Доўгі час філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – “Беларуская хатка” – быў зачынены на рамонт і не працаваў. Нядаўна гэты філіял зноў адчыніўся, і адным з першых тут праведзеных мерапрыемстваў стала святочная вечарына, прысвечаная Таццянінаму дню. Імпрэза прайшла напярэдадні – увечары 24 студзеня.
Ні з чым не параўнальная атмасфера панавала тады ў “Беларускай хатцы”: сцэна з каляднай батлейкай, святочныя рознакаляровыя агеньчыкі, навагодняя ялінка, чароўны паўзмрок, вядоўца мерапрыемства Таццяна Барысюк у вечаровай сукенцы, паэтка і навукоўца, але ў той вечар – проста прыгажуня з доўгімі светлымі валасамі.
Госці свята і выступоўцы размясціліся ў зале на старажытных лавах, і імпрэза пачалася. Вядоўца канцэрту нагадала прысутным пра гісторыю свята Таццянінага дня, які пачалі адзначаць у Расіі ў 1755 годзе, калі імператрыца Елізавета Пятроўна падпісала ўказ пра заснаванне Маскоўскага ўніверсітэта. Так што, Таццянін дзень 25 студзеня – гэта і студэнцкае свята, а не толькі свята ўсіх Таццян – у гонар Святой пакутніцы Таццяны Рымскай.
Як вядома, у Максіма Багдановіча была бабуля з імем Таццяна – Таццяна Восіпаўна Мякота. Сувязь з Таццяніным днём увачавідкі, таму штогод паэтычны тэатр “Арт.С.” праводзіць вечарыны “Таццянін дзень”, як правіла, у музеі Максіма Багдановіча.
Сёлета ж адзінаццатая такая імпрэза прайшла ў былым філіяле гэтага музея – у “Беларускай хатцы”. Дарэчы, загадчыцу гэтага філіяла таксама завуць Таццяна – Таццяна Лабада. У той вечар спадарыня загадчыца шчыра прывітала прысутных і пажадала ўсім добрага настрою.
Нібыта два маладзенькія птушаняткі, прашчабяталі, выступаючы са сваімі вершамі, дзве прывабныя дзяўчыны: студэнтка журфака БДУ Кацярына Тарасава, а потым вучаніца 11-га класа Любоў Раманава.
Таццяна Барысюк нагадала ўсім, што ў Беларусі шмат Таццян – навукоўцаў: Шамякіна, Аўтуховіч, Кабржыцкая, Казакова, Камароўская, Алешка, Вабішчэвіч, Мацюхіна і іншыя. Таксама вядоўца зазначыла, што і сама мае дачыненне і да беларускай навукі, і да беларускай паэзіі, а потым прачытала свае вершы з нізкі “Платанічнае каханне”, што нядаўна была надрукавана ў альманаху “Літаратурны экватар” № 10.
Таленавіты журналіст, паэт і рамантык у душы Алег Грушэцкі адразу захапіў сэрцы жаночай паловы аўдыторыі сваім чароўным голасам і вершамі. А калі ён прачытаў твор пра начныя пацалункі, то ўсе прысутныя жанчыны і дзяўчаты прыйшлі ў замілаванне.
З літаратурным клубам “Экватар” у паэтычнага тэатра “Арт.С.” даўнія сяброўскія адносіны. Ад імя клуба на вечарыне выступіла ягоны шэф-рэдактар, паэтка, перакладчыца і празаік Інга Вінарская. Яна зачытала верш кіраўніка “Экватара” Вячаслава Корбута пад назвай “Таццяна”, напісаны спецыяльна да свята Таццянін дзень, а таксама яшчэ некалькі яго вершаў з кнігі “Бераг лепшых надзей”.
Наступным выступаў паэт-астролаг Мікола Кандратаў, які змог спалучыць у сваім жыцці дзве, на першы погляд несумяшчальныя сферы – паэзію і астралогію.
Напрыканцы імпрэзы вершы чытала паэтка Таццяна Пратасевіч, якая таксама мае схільнасць да містычнасці ў сваёй творчасці, а таксама да прыгожай вобразнасці і мелодыкі.
Падчас вечарыны яе вядоўца Т. Барысюк праводзіла віктарыну з прызамі на веданне народжаных 25 студзеня асоб і тэкстаў Таццян-паэтэс і творцаў, прысвяціўшых вершы Таццянам.
Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй усіх выступоўцаў каля святочнай батлейкі пад чароўнымі студзеньскімі агеньчыкамі.
Безумоўна, падобныя вечарыны надоўга застаюцца ў памяці, і ўспаміны гэтыя цудоўныя і натхняльныя. І хацелася б напрыканцы пажадаць паэтычнаму тэатру “Арт.С.”, каб такіх мерапрыемстваў было болей.
Інга Вінарская,
г. Менск.