Дзейнасць грамадскіх арганізацый па забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму
На пачатку дзейнасці незалежнай краіны Рэспубліка Беларусь у 1991 г. быў прыняты Закон аб мовах, у якім беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай мовай, адпаведны статус быў замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. У сферы адукацыі ў гэты перыяд большасць школ мелі статус устаноў адукацыі з беларускай мовай навучання. І калі б гэты стан захоўваўся, то сёння сітуацыя з беларускай мовай у нас была б такая ж, як у Польшчы з польскай, у Францыі з французскай, у Расіі з рускай. Аднак пасля рэферэндуму 1995 г. у краіне былі абвешчаны дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская. Нягледзячы на юрыдычны аспект роўнасці моў, на практыцы гэта ператварылася ў дыскрымінацыйны стан беларускай мовы. Родная мова шматлікіх пакаленняў беларусаў знікла з інфармацыйнай прасторы, імкліва губляла свае пазіцыі ў сферы адукацыі, паступова сыходзіла з заканатворчай дзейнасці.
Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” па ходзе сваёй штодзённай дзейнасці адчула незадаволенасць такой сітуацыяй па шматлікіх зваротах не толькі сваіх сяброў, але і іншых грамадзян. Так, у сувязі з тым, што ў Беларусі адсутнічалі (і адсутнічаюць дасюль) установы вышэйшай адукацыі на беларускай мове навучання, быў ініцыяваны збор подпісаў грамадзян з патрабаваннем адчыніць універсітэт з беларускай мовай навучання. Пад гэтай ініцыятывай у канцы 90-х г. мінулага стагоддзя падпісалася звыш 55 тысяч чалавек. Аднак ніякіх захадаў у гэтым накірунку з боку дзяржавы зроблена не было. Права на адукацыю на роднай мове для сваіх дзяцей бацькі павінны падмацоўваць спецыяльнымі захадамі: пісаць адмысловую заяву, падбіраць школу, пісаць адпаведныя абвесткі і шукаць бацькоў-аднадумцаў для таго, каб забяспечыць напаўняльнасць у класе. Зразумела, што такі стан рэчаў зусім не адпавядае духу дзяржаўнага двухмоўя. Сябры нашай арганізацыі час ад часу на сваіх мерапрыемствах – круглых сталах, канферэнцыях – абмяркоўвалі канкрэтныя сітуацыі і канстатавалі пагаршэнне стану дзяржаўнасці беларускай мовы ў многіх сферах грамадскага жыцця. Асаблівую занепакоенасць выклікала сітуацыя ў адукацыі, інфармацыйнай прасторы і заканадаўстве. У сувязі з гэтым, наша арганізацыя распрацавала Стратэгію дзейнасці ў 21-м стагоддзі. Так, згодна з гэтым дакументам Таварыства беларускай мовы запачаткавала стварэнне спадарожнікавага канала з вяшчаннем на беларускай мове, выдала некалькі размоўнікаў (беларуска-англійскі/англійска-беларускі, беларуска-шведскі/шведска-беларускі), ініцыявала пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову. Дзякуючы гэтаму, кожны ахвотны сёння мае магчымасць вывучаць ПДР і рабіць праверку іх ведання на беларускай мове. Пакуль што, праўда, няма магчымасці здаваць экзамен па ПДР на беларускай мове ў ДАІ, але ў прынцыпе для гэтага ўсё ёсць.
Асобнай увагі заслугоўвае ініцыятыва па ажыццяўленні праекта па распрацоўцы курса “Беларуская мова як замежная”. Невялікім калектывам на працягу года былі распрацаваны і выдадзены 6 кніг тэстаў для ацэнкі валодання беларускай мовай.
Гэтыя кнігі запатрабаваны многімі выкладчыкамі, якія працуюць са студэнтамі, што маюць намер вывучаць беларускую мову як замежную. Сёння ўжо цалкам рэа-льна стварыць цэнтр для таго, каб выдаваць сертыфікат на веданне беларускай мовы.
Ужо звыш пятнаццаці гадоў 21 лютага ў нашай краіне адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, які заснаваны па рашэнні ЮНЕСКА. Адной з традыцыйных формаў для нашай арганізацыі з’яўляецца правядзенне ў гэты дзень Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Яна можа праходзіць у некалькі этапаў. Многія нашы структурныя арганізацыі (як, прыкладам, у Лідзе і Магілёве) праводзяць іх сумесна з мясцовымі органамі ўлады. Таму ўдзел у іх бяруць дзясяткі тысяч чалавек.
Не магу не спыніцца і на ідэі стварэння беларускамоўнага ўніверсітэта. Як я ўжо казала вышэй, пад гэтай ініцыятывай паставілі свой подпіс 55 тысяч чалавек. 15 сакавіка 2018 г. па рашэнні Рады ТБМ быў зарэгістраваны Універсітэт імя Ніла Гілевіча як прыватная ўстанова вышэйшай адукацыі з навучаннем на беларускай мове. На сённяшні дзень дзейнасць універсітэта ажыццяўляецца па некалькіх накірунках: правядзенне курсаў па асобных прадметах, распрацоўка і выданне падручнікаў, а таксама вучэбна-метадычных комплексаў. Ужо пададзены дакументы на атрыманне ліцэн-зіі для ажыццяўлення набору студэнтаў на асобныя спецыяльнасці для далейшага навучання на беларускай мове. Можна шмат яшчэ распавядаць пра разнастайныя ініцы-ятывы і праекты, якія ажыццяўляюць розныя грамадскія арганізацыі, а таксама асобныя актывісты: гэта і дзейнасць курсаў для дзетак, распрацоўка і выданне разнастайных дыскаў з музычнымі творамі беларускамоўных аўтараў, кніг, у тым ліку перакладзеных з іншых моў. З пашырэннем ІТ-тэхналогій з’явілася шмат людзей, якія ствараюць праграмныя прадукты, або перакладаюць іх на беларускую мову. Складана ўсё пералічыць у адным выступе. Тым больш, што кожны дзень з’яўляюцца новыя ідэі і ініцыятывы. Аднак, мы мусім зазначыць наступнае.
Адсутнасць у дзяржаўнай палітыцы рэальных планаў па выпраўленні сітуацыі з выкарыстаннем беларускай мовы не спрыяе яе пашырэнню. Наадварот, сёння мы мусім зазначыць, што гэты дысбаланс прама адбіваецца на дзяржаўным сувернітэце. Як бы нам ні хацелася, намаганнямі толькі грамадзянскай супольнасці наўрад ці ўдасца вярнуць беларускую мову ў сферу афіцыйнага ўжытку і забяспечыць ёй поўнафункцыянальны статус. Толькі канкрэтныя меры на самым высокім дзяржаўным узроўні могуць вярнуць мове тытульнай нацыі нашай краіны яе натуральнае выкарыстанне ў штодзённым жыцці.