Волечка нарадзілася ў навагоднюю ноч у шпіталі каля сцяны старажытнага Мірскага замка. Дзесяць гадоў правучылася ў Наваградскай сярэдняй школе. Дарэчы, там на гарадскіх могілках пахавана яе мама.
Таму Наваградчына для Вольгі Міхайлаўны Іпатавай больш, чым “мой родны кут”. Радаводныя сувязі моцныя зваротнай любоўю. І мы, госці Менска, бачылі ў сакавіку 1983 года, як любяць у Наваградку сваю зямлячку, як шануюць яе пісьменніцкую работу. Вось чаму творчы вечар Вольгі Іпатавай ператварыўся там у сапраўднае свята мастацтва.
З выступленнямі сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Івана Чыгрынава, намесніка дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Уладзіміра Гніламёдава, паэта Алеся Ставера суседнічалі цікавыя нумары танцавальнага ансамбля “Свіцязь”, а таксама песні, якія прывезлі з сабою з Менска кампазітар Алег Чыркун і артыстка Зоя Мордус.
Ці не тады ўзніклі ў маім блакноціку першыя радкі верша “Ля вежаў Наваградка” з эпіграфам радкоў Вольгі Іпатавай: “Самы маленечкі гарадок // Да тоўстай кнігі падобны”.
Было ўсцешна да 40-годдзя ўжо знакамітай на ўсе мерыдыяны і паралелі паэтэсы ўручыць ёй кнігу лірыкі “Мацярык” (1985) з вершам, які пачынаўся так:
Адкуль ідзём? Ад баразны,
з малога каліва…
Няма наваградскай сцяны,
і замак спалены?
Затое мы – саюз вякоў
жывучай спадчыны…
Наваградак – ты меч бацькоў,
ты – песня матчына.
Я часта адгукаўся на з’яўленне новых творчых здабыткаў Вольгі. На выдадзеную ёю ў 2002 г. кнігу “Альгердава дзіда” вось такім эх-спромтам “успыхнуў”, адрасуючы яго чытачам трылогіі:
Ці ты грабар з лапатаю,
ці інцель з пысай гербавай, –
папсу не слухай з квартаю…
Чытай, упыр, Іпатаву:
яна з душой упартаю
і з дзідаю Альгердавай.
А вось услаўлены Вольгаю так званы Альгердаў Шлях я “перавёў” у свой верш “Пачула Неба…” З прысвячэннем ёй верш быў змешчаны ў маім зборніку “Нас – многа” (2012). А пачынаецца твор такімі радкамі:
Вісіць над намі
вечны Млечны Шлях.
Альгердаў Шлях
нас калаціў і песціў.
Шлях з Грэкаў у Варагі –
у вірах.
А ён жа азалочваў і нявесціў…
х х х
У 1960 годзе 15-гадовая піянерка Волечка была запрошана ў Дом творчасці “Ка-ралішчавічы”, дзе праходзіла ўрачыстая сустрэча знакамітых пісьменнікаў. На здымку відаць, як лагодна прытуліў юную паэтку Янка Маўр. Амаль праз 40 гадоў Вольга Іпатава зноў аказалася ў Каралішчавічах, дзе яшчэ захоўвалася шыльда з надпісам: ” У гэтым доме жыў і працаваў у 1950-56 г.г. народны паэт БССР Якуб Колас”.
У снежні 1984 г. ля Дома творчасці фатаграфаваліся Вольга Іпатава (на здымку справа), на прыступку вышэй – Васіль Макарэвіч, Авяр’ян Дзеружынскі, Віталь Зэйдэль-Вольскі, Валянціна Аркадзеўна Куляшова з дачкою і я.
Думы з зямлёй злучалі
тут – калі яшчэ! – крывічы.
Веча абветранага адчаю –
К а р а л і ш ч а в і ч ы.
Прыгадаўся ўрывак з верша “Каралішчавічы” з кнігі лірыкі “Мацярык” (1985).
Мой каляндар-чысьленнік пільнуе даты нашага творчага пабрацімства-сваяцтва. У 1986 г. на стол маёй сямейкі трапіла кніжка Вольгі Міхайлаўны “Узелок Святогора” з такім дарчым надпісам: “Сяргею і Людміле Панізнікам.
Гады ляцяць
на плечы лістападам.
Даўно вяду сумежную раллю.
Як перадаць мне ціхую спагаду
Да Вас, якіх шаную і люблю?!
Вольга. 28.ІУ. 86 г.”
