Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Урокі мужнасці Людмілы і Алеся Савіцкіх

Урокі мужнасці Людмілы і Алеся Савіцкіх

1 студзеня 2020, 16:32 Грамадства 182
Урокі мужнасці Людмілы і Алеся Савіцкіх

“Жыў вераю, што пераадолею цяжкасці.”

А. Савіцкі.

 

У Менску на вуліцы Янкі Купалы жыве адна з старэйшых супрацоўніц Цэнтра дзіцячай хірургіі, былы таракальны хірург Людміла Барысаўна Савіцкая. З нагоды 50-годдзя Цэнтра мы перагортваем з ёй старонкі альбомаў, праглядаем вытрымкі з газет і ўзгадваем пра яе калегаў і сяброў, пашанотных лекараў, і вядомых літаратараў, сяброў яе мужа.

 

– Нас не шмат засталося  з тых, хто пяцьдзесят гадоў таму ў снежні 1969 года прыйшоў працаваць у новы корпус створанага прафесарам Алегам Мішаравым Дзіцячага хірургічнага цэнтра пры першай клінічнай бальніцы,- узгадвае яна.

За сорак гадоў працы самаадданай і сціплай доктарцы не часта даводзілася распавядаць пра сябе, бо асноўным быў клопат пра  дзяцей з парокамі сэрца і іншымі захворваннямі. 54 гады Людміла Барысаўна прайшла поруч з вядомым беларускім пісьменнікам Алесем Ануфрыевічам Савіцкім, ганаровым грамадзянінам Полацка, кавалерам ордэнаў Славы і Чырвонай Зоркі. Лёс звёў разам дзве выключна мужныя асобы.

Людміла Барысаўна, у дзявоwтве Сакалова, нарадзілася ў Маскве ў 1934 годзе. Бацька яе служыў у войску, да вайны сям’я жыла ў Чыце, Нерчынску. У 1941 годзе Людачка пайшла ў 1-шы клас, а  ў 1952-ім паступіла ў 1-шы Маскоўскі медыцынскі інстытут імя Сечанава на лячэбны факультэт.

Адначасова з ёй на вучобу патрапілі 1000 чалавек, з іх дыпломы дактароў атрымалі толькі 800. На лячэбным патоку лекцыі студэнтам чытаў прафесар Барыс Барысавіч Коган, якога  аб’явілі ворагам народа ў 1953 годзе па справе ўрачоў.

Разам з Людмілай вучылася дачка акадэміка Каралёва – Наташа. Настойлівую студэнтку захапіла хірургія. З тых часоў захавалася запісаная яе рукой гісторыя хваробы.

Па заканчэнні інстытута ў 1958 годзе шасцёра смелых дзяўчат папрасілі накіраванне на працу ў Сібір. Пачыналася будаўніцтва Брацкай ГЭС, маладых захапляла рамантыка…Людміла з сяброўкай Нэлі прыняла адважнае рашэнне паехаць у Тайшэт, які належыў да Краснаярскай чыгункі.

Чацвёра сутак дзяўчаты дабіраліся да месца прызначэння на цягніку Масква-Пекін. Ва ўпраўленні чыгункі Люміла Сакалова атрымала накіраванне на станцыю Іланская,  а Нэлі – у Абакан.

Прадуктаў не хапала, і Людміла зразумела, што раней у гэты край адпраўлялі ў высылку, а яна паехала па сваім жаданні. Праз год, перавучыўшыся ў Краснаярску, настойлівая доктарка пачала займацца не толькі хірургіяй, але яшчэ і лор-практыкай.

У 1959 годзе ў Маскве на вяселлі сяброў яна пазнаёмілася з маладым аспірантам Маскоўскага літаратурнага інстытута Алесем Савіцкім.

Партызан, былы камандзір падрыўной групы атрада “Бальшавік”, франтавік, журналіст меў ужо вялікі жыццёвы досвед.

 

У 1942 годзе 16-гадовы Шурка прыпісаў сябе адзін год, каб камандзір  залічыў яго ў партызанскі атрад “Смерць фашызму”, бо хлопец горача імкнуўся адпомсціць акупантам. Яго атрад падрываў чыгуначныя масты, пускаў пад адхон цягнікі, знішчаў тэхніку ворага. Тады Алеся ўпершыню параніла, ён атрымаў кантузію з разрывам барабаннай перапонкі. Другое раненне здарылася ў 1942 го-дзе пры прарыве партызанамі блакады. Потым у баі пад Шаўляем ён быў зноў паранены. Снарад разарваўся аб камень, асколак патрапіў у нагу і шыю. Байца падхапілі на студэбекер,  раніцай перанеслі ў санітарную машыну  і адвезлі ў армейскі шпіталь, які быў разгорнуты ў густым алешніку, дзе зрабілі яму аперацыю.

