад майго студэнцтва, сапраўды мастацкі горад з творчай атмасферай, хаця я доўга не мог да яго прызвычаіцца, настолькі гэты горад непадобны да Пінска, у якім прайшлі гады майго перадінстытуцкага юнацтва. Горад са сваёй школай мастацтва, і, нават, я б сказаў, школамі, бо выпускнікі МГФ абсалютна інакш працавалі, чым выпускнікі мастацкіх факультэтаў тэхналагічнага інстытута… Але ў 80-я гг. Віцебск выглядаў, мякка кажучы, не вельмі прыгожа… Толькі на пачатку 90-х гг. горад пачаў прыгажэць, адбудаваны старажытныя святыні. І нядаўна я зразумеў, што нарэшце ў Віцебску ёсць, што паказаць турыстам.
Э. А.
– Я з’яўляюся шчырым прыхільнікам вашай творчасці… І даўно сачу за вамі як творцам у сацыяльным сеціве… Калі б з’явілася магчымасць, то з вялікім задавальненнем схадзіў бы на вашу творчую выставу… А ці выстаўляліся вашы працы ў Беларусі? Калі так, то дзе? І ці можна чакаць у бліжэйшы час вашага мастацкага вернісажу?
Э. Г.
– Выстаўляўся, але вельмі даўно. Час ад часу ўдзельнічаю ў калектыўных выставах (апошні раз мая выкладчыца, вядомая беларуская мастачка сп. Вялянціна Антонаўна Ляховіч запрасіла ўдзельнічаць у выставе “Ляховічы”, дзе выстаўлялася яна і яе былыя студэнты). А персанальная выстава была хіба што ў 2003 г. у Браслаўскім музеі. Хацеў бы зрабіць вы-ставу ў Беларусі, але неяк не атрымліваецца пакуль. Спадзяюся, што калісьці зраблю.
Э. А.
– А за межамі Беларусі? Як успрымаецца ваша творчасць замежнымі аматарамі выяўленчага мастацтва? Ці пазіцыяніруеце вы сябе як беларускага мастака?
Э. Г.
– За межамі Беларусі я маю штогод некалькі выставаў. Але гэта ў асноўным у Польшчы. Напрыклад, хіба што ў 2016 г. меў ажно сем індывідуальных выставаў у розных манерах і тэхніках. Шмат людзей любіць маю творчасць, хаця некаторым падабаюцца мае “казачныя” абразы, некаторыя любяць мае так званыя “дэкаратыўныя” абстракцыі, шмат людзей любіць мае пейзажы, а некаторым па-дабаюцца мае графічныя творы…
Эдвард Галустаў, мастак, музыка. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта (1987 г.). Сябар Асацыяцыі польскіх мастакоў Варшаўскай акругі. Удзельнік шматлікіх міжнародных мастацкіх сімпозіюмаў, конкурсаў, біенале і трыенале ў Польшчы, Італіі, Венгрыі, Грузіі і Беларусі. Сябар Мастацкага Таварыства Еўрапейскай Інтэграцыі SAIE ў Шчэціне. Карціны экспанаваліся ў Венгрыі, Германіі, Італіі, Галандыі, Славакіі, Аўстрыі, а таксама ў Расеі, Украіне, Грузіі, Польшчы і Беларусі. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Кіравакане (Арменія). Жыве і працуе ў Віцебску і Варшаве.
Э. Г.
… Ці пазіцыянірую сябе як беларускага мастака? Хутчэй не. Бо належу да Польскага саюза мастакоў Варшаўскага аддзялення, выстаўляюся больш у Польшчы. Ды і хіба тое, што раблю, лепей прымаецца ў Польшчы, а не ў Беларусі. Але для польскага гледача я ўсяроўна – беларускі мастак, бо і школа іншая, і тэматыка. Крыху смешна, як знаходзяць падабенства з Шагалам, і злуюся, калі ў маіх працах знаходзяць уплыў расейскай казкі, тады адказваю даволі востра. Акрамя гэтага, ужо ў некалькіх альбомах пра польскае мастацтва (апошнія: “100 lat Niepodlelosci Polski”, “Malarstwo Polskie, 2019”) ёсць рэпрадукцыі маіх твораў як польскага мастака. Маю ўзнагароду – срэбны медаль “Labor omnia Vincit” за ўзмацненне культурных сувязяў паміж Польшчай і Беларуссю.
Э. А.
– Вашыя творы, асабліва апошняга часу, нагадваюць мне творчую манеру заўчасна сышоўшага беларускага мастака Міколы Селешчука… Яны гэткія ж маляўнічыя, насычаныя яркімі колерамі, і што вельмі істотна , яны прымушаюць думаць… Ці былі вы асабіста знаёмыя з Міколам Селешчуком? Ці, магчыма, я памыляюся? І выток вашага творчага натхнення палягае ў іншых геаграфічных месцах і іншых часавых вымярэннях?

SONY DSC
Э. Г.
– З Міколам Селешчуком, на жаль, не быў знаёмы, але ягоная творчасць мела на мяне вялікі ўплыў. У ягоных працах упершыню ўбачыў арнамент, як вельмі важны элемент кампазіцыі. Акрамя таго, у сваіх працах, так званых “казачных”, я натхняюся пазнейшым сярэднявеччам і Паўночным Рэнесансам. Гэты перыяд у гісторыі мастацтва найбольш мне блізкі, тым больш, што дзясятак гадоў я спяваў у Віцебску ў Ансамблі старажытнай музыкі. Мы спявалі найбольш песень часоў Рэнесансу, між іншым, некалькі твораў з “Полацкага сшытка” і псалмаў Саламонавых у перакладзе Яна Каханоўскага і Сімяёна Полацкага…
Э. А.
– Да якой мастацкай школы вы сябе адносіце? Ваша ўлюбёная тэхніка… Не ў сельскагаспадарчым, а ў мастацкім сэнсе? З чым вам найбольш падабаецца працаваць? З алоўкам, тушшу, алеем, нейкімі іншымі выяўленчымі сродкамі?
Э. Г.
– Цяжка сказаць да якой школы… Што датычыцца накірунку маёй творчасці, то я гэта акрэсліў бы як “метамарфозы арнаменту” (ад арнаменту, як упрыгожвання архітэктуры, вопраткі, прадметаў побыту, да арнаменту ў чыстай абстракцыйнай форме). Тэхніка – акрылавая фарба, палатно. Але таксама працую каляровай тушшу на паперы.
Э. А.
– Што прымусіла вас пакінуць Радзіму? Дзе вы цяпер жывяце? Чым займаецеся, так бы мовіць, каб зарабляць на хлеб штодзённы?
Э. Г.
– Ды нічога не прымусіла, не пакідаў, проста часта запрашаюць на розныя пленэры ў Польшчы. Дарэчы, у Польшчы вялікая колькасць самых розных пленэраў і арганізаваных рознымі інстытуцыямі, і прыватных. А яшчэ ў Польшчы кожны мастак можа знайсці сваю нішу ў мастацтве, вельмі шмат магчымасцяў для выставаў. Езджу па ўсёй Польшчы (і не толькі) па пленэрах, сімпозіюмах, яшчэ час ад часу канцэртую з песнямі польскімі, беларускімі, украінскімі. Так званы “folk modern”.
Э. А.
– Ці маеце вы творчых пераемнікаў? Магчыма нехта з вашых віцебскіх вучняў пайшоў па вашых слядах?
Э. Г.
– Так, маю даволі шмат, нават цяжка пералічыць. Але найбольш ганаруся сваёй былой вучаніцай, акторкай і рэжысёрам Аленай Ганум, якая пайшла па гэтай сцежцы дзякуючы таму, што ўдзельнічала ў школьным фаль-клорным гуртку, у якім я загадваў музычнай часткай. Зараз яна знаны рэжысёр у тэатры Янкі Купалы ў Менску.
Э. А.
– Ці ёсць у вас дзеці? Чым, калі не сакрэт, яны займаюцца па жыцці? У некага з іх ёсць цікавасць да мастацтва?
Э. Г.
– Так, я маю дачку Марысю, вельмі здольную творча. Яна выкладае, валодае некалькімі еўрапейскімі мовамі, і што датычыць творчасці, яна пайшла па мамінай сцежцы. Мая жонка Аліцыя – таксама выпускніца МГФ, але яна працавала і працуе ў дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве (ткацтва, гафт і г.д.). Дарэчы, яны – мае галоўныя дарадцы і крытыкі.
Э. А.
– Для мяне ўзорам сапраўднага беларускага мастака, у існым сэнсе гэтага слова, з’яўляецца Язэп Драздовіч… Мастак – пілігрым, мастак-рамантык, мастак-фантаст… Адным словам, – творца не ад гэтага свету… Як вы ставіцеся да творчасці Язэпа Драздовіча? Ці любіце, як калісьці Драздовіч, вандраваць па Беларусі ў пошуках мастацкіх вобразаў? Ці геаграфія вашых падарожжаў значна шырэйшая за драздоўскую і не абмяжоўваецца толькі Бела-руссю?
Э. Г.
– Вельмі люблю і шаную Язэпа Драздовіча і ягоную творчасць. Пашчасціла ўдзельнічаць у пленэры імя Я. Драздовіча ў вёсцы Германавічы. У пленэры ўдзельнічалі вядомыя беларускія мастакі: Алесь Марачкін, Часлаў Шамшур, Яўген Шатохін, Георгій Скрыпнічэнка і г. д. Дарэчы, пра гэты пленэр і яго арганізатарку Аду Райчонак быў зняты фільм “Галерэя Ады” (рэж. Уладзімір Колас). Геаграфія маіх падарожжаў хіба што шырэйшая. На жаль, менш ведаю Беларусь, больш аб’ездзіў Польшчу. Акрамя гэтага Нямеччына, Францыя, Чэхія, Славаччына, Венгрыя, Грузія, Грэцыя, Партугалія, Украіна. Усё гэта дзякуючы мастацкім пленэрам.
Э. А.
– Дзе вам лепш працуецца дома ці за межамі Беларусі?
Э. Г.
– Цяжка сказаць. Я б сказаў не лепш, а інакш. Інакш у Беларусі, інакш у Польшчы. Як ужо і казаў раней, мая творчасць лепей прымаецца ў Польшчы, а не ў Беларусі.
Э. А.
– А жывецца?
Э. Г.
– Жывецца інакш усюды. Але не наракаю. Нармалёва жывецца.
Э. А.
– Што асабіста для вас азначае паняцце “творчае шчасце”? Чаго вам не стае ў жыцці для поўнага шчасця?
Э. Г.
– Творчае шчасце? Скажу так. Вельмі люблю сваю працу. Калі малюю – усё для мяне становіцца на сваё месца, падчас працы я вельмі шчаслівы. А якое гэта шчасце, калі доўга не бачыш сваю працу ў арыгінале, а потым на яе глядзіш і думаеш: “Няўжо гэта я намаляваў?!”. Гэта неверагоднае пачуццё, для гэтага варта жыць і маляваць. Хацелася, каб Пан Бог дазволіў яшчэ папрацаваць і стварыць шмат абразоў на радасць