Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
З Пагоняй на тарчы

З Пагоняй на тарчы

13 красавіка 2020, 20:45 Культура 32
З Пагоняй на тарчы

Ён кіраваў кафедрай жывапісу ў Акадэміі мастацтваў і адначасова ўзначальваў Управу Беларускага народнага фронту. Быў галоўным у Згуртаванні беларусаў свету і сядзеў пяць сутак нібыта за нецэнзурную лаянку. Аляксей Марачкін – адзін з самых вядомых беларускіх мастакоў, чые творы і грамадзянская пазіцыя выклікаюць як захапленне, так і крытыку.

30 сакавіка 2020 года ён адсвяткаваў сваё 80-годдзе. Вашай увазе – некаторыя факты з яго біяграфіі, а таксама рэдкія кадры, на якіх можна ўбачыць знакамітага мастака падчас працы ва ўласнай майстэрні. Піша TUT.BY.

 

Свой юбілей Алесь Мара (гэта псеўданім мастака) нечакана сустракае ў Чарнагорыі. Ён накіраваўся туды разам з іншымі беларускімі мас-такамі на пленэр, але з-за каранавіруса не змог своечасова вярнуцца дадому.

Як тлумачыць нам Ігар Марачкін, сын Аляксея Антонавіча, гэты пленэр ужо не першы год ладзіць чарнагорскі бізнесмен Ратка Паповіч. Беларусы жывуць за яго кошт у віле высока ў гарах і займаюцца творчасцю.

Праца на Балканах атрымалася надзвычай плённай. З пачатку сакавіка Марачкін-старэйшы стварыў ужо 19 карцін. Некаторыя з іх застануцца ў Чарнагорыі.

– Звычайна мастак пакідае гаспадару некалькі твораў, пра якія з ім дамовіцца. Так прынята: творцы выказваюць удзячнасць за гасцінны прыём, – кажа Ігар Марачкін.

– Умовы для працы сапраўды створаны найвыдатнейшыя, – працягвае спадар Ігар і прыводзіць наступны прыклад:

– У краму звычайна выязджае гаспадар. Згодна з правілам, у машыне падчас каранціну можна ездзіць толькі ўдвух: кіроўца і пасажыр на заднім сядзенні. Але вялікай патрэбы ў вандроўках няма. У спадара Раткі надзвычай вялікая гаспадарка. Усё як звычайна на нашых сядзібах: ёсць і жывёлы, і птушкі. Адпаведна, ёсць ежа, таксама – запасы віна. Можна забяспечыць сябе харчаваннем на многія месяцы нават без крамы.

На мінулых выхадных беларусы арганізавалі на віле выставу: павесілі на сценах свае творы.

– Яны зрабілі гэтую выставу больш для сябе. Былі запрошаны літаральна некалькі мясцовых маста-коў, якія жывуць паблізу. Каб падтрымаць аўтараў, паказаць, што зараз яны не адны.

А так беларусы жывуць на віле амаль у поўнай ізаляцыі. Найблі-жэйшыя населеныя пункты размешчаныя на адлегласці за дзесяць кіламетраў.

– Настрой ва ўсіх добры, бадзёры. Песімізму няма. Так, бацька хоча вярнуцца на Радзіму, але падпарадкоўваецца міжнародным правілам. Перасядзець гэтую сітуацыю ў гарах будзе больш правільна.

 

Аляксей Марачкін – чала-век з дзвюма датамі нараджэння.

– Я заўсёды тлумачу гэтую блытаніну, – казаў мастак у інтэрв’ю “Нашай Ніве”. – Сапраўдны мой дзень нараджэння – 30 сакавіка, “на Божага чалавека Ляксея нарадзіўся”, як маці казала. А калі я пайшоў у першы клас, ведаў толькі, што ў сакавіку, але не ведаў даты. Чамусьці дзясятка спадабалася. Так і з’явілася 10 сакавіка. І пачало “гуляць” у афіцыйных даку-ментах. А ў даведніках па мастацтве ўжо фігуруе 30 сакавіка.

