У Велікодныя дні варта ўгадаць новае навуковае даследванне ў галіне кніжнай культуры і біблеістыкі. Католікі, праваслаўныя і пратэстанты, пачынаючы з ХVI ст., натхняліся Берасцейскай Бібліяй, выкарыстоўвалі яе ў набажэнстве, захоўвалі ў сваіх бібліятэках, выкарыстоўвалі ў навуковай і адукацыйнай практыцы.
Арганізатар факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бiблii, кандыдат культуралогii Алесь Суша пашырыў сваё даследванне гэтага выбiтнага кніжнага помнiка. Манаграфія “Асэнсаванне шэдэўра” выйшла напачатку года і была прадстаўлена на ХХVII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.
Выданне ўключае вынікі комплекснага навуковага даследавання Берасцейскай Бібліі 1563 г. – сапраўднага шэдэўра айчыннай і сусветнай культуры. У кнізе апісаны абставіны стварэння і бытавання гэтага кніжнага помніка, асэнсавана яго значнасць як твора мастацтва, паліграфічнага шэдэўра, рэлігійнай каштоўнасці, літаратурнай і навуковай працы нашых продкаў паказаны непаўторныя рысы самага вялікага выдання Беларусі XVI-XVIII стст.
У новым, пашыраным выданнi “Асэнсаванне шэдэўра” аўтар знаёмiць з выбiтнымi асобамi ХVI стагоддзя, якiя прысвячалi час перакладу Бiблii, кнiгавыдавецкай справе на тэрыторыi Беларусi, распаўсюду хрысцiянскай лiтаратуры, катэхiзацыi i мiжканфесiйнай палемiцы.
Навукоўцам рухала гарачае iмкненне данесцi да чытачоў i замацаваць у грамадскай свядомасцi звесткi пра выбiтных асветнiкаў, рэдактараў i выдаўцоў, майстроў кнiгавыда-вецкай справы эпохi Рэнесансу i Рэфармацыi, якія дзейнічалі на нашай зямлі
Сярод iх ярчэй ззяе постаць ваяводы Віленскага, найвышэйшага маршалка і канцлера ВКЛ, мецэната, старасты і фундатара берасцейскай друкарні Мiкалая Радзiвiла Чорнага, які выдаткаваў на пераклад Бібліі больш за 3000 дукатаў.
Са старонак кнігі паўстаюць такiя асобы, як Бярнард Ваявудка, Цыпрыян Базылiк, Станiслаў Мурмэліюс. Аўтар апiсвае абставiны iх жыцця i дзейнасцi, прыбыцця ў горад над Бугам. Пра Цыпрыяна Базылiка чытач даведваецца як пра таленавiтага перакладчыка, паэта, выдаўца нотнага зборнiка Берасцейскага канцыяналу. Сярод герояў з’яўляюцца таленавiтыя рэдактары i выдаўцы, майстры Берасцейскай друкарнi.
Асаблiвую ўвагу аўтар надаў перакладчыкам Берасцейскай Бiблii, вядомым у Еўропе тэолагам, грамадскім і царкоўным дзеячам Францыску Станкару, Георгу Шоману, Якубу Любэльчыку, Сымону Заку, Марціну Кравіцкаму, Андрэю Тшацецкаму.
Перакладчыкі Берасцейскай Бібліі выпрацавалі новую методыку працы з тэкстамі Бібліі на арыгінальных мовах. У выніку тэкст галоўнай кнігі хрысціянства быў асучаснены, набліжаны да мовы і разумення жыхароў ВКЛ і Польшчы, ён застаўся вельмі блізкім да арыгінала па змесце, вобразным і эмацыйна выразным. Чытач атрымлiвае пашыраную iнфармацыю пра Берасцейскую друкарню і пра творы, якiя там выдавалiся. Шмат захапляльных старонак прысвечаны духоўнаму і культурнаму жыццю Берасця, дзе гуртаваліся сілы інтэлектуалаў з ВКЛ, замежных філосафаў, творцаў, багасловаў. Адсюль ішла камунікацыя з вядомымі мыслярамі, грамадскімі дзеячамі ў Жэневе, Базэлі, Кракаве, Караляўцы, Вільні.
У даследванне ўключана падрабязная інфармацыя пра асобнікі Берасцейскай Бібліі ў свеце, якія захоўваюцца ў расійскіх, літоўскіх і ўкраінскіх, кнігасховішчах, а таксама на Беларусі, прасочваецца шлях распаўсюду кнігі.
Пасля выдання каштоўная кніга стала адным з лепшых падарункаў для паважаных грамадзян Польшчы і ВКЛ, а таксама найбольш вядомых людзей Еўропы, кіраўнікоў шэрагу краін. Дзякуючы падобным падарункам Берасцейская Біблія трапіла ў каралеўскія, княжацкія і прыдворныя бібліятэкі многіх краін свету, дзе захоўвалася на працягу многіх стагоддзяў як каштоўны рарытэт. Асобнікі кнігі захоўваюцца ў Расійскай дзяржаўнай і нацыянальнай бібліятэках, Бібліятэцы імя Рублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, у Бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта і іншых, зберагаюцца ў шэрагу бібліятэк Украіны як важная культурная каштоўнасць.
У кнізе А.А. Суша адзначыў, што Берасцейская Біблія ўпэўнена сведчыць пра ўключанасць айчыннай культуры ў сусветны працэс – як у час свайго стварэння, так і ў наш час. Пры падрыхтоўцы кнігі і яе распаўсюдзе М. Радзівіл Чорны і іншыя разглядалі сваю працу ў кантэксце еўрапейскага духоўнага жыцця, не аддзялялі сябе ад іншага свету.
Даследчыка цікавяць духоўныя, культурныя і інтэлектульныя працэсы эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі на Беларусі, а таксама і яркія сучасныя падзеі. Злучаецца ланцужок паміж слаўнымі вычынамі дзеячаў Залатога веку Беларусі і сёняшнімі культурнымі працэсамі, каб сучаснікі маглі ўзбагаціцца скарбамі мінуўшчыны, узняцца думкамі і памкненямі да ўзроўню асобаў, якія тварылі ў тыя часы.
Праз шэраг папярэдніх глыбокіх і грунтоўных прац аўтара, прысвечаных Тураўскаму Евангеллю, Бібліі Францішка Скарыны, Буквару 1618 года і іншым шэдэўрам, становіцца зразумелым, што гiсторыя беларускай кнiжнай культуры з’яўляецца полем, засеяным сапраўднымi дыяментамi.
Новае даследванне “Асэнсаванне шэдэўра” каштоўнае яшчэ і тым, што ў ім як у факсiмiльным узнаўленнi “Кнiжнай спадчыны Францыска Скарыны”, у новай кнiзе захоўва-юцца арыгiнальныя аўтарскiя прадмовы фундатара Берасцейскай Бiблii – князя Мiкалая Радзiвiла Чорнага. Праз яго палымяны стыль, стараннасць і рупнасць чытача кранае Ласка Божая, хвалюе грамадзянская пасiянарнасць. Святое Пiсанне гаворыць пра кантактаванне з духамi праведнiкаў, якi дасягнулi дасканаласцi. Менавіта так і адбылося з аўтарам новага даследвання. Паходня, запаленная пяць стагоддзяў таму, ззяе яркiм святлом.
Выданне ўключае вершаваны тэкст, прадмову Мікалая Радзівіла і “Суму ці кароткае апісанне ўсяго Святога Пісьма”:
“Хрыстос прыйшоў у свет, каб мы праз Яго асвечаныя і ачышчаныя ад грахоў, наслядуючы добрымі ўчынкамі паводле Яго волі, свабодна слу-жылі Яму ў справядлівасці і святасці ўсе дні нашага жыцця”.
Эла Дзвiнская.
На здымку: 1. Аўтар даследвання А.А. Суша.
На малюнках:
- Андрэй Тшацецкi, дзеч Рэфармацыі Польшчы і ВКЛ, пісьменнік, выдавец, перакладчык; 3. Мікалай Рэй, паэт і грамадскі дзеяч эпохі Рэнесансу; 4. Імператар Максіміліян II, адзін з першых уладальнікаў Берасцейскай Бібліі.