Алесь Савіцкі ўдзельнічаў у баях за вызваленне Гдыні, Варшавы, за ўзяцце Берліна, распісаўся на Рэйхстагу. Ён быў абпаленым вайной чалавекам, перажыўшым горыч страт. (Лічыў, што яго куля дасталася маладому сябру Мікалаю, які пайшоў на заданне пад вёскай Загацце). Быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медалём “За ўзяцце Берліна”, Знакам пашаны.

Друкавацца ён пачаў у ветрынскай падпольнай газеце “Чырвоная звязда” ў 1943 годзе. Пасля дэмабілізацыі Алесь Савіцкі працаваў у полацкай абласной газеце, дзе змяшчаў свае апавяданні, быў сябрам літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”.

Да моманту сустрэчы з Людмілай, Алесь Ануфрыевіч напісаў  свае першыя аповесці, скончыў літаратурны інстытут. Яны абодва ведалі кошт жыцця, якой нялёгкай барацьбой яго трэба адстойваць. Каб прыехаць да каханай у Сібір, ён здабыў камандыроўку ад газеты “Труд”.

Пасля вяселля Людміла Барысаўна перавялася на працу ў пас. Ажарэлье бліжэй да Масквы, у чыгуначную бальніцу на 100 ложкаў. Муж праводзіў яе і ўладкаваў на кватэру. Там доктар працавала год у чаканні нараджэння дзіцяці. Муж і жонка пераехалі ў Менск ужо з дачкой Наташай.

У Менску маладога літаратара Алеся Савіцкага прынялі на працу ў выдавецтва “Ураджай”. А знайсці кватэру ў сталіцы дапамог ім Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, які параіў знаёмую гаспадыню. Калісьці юны Генадзь вучыўся ў школе з братам Алеся Савіцкага Віктарам і не забыў сяброўства.

Людміла Барысаўна імкнулася патрапіць у клініку, каб працаваць па пакліканні душы і па спецыяльнасці. На дошцы ўбачыла аб’яву, што ў 2-гі гарадскі шпіталь патрабуюцца хірургі-дзежуранты. Ёй параілі звярнуцца да прафесара Сяргея Леанідавіча Лібава. Былы франтавік, Сяргей Лібаў да гэтага выкладаў у Ваенна-медыцынскай акадэміі.

У ардынатарскай прафесар Лібаў пачаў распытваць, дзе Людміла вучылася, і хто чытаў ёй лекцыі. “Прыязны і даступны ў зносінах, прафесар ніколі не паказваў ані ценю перавагі над калегамі”, – успамінае Л.Б. Савіцкая.

Паўгода яна была дзежурантам. Неўзабаве была арганізавана кафедра таракальнай хірургіі і анестэзіялогіі. Доктар Ракіцкі прапанаваў Людміле Барысаўне пайсці ў аддзяленне грудной хірургіі. Прафесар Лібаў пачынаў тады рабіць першыя аперацыі на сэрцы ў дзяцей у нашай рэспубліцы, і Людмілу Барысаўну захапілі новыя задачы, пастаўленыя перад дактарамі. За дачкой прыглядалі добрыя людзі. Потым, калі ўдалося ўладкаваць Наташу ў дзіцячы садок, Люд-міла Барысаўна цалкам прысвяціла сябе медыцыне.

Аддзяленнем грудной хірургіі загадвала Лізавета Данілаўна Валковіч. Выбітны таракальны хірург Лізавета Валковіч была дачкой рэпрэсаванага савецкага і партыйнага дзеяча Данілы Іванавіча Валковіча, расстралянага ў 1937 годзе. Пасля арышту маці Лізу прытулілі блізкія людзі, а потым дзяўчынка жыла і вучылася ў Іванаўскім дзіцячым доме ворагаў народа. Пасля заканчэння школы Лізавета Данілаўна паступіла ў медінстытут і яе размеркавалі ў Менск, дзе ёй дапамаглі ўладкавацца на працу ў 2-ую бальніцу.

А ў снежні 1969 года калегі і сяброўкі Людміла Барысаўна, Лізавета Данілаўна і Тамара Дзмітрыеўна  перайшлі разам у Цэнтр дзіцячай хірургіі і працавалі ў таракальным аддзяленні Цэнтра трыццаць гадоў (да 1999 года). Л.Д. Валковіч узначальвала таракальнай аддзяленне.

Тады дактары карысталіся  толькі простымі сродкамі дыягностыкі: рэнтгенам, ЭКГ, фонакардыёграфіяй. Пад кіраўніцтвам прафесараў С.Л. Лібава і О.С. Мішарава паступова была ўдасканалена методыка аперацый на сэрцы і лёгкіх у дзяцей.

Лёс хірурга-ардынатара таракальнага аддзялення і жонкі пісьменніка Людмілы Барысаўны Савіцкай склаўся ўдала. У 1969-1973 гадах Алесь Савіцкі загадваў сектарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. Ён выдаў аповесці: “Кедры глядзяць на мора”, “Пасля паводкі”, “Самы высокі паверх”, дакументальную кнігу “След пракладае першы”, раман “Жанчына”. Алесь Ануфрыевіч пісаў пра партызанскі рух на Віцебшчыне, удзельнікам якога быў, распавядаў пра маладых будаўнікоў Брацкай ГЭС, закранаў сэрцы сваіх чытачоў праўдзівымі гісторыямі пра каханне ў ваенны і мірны час, узбагачаў іх скарбамі беларускай мовы.

– Алесь любіў працаваць у Полацку ў доме яго бацькоў на трэццім Стралецкім завулку, які захаваўся пасля вайны. Сад фруктовых дрэваў выходзіў да Дзвіны, – успамінае Люміла Барысаўна. – Не аднойчы ў  чароўную летнюю пару ён прыязджаў з сябрамі ў Полацк, хадзіў уздоўж берага Дзвіны, падымаўся да Сафійкі, піў ваду з крынічкі, прыкладваў далоні да Барысавага каменя. Добрыя думкі навяваў яму лагодны плёскат хваляў сціплай Палаты, якая ўпадае ў шырокую, паўнаводную Дзвіну.

“А на плыні Дзвіны, насупраць спавітага лазнякамі ўзвала, трымцела сонца, не парэзанае на кавалкі, і яго вялізнае роўнае кола, абціснутае бэзавымі абручамі, імкліва і дзіўна змяняла колеры”, – так апісваў пісьменнік раку.

– У сваёй апошняй кнізе “Пісьмо ў рай”, прысвечанай бацьку, ён узгадваў, як пасля вайны прыехаў паступаць у літаратурны інстытут у Маскву,- успамінае Людміла Барысаўна. -Прынялі яго без стыпендыі, без інтэрната, бо не было школьнага атэстата, і ён паабяцаў атэстат здабыць. Днём вучыўся ў інстытуце, а ўвечары заканчваў вячэрнюю школу.

Пісьменнік і публіцыст стаў кавалерам ордэна Францыска Скарыны, ганаровым грамадзянінам Полацка. Адна з баявых узнагарод, салдацкі ордэн Славы, знайшла яго праз 55 гадоў. У 2016 годзе імя А. Савіцкага было прысвоена 9-ай Полацкай бібліятэцы.

Людміла Барысаўна і Алесь Ануфрыевіч вельмі любілі дзяцей і прысвячалі ім шмат часу. Прыгодніцкая дзіцячая трылогія А. Савіцкага  “Дзівосы Лысай гары” ў 2002 годзе была ўганаравана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Назіраючы за ўнукам Жэнем, ён выдатна перадаў дзіцячыя пачуцці  ў казцы “Яўгенка, Лінда і Рык”, апісаўшы сяброўства хлопца і малога шчанюка. А ў аповесці-казцы, “Радасці і нягоды Залацістага Карасіка”, прысвечанай малым, апісаў прыгоды мудрага і знаходлівага Карасіка Бубліка.

Апошняе эсэ Алеся Савіцкага, напісанае ў жніўні 2015 года называлася: “Сонца, што створана тваімі рукамі”. У 2015 была заснавана літаратурная прэмія імя А. Савіцкага. Ён пайшоў з жыцця ва ўзросце 91 года 5 кастрычніка 2015 года.

…На іх лецішчы засталіся дрэвы і кусты гартэнзіі, якія садзіў пісьменнік. Зрэзаныя суквецці стаяць усю зіму ў вазе. Калі яна глядзіць на яго партрэт, ёй падаецца, што ён пільна сочыць за кожным, хто ўваходзіць, уважлівым позіркам.  А побач з фотаздымкаў глядзяць усмешлівыя праўнукі!

Нашчадкі сям’і Савіцкіх  выраслі адважнымі  і здольнымі, і жывуць зараз у Амерыцы. Унучка Людмілы і Алеся Савіцкіх Аляксандра па заканчэнні факультэта міжнародных адносін БДУ пабралася шлюбам з Юрыем. Праз некаторы час па выніку суразмоўяў маладога спецыяліста прынялі працаваць у кампанію Біла Гейтса. У сужанцаў, якія жывуць у Сіэтле, нарадзілася трое сыноў – Міхась, Рыгор і Стась.

Прадзядулю добра памятае праўнучка Сцеша, дачка ўнука Жэні. У перадапошні дзень дзядулевага жыцця яны гулялі разам у яго прасторнай кватэры…

Эла Дзвінская,

   фота з архіва сям’і Савіцкіх.

  1. Людміла Барысаўна і Алесь Ануфрыевіч Савіцкія;
  2. Людміла Савіцкая ў маладосці;
  3. Алесь Савіцкі ў маладосці;
  4. Унучка з мужам і праўнукі.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5016
Далучайцеся да нас