Малым дзіцём Марачкін, які нарадзіўся на Чэрыкаўшчыне (усход Магілёўшчыны), стаў сведкам бою паміж нямецкімі і савецкім лётчыкамі – ішла Вялікая Айчынная вайна. Як згадваў мастак у інтэрв’ю “Новаму часу”, аднойчы ён схаваўся ў жыта, каб лепш паглядзець на бой. Убачыў, як за адным самалётам з’явіўся чорны дым. Выбуху не было. Прайшло больш за сорак гадоў, і калі пачалі асушаць балоты, то знайшлі і той самалёт, і нават савецкага лётчыка ў ім – у торфе захавалася амаль усё.

– Загінулы лётчык выглядаў нібы жывы. Пазней дазналіся яго імя і паставілі помнік.

 

Маляваць Марачкін пачаў яшчэ ў школе.

– [Бацька] казаў: “Ты, Ляксейка, гультай. Нічога не ўмееш – толькі маляваў бы”. А я на замерзлых шыбах розныя ўзоры цвіком шкрабаў. Не памятаю, каб ён з вайны прывёз швейную машынку ці нешта такое, а прывёз ахапак паштовак. Як пасля высветлілася, гэта былі рэпрадукцыі з Дрэзданскай галерэі, Луўра. Яму не было абыякава, што я малюю. Але я ўсё самастойна спасцігаў, – расказваў ён у інтэрв’ю “Нашай Ніве”.

Першыя творы Алеся Мары былі надрукаваныя ў школьных альбо калгасных сценгазетах.

– Адзін раз мяне пабіў аднакласнік. “За што ты майго бацьку скрытыкаваў?” А ён быў п’яніца: намаляваў яго з бутэлькай. Гэта быў першы “ганарар”.

 

Пасля школы Марачкін вырашыў паступаць у Менскае мастацкае вучылішча, але не прайшоў конкурс. Яму пашанцавала: яго і іншых калег па няшчасці прынялі на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута (яго Аляксей Антонавіч скончыў у 1962-м).

Потым была служба ў арміі, дзе мастак спаліў танк.

– Зімой сказалі: на макетах ты навучыўся кіраваць, сядай у сапраўдны танк. Я залез і ўсе кнопкі ўключыў. Сістэма не вытрымала напругі – і пачала гарэць праводка, схапілася полымя. Я ледзь уцёк. І танк выгарэў ушчэнт: чорны стаяў на белым снезе, – расказваў Марачкін “Нашай Ніве”. – <…> На гаўптвахту мяне не пасадзілі. А пасля навучылі на танку ез-дзіць. Мне падабалася, што не трэба вучыць правілы дарожнага руху.

 

Вярнуўшыся з войска, Аляк-сей Антонавіч пэўны час выкладаў жывапіс у Жодзіне, а потым паступіў у Акадэмію мастацтваў (скончыў у 1972-м).

Ужо ў тыя гады мастак меў рэпутацыю дысідэнта. Так, да 100-годдзя са дня нараджэння Леніна студэнтам загадалі намаляваць што-небудзь адпаведнае. Марачкін стварыў твор пад назвай “Смаленне чорнага кабана”. Зразумець маштаб кра-молы могуць толькі тыя, хто ведае, якім заідэалагізаваным было тагача-снае савецкае грамадства. Да таго ж мастак яшчэ і заявіў чыноўнікам, што Ільіч, маўляў, любіў таксама паесці сала, таму не бачыць у сваім учынку праблемы.

 

У глухія брэжнеўскія часы Марачкін з’яўляўся ўдзельнікам тво-рчага асяродка “На Паддашку” – так называлася майстэрня мастака Яўгена Куліка на цяперашнім праспекце Не-залежнасці, што месцілася насупраць будынка КДБ.

Там збіраліся будучы лідар БНФ Зянон Пазняк, гісторык Міхась Чарняўскі, даследчык Міхась Раманюк, паэт Алесь Разанаў. Менавіта падчас гэтых дыскусій нарадзіліся ідэі дзвюх гучных выстаў: выставы да стагоддзя са дня нараджэння паэтэсы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у 1976-м і выставы да юбілею паэта Міколы Гу-соўскага (у 1980-м).

