“Свабода” задае вядомым інтэлектуалам пытанні пра антрапалагічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо змяніла і яшчэ зменіць Беларусь, свет і чалавека.
Сёння прапануем вашай увазе адказы доктара палітычных навук, навуковага супрацоўніка Свабоднага ўніверсітэта Берліна Сяргея Богдана.
– Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў у свеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія – гэта “псіхоз”, маўляў, на трактары ніякі каранавірус не страшны, краіна адзіная ў Еўропе распачала футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш-менш вядомых краін – здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?
– Мне давялося назіраць барацьбу з пандэміяй у Германіі, Іране і Расеі. Замест адраснага ратавання самых уразлівых ды імклівай лакалізацыі агмянёў, бачыў збольшага размазаныя па ўсім грамадстве, дарагія захады, часам амаль рытуальныя. Таму выснова ў мяне старая. Сённяшняе змаганне з немаччу ізноў паказала, што сучасная палітыка часцяком мала звязана з навукова абгрунтаванымі падыходамі, арыентаванымі на дзейснае вырашэнне пытанняў.
Захады, прынятыя заходнімі палітыкамі, ужо не кажучы пра постсавецкія краіны, наўрад ці больш рацыянальныя за тое, што робіць Менск. Зрэшты, вінаваціць толькі палітыкаў таксама цяжка – у грамадстве няма адпаведнага попыту. Цікавая сітуацыя была, калі профільны Інстытут Роберта Коха ў Германіі цвёрда заявіў, што няма навуковых падстаў для абавязковага нашэння масак, а іх усё адно пачалі прапагандаваць і нават уводзіць – прычым у Ене дайшлі да абсурду, вымагаючы проста ўвогуле любыя маскі або неяк захінуць шалікам ці хусткай рот (што бессэнсоўна), калі жадаеш зайсці ў краму. Праз нейкі час Інстытут Коха вымушаны быў ухваліць маскі, толькі збянтэжана дадаўшы кароткі сказ, маўляў, навуковых падстаў няма, але… Што гэта, калі не маніпуляцыя грамадствам, ахопленым страхам перад хваробай?
Затое прыляцеўшы 21 сакавіка ў Германію, ужо калі пачаліся каранцінныя захады, я здзіўлена адцеміў, што ў берлінскім аэрапорце ані тэмпературы не правяралі, ані пыталіся, скуль лячу. Ці яшчэ – мая сям’я якраз-такі захварэла, але спачатку яны фізічна не маглі паехаць на тэст у клініку праз высокую тэмпературу, а калі ачунялі і паехалі – тэст ім праводзіць адмовіліся, бо, маўляў, у вас тэмпературы няма. А бальнічны запытаеце ў лекара па тэлефоне! Гэта было ў Берліне, паўтаруся. Ці можна тут гаварыць пра эфэктыўнае прадухіленьне распаўсюду віруса? І што там кажуць пра схаваную кітайцамі ці іранцамі статыстыку?
Карацей, калегі Лукашэнкі ў іншых краінах рэагуюць хутчэй не ўласна на вірус, а на масавую скрайнюю занепакоенасць, якая пагражае палітычнымі наступствамі. Апошняя не была распазнаная, як штосьці анамальнае, бо гэтым разам яе прырода звязана і з зусім навачаснымі тэхналагічнымі змяненнямі (якія зрабілі магчымым некантраляваны распаўсюд часта сумнеўнай інфармацыі, здатнай выклікаць паніку), і з перакшталтаваннем грамадства ў плане каштоўнасных арыентацыяў.
Я маю на ўвазе з’яўленне ўсё большага пласта людзей, чый экзыстэнцыйны досвед мізэрны, умоўна кажучы, смерць і пакуты для іх не настолькі знаёмыя, як яшчэ пару пакаленняў таму, і таму цяперашняя навала выглядае нейкім канцом свету.
Таксама варта адзначыць заняпад навуковай галіны і месца навукі (нават у заможнай Германіі – апошнія гады назіраў зблізу, як рыхтуецца скасаваць дзеля ашчаджэння сродкаў цэлыя дэпартаменты ўсходнеберлінскі ўніверсітэт Гумбальта, а заходнеберлінскі Вольны ўніверсітэт распрадаваў нерухомасць – абодва не апошнія ВНУ ў свеце).
Некалі быў такі жарт, што радыкальныя ісламісты мяркуюць – навошта нам кампутары, калі ў нас ёсць вярблюды. Дык вось, у сучасным грамадстве мусіць дэвіз падобны – навошта нам ВНУ і фундаментальная навука, калі ў нас ёсць Ілан Маск, Гугл і Ютуб.
