Сябры Фрунзенскай арганізацыі ТБМ г. Менска, а таксама Сакратарыят ТБМ і рэдакцыя газеты “Наша слова” віншуюць шаноўную Валянціну Карлаўну, нястомную руплівіцу Таварыства беларускай мовы, з юбілеем!
Жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, цудоўнага настрою. Няхай кожны дзень будзе ў радасць!
Валянціна Карлаўна РА-МАНЦЭВІЧ і сёння – адзін з самых дзейных і актыўных сяброў ТБМ. Сваё жыццё яна прысвяціла нялёгкай настаўніцкай працы, роднай мове. Была настаўніцай пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры, метадыстам, загадчыкам кабінета беларускай мовы і літаратуры Менскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў, выкладчыкам сучаснай беларускай мовы і методыкі мовы ў педкаледжы № 1. Яна сябар рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны з 1989 года.
Нарадзілася В.К. Раманцэвіч (Лінкевіч) 3 лютага 1935 года ў в. Лышча, што на Піншчыне. Вёска месцілася на берагах прыгожай рэчкі Вісліца. Першыя ўражанні дзяцінства былі звязаны з гэтай рачулкай, прыгожымі палескімі краявідамі і жыхарамі вёскі. У вайну вёска была спалена фашыстамі. У пасляваенны час Лінкевічы пабудаваліся ў суседняй вёсцы Востраў каля Пагосцкага возера.
Бацька Кароль Адамавіч і мама Алена Фёдараўна аказалі на сваіх дзяцей Валянціну, Зіновія і Лілею вялікі ўплыў, выхавалі іх у павазе да Бога і людзей.
Вучыцца ўжо давялося па-сля вайны. У Пагост-Загародскую школу пайшла ў верасні 1944 года. Вучылася лёгка, з ахвотаю. Была ў захапленні ад многіх сваіх настаўнікаў, таму і вырашыла звязаць свой лёс са школай – стаць настаўніцай.
У 1954 годзе пачынаецца яе 50-гадовы педагагічны шлях.
З 1954 па 1959 год яна працуе спачатку важатай, а потым настаўніцай Сташанскай СШ Лагі-шынскага раёна Берасцейскай вобласці, затым у Навадворскай сямігодцы гэтага ж раёна.
З 1959 па 1961 год вучыцца ў Пінскім педагагічным вучылішчы імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці і мастацкай самадзейнасці. Вучылішча заканчвае з адзнакай.
З 1963 года Валянціна Кар-лаўна жыве і працуе ў Менску, куды пераехала па месцы працы мужа Івана Канстанцінавіча. У Менску да яе прыйшла педагагічная вядомасць. У СШ № 72 Заводскага раёна горада яна выкладае да 1969 года ў пачатковых класах, потым яшчэ шэсць гадоў (1969-1975) навучае дзяцей гэтай жа школы роднай мове і літаратуры. Адначасова (1967-1972) завочна вучыцца на беларускім аддзяленні філала-гічнага факультэта Менскага педа-гагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Вучылася лёгка, бо мела ўжо значны педагагічны досвед.
Гарадскі аддзел адукацыі заўважыў здольную, таленавітую настаўніцу і прапанаваў ёй узначаліць кабінет беларускай мовы і літаратуры Менскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Тут Валянціна Карлаўна адпрацавала 17 гадоў (1975-1992) да самага выхаду на пенсію. Ёй падабалася працаваць з людзьмі, настаўнікі яе вельмі паважалі за шчырасць, добразычлівасць, камунікабельнасць, многія з іх і за-раз згадваюць яе добрым словам.
1985 годзе Міністэрства асветы прысвоіла ёй званне “Выдатнік народнай асветы БССР”. У 80-90-ыя гады Валянціна Карлаўна шмат друкуецца на старонках беларускіх педагагічных выданняў: папулярызуе перадавы педагагічны досвед настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры г. Менска, публікуе свае ўласныя распрацоўкі мерапрыемстваў, прысвечаныя 500-годдзю Францішка Скарыны, 150-годдзю Кастуся Каліноўскага.
З канца 80-х гадоў у Бела-русі пачынаецца новы ўздым нацыянальнага адраджэння, Валян-ціна Карлаўна шчыра і захоплена падтрымала яго. Яна шмат зрабіла для таго, каб у Менску ўзніклі спачатку беларускамоўныя класы, а пасля і школы. Першай такой шко-лай стала СШ № 108.
Пра ўклад Валянціны Раманцэвіч у методыку выкладання роднай мовы сведчыць дапаможнік “Алімпіяды па беларускай мове” (у суаўтарстве з Я. Лаўрэлем і Ж. Прыймак), выпушчаны ў 1987 годзе ў выдавецтве “Народная асвета”.
Разам з лепшымі дочкамі і сынамі Беларусі яна была ля вытокаў нашай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны, удзельнічала ў яго I з’ездзе і ва ўсіх астатніх з’ездах, пастаянна ўваходзіць у рэспубліканскую Раду ТБМ. Яна практычна рухала справу беларусізацыі: распрацавала спецыяльную праграму і па ёй арганізоўвала і вяла курсы беларускай мовы з настаўнікамі, вайскоўцамі.
У 1993 годзе ТБМ імя Ф. Скарыны выдала яе кніжку “Пачаткі роднай мовы” – дапаможнік для ўсіх тых, хто захацеў вывучаць беларускую мову і размаўляць на ёй. Тады, на пачатку 90-х, сістэма курсаў ТБМ па вывучэнні бела-рускай мовы даволі плённа працавала не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. На курсы ішлі настаўнікі розных профіляў, інжынерна-тэхнічныя работнікі, супра-цоўнікі КДБ, міліцыі, арміі. У дапамогу ім у 1991-1992 гадах газета “Наша слова” амаль паўгода з нумара ў нумар друкавала пачатковы курс вочна-завочнай школы Валянціны Раманцэвіч. Гэтыя пу-блікацыі і ляглі ў аснову цудоўнага дапаможніка “Пачаткі роднай мовы”. Наклад кнігі ў 20 000 асобнікаў вельмі хутка разышоўся.
Тады ж, у 1993 годзе ў суаўтарстве з У. Танана, Валянціна Карлаўна падрыхтавала і выдала “Беларускую мову: Дапаможнік для вайскоўцаў”. Курс быў разлічаны на 26 заняткаў. Водгукі на гэтую кнігу былі самыя найлепшыя.
А ў 1996 годзе выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” выпускае яшчэ адну кнігу В.К. Раманцэвіч “Русско-белорусский словарь для военных” (у сааўтарстве з М. Крыўко, В. Пулко і С. Танана).
У снежні 1992 года Валянціну Карлаўну запрасілі працаваць выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў педагагічнае вучылішча № 2 (з 1994 года – педагагічны каледж № 1). Тут яшчэ больш расквітнеў яе педагагічны талент. У гэты час навучанне ў каледжы вялося на беларускай мове. У 1994 годзе было адкрыта новае аддзяленне, якое на базе сярэдняй школы рыхтавала настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Валянціна Карлаўна стала вядучым спецыялістам на гэтым аддзяленні: на аснове ўласнага досведу распрацавала праграму па методыках выкладання беларускай мовы, літаратуры, лексічным аналізе тэк-сту, сучаснай беларускай мове, тэорыі літаратуры.
Нам пашчасціла 10 гадоў працаваць побач з Валянцінай Карлаўнай, быць куратарамі ў паралельных групах на беларускім аддзяленні, зрабіць за гэты час тры выпускі навучэнцаў. Давялося амаль штодзень бачыцца з ёю, вучыцца жыццёвай і педагагічнай мудрасці. На ўроках і ў пазакла-снай рабоце яна імкнулася фармаваць у будучых настаўнікаў роднай мовы і літаратуры глыбокую павагу да прафесіі, любоў да Бацькаўшчыны, яе гісторыі і культуры, да народных звычаяў і абрадаў, да вывучэння сваіх каранёў. Вялікай арганізацыйнай удачай Валянціны Карлаўны было стварэнне ў каледжы літаратурнага аб’яднання “Маладзічок”. Лепшыя творы маладых літаратараў друкаваліся ў “Родным слове”, “Першацвеце”, “Маладосці”, “Вясёлцы”, “Раніцы” і іншых выданнях. Рэгулярна выпускаліся альманахі “Маладзічка” – усяго іх выйшла 17.
Стараннямі Валянціны Карлаўны вясной 1996 года ў каледжы была створана суполка ТБМ, у якую на той час уваходзіла звыш 180 сяброў з ліку навучэнцаў і выкладчыкаў. Гэта была самая масавая арганізацыя ТБМ Фрунзенскага раёна горада Менска.
Звыш 20 гадоў яна была сябрам рэдкалегіі часопіса “Роднае слова”, прымала актыўны ўдзел у яе паседжаннях, часта друкавалася на старонках гэтага выдання, дзелячыся сваім багатым педагагічным досведам з настаўнікамі-беларусаведамі рэспублікі.
Навукова-метадычны цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання часта запрашаў яе ў якасці эксперта падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для школ. Яна рэцэнзавала многія падручнікі і дапаможнікі па беларускай мове і літаратуры.
За час працы ў каледжы з яе ўдзелам прайшлі шматлікія сустрэчы навучэнцаў і выкладчыкаў з пісьменнікамі, навукоўцамі. У нас бывалі Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Кастусь Цвірка, Эрнест Ялугін, Уладзімір Ліпскі, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Содаль, Мікола Маляўка, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Алесь Масарэнка, Леанід Пранчак, Алесь Бадак, Іван Курбека, Ала Канапелька, артыстка Галіна Дзягілева, народны майстар і музыка Уладзімір Пузыня, бард Зміцер Бартосік і многія-многія іншыя творцы. Навучэнцы рэгулярна наведвалі Дом літаратара, Дом дружбы з замежнымі краінамі, літаратурныя музеі Менска, пры гэтым яны часта прымалі актыўны удзел у вечарынах, выступалі з чытаннем твораў.
А якія цікавыя экскурсіі па гістарычных і літаратурных мясцінах Беларусі праводзіліся з яе ўдзелам: Строчыцы, Ракуцёўшчына, Акопы, Карпілаўка, Вязынка, Акінчыцы, Смольня, Кушляны, Дудуткі, Полацк, Мір, Нясвіж! А потым пра ўбачанае і пачутае ў гэтых паездках нашы навучэнцы расказвалі на старонках шматтыражнай газеты “Веснік педкаледжа”, альманахаў “Маладзічок”, “Гісторыя і мы”, рэспубліканскіх газет.
З 2004 па 2008 год Валянціна Карлаўна працавала рэдактарам і перакладчыкам у выдавецтве “Народная асвета”. За гэты час пераклала на беларускую мову і адрэдагавала больш за 20 падручнікаў па матэматыцы, фізіцы, хіміі, гісторыі, геаграфіі.
З гэтага ж 2004 года яна актыўна супрацоўнічае з выдавецкім цэнтрам касцёла св. Сымона і св. Алены, якім кіруе ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Яна рэдагуе і карэкціруе многія рэлігійныя выданні. Гэтая работа вельмі карпатлівая і адказная. З яе ўдзелам выйшлі “Евангелле”, кніга У. Завальнюка “Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі”.
У 2008 годзе з’явіўся бібліяграфічны паказальнік “Беларускія пісьменнікі на старонках часопіса “Роднае слова” (у сааўтарстве з А. Высоцкай, У. Куліковічам, А. Чэчатам). У гэтай кнізе сабрана бібліяграфія матэрыялаў пра 479 беларускіх пісьменнікаў, звесткі пра якіх друкаваліся ў часопісе з 1988 па 2007 год.
Напярэдадні Калядаў 2009 года ў выдавецтве “Народная асвета” пабачыў свет яе “Слоўнік сучаснай беларускай мовы”, падрыхтаваны ў суаўтарстве з У.М. Завальнюком і М.Р. Прыгодзічам. Гэтая кніга складзена з улікам новых “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прынятых 24 чэрвеня 2008 года. У рэестравую частку слоўніка ўключана звыш 20 тысяч слоў.
У 2013 годзе ў выдавецтве Граўцова выйшаў “Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы” (аўтары У.М. Завальнюк, М.Р. Прыгодзіч, В.К. Раманцэвіч). Гэты слоўнік з’яўляецца першым у нашай гісторыі ўніверсальным даведнікам па розных кірунках рэлігійнага жыцця Рэспублікі Беларусь. У ім 1649 слоўнікавых артыкулаў.
Валянціна Карлаўна і зараз у актыўным творчым пошуку: яна бадзёрая і жыццярадасная. Радуецца, што яе досвед і веды запатрабаваныя, што можа прыносіць карысць беларускай справе і роднай мове. Яна цвёрда пераканана, што наша краіна будзе еўрапейскай дзяржавай, у якой беларуская мова, нарэшце, стане поўнаўладнай гаспадыняй. У яе цвёрдыя жыццёвыя прынцыпы і глыбокая вера ў Бога.
Пражыўшы амаль паўвеку ў сталіцы, яна ў душы засталася ўсё той жа пінчанкай-паляшучкай – мудрай, памяркоўнай, аптымістычна-жыццярадаснай.
Моцнага Вам здароўя, шчасця, новых творчых поспехаў, дарагая Валянціна Карлаўна!
Лілея Чэчат,
Алесь Чэчат.