– Рашэннем ЮНЕСКА юбілей Міколы Гусоўскага быў унесены ў сусветны каляндар выдатных культурных падзей. У гэтых абставінах не адзначыць падзею было для кіраўніцтва БССР тое ж самае, што прадэманстраваць усяму свету абыякавасць ці нават варожасць да беларускай нацыянальнай культуры. Адзначыць – паспрыяць распаўсюджванню ў Беларусі нацыяналістычных настрояў, – пісаў мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі. – Вырашылі ўсё ж юбілей аўтара “Песні пра зубра” адсвяткаваць, але трактаваць беларускага генія як носьбіта духоўнай велічы “ўсходнеславянскіх народаў”.

– А паколькі ніякіх святочных мерапрыемстваў падрыхтавана не было, давялося ўхапіцца за паўпадпольную, “нацыяналістычную” выставу, надаць ёй афіцыйны статус, – працягвае Васілеўскі. – Але афіцыйнае – значыць падцэнзурнае. Ад мастакоў запатрабавалі зняць з экспазіцыі тво-ры, у якіх прысутнічае герб “Пагоня”. Тыя, зразумела, адмовіліся. Астатнія іх падтрымалі і заявілі: калі здымуць гэтыя творы, мы паздымаем свае і выставы ўвогуле не будзе. Экстрэмальныя абставіны прымусілі ўладу саступіць: ніводзін твор не быў зняты з экспазіцыі.

Падчас перабудовы Марачкін уключыўся ў грамадскае жыццё, якое тады літаральна віравала. У 1986-м ён разам з мастаком Міколам Купавам арганізавалі ў Траецкім прадмесці “Выставу аднаго дня”. Тое свята скон-чылася скандалам: на дзяцей (навучэнцаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве) нацкавалі былых “афганцаў”. Тых падманулі: расказалі, што дзеці, якія бралі ўдзел у абрадзе гукання вясны, святкуюць дзень нараджэння Гітлера. Марачкін ды Купава скардзіліся ў пракуратуру, але атрымалі толькі адпіску.

У 1988-м Марачкін увайшоў у грамадскую раду “Мартыралога Беларусі” – таварыства, якое займа-лася тэмай сталінскіх рэпрэсій. Між іншым, менавіта на ўстаноўчым сходзе “Мартыралога” быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага на-роднага фронту, сябрам якога стаў і Марачкін.

У наступным годзе Марачкін разам з аднадумцамі сустракаўся з кіраўніцтвам БССР і марна спрабаваў дамовіцца, каб устаноўчы з’езд БНФ адбыўся ў Менску (урэшце ён пра-йшоў у Вільні). У 1990-м разам з Зянонам Пазняком і Юрыем Хадыкам Аляксей Антонавіч падаваў заяўку, каб адсвяткаваць у Менску Дзень Волі (25 сакавіка).

У 1990-м ён вылучыў сваю кандыдатуру на парламенцкія выба-ры ў Вярхоўны Савет 12-га склікання – першыя, якія праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. Мастак ішоў на выбары як сакратар праўлення БНФ. Яго галоўным супернікам па сталічнай Чкалаўскай акрузе быў пісьменнік, генерал міліцыі Мікалай Чаргінец. Але ніхто з іх так і не стаў дэпутатам: яўка выбаршчыкаў аказалася занадта нізкай. А на паўторныя выбары Марачкін сваю кандыдатуру ўжо не выстаўляў.

Сакратаром управы БНФ Марачкін з’яўляўся да 1993 года.

– Што мы зрабілі не так? Адзін надта свядомы спрачаўся з другім, які не дарос да яго свядомасці, і ўвесь час казаў: “Згода!” Таму і прафукалі. Я маю на ўвазе Зянона Пазняка і [Станіслава] Шушкевіча, – казаў мастак TUT.BY.

Палітыкай Аляксей Антонавіч займаўся на грамадскіх пачатках, бо знаходзіўся на вольных хлябах толькі ў 1970-я. Пасля стаў галоўным мастаком Мастацкага фонда, у 1988-м – выкладчыкам у Акадэміі мастацтваў. Праз два гады ўзначаліў кафедру жывапісу.

Цяпер цяжка ўявіць тую вольніцу, якая панавала ў сталічных ВНУ. Як расказваў Марачкін, разам са студэнтамі ён зладзіў перформанс да аднаго з “Чарнобыльскіх шляхоў”. Дарэчы, Чарнобыль паўплываў і на жыццё нашага героя: Ігар, сын мастака, быў ліквідатарам аварыі.

Падчас “Шляху” студэнты Марачкіна ішлі ўнутры кардонных чорных труб, з якіх ішоў дым – запальваліся дымавыя шашкі. Цяпер мастак нават не марыць, каб студэнты выйшлі на мітынг гэтак жа свабодна.

– Каб была свабода ўнутры чалавека, то сёння з Акадэміі мастацтва выйшлі бы з такім перформансам! Каб студэнтам сказалі, што трэба пайсці і выказаць свае адносіны – моладзь ішла б.

У 1997-м мастак быў вымушаны сысці з акадэміі.

– У канцы 1990-х многія выкладчыкі страцілі свае пасады. Тады галоўным ідэолагам быў сумнавядомы Замяталін <…>. Дык вось, мяне выклікаў рэктар Васіль Пятровіч Шаранговіч і расказаў, што наверсе жадаюць ад мяне пазбавіцца. Я яго падводзіць не хацеў, таму звольніўся, але не па ўласным жаданні. Праўда, у хуткім часе знялі і самога Шаранговіча, – расказваў Марачкін.

З таго часу Алесь Мара працуе як вольны мастак і рэгулярна трапляе на старонкі газет ды сайтаў. Праўда, адпаведныя нагоды часам стварае не сам творца, а іншыя асобы.

Так, у 2008-м Марачкін – на той момант кіраўнік Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” – быў затрыманы на пяць сутак – нібыта за тое, што брыдкасловіў каля будынка Цэнтральнага РУУС. Пад выглядам пакупнікоў да яго прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія зрабілі ператрус і канфіскавалі расцяжкі і плакаты да Дня Волі.

Зрэшты, Марачкін сапраўды ніколі не заставаўся ў баку ад палітыкі і выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю ў творах. Так, у 2006 годзе, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў на Кастрычніцкай плошчы ладзіліся пратэсты, ён стварыў карціну “За Свабоду! Плошча Каліноўскага”. У яго карцінах увасоблена і дзяжурства ля рэстарана “Поедем поедим”, што месціцца ля Курапат.

– Палітычная тэма – не асноўная ў маім жыцці, але яна асноўная ў маёй грамадскай пазіцыі. Скажыце, хто сёння бярэ смеласць выказацца срод-камі мастацтва ў адносінах да пану-ючага ў краіне палітычнага рэжыму? Адзін-два чалавекі, – адказваў Марачкін на крытыку ва ўласны адрас.

Дзеля аб’ектыўнасці, часам пазіцыя юбіляра выклікае пярэчанні і здзіўленне. Так, сярод яго твораў – і карціна “Меня неправильно поняли”. На ёй Марачкін увасобіў партрэт Святланы Алексіевіч і заявіў, што Нобелеўскай прэміі былі вартыя шмат іншых пісьменнікаў, якія пісалі па-беларуску. Маўляў, хоць у кнігах Святланы Аляксандраўны ёсць пра чырвонага чалавека, пра СССР, яна пісала іх па-руску.

– Што да крытыкі… Лічу, што мастак сам сабе найгалоўнейшы суддзя. Я ведаю як і свае хібы, так і станоўчыя якасці. На сваіх выставах я ніколі не кладу кнігу водгукаў, – кажа Марачкін. – Мне казалі, што і ў сеціве на мае творы шмат каментарыяў. Але я не давяраю ўсім гэтым словам. Я давяраю сабе, маім калегам-мастакам альбо мастацтвазнаўцам, якія праана-лізуюць творы, зробяць нейкія заўвагі. Па-другое, калі ў мастака шмат непрыяцеляў, то гэта нармальна. У кепскага мастака ўсё добра.

ТUT.BY.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY, vytoki.net і з архіва Сяргея Навумчыка..

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас