У галярэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі распачаў дзейнасць мастацкі праект “Вяртанне”. На ім прадстаўлены жывапісныя палотны са збору графа Іяхіма Храптовіча і дзве кнігі з бібліятэкі Храбтовічаў і сядзібы “Шчорсы”.
На адкрыцці выставачнага праекта выступіў прадпрымальнік і мецэнат Дзмітрый Антольевіч Шаўня, які паспрыяў адраджэнню сядзібы ” Шчорсы”, партрэтыст, сябар Беларускага саюза мастакоў, прафесар Аляксандр Ксяндзоў, а таксама куратар жывапіснага пленэру “Арт-сядзіба” навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Галіна Флікоп-Світа. Сваімі ўражаннямі падзяліўся кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, які здымаў фільм пра сядзібу і бібліятэку Храбтовічаў.
Жывапісец, арт-актывіст і перформер Алесь Пушкін распавёў пра свой удзел ў мастацкім праекце “Вяртанне”.
– Каля пяці гадоў таму ўласнік фірмы “Анцінэя”, прадпрымальнік Дзмітрый Анатольевіч Шаўня захапіўся ідэяй адраджэння шляхецкіх маёнткаў, пачаў вывучаць дакументальныя крыніцы і збіраць гістарычныя звесткі пра сядзібу Храбтовічаў. Ён выкупіў на аўкцыёне будынак бібліятэкі Храптовічаў і замовіў архітэктару Аляксею Валяеву аформіць інтэр’еры ў стылі ХVIII стагоддзя.
Храбтовічы – старажытны беларускі праваслаўны шляхецкі род, некаторыя прадстаўнікі якога, асабліва Іван Літавор Храбтовіч, у канцы XV – пачатку XVI ст. ігралі прыкметную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы. Прадстаўнікам роду ў розных рэгіёнах ВКЛ, пераважна ў Літве ў басейне левых прытокаў верхняга і сярэдняга Нёмана, належала некалькі маёнткаў.
Сядзіба ў Шчорсах у Наваградскім раёне Гарадзенскай вобласці была радавым маёнткам роду Храптовічаў. У 1770-ых гадах па загадзе Іяхіма Храптовіча над палацавым комплексам з вялікім паркам і сажалкамі працавалі Джузепе дэ Сака, Карла Спампані і Якуб Габрыэль. У ХІХ стагоддзі сядзіба Храптовічаў была важным культурным цэнтрам. Асабліва знакамітай была бібліятэка Храбтовічаў – адна з найбуйнейшых бібліятэк на тэрыторыі Беларусі. Працаваць з кнігамі сюды прыязджалі Адам Міцкевіч, Уладыслаў Сыракомля. Ян Чачот некаторы час працаваў у ёй бібліятэкарам.
– Наша першая сустрэча з Дзмітрыем Шаўня адбылася ў 2014 годзе на Міёршчыне, – распавёў Алесь Пушкін, – калі мы, мастакі, сабраліся на пленэр на возеры Абстэрна ля вёскі Мурашкі і малявалі краявіды. Са мной працавалі Алесь Кажамяка, Аляксандр Ксяндзоў, Уладзімір Анішчанка, Зміцер Пятроўскі, Зміцер Буглак, Вера Каўзановіч, Ніна Маргаева, Алесь Марачкін, Генадзь Драздоў і іншыя мастакі з Воршы, Міёраў і Менска.
Потым мы пераехалі ў Шчорсы, дзе Дзмітрый Шаўня адрэстаўраваў альтанку і дом бібліятэкара ў комплексе графоў Храбтовічаў. Калі праца была завершана, там сабраліся мастакі і стваралі жывапісныя эцюды на працягу дзесяці дзён. Нашы карціны ўвайшлі ў новую калекцыю гаспадара. Міхал Анемпадыстаў распарацаваў аздобу парку.
Справа засталася за тым, каб напоўніць прастору легендамі і ўспамінамі, прывабіць турыстаў.
Па выніку трох пленэраў мы зрабілі выніковую выставу ў Нацыянальным гістарычным музеі ў 2019 годзе. У гэтым годзе ўла-дальнік адрэстаўраванага комплекса падвёў вынік сваёй мецэнацкай дзейнасці, прадставіўшы акварэльныя і жывапісныя працы ў мастацкім праекце “Вяртанне”, разгорнутым у Нацыянальнай бібліятэцы.
На выставе акрамя сучасных прац прадстаўлены рэпрадукцыі галандскіх мастакоў ХVII-XVIII стагоддзя, арыгіналы якіх уваходзілі ў калекцыю прадметаў мастацтва Храбтовічаў у часы росквіту сядзібы, а зараз знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна ў Маскве. У экспазіцыі -палотны такіх аўтараў, як Ян ван Кесэль, Сімон дэ Улігер, Саламон ван Ройсдал, Філіп Конінк і іншыя. На сёняшні дзень гістарычная спадчына Храбтовічаў узнаўля-ецца праз дзейнасць сядзібы “Шчорсы” і шэраг валанцёрскіх ініцыятываў.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.
- Алесь Пушкін і Аляксей Валяеў; 2. Галіна Флікоп-Світа.