У 1985-1989 гадах Вольга Міхайлаўна працавала галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. А ў 1979 – 1982 гадах я сам быў рэдактарам дзяржтэлерадыё БССР. І таму стасункі з падначаленай Генадзя Бураўкіна былі ў мяне актыўнатворчыя. Прыгадваюцца падзеі ў Львове восенню 1987 г. Там праходзіў так званы “круглы стол” украінскіх і беларускіх пісьменнікаў-перакладчыкаў: “Векавыя традыцыі міжнацыянальных зносін нашых народаў”. Вядоўцамі былі Вольга Іпатава і Раман Лубкіўскі. Выступалі і Валянціна Коўтун, і я…
Але самым вялікім клопатам у тыя дні была падрыхтоўка для БТ трох перадач: “Рваць ланцуг цемнаты” – пра Цётку, “Подзвіг Скарыны”, а таксама пра дзейнасць Іларыёна Свянціцкага – заснавальніка Беларускага аддзела ў львоўскім музеі.
1987 год зафіксаваны і аўтографам Вольгі Іпатавай на запрашальным білеце на яе аўтарскі вечар, які адбыўся 20 сакавіка ў Смаргонскім раённым доме культуры:
Ізноў у дарозе
мы з табой, Сяргейка.
На гэты раз –
смаргонская “батлейка”.
Той 1987 год зафіксаваны і на маіх фотаздымках . Бало такое пры Саюзе пісьменнікаў “Бюро прапаганды мастацкай літаратуры”. І вось ідуць на сустрэчу з чытачамі-слухачамі Вольга Іпатава, Анатоль Кудравец, Лола Званарова, Генадзь Пашкоў… Ладзілі такія падарожжы Алесь Ставер, Пятро Ліпай.
Восень 1987 г. была аздоблена юбілеем Зоські Верас. У так званай “Лясной хатцы” пад Вільняй 27-28 верасня адзначалі 95-годдзе Людвікі Антонаўны Сівіцкай (Войцік). Зоську Верас ведалі як пісьменніцу, фалькларыстку, выдаўца, рэдактара, аўтара мемуараў – у тым ліку і пра Максіма Багдановіча. Канешне, кінааператары па просьбе Вольгі Іпатавай працавалі як мае быць. І мне, сціпламу фатографу, удалося зафіксаваць некаторыя моманты той святочнай падзеі. Вось на здымку злева направа абмяркоўваюць захаваныя ра-рытэты дачка Зоські Верас Галіна Войцік, яе муж Лявон Луцкевіч, кіношніца Ала Чорная, Вольга і сама Зоська Верас, Уладзімір Содаль. Спадчына веку – у альбомах. Варта толькі прыгледзецца і паслухаць сведку…
х х х
У ліпені 2003 г. Вольга Іпатава запрасіла мяне на цікавае мерапрыемства ў Браслаў. Захаваліся здымкі з тых часоў. Мы ў бібліятэцы: за сталом – Вольга Іпатава побач гаспадыні, наўкруг стаяць муж Вольгі – Ягор Фядзюшын, Алесь Рыбак, Алесь Жамойцін… І я аказаўся ў кадры на той цікавай сустрэчы. Потым была праходка па старажытным горадзе. І яшчэ адзін здымак – каля возера. Устойлівымі аказаліся Волечка, Алесь Рыбак, Франц Сіўко… А я “прызямліўся” да мацерыка знакамітых продкаў.
Натхнёны Браславам, я запрасіў Вольгу і яе мужа ў падарожжа на маё роднае Прыдзвінне. Вось і мястэчка Лявонпаль, дзе 26.11.1999 г. я заснаваў Музей Радзімазнаўства. Агледзеўшы экспанаты, заглянуўшы ў Хату бабкі Ядзвінні, мы накіраваліся на правы бераг Дзвіны. Там у вёсцы Цінкаўцы, недалёка ад Бігосава і Верхнядзвінска, у 1979 г. быў створаны мною літаратурна-краязнаўчы музей “Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі”.
Госці былі ўсцешаны набыткамі маёй творчай сядзібы. У той дзень з’явіліся на паперы першыя радкі прысвячэння Вользе:
Усё аглядала ў Прыдзвінні,
у жменьку ўбіраючы краскі:
і зёлкі бабулі Ядзвінні,
і скарбы бабулі Параскі.
Музей той Радзімазнаўства
увесь у прывабе прыволля…
Багатае стала сваяцтва
з табою, гуклівая Воля!
І продкі з жытнёвай кудзелі
узносяцца зноў над вякамі…
Сяйво з тваіх жменек надзеі
у вершах жыве між радкамі.
Дзвіна не згубіла раздолля,
бо там ля стырна стала Воля,
а Крывія – пад жаўрукамі!
10.07.2003, 17.03.2017.
Той 2003 год занітава-ўся ў памяці, бо на Каляды перад новым, 2004-м – годам Малпачкі – з аблачыны перада мною раскрыліліся такія радкі:
Насмешлівай Малпачкі год
Усё абяцае: падманы,
І боль, і душэўныя раны,
Працяг беларускіх нягод…
Ды сцежка ж упарта вяла, –
І мы не абдзелены клёкам!
Так, як у юнацтве далёкім, –
Змагаймася, воі святла!
В. Іпатава. 22.12.03 г.
х х х
Ох, гэтыя аўтографы! Але як слаўна гучыць: “Дарчыя надпісы”! Ім я прысвяціў кнігу-альбом: “Аўтографы з кніжніцы Сяргея Панізьніка (1960-2011)”. Вось на старонцы 75 чытаю: “Сяргею, не на памяць – на ўспамін аб добрых днях, гадзінах, калі мы – разам – збіраліся, спрачаліся – калі мы былі маладымі, з’яднанымі – мы, цяпер чараціны – але няхай і сапраўды “толькі творчасць апраўдвае нас пе-рад Богам”.
Гэты аўтограф на зборніку лірыкі “Парасткі” (1976). А побач праяўляецца надпіс на кнізе “Грамадзянін свету” (Да 95-годдзя Барыса Уладзіміравіча Кіта) ад сябра рэдкалегіі гэтага выдання Вольгі Іпатавай:
“Сяргею Панізніку на прэзентацыі яго “Пры сьвя-чэньні…” (маецца на ўвазе мой зборнік вершаў, выдадзены ў 2004 г.)
Я яму пакланіцца нізенька
Не саромеюся, а ганаруся,
Бо сардэчна люблю Панізніка-
Дон Кіхота маёй Беларусі.
В. Іпатава. 21.01.2005 г.”
На наступнай старонцы кнігі-альбома прадстаўлена кніга Вольгі Іпатавай “Свабода да апошняга дыхання (Аповеды пра падарожжы)” з такім дарчым надпісам:
“Сяргею Панізніку. Дарагому сябру і паплечніку па літаратуры і змаганню – з даўняй любоўю.
В. Іпатава. 2.11.07 г.”
А праз дзесяць гадоў я атрымаў віншаванні і сардэчныя зычэнні не толькі ад Вольгі Міхайлаўны, але і ад яе сына Руслана Качаткова, мужа Ягора Фядзюшына:
Дзень тваіх народзінаў
Не адно, што нас усіх звяло:
Як не змоўкне звонкая
“Пагоня”,
Хай не згасне і тваё чало.
Хай гучаць і вершы, і санеты,
Што душа шукае “ў небесі…”
Місію высокую паэта
Доўга-доўга, сябра наш, нясі!
10.05.2017.
Іду напярэймы шчырых пажаданняў, узбагачаючыся ласкай дружалюбных людзей. І не толькі з нагоды ўзнёслага юбілею Волечкі лагоджу імя даўняй сяброўкі, дачкі Міхайла. Ого! Як не ганарыцца паэтам, перакладчыкам, празаікам гістарычнага жанру з героямі Давыдам Гарадзенскім, Прадыславай..! Творы лаўрэаткі многіх прэмій перакладзены на рускую, англійскую, нямецкую, узбекскую, балгарскую, польскую, славацкую, чэшскую мову і мову хіндзі. А сама Вольга перакладала на беларускую мову творы рускіх, літоўскіх, украінскіх, узбекскіх, армянскіх пісьменнікаў. Як не ўсцешыцца асобай, узнагароджанай ордэнам “Знак пашаны”, медалём Ф. Скарыны, удастоеннай звання Ганаровага ака-дэміка Міжнароднай акадэміі навук “Еўразія”!
А мае зы-чэнні добрай-мілай Вользе Міхайлаўне на наступныя зі-мы-вёсны-леты такія: давесці распачатыя творчыя пошукі фантастычнай Гіпербарэі, бо
для сустрэч не трэба трон;
для натхненння, для спатолі
веру: ёсць на полі Долі
Цэнтр – Гіпербарэі схрон.
Праца, у абдымкі Волі!
Сяргей Панізьнік –
саюзнік Вольгі па з’яўленні
ў перыёдыцы (1959),
падначалены старшыні Саюза беларускіх пісьменнкаў, і на той час –
удзячны лаўрэат Літаратурнай прэміі
імя У. Калесніка (2000).