Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Жыццё, прысвечанае беларускай кніжнасці і культуры

Жыццё, прысвечанае беларускай кніжнасці і культуры

31 снежня 2019, 09:09 Культура 22
Жыццё, прысвечанае беларускай кніжнасці і культуры

Даследчык кірылічнага кнігадрукавання Беларусі і дзейнасці беларускага першадрукара Францішка Скарыны, вядучы медыявіст, доктар гістарычных навук Георгій Якаўлевіч Галенчанка, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН, пачынаў свой працоўны шлях у аддзеле рэдкай кнігі Ленінскай бібліятэкі. Вучоны, які не мае этнічных беларускіх каранёў, зрабіў істотны ўнёсак  ў развіццё беларускай навукі. Дакрананне да старадрукаў на ўсё жыццё абудзіла ў  ім прагу да вывучэння беларускіх кніжных здабыткаў. Працу студэнту чацвёртага курса гістфака БДУ прапанаваў дырэктар бібліятэкі Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі. Мы звярнуліся да вядомага гісторыка, які з 82 гадоў 60 прысвяціў навуцы, з просьбай узгадаць пачатак яго працоўнай біяграфіі.

– Георгій Якаўлевіч, нагадайце, калі ласка, як гэта адбылося?

– Ад самага пачатку я вывучаў кірылічныя і лацінамоўныя кнігі вельмі сур’ёзна. Прыходзіў у бібліятэку, заказваў літаратуру, ставіў дзве планкі, на іх – фотаапарат ФЭД даваеннай вытворчасці, наводзіў на рэзкасць і здымаў. Дома друкаваў і ствараў адпаведныя картатэкі. Іосіф Бенцыянавіч быў выдатным, сімпатычным чалавекам, добра ведаў замежныя мовы. Ён спрычыніўся да вяртання кніг Скарыны. Пасля вайны каля Дома ўраду выкладвалі з цягнікоў кнігі, якія былі раней вывезены з Беларусі. Іосіф Бенцыянавіч абшукваў усе вагоны. Горы кніг ляжалі на асфальце і дзяўчаты-бібліёграфы разбіралі іх. Так знайшлі і кнігі Францішка Скарыны. Іосіф Бенцыянавіч вельмі ўзрадваўся і абяцаў дзяўчатам павысіць зарплату!

У бібліятэцы ён, убачыўшы маю цікавасць, не зрабіў заўвагу, што  робяцца здымкі без дазволу дырэктара, але распытаў, чым я займаюся і запрасіў прыйсці на працу пасля заканчэння ўніверсітэта. Так я паступіў у аддзел беларускай літаратуры, дзе сустрэў вопытнага бібліёграфа, даследчыцу і літаратуразнаўцу Ніну Барысаўну Ватацы. Мы абмяркоўвалі з ёй розныя пытанні. Потым вызвалілася месца ў аддзеле рэдкай кнігі, я перайшоў туды супрацоўнікам і быў прызначаны загадчыкам аддзела. Так я працаваў у Ленінскай бібліятэцы на працягу 1960-1962 гадоў і займаўся апісаннем кніг.

– Вы прайшлі шлях ад дыплома, прысвечанага кірылічнаму кнігадрукаванню, да доктарскай дысертацыі  “Францыск Скарына – беларускі і ўсходне-славянскі першадрукар”, якая была абаронена ў Інстытуце гісторыі НАН у 1999 годзе.

– Шлях гэты быў доўгім. У 1962 годзе, атрымаўшы мэтавае накіраванне ў аспірантуру ў Маскоўскі гістарычна-архіўны інстытут, я працягваў вывучаць кірылічныя выданні, надрукаваныя на беларускіх землях.

У Маскве я меў магчымасць карыстацца бібліятэчнымі фондамі  і сустракацца з такімі дасведчанымі навукоўцамі, як Антаніна Зёрнава, Яўген Неміроўскі. Антаніна Зёрнава паказвала мне многія рэдкія выданні. Я пазнаёміўся з літаратурай, датычнай Расіі, Украіны, Польшчы, дзе захаваліся кірылічныя выданні, падрыхтаваў працу ў трох тамах.

Спачатку працаваў на друкарскай машынцы, выпушчанай яшчэ да Першай сусветнай вайны, а потым у Маскве набыў новую.

У 1965 годзе пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН СССР, доктара мастацтвазнаўства, прафесара А.А. Сідарава я абараніў кандыдацкую дысертацыю “История белорусского книгопечатания ХVI -ХVIII веков”.

Па заканчэнні аспірантуры і па вяртанні ў Менск мне прапанавалі выкладаць навуковы камунізм, бо тады быў попыт на яго. На кафедры ў БДУ працавалі вельмі інтэлігентныя і адукаваныя асобы, але яны былі вымушаны ўкладвацца ў адпаведныя рамкі.

У той час я ажаніўся з Людмілай Івановай. Зараз яна працуе ў Нацыянальным дзяржаўным архіве. Пасля трох гадоў выкладання навуковага камунізму я перайшоў у Інстытут гісторыі АН БССР, дