У лютым гэтага года слонімец Міхась Варанец па чарзе даслаў у газеты “Слонімскі веснік”, “Гродзенская праўда” і “Рэспубліка” артыкул пра адсутнасць на беларускай мове тыпавых дамоў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, пра незаключэнне са сланімчанкай Кацярынай Варанец тыпавых дамоў на роднай мове, пра тое, што для дырэктара Слонімскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алега Конана і начальніка Гара-дзенскага абласнога ўпраўлення ЖКГ Алены Каспяровіч артыкул 50 Канстытуцыі (“Кожны мае права кары-стацца роднай мовай”) – фікцыя, міраж, існуе толькі на паперы, гэтаксама як з 2011 года толькі на паперы існуе і каналізацыя ў вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна.
Нагадаем, Міхась Варанец з 5 лістапада 2018 года дабіваецца, каб Савет Міністраў зацвердзіў дамоўныя бланкі па-беларуску (“Наша слова” №№ 25,29,32, 33 за 2019 год, № 6 за 2020 год).
Няма аніякага дзіва, што ўсе тры дзяржаўныя газеты не апублікавалі артыкул. Аднак вынік ёсць. “Рэспубліка” пераадрасавала артыкул у Мінжылкамгас, а міністэрства прыслала Варанцу свае тлумачэнні.
Рэдакцыя прапануе ўвазе чытачоў “НС” пісьмо з Мінжылкагаса і каментары Міхася Варанца да гэтага пісьма.
МІНЖЫЛКАМГАС
03.03.2020 № 01-151 В 471
г. Слонім Варанцу М.А.
Аб разглядзе звароту
Паважаны Міхаіл Адамавіч!
Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (далей – Мінжылкамгас) разгледзела Ваш зварот з прапановай для публікацыі артыкула адносна парадку заключэння на беларускай мове тыпавых дагавораў на аказанне жыллёва-камунальных паслуг, а таксама будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна, які паступіў з установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Выдавецкі дом “Беларусь сегодня”, і паведамляе наступнае.
Мінжылкамгасам распрацаваны Закон Рэспублікі Беларусь”Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг” (далей – Закон), які прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (далей – Палата прадстаўнікоў) 19 лістапада 2019 года і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3 снежня 2019 г. На стадыі распрацоўкі ў Закон была ўключана норма, якая прадугледжвае магчымасць падрыхтоўкі праектаў дагавораў на беларускай і рускай мовах. Разам з тым, пры праходжанні юрыдычнай экспертызы, а таксама пры разглядзе Закона Палатай прадстаўнікоў, гэтая норма была выключана. Матывам гэтага паслужыла тое, што згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
У сваю чаргу артыкул 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. № 3094-XI “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” замацоўвае, што акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Аналагічны парадак прыняцця і выдання нарматыўных прававых актаў на беларускай і (або) рускай мовах прадугледжаны артыкулам 54 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. № 130-З “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”.
Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь на канстытуцыйным узроўні замацаваны роўны юрыдычны статус абедзвюх дзяржаўных моў. Якіх-небудзь прэферэнцый і пераваг на заканадаўчым узроўні беларускай або рускай мове не надаецца, правы чалавека ў галіне забеспячэння роўнага статусу дзвюх дзяржаўных моў не ўшчамляюцца.
У адпаведнасці з абзацам другім часткі другой артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2008 г. № 405-З “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг” выканавец жыллёва-камунальных паслуг абавязаны падрыхтаваць і заключыць са спажыўцом дагавор на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг у адпаведнасці з Законам і іншымі актамі заканадаўства.
Такім чынам, у сувязі з тым, што тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі зацверджаны на рускай мове пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеняч 2009 г. № 99 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”, выканавец жыллёва-камунальных паслуг прапаноўвае для заключэння дагаворы на рускай мове.
Аднак, калі спажывец жыллёва-камунальных паслуг выказвае жаданне заключыць дагавор на беларускай мове, нішто не перашкаджае падрыхтаваць такі дагавор і заклю-чыць яго са спажыўцом.
У дапаўненне паведамляем, што Мінжылкамгасам накіравана даручэнне аблвыканкамам і Мінскаму гарвы-канкаму аб падрыхтоўцы дагавораў прадпрыемствамі ЖКГ вобласці на беларускай мове і іх заключэнні па патрабаванні спажыўцоў.
Па пытанні будаўніцтва аб’екта “Ачышчальныя збудаванні прадукцыйнасцю 40 метраў кубічных у суткі ў вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці” паведамляем. У сувязі з тым, што ўпраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай воб-ласці расследуецца крымінальная справа, ацэнка права-мернасці дзеянняў службовых асоб выходзіць за рамкі кампетэнцыі Мінжылкамгаса.
У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2001 г. № 300-З “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” адказ на зварот можа быць абскарджаны ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам.
Намеснік Міністра В.А. Смірноў.
КАМЕНТАР МІХАСЯ ВАРАНЦА
Мінжылкамгас канстатуе
Сутнасць, квінтэсенцыя неапублікаванага артыкула: Акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй (арт. 137), а Савет Міністраў, насуперак артыкулу 17 Асноўнага Закона, не зацвердзіў тыпа-выя дамовы на дзяржаўнай беларускай мове.
У пісьме Мінжылкамгаса намеснік міністра Віталь Смірноў бадзёра паведамляе, што ў Беларусі на найвышэйшым, “канстытуцыйным узроўні замацаваны роўны юрыдычны статус абедзвюх дзяржаўных моў”! Дзякуй, спадар Смірноў, за канстатацыю факта! Ведаем! У тым ліку ведаем, што ўрад не мае аніякага дачынення да замацавання ў Канстытуцыі моўнай роўнасці.
Што па сутнасці? Чаму Савет Міністраў па сёння не зацвердзіў дамоўныя бланкі па-беларуску? Адказу па сутнасці ў пісьме Мінжылкамгаса няма! Замест адказу В. Смірноў, ужо не так бадзёра, паведамляе: “Тыпавыя дагаворы… зацверджаны на рускай мове пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2009 г. № 99”. Зноў канстатацыя! І гэта ведаем, спадар Смірноў. У тым ліку ведаем, хто ў Савеце Міністраў нясе адказнасць за стан спраў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі…
Ад імя і па даручэнні ўрада
Мінжылкамгас дзейнічае ад імя і па даручэнні ўрада Беларусі, пазіцыя міністэрства наконт тыпавых дамоў з’яўляецца пазіцыяй Савета Міністраў! З Апарата Савета Міністраў мне двойчы напісалі (апошні раз – 20 лістапада 2019 года): “Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца калегіяльным цэнтральным органам дзяржаўнага кіравання. У склад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь уваходзяць міністры, якія нясуць адказнасць за стан спраў у даручанай ім сферы дзейнасці. Пытанні, выкладзеныя ў Вашых зваротах, датычацца кампетэнцыі Мінжылкамгаса”.
Ганебнае сартаванне
Мінжылкамгас (чытай – Савет Міністраў) праз аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам накіраваў прадпрыемствам ЖКГ чарговае даручэнне падрыхтаваць тыпавыя дамовы на беларускай мове (папярэдняе такое “філалагічнае” даручэнне год таму было накіравана слонімскім камунальнікам).
Такім чынам, урад падзяліў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг на дзве няроўныя катэгорыі. Першай катэгорыі прапануюцца тыпавыя дамовы па-руску, зацвер-джаныя Саветам Міністраў, другой катэгорыі (ніжэйшага гатунку) – саматужныя па-беларуску, зацверджаныя дырэктарам мясцовага прадпрыемства ЖКГ.
Магчыма, гэта даручэнне будзе выканана. Маг-чыма, на кожным прадпрыемстве ЖКГ будзе вывешана інфармацыя:”Паважаныя спажыўцы! Прапануем Вам на выбар тыпавыя дамовы па-руску і саматужныя па-бе-ларуску!”.
Магчыма, даручэнне і не будзе выканана. Ужо вядомая нам гарадзенская чыноўніца Алена Каспяровіч (гл. артыкул “Языча, языча, які чорт цябе кліча?” – “НС” № 6, 05.02.2020) у лісце ад 11 лютага гэтага года, насуперак сцвярджэнню Смірнова пра “нішто не перашкаджае”, паўторна адмовіла Кацярыне Варанец у праве падпісаць беларускамоўныя дамовы, адно гэтым разам не прапа-навала скарыстацца паслугамі перакладчыка.
З нагоды такога ганебнага сартавання мы можам сказаць і міністру ЖКГ Аляксандру Церахаву і Прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу на даступнай ім мове іхняга начальніка: “Пазорышча!”
Каго баяцца беларускія міністры?
Відавочна, чыноўнікі-выканаўцы, ад дырэктара раённага прадпрыемства ЖКГ і да членаў урада ўключна, без загаду баяцца нават пальцам паварушыць дзеля забяспечання грамадзянам Беларусі магчымасці заключаць тыпавыя дамовы на беларускай мове. Маленькія начальнікі баяцца вялікіх. Гэта добра бачна на прыкладзе дырэктара Слонімскага ГУП ЖКГ Алега Конана. Загадалі Конану перакласці дамовы на беларускую мову і заключыць іх з Міхасём Варанцом – пераклаў і заключыў, наконт Кацярыны Варанец загаду не было – не заключыў.
На прадпрыемствах ЖКГ усе бланкі тыпавых дамоў – у электронным выглядзе. Цана пытання роўна кошту аднаго аркуша паперы фарматам А-4 з тэкстам пастановы Саўміна аб зацвярджэнні беларускамоўных бланкаў. Аднак Савет Міністраў упарта ігнаруе Канстытуцыю і не зацвярджае беларускамоўныя бланкі тыпавых дамоў.
Каго баяцца большыя начальнікі – міністр ЖКГ Церахаў і Прэм’ер-міністр Румас? Што за невядомыя нам “эксперты” і “спецыялісты”, не дазваляюць ураду зацвердзіць дамоўныя бланкі на беларускай мове? Напрыклад, 3 студзеня 2019 года Адміністрацыя Прэзідэнта накіравала мой зварот да А. Лукашэнкі ў Савет Міністраў для “разгляду па сутнасці ў адпаведнасці з кампетэнцыяй”. Кампэтэнцыя ва ўрада была і ёсць, а зацверджаных дамоўных бланкаў па-беларуску як не было, так і няма.
“Нешта” пераважвае “Нішто”
У трох лістах запар Міжылкамгас нястомна піша адну і тую ж аптымістычную фразу: “Нішто не перашкаджае” заключыць са спажыўцом беларускамоўныя дамовы!
Але! Нешта перашкодзіла Конану і Каспяровіч заключыць з Кацярынай Варанец беларускамоўныя дамовы… Нешта перашкаджае Церахаву і Румасу прытрымлівацца літары і духу Канстытуцыі Беларусі, перашкаджае зацвердзіць дамоўныя бланкі па-беларуску…
З пэўнасцю можна сказаць толькі адно: нейкае невядомае і магутнае “Нешта” пераважвае ўрадавае “Нішто”!
Міхась Варанец,
г. Слонім.