У беларускіх студэнтаў з’явілася магчымасць прайсці навучанне ў ВНУ Германіі. Для гэтага неабходна быць актыўным і добра ведаць нямецкую мову.
Таварыства студэнцкіх абменаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўро-пай (GFPS) праводзіць чарговы конкурс, пра рэалізацыю якога распавёў DW Дзяніс Фрыдрых, прэс-сакратар адборачнай камісіі GFPS.
Стыпендыя на адзін семестр
Стыпендыяльную праграму для студэнтаў з Беларусі GFPS рэалізуе ўжо 15 гадоў. За гэты час навучэнцам беларускіх ВНУ было прадстаўлена каля 60 стыпендый. Цяпер праводзіцца адборачны конкурс кандыдатаў на зімовы семестр 2020/2021. Праўда, з-за пандэміі зімовы семестр сёлета пачнецца не 1 кастрычніка, як раней, а 1 лістапада.
– Стыпендыя GFPS падаецца на адзін семестр. У якасці нашых фундатараў выступаюць розныя нямецкія фонды і арганізацыі, і колькасць стыпендый залежыць ад таго, колькі GFPS атрымоўваецца сабраць сродкаў. Сёлета, напрыклад, на летні семестр стыпендыю атрымала толькі адна студэнтка з Беларусі, але з-за пандэміі каронавіруса мы яе вучобу перанеслі на зімовы семестр, – распавядае Дзяніс Фрыдрых.
Пры ўсебаковай падтрымцы
Як тлумачыць прэс-сакратар, па сваім памеры стыпендыя GFPS адпавядае максімальнай стаўцы дзяржаўнай стыпендыі-пазыкі BAfоG. Гэта каля 800 еўра ў месяц. GFPS таксама бярэ на сябе аплату медыцынскай страхоўкі, гасіць збор, які кожны студэнт абавязаны аплачваць перад пачаткам новага семестра, і пакрывае выдаткі на дарогу з Беларусі ў Германію і назад. Але за арэнду жылля студэнт павінен плаціць сам.
– За стыпендыятам з Беларусі загадзя замацоўваецца т’ютар. Ён сустракае свайго падапечнага ўжо па прыбыцці таго ў Германію – на вакзале ці ў аэрапорце – і на працягу першых тыдняў апякуе прыбылага ўвесь час, няхай гэта будзе дапамога ў пошуку жылля, паходы па інстанцыях, адкрыццё рахунку ў банку, візіт у прыёмную камісію ці паход да лекара, – падкрэслівае суразмоўца.
Па яго словах, пераможца конкурсу сам выбірае нямецкую ВНУ і факультэт, дзе яму хацелася б вучыцца. Як адзначае Фрыдрых, большасць стыпендыятаў з Беларусі аддаюць перавагу такім кірункам, як нямецкая мова і германская філалогія, лінгвістыка, эканоміка, культуралогія. Другая па колькасці група – гэта тыя, хто жадае вывучаць інжынерныя навукі, архітэктуру, фізіку, хімію, а таксама мастацтва.
Патрабаванні да кандыдатаў
Прэтэндэнтам на стыпендыю GFPS неабходна выканаць цэлы шэраг умоў. Так, спашукальнік павінен быць студэнтам адной з беларускіх ВНУ і мець грамадзянства Беларусі. Пры гэтым студэнтам выпускных курсаў GFPS стыпендый не падае. Ад кандыдата таксама патрабуюць прадставіць сертыфікат, які пацвярджае яго добрыя веды нямецкай мовы.
Наступная ўмова – беларускі студэнт павінен пераканаць адборачную камісію ў тым, што ён сур’ёзна цікавіцца Германіяй: яе грамадскім жыццём, культурай, палітыкай, эканомікай, а таксама палітычнымі працэсамі ў Еўрасаюзе. А яшчэ спашукальнік павінен даказаць добрую паспяховасць: для гэтага яму неабходна паказаць выпіс з заліковай кніжкі.
– Прэтэндэнту на нашу стыпендыю трэба паказаць, што ён актыўна ўдзельнічае ў грамадскім, сацыяльным і культурным жыцці сваёй краіны. Так што апроч іншых дакументаў, да рэзюмэ трэба прыкласці рэкамендацыю якой-небудзь грамадскай арганізацыі ці грамадзянскай ініцыятывы або спасылкі на публікацыі, дзе распавядаецца пра яго грамадскую дзейнасць. Ад спашукальнікаў, пра якія нам ужо вядома з СМІ, мы гэтага не патрабуем. Дарэчы, той, хто не прайшоў конкурс, можа паспрабаваць свае сілы ў наступны раз, – удакладняе Дзяніс Фрыдрых.
Ва ўмовах пандэміі каронавіруса
Пандэмія каронавіруса не магла не адбіцца на нямецкіх ВНУ. У перыяд летняга семестра, які доўжыцца ў Германіі з красавіка па верасень, ВНУ перайшлі на дыстанцыйнае навучанне.
– Мы спадзяёмся, што падчас зімовага семестра студэнтам не прыйдзецца вучыцца дыстанцыйна, што ўсе лекцыі і семінары будуць праходзіць у аўдыторыях. Мы надаём вялікае значэнне таму, каб нашы стыпендыяты наведвалі ўніверсітэцкія бібліятэкі, бралі ўдзел у калоквіюмах, былі задзейнічаны ў працы ў камандзе, каб пры выкананні хатніх заданняў і кантрольных работ яны маглі без праблем звярнуцца па параду і тлумачэнні па тых ці іншых пытаннях да аднакурснікаў і выкладчыкаў – ужывую, а не анлайн. Гэта вельмі важна, – падкрэслівае Дзяніс Фрыдрых.
Па яго словах, першарадная задача стыпендыяльнай праграмы GFPS – заахвоціць студэнтаў да таго, каб яны актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, абменьваліся з іншымі студэнтамі культурным досведам, не баяліся весці дыскусіі па самых розных пытаннях, каб як мага лепш пазналі Германію, а таксама распавядалі іншым пра сваю краіну.
Імпульс на ўсё жыццё
Амаль у кожным буйным горадзе Германіі, няхай гэта будзе Берлін, Гамбург, Мюнхен, Кёльн, Бон, Лейпцыг, Дрэздан, у GFPS ёсць свае прадстаўнікі – групы куратараў-настаўнікаў, якія аказваюць падтрымку стыпендыятам. На працягу семестра яны арганізуюць са стыпендыятамі, сярод якіх, апроч беларусаў, прадстаўнікі Украіны, Польшчы і Чэхіі, а таксама немцы, якія вырашылі прайсці навучанне ва ўсходнееўрапейскіх ВНУ, некалькі сустрэч – як правіла, напачатку, у сярэдзіне і ў канцы наву-чання.
Па словах Дзяніса Фрыдрыха, падчас гэтых сустрэч завязваюцца новыя знаёмствы, якія нярэдка пера-цякаюць у моцнае сяброўства.
DW.