Чарговая сустрэча з беларускай паэзіяй адбылася ў Нясвіжскім аддзяленні дзённага наведвання інвалідаў і людзей пажылога ўзросту і была прысвечана Сусветнаму дню паэзіі. Зладзіла сустрэчу сябра раённага ТБМ Вальчык Станіслава Георгіеўна. Хоць па зразумелых па цяперашнім часе прычынах аўдыторыя была нешматлікай, але ўражанні ад сустрэчы былі надзвычай прыемнымі. Аматары беларускага рыфмаванага слова перагарнулі старонкі з кнігі жыцця Сяргея Новіка-Пеюна – паэта, кампазітара, перакладчыка, мастака, выдаўца, рэжысёра, акцёра, музейшчыка, вялікага пакутніка за права беларусаў на сваю паэзію і песню, які сядзеў у турмах пры ўсіх рэжымах.
Мясцовыя жыхары памятаюць паэта, бо нарадзіўся ён у вёсцы Лявонавічы, вучыўся ў Нясвіжы, арганізаваў вядомы на Нясвіжчыне (ды і не толькі) Лявонавіцкі хор. Тыя, хто пасяліўся ў гэтым краі напрыканцы мінулага стагоддзя, пра Новіка-Пеюна не чулі. Ды і для несвіжан асобныя моманты з жыцця Сяргея Міхайлавіча, як высветлілася падчас размовы, былі адкрыццём.
Вось напрыклад тое, як была напісана вядомая шматлікай аўдыторыі песня “На выгнанні”. Дарэчы, гэта першапачатковая назва песні, але народ змяніў назву твора на “Зорачкі”.
А створана песня “Зорачкі” падчас першай высылкі паэта ў Паморскае ваяводства ў мястэчка Света над Віслай у 1929 годзе. Вось як аб гэтым успамінае сам паэт: “…Шпацы-равалі мы аднойчы па Свеце… паляк Фелікс Балінскі, сам скрыпач, і ўкраінка Галя Парадкіўна, піяністка. Яны былі закаханыя, таму, вядома, я ніякавата адчуваў сябе сярод іх. Даў зразумець, што трэці – лішні, ды і дадому, маўляў, трэба ісці. А Галя пытаецца:
– А шчо Вы будэтэ робыты вдома?
– Ліст пісаць дахаты.
– А можа, і віршы?
– А можа, і вершы, – падладжваўся я пад яе настрой.
– А про шчо?
Ноч была надзіва зорная. Я паглядзеў на неба і жартам адказаў:
– А хаця б пра зорачкі…
І цуд стварэння адбыўся яшчэ ў дарозе. За паўкіламетра адзінокага вяртання да хаты кватаравання. “Пакуль я ішоў, – прыгадваў паэт, – мяне ўсё больш і больш паланіла музыка, якую вы зараз ведаеце як музыку песні “Зорачкі”. Адначасова з музыкай прыдумаліся і вершы”.
Невялікі пакой, у якім адбывалася сустрэча, як і сэрцы слухачоў запаланіў цудоўны лірычны тэнар выканаўца песні “Зорачкі” Данчыка (Багдана Андрусішына).
Падчас сустрэчы гучалі вершы паэта, напісаныя ў гады яго зняволення ў Слоніме, лагеры смерці Калдычэве, Якуціі. Аднак слова “напісаныя” не зусім адпавядае ў дачыненні да Сяргея Міхайлавіча, бо вершы, якія ён ствараў у турмах, не запісваліся на паперы (папера і аловак былі там пад забаронай), а завучваліся на памяць. Такім чынам, як гаварыў паэт, усе свае вершы з 1921 года ён ведае на памяць.
Удзельнікаў сустрэчы зацікавіў фотаздымак Сяргея Міхайлавіча ў медыцынскім халаце. Як высветлілася, у Якуціі, дзе адбываў турэмнае зняволенне паэт, прыйшлося працаваць яшчэ і фельчарам. Цікава было даведацца, што Сяргей Міхайлавіч выдатна іграў на скрыпцы і мандаліне. Адну са сваіх песень ён прысвяціў любімаму інструменту:
Ішоў я горкаю,
Ішоў далінаю,
Усцяж па свеце шчасця я шукаў.
І долю горкую
Я з мандалінаю
У супольнай песні часта забываў.
Аднак лагерныя ахоўнікі зломяць Новіку-Пеюну пальцы на руках, пасля чаго падыгрываць сваім спевам ён ужо аніколі не здолее.
Напрыканцы сустрэчы Таісія Сямёнаўна Жучкевіч, адна з удзельніц сустрэчы, нагадала, што яе сын, падчас вучобы ў СШ № 3 горада Нясвіжа, у складзе групы школьнікаў, якую ўзначальвала настаўніца музыкі К.Я. Шышыгіна, сустракаўся з паэтам у яго менскай кватэры. Сустрэчы былі шчырымі, сяброўскімі (вядома, што апошнія гады Сяргей Міхайлавіч любіў сустракацца з маладымі людзьмі, якія цікавіліся беларускай культурай). На развітанне паэт дарыў юным сябрам свае зборнікі вершаў і песень. Такі зборнік з аўтографам яе сын захоўвае і да сёння.
Вось так, на адным дыханні, здаецца, за некалькі хвілін (а прайшло дзве гадзіны) праляцела гэта цікавая сустрэча. Словы падзякі гучалі Станіславе Георгіеўне Вальчык, яе арганізатарцы, а з імі і спадзяванні, што гэта не апошняя сустрэча з сапраўднай паэзіяй, з лёсамі выбітных людзей Нясвіжчыны.
Анюта Юрэвіч.
Нясвіж.