– Цяперашняя пандэмія на думку некаторых спараджае су-ровую дылему паміж выжываннем людзей, уратаваннем іх ад хваробы, і выжываннем эканомікі, якая таксама ёсць умова выжывання людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ды і палітыкі – прыхільнікі каранціну і лакдаўну – таксама пра гэта гавораць. Ці ёсць рашэнне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэнне ў той ці іншай краіне?
– Цяперашнія захады па барацьбе з вірусам здатныя прычыніць больш стратаў, чым сам вірус. Нават калі браць толькі чалавечыя ахвяры. Але замераць вынікі ўздзеяння такога кшталту структурных чыннікаў цяжэй, чым падлічыць колькасць памерлых ад віруса. Ясна, што свет зараз бадзёра шыбуе да эканамічнага калапсу. І нават калі пакінуць у баку апакаліптычныя варыянты, то проста рэзкі эканамічны спад і інфляцыя (нават на Захадзе – глядзім на аб’ёмы надрукаваных грошай) здатныя загнаць у труну тысячы і тысячы людзей. Каб даведацца, што нас чакае, варта прыгадаць сусветны эканамічны крызіс 1929 года.
– Ці не мяняе разуменне гуманнасці гэтая дылема? Ці не мяняюць разуменне гуманнасці пікавыя перагрузкі шпіталёў хворымі, недахоп неабходнага медычнага абсталявання – калі даводзіцца рабіць выбар – каго лячыць?
– Разуменне гуманнасці мяняецца ўвесь час. Але апісаны выбар – нешта экстраардынарнае і ў навіну выключна для заможных заходніх краінаў. У рэшце свету якраз наяўнасць грошай і іншыя меркантыльныя меркаванні і вызначаюць, каго ратаваць, а каго – не.
– На ваш погляд, ці магчы-мыя ў Беларусі кардынальныя палітычныя змены, калі, насупе-рак перакананням прэзідэнта Лукашэнкі, эпідэмія ў краіне набу-дзе значныя маштабы?
– Калі гістэрыя набярэ значныя маштабы, многія ўрады могуць ляснуцца. Бо давядзецца вы-даткоўваць апошнія грошы на тле эканамічнага калапсу нават на відавочна непатрэбныя ці неэфектыўныя захады, абы пазбегнуць “вірусных бунтаў”.
Гэта добра відаць зараз па Іране, дзе праблема не ў памерлых, а ў тым, як гэта ўспрымаецца грамадствам. А яно там па каштоўнасных спажывецкіх арыентацыях на геданістычны лад жыцця не асабліва адрозніваецца ад заходняга. Таму ўрад і выграбае апошнія грошы з недатыкальных запасаў і раздае сродкі, эфектыўнасць якіх незразумелая, бо захворваемасць расце. Анягож людзі там ня тое што ў масках ходзяць, але нават і ў пальчатках, паранаідальна мыюць і спецсродкамі, і простай вадой спрэс усё (расходы вады такія, што ўстановы перасцерагаюць, што Тэгерану можа не застацца вады на лета!) – а колькасць выпадкаў павялічваецца.
Эканамічныя наступствы захадаў па барацьбе з эпідэміяй велізарныя – у Германіі эканамічны спад за 1 квартал амаль 10%, а было толькі пару тыдняў каранціну. Цэлыя галіны эканомікі ляглі і не ўстануць без мільярдных датацый. І на мікраўзроўні тэндэнцыі адпаведныя: прыватны бізнес тут жа пасля пачатку каранціну пачаў падвышаць цэны на самыя неабходныя харчовыя тавары.
СМІ ж вяшчаюць толькі пра страхі эпідэміі і якія б яшчэ абмежаванні ўвесці – амаль не закранаючы праблемы таго, што на тле страты многімі даходаў, росту цэнаў і друкавання новых грошай менш заможныя грамадзяне могуць збяднець дашчэнту. У такой сітуацыі глеба пад небяспечны папулізм пасля таго, як пачнуць адчувацца наступствы сённяшняй палітыкі – ідэальная.
І тое ў заможнай краіне, дзе ёсць запасы і дзе ёсць механізмы стрымлівання папулізму і экстрэмізму. Беларусь жа не мае такіх запасаў трываласці і грошай, таму для яе пагатоў рызыкоўна малпаваць навакольны свет. Але калі гістэрыю раскруціць, то можна і Менск прымусіць да такіх самых дзеянняў сумнеўнай эфектыўнасці, што могуць дэстабілізаваць існую палітычную сістэму.
– Ужо зараз эканамічныя эксперты фіксуюць падзенне ўсясветнай эканомікі, і прагназуецца далейшае падзенне – спрэчкі толькі пра тое, наколькі глыбокім ён будзе. Хто з гэтага віру выйдзе пераможцам ці хаця б хто прайграе менш за іншых – ЗША, Кітай, ЕС, Расея?
