Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Мая Радзіма-Беларусь

Мая Радзіма-Беларусь

12 лютага 2020, 00:06 Грамадства 20
Мая Радзіма-Беларусь

“Мая Радзіма-Беларусь” – акцыя пад такой назвай, прысвечаная Году малой радзімы, праведзена ў Верхнядзвінскім Цэнтры дзяцей і моладзі пры падтрымцы раённай арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы” і нашага галоўнага апякуна -абласнога грамадскага аб’яднання “Самакіраванне і грамадства”. Гэта -не першы супольны праект, зладжаны грамадскім сектарам вобласці  і Цэнтрам дзяцей і моладзі нашага раёна.

А падставы для такой  ініцыятывы былі самыя грунтоўныя – наш раён, акрамя таго, што мае выключна багатую мінуўшчыну, багаты і на  таленавітых людзей. Але мы, як арганізатары, параіўшыся, вырашылі, што героямі нашай сустрэчы стануць таленавітыя дзеці Верхнядзвіншчыны, якія дэманстравалі свае таленты на розных конкурсах і выставах.

    Варта ўзгадаць плэнер “На хвалях натхнення”, праведзены ў рамках міжнароднага свята “Дзвіна-Двина-Daugava”, у якім прымалі ўдзел 5 мастацкіх школ вобласці, а на свяце было прэзентавана больш шасці дзясяткаў палотнаў юных мастакоў. Ці конкурс юных спевакоў “Галасы будучыні”, які грамадскі сектар падтрымліваў 5 год і ў якім штогод прымалі ўдзел не менш 40 дзетак і які ладзіўся на базе Запруддзеўскага Дома культуры стараннямі кіраўнічкі дзіцячай студыі і адначасова старшыні ГА “Арганізацыя шматдзетных сямей Верхнядзвінскага раёна” Наталлі Васіленка. Вось гэтым і кіраваліся мы -арганізатары, калі абмяркоўвалі,  яшчэ ў мінулым годзе спіс удзельнікаў акцыі “Мая Радзіма-Беларусь”. У шорт-лісце для ўзнагароджання пасля дэталёвага аналізу было каля трох  дзясяткаў таленавітых дзяцей.

Зразумела, што і падарункі  павінны адпавядаць галоўнай ідэі-шанаваць, берагчы і вывучаць гісторыю роднага краю, і таму праграма вечарыны і распрацоўвалася з такім разлікам. На яе мы запрасілі вучняў не толькі гарадскіх школ, настаўнікаў, якіх ведае не толькі наш раён – Галіну Тушкіну, настаўніцу дадатковай адукацыі Цэнтра дзяцей і моладзі  і Бігосаўскай школы, яе калег – Мурзо Марыну, настаўніцу гімназіі, Алену Шчацініну – з СШ № 2, Лілю Гардынскую з Валынецкай  школы, а таксама Валерыя Шчаснага і Аляксандра Мурзо, якія працуюць з дзецьмі ў Цэнтры выхаваўчай працы, краязнаўцаў, сяброў грамадскіх арганізацый, настаўнікаў школ.

Да вечарыны была падрыхтавана  вялікая выстава творчых прац дзяцей, на якіх-аб’екты культурна-гістарычнай спадчыны раёна, гістарычныя мясціны, каля трох дзесяткаў палотнаў.

Песняй “Гэта – Беларусь мая”, якую выканаў Святаслаў Ганчароў, пастаянны ўдзельнік нашых святаў, урачыста адкрыта акцыя “Мая Радзіма – Беларусь”.

Загучалі шчырыя і пранікнёныя словы  Яўгеніі  Янішчыц:

Зямля мая, ты – кніга непрачытана,

дар велічны скарынаўскіх радкоў.

Сялянка мудрая і працавітая

ў кароне з руж і сініх васількоў.

Душа мая крынічная, сунічная,

бярэзінка кужэльная ў гаі,

азёрная, пушчанская, пшанічная,

дзе зубр раве і звоняць салаўі.

Апаясана сінімі палотнамі

сваіх празрыстых

                          быстрагонных рэк,

узнятая з пабоішча гаротнага,

зямля мая – мой цудатворны лек!

 

Пра сваю Радзіму – радкамі лірычных вершаў, музычнымі творамі і пэндзлем мастака, творчымі працамі фотамастака, ад прыгажосці  якіх зацінае дух! І наш галоўны раённы краязнавец Антон Бубала, з прысутным яму ўменннем і гумарам, пачаў аповед пра такія запаведныя куточкі нашага краю, пра якія дзеці пачулі ўпершыню. І трэба было бачыць, як загараліся іх вочкі з кожным новым слайдам!

А  дырэктар Цэнтра выхаваўчай працы Ала Марозава адзначыла, што патрэбна шмат часу, каб расказаць пра шматлікія творчыя конкурсы і ўзнагароды, якія атрымалі  нашы таленавітыя дзеці, распавяла пра настаўнікаў, якія працуюць з дзецьмі ў школах, а таксама ў гуртках Цэнтра.

– Добра, што такая сустрэча сёння адбываецца, і дзякуй яе арганізатарам за такую ініцыятыву, – кажа Галіна Іванаўна Ахламенак, былая настаўніца СШ № 2, якую і сёння з цеплыней узгадваюць яе вучні. – А нам такія сустрэчы даюць магчымасць яшчэ і яшчэ раз пераканацца ў тым, што мацнее і багацее наша зямля на таленты і людзей, якія ў глыбіні вякоў адшукваюць тыя багацці, што пакінулі нам продкі. Ды  і мы, давайце шанаваць і берагчы гэтыя скарбы!

Сябра клуба “Сучаснік” Ульян Родзік, што ён робіць  падчас кожнай нашай вечарыны, напісаў верш пра Радзіму, якія стане, праз пэўны час, архіўным дакументам, бо гэта была першая сустрэча такога кшталту,  важкасці якой дадаў удзел ва ўганараванні пераможцаў вядомых мастачак – Святланы Баранкоўскай і Кацярыны Мясніковай.

Кожны з прэтэндэнтаў -канкурсантаў атрымаў адмысловы кубак з выявай гістарычнай мясціны, помніка, аб’екта архітэктуры Верхнядзвіншчыны, а таксама імянны Дыплом. І,  канешне, “салодкія пачастункі” ад арганізатараў.

– Наша Радзіма – наш выток і наш пачатак, – сказала на сустрэчы мясцовая паэтка Часлава  Петрашкевіч. – Яна заўсёды разам  з намі, яна рада нашым дасягненням, смуткуе над нашымі няўдачамі, любіць і чакае нас дадому:

Радзіма.Немаўлятак шчыра

Пялюшкай неба спавіла,

Як маці, да грудзей туліла,

І  ў кожным часе берагла.

Слязінку смутку асушала,

Трымаць вучыла годна стаць,

Саломкі мякка падсцілала,

Калі хацелася лятаць.

З удзячнасцю за ўсе,  што мела

Я ад цябе ў зямным жыцці,

Радзіма, на тваім узмежку

Дазволь  рамонкам прарасці.

 

У гэтым месяцы святкуем Дзень роднай мовы,  які з гэтага году ўнесены ў план мерапрыемстваў  аддзела адукацыі райвыканкама!

Валянціна Болбат,

ТБМ,  Верхнядзвінск.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1416
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
Далучайцеся да нас