На паседжанні апошняй абласной і гарадской Радаў ТБМ, па прапанове спадарыні Наталлі Карповіч, куратара беларускамоўных груп у трох дзіцячых садках Гародні (у 2019 годзе нас стала больш, да беларускіх груп д/с № 45 і № 65 далучылася беларуская група садка № 83 паблізу СШ № 32), віншаванні дзяцей перанеслі на Дзень роднай мовы – 21 лютага, а віншаванні беларускамоўных дзяцей у пачатковых класах пакінулі на пачатак Калядаў. Колькасць і якасць падарункаў для дзяцей звычайна вызначаецца ад сумы ахвяраванняў гарадзенцаў. За 2 тыдні сабралі 75 рублёў і на іх набылі ў беларускай краме “Адметнасць” на вуліцы Кірава каляндарыкі з малюнкамі і словамі на кожны дзень “Не маўчы па-беларуску” для кожнага беларускага класа пачатковых школ СШ № 32 і СШ № 34, канцылярскія тавары, тры вялікія тарты для першага беларускага класа СШ № 32.
Традыцыйна на Каляды дзеці рыхтуюць беларускія вершы, таму кожны атрымаў цукеркі фабрыкі “Камунарка”, а нехта і два разы. На жаль, у Гародні выбар цукерак з надпісамі па-беларуску з “Камунаркі” і “Спартака” вельмі абмежаваны. Двое дзетак адсутнічалі на сустрэчы з ТБМ, але пасля выздараўлення яны атрымаюць ад класнага кіраўніка падарункі таксама. Сёлета гэта самы вялікі беларускі клас у СШ №32 за апошнія 10 гадоў – 13 чалавек.
Дзяцей у першым класе магло быць 15, каб адна матуля сваіх блізняшак не перавяла ў вёску Путрышкі (побач з Гародняй), дзе для іх адмыслова адкрылі беларускі клас. Але няма ліха без дабра – адкрыліся два беларускія класы. Найбольшыя ахвяраванні ў гэтым годзе для беларускамоўных дзяцей Гародні зрабілі – Даніла Жукоўскі (50руб.) і Уладзімір Хільмановіч – набыў два тарты для дзецей, а крама “Адметнасць” разам з “Цэнтрам гарадскога жыцця” падарыла 30 прыгожых калядных беларускамоўных налепак для малых дзетак. Зараз збіраем новыя беларускія кнігі для студзеньскай абласной алімпіялы па беларускай мове і літаратуры, якую гарадзенскае кіраўніцтва адукацыі перанесла з Гародні ў Скідзель.
З Калядамі і Новым 2020 годам, шаноўныя сябры!
Няхай усё дрэннае застанецца ў мінулым і не перойдзе ў наступны год, а ўсё, створанае з любоўю, пашыраецца!
Адукацыйны моўна-культурны падмурак, на якім трымаецца канструкцыя “дома-дзяржавы” не пабудаваны самой дзяржавай, і ўсе ведаем чаму.
Але ўсе разам і паасобку, мы можам дапамагчы і штодня падштурхоўваць дзяржаўныя ўстановы (адэкватных чыноўнікаў), сваіх сяброў і знаёмых, найперш праз любоў да беларускамоўнай адукацыі, гісторыі і культуры гэты падмурак выбудоўваць, робячы немагчымае, робячы – як не бывае, робячы – як не робіць ніхто…
Шкада, што нехта з былых сяброў стаміўся і пачаў жыць толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, нехта вельмі хутка набіў мазалі, нехта страціў здароўе, у некага не хапіла духу і цярпення, бо хацеў усё адразу, нехта здрадзіў і збочыў на чужую хуткасную шашу, але значная частка засталася і працягвае ісці нялёгкай дарогай сваіх папярэднікаў, закладаючы цагліны ў паўразбураны беларускі культурны падмурак…
Дык, шукайма ўласную матывацыю на 2020 і наступныя гады, як гэта некалі рабілі чэхі і фіны, габрэі і палякі, а сёння – украінцы і казахі, татары і якуты.
Са Святамі!
Намеснік старшыні Гарадзенскай абласной Рады ТБМ
Алесь Крой.