– Усе пералічаныя краіны – па вушы глабалізаваныя ва ўсіх сэнсах. Таму пацерпяць ад сённяшняй сітуацыі ўсе. Але вынікам будзе не вяртанне да больш суверэнных дзяржаў – але да расхіствання дзяржаваў далей, яны аслабнуць. Бо за ўсе сённяшнія захады плацяць дзяржавы – і нават заможная Германія здымае абмежаванні па ўзроўні дапушчальнай запазычанасці.
Аслаблыя дзяржавы найперш скінуць сацыяльныя функцыі, адукацыю, ахову здароўя (як ні парадаксальна!) – бо інтарэсы слабейшых сацыяльных слаёў у апошнія гады няма каму адстойваць. Частка гэтых функцыяў будзе прыватызавана і камерцыялізавана. Паўстане і новая эканоміка – з большым кантролем эканомікі ды і грамадства з боку новых карпарацый, пераразмеркаваннем багацця з экспрапрыяцыяй грошай дробнага бізнесу і шараговых грамадзян, новай канфігурацыяй глабальнай эканомікі, міжнароднай супрацы і эканамічнага ўзаемадзеяння ды інш.
– Ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясветнай вайны?
– Вялікай – не (няма каму!), але новых гарачых кропак – так. Нават не такія вялікія прыродныя катастрофы канца 2000-х ладна паспрыялі “Арабскай вясне” 2011 года. А тут маштаб куды большы. Напрыклад, на Блізкім Усходзе ўжо відаць значныя зрухі – крышыцца “Шыіцкі паўмесяц”, ушчэнт развальваецца палестынскі праект – а новая пошасць “штурхане таго, хто падае”.
– Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе свет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалогіі, вераванні набудуць большую папулярнасць, як свет сам сабе будзе тлумачыць, што з ім адбываецца?
– Архаізацыя мыслення грамадзян і грамадскага дыскурсу парадаксальным чынам будзе накладацца на рост сацыяльнага кантролю з боку непадлеглых дэмакратычнаму кантролю структураў. Расце роля сродкаў камуні-кацыі і інфармавання праз інтэрнэт, але мяняюцца і паводзіны дзяржаўных структураў. Ужо зараз відаць, як нават у даволі высокаадукаваным нямецкім грамадстве рытуальным чынам выконваюцца нават бессэнсоўныя загады, прычым з энтузіязмам і гатовасцю пайсці і на новыя абмежаванні (толькі тэхнічныя дэталі замінаюць увядзенню адсочвання па сотавым – вядома, выключна ў інтарэсах тых, за кім сочаць).
Пра Усходнюю Еўропу і гаварыць няма чаго – карцінкі з Масквы неўзабаве можна будзе выкарыстоўваць для ілюстравання Оруэлавага “1984”. Прычым абмяжоўваюцца базавыя рэчы, якія абыходзяць кожнага грамадзяніна і часта наўпрост шкодзяць яго здароўю – забарона індывідуальнага вольнага перасоўваньня нават у ваколіцах рацыянальна барацьбой супраць вірусу не абгрунтуеш. Але калі можна абмежаваць такое – пагатоў можна і больш абстрактныя правы.
– Пандэмія спараджае ў свеце і прыклады салідарнасці, узаемадапамогі, ахвярнасці і прыклады эгаізму, прама паводле гулагаўскага закону – памры ты сёння, а я – заўтра. А чаго больш? І чаго будзе больш далей?
– Пандэмія паглыбіць ранейшыя тэндэнцыі – на атамізацыю грамадства, спажывецкую веру ў вырашэнне праблемаў матэрыяльнымі сродкамі, аслабленне дзяржавы і буйных грамадскіх структураў, архаізацыю і прымітывізацыю мыслення, грамадскага дыскурсу і палітыкі пад уздзеяннем новых камунікацыйных магчымасцяў, распад цэласных ідэалогій. На змену ідуць больш прымітыўныя і абмежаваныя альтэрнатывы.
Тыя ж валанцёры – гэта дабрачыннасць, якая не можа ўстойліва вырашыць аніводнай сур’ёзнай праблемы. Для таго патрэбныя грамадскія рухі з цэласнымі ідэйнымі платформамі і дзяржавы, здатныя ажыццяўляць структурныя рэформы. Але зараз тэндэнцыі дакладна не ў гэты бок развіваюцца. Прыклад Бэрні Сандэрса ілюструе гэта як найлепш – нават пандэмія не змусіла людзей зацікавіцца развіццём грамадскай сістэмы аховы здароўя.
Радыё Свабода.