Шчара – найбольшы левы прыток ракі Нёман. Згодна з энцыклапедыяй, яе даўжыня 325 кіламетраў. Пачатак бярэ з Калдычэўскага возера ў Баранавіцкім раёне побач з Завоссем, радзімай вялікага, сусветна вядомага польскамоўнага паэта Адама Міцкевіча. Невялікім, ледзве прыкметным ручайком праз лугі і балоты накіроўваецца яна на поўдзень, на Палессе, дзе набіраецца моцы і паступова, нібы перадумаўшы, робячы вялікую дугу, мяняе кірунак свайго бегу на поўнач, спяшаючыся ў абдымкі да бацькі Нёмана. Менавіта тут ад старажытнага вялікага мястэчка Быцень рака калісьці была караблеходнай, лес на ёй сплаўляўся і з іншых месцаў вышэй па цячэнні. Але ад Быценя да Нёмана і далей па ім плыты цягнулі невялікія рачныя буксіры.
Яшчэ ў 18 стагоддзі магнат Агінскі задумаў і здзейсніў мару злучыць Шчару праз Ясельду, Прыпяць і Дняпро з Чорным морам, каб мець магчымасць дастаўляць свае тавары водным шляхам не толькі ў парты Балтыкі. Праўда, са з’яўленнем чыгуначнага транспарту і ў выніку войнаў, асабліва Вялікай Айчыннай, гэтая транспартная артэрыя перастала дзейнічаць.
Але ідэя не прапала. У канцы 50-х гадоў 20 стагоддзя яна ажыла ў галовах кіраўніцтва былога СССР. Былі праведзены інжынерна-гідралагічныя даследаванні, зроблена амаль на 100% праектная дакументацыя новага воднага шляху, па якім свабодна маглі б рухацца караблі тыпу рака-мора. “Забуксаваўшая” эканоміка, адстаўка М.С. Хрушчова прывялі да таго, што амаль гатовы праект часова паклалі пад сукно, а затым увогуле забыліся пра яго. Нам засталася некранутай прыгажосць прыбярэжных лясоў з карабельнымі хвоямі, векавымі дубравамі, абшары заліўных лугоў з разнастайным шматквеццем, прыбярэжныя вёскі з багатай гісторыяй і самабытным укладам жыцця.
У сярэдзіне 16 стагоддзя ў ВКЛ была праведзена зямельная рэформа, якая мела назву “валочная памера”. За кожнай сялянскай гаспадаркай замацоўвалася валока (20 дзесяцін) альбо частка яе, за што, адпаведна з велічынёй надзелу, плацілася даніна дзяржаве ці магнату. Калі такія надзелы выдзяляліся ў глухіх, недаступных месцах, на пясчаных ці балоцістых глебах, у лясах, далёка ад дарог, то, каб прывабіць ахвотнікаў, іх вызвалялі ад выплаты павіннасцяў на тэрмін ад 5 да 10 гадоў. Пасяленні, што вызваляліся ад платы падаткаў тэрмінам на 5 гадоў, называліся малой воляй. А на тэрмін да 10 гадоў – вялікай воляй. Зрэдку да слова воля дадавалі прозвішча першых пасяленцаў, напрыклад, Воля Крупіца. У такія лясныя паселішчы пазней, спакушаныя глушшу і льготамі, збягалі і хаваліся многія свабодалюбівыя людзі. Менавіта таму з пакалення ў пакаленне на генным узроўні ў жыхароў лясных вёсак захоўвалася і загартоўвалася прага да свабоды, да волі, якую яны заўсёды адчайна баранілі нават і коштам свайго жыцця.
Яшчэ ў самым пачатку 18 стагоддзя пушчанцы наносілі сур’ёзныя страты захопнікам шведскага караля Карла Вялікага. У 1833 годзе ў лясах каля Слоніма падняў на паўстанне сялян Міхал Валовіч. Пазней у Ліпічанскай пушчы ствараліся аддзелы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. На берагах Шчары прайшоў загартоўку і яго паплечнік, у далейшым генерал Парыжскай Камуны, Валерый Урублеўскі. У нашых лясах у 1922 годзе набіраўся вопыту вядзення партызанскай барацьбы К.П. Арлоўскі, а ў канцы 1930-х гадоў вядомы герой Заходняй Беларусі, кіраўнік Слонімскага падпольнага РК, які часта бываў у вёсцы Воля Крупіца – С.В. Прытыцкі.
Але асабліва праявілі сябе жыхары лясных вёсак падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яны не толькі ваявалі ў складзе шматлікіх партызанскіх атрадаў, але кармілі і апраналі іх, дапамагалі абсталёўваць партызанскія аэрадромы, шпіталі, хлебапякарні, лазні. Акупанты ў лясы баяліся і носа патыкнуць. Толькі тры разы за ўсю вайну, сабраўшы вялікія сілы, тэхніку, гарматы, мінамёты, яны рабілі спробы ўсталяваць свой парадак. Ад гэтых рэйдаў найбольш даставалася мірным жыхарам. Тут, на берагах Шчары, падчас такіх карных экспедыцый былі спалены цалкам разам з жыхарамі дзясяткі вёсак. У межах Дзятлаўскага раёна гэта Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля і іншыя. Амаль нічога не пакінуў агонь ад дамоў жыхароў і гаспадарчых будынкаў Ліпічанскай пушчы. Сёння аб тых страшных падзеях нам нагадваюць крыжы, помнікі і абеліскі.
На жаль, не паспелі цалкам аднавіцца ад страт і згубаў апошняй вайны многія паселішчы, і, пачынаючы з 70-х гадоў 20 стагоддзя, большасць вёсак Беларусі, а ў першыя чаргу, лясныя і аддаленыя ад вялікіх гарадоў, непрыкметна знікалі.
Дзяржава зрабіла ўсё, каб запаволіць гэты працэс, уклала вялікія сродкі на добрыя дарогі, падвяла электрычнасць і сучасныя сродкі камунікацый. Але сёння жыхароў у вёсках на берагах Шчары можна пералічыць на пальцах. Тыя, хто дажывае свой век, яшчэ могуць успомніць і распавесці пачутае ад сваіх бацькоў і сваякоў пра падзеі ваеннага ліхалецця.
А вось пра караблеходства ў пасляваенны час, пра тое, як жыхары вёсак “задобрывалі” праекціроўшчы-каў вялікага воднага шляху каўбасамі, кумпякамі і самагонкай, каб пару соцень метраў абышлі бокам сенакос ці вясковую пашу, якой у людзей было не менш, чым у калгасах, альбо пра знакамітых творчых людзей, якія аблюбавалі ў той час для свайго адпачынку не ўзбярэжжа Чорнага мора, а сціплы калгасны дом адпачынку “Рэчанька” непадалёку ад Трахімавічаў. З гэтымі людзьмі вяскоўцам даводзілася сустракацца ці на рыбалцы, ці ў лесе, збіраючы грыбы і ягады, і размаўляць пра трафеі, пра вясковыя абрады і святы.
Вяскоўцы могуць многае расказаць, праўда, разгаварыць старажылаў, якія зведалі ў сваім жыцці ваенную разруху, вельмі цяжка. Не заўсёды ім зразумела, чаму гэта нас нехта прымусіў мокнуць пад дажджом, спаць у намётах, дарэмна “лапаціць” вёсламі ваду, але калі яны павераць у шчырасць нашых памкненняў, то лепшых суразмоўцаў нам не знайсці. Прыпамінаю, як некалькі гадоў таму я з сябрамі сплаўляўся па Шчары ад Міцькавічаў з-пад Слоніма, а ў Гарадках спрабавалі знайсці студню з лепшай вадой (паўсюль у пры-бярэжжы вада ў студнях мутная). Першая сустрэла нас бабуля сталага веку. Перш, чым даць параду, паспяшала ў хату і вынесла апошнюю пачатую буханку хлеба і кавалак пражоўклага салёнага сала. Зведаўшы ўсе жахі вайны: голад, сон у лесе пад дрэвам, страх смерці – яна з такой павагай паставілася да людзей, якія добраахвотна вырашылі пабыць адзін на адзін з прыродай. Пачастунак мусілі прыняць, адрэзаўшы па невялікім кавалку хлеба і сала, а, зрабіўшы запас пітной вады, прынеслі кабеце бляшанку паштэту, пачак пячэння, палову батона і пакінулі на прысядзібнай лаўцы. Вось такія, заўсёды шчырыя, з вачыма, якія выпраменьваюць дабрыню і праўдзівасць, людзі дажываюць свой век у вёсках над Шчарай. Дзясяткі хатаў пустуюць, але ўсё часцей нашчадкі былых жыхароў прыстасоўваюць іх пад летнікі. Летам вязуць сюды дзяцей, бавяць свой час, адпачываюць ад гарадскога тлуму, даглядаюць магілы дзядоў і прадзедаў, спасцігаюць гісторыю свайго роду, вучацца атрымліваць асалоду ад шчэбету птушак, клёкату буслоў ці проста ад цішыні. У адным са сваіх эсэ, напісаных на берагах Шчары Янкам Брылём, сказана: “Зноў вось п’ю цішыню…”
Вось на гэтай рацэ-партызанцы я і прапаную правесці два-тры дні. Можна падарожнічаць пешшу ці на ровары, але найлепш праплыць на байдарцы. Яна манеўраная, хуткая, у ёй можна размясціць шмат паклажы для забеспячэння адносна камфорт-ных умоў падчас падарожжа.
Найлепш пачынаць сплаў з Гарадкоў. Даехаць да іх можна толькі заказным транспартам праз Падвялікае або праз Паўлава Слонімскага раёна. У абодвух выпадках будзе прыкладна 35-36 кіламетраў ад Дзятлава.
Сплаўляючыся, вам не надакучыць з замілаваннем любавацца прыбярэжнымі краявідамі, векавымі дубамі, якія там-сям учапіліся карэн-нямі ў бераг, па словах таго ж Янкі Брыля – дубамі-баравікамі. Некаторыя з іх, падмытыя за сотні гадоў паводкавымі водамі, схілілі галовы да самай вады ці зусім утапіліся, але гэта ў адрозненне ад вузкай Моўчадзі не дазваляе ім перагарадзіць усё русла. Заўсёды застаецца шмат месца для манеўру. Таму на Шчары можна дзясяткамі хвілін “сушыць” вёслы, рабіць замалёўкі, фотаздымкі, сэлфі, а часам і “драмануць”. Паўсюль нескладана знайсці месца, каб спыніцца для кароткага адпачынку, перакусу ці купання. На выпуклых берагах час ад часу з’яўляюцца палогія ўчасткі з чыстым гарачым пясочкам, месцамі да самага берага падступае лес, найчасцей хваёвы. Няма праблем і з дровамі для вогнішча. На адлегласці ад ракі да Гарадкоў і Вялікай Волі магазінаў няма, спадзявацца на аўталаўку рызыкоўна, таму харчы на ўсе дні трэба браць з сабой. Пра пітную ваду ўжо ўпаміналася. Але надзейней ёй так-сама запасціся загадзя, тым больш што яна на плечы турысту-водніку не будзе ціснуць.
У Гарадках, Трахімавічах і Вялікай Волі трэба абавязкова наведаць абеліскі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, пакласці кветкі, аддаць даніну павагі хвілінай маўчання, можна зачытаць урыўкі ўспамінаў сведкаў трагедыі з кнігі Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка і Алеся Адамовіча “Я з вогненнай вёскі”. Пабываць у пустым зараз доме адпачынку “Рэчанька”, зрабіць экскурсію ў адноўленую партызанскую зямлянку побач з ім.
Вада ў Шчары з чырванава-тым, “палескім” адценнем, але значна цяплейшая, чым у Моўчадзі, больш рыбная. На вуду нават неспракты-каванага рыбака часцей трапляе акунь, плотка ці лешч. А ў спякотныя летнія дні ў прыбярэжным аеры на плыткіх мясцінах мне з вучнямі не раз удавалася налавіць рукамі некалькі дзясяткаў дробязі на наварыстую юшку. У лясах хапае суніцаў, брус-ніцаў, чарніцаў, сустракаюцца зараслі маліны і ажыны, а ў другой палове лета за гадзіну можна сабраць кош грыбоў.
Прыгажосць краявідаў, цішыня, зрэдку патрывожаная клёкатам буслоў ці дзікіх качак, бязлюддзе ствараюць непаўторную атмасферу для душэўнага адпачынку.
Здзіўляе зараз і тое, што вялікія абшары прыбярэжных лугоў не косяцца, не пасвіцца на іх жывёла, таму іншы раз, каб разбіць бівак, гэты травастой даводзіцца “касіць” вяслом ці рыдлёўкай. Але ёсць і другі бок медаля: усё гэта спрыяе разнастай-насці флоры і фаўны. Сёння ў лясах каля Шчары можна ўбачыць і завезеных сюды нядаўна зуброў, і высакародных аленяў, не кажучы пра ласёў і казуляў. У старыцах былі заў-важаны балотныя чарапахі, а месцамі вока могуць парадаваць вялікія белыя лілеі. Таксама чырвонакніжныя гарлачыкі і дзясяткі іншых рэдкіх раслін.
Не бойцеся таго, што Шчара глыбокая і небяспечная. Гэтая рака для сплаву нашмат прасцейшая для пачаткоўцаў, чым Моўчадзь, а якая багатая яе гісторыя ад старажытнасці да нашых дзён. Сёлетні 75-гадовы юбілей Вялікай Перамогі – найлепшая нагода, каб пабываць на ёй, каб аддаць даніну павагі тым, хто коштам свайго жыцця здабываў яе.
Мне давялося сплаўляцца па Шчары не менш за дзесяць разоў, пачынаючы ад Быценя і Шылавічаў, ад Слоніма да Міцкавічаў, ад Прырэчча і Гарадкоў. Магу зрабіць выснову: чым бліжэй да вусця, тым яна прыгажэйшая. Менавіта таму, каб захаваць гэтую прыгажосць, на пачатку двухтысячных гадоў створаны ландшафтны заказнік Ліпічанская пушча. У нашым раёне ён займае тэрыторыю паміж прытокамі Шчары, рэкамі Пад’яваркай і Хлеўнай ад вёскі Лозкі і да правага берага асноўнай ракі паміж Малой і Вялікай Воляй.
У межах гэтага прыродаахоўчага дзяржаўнага аб’екта турыстам спыняцца на начлег можна толькі на платных абсталяваных стаянках, абмежаваны многія правы падарожнікаў. Каб выпадкова не патрапіць пад значныя штрафныя санкцыі, загадзя ўзгадняйце з лясгасамі правілы паводзінаў у заказніках. А пакуль межы яго не пашыраны, спяшайцеся на Шчару, спяшайцеся ў партызанскі край, спяшайцеся нацешыцца дадзе-най вам Усявышнім прыгажосцю роднага краю, беражыце яго для нашчадкаў.
Тэлефон для даведак: 8-015-63-62-1-95; +375445227175 (пытаць Васіленка Вольгу).
Валерый Петрыкевіч, краязнавец, турыстводнік, старшыня Дзятлаўскай
раённай арганізацыі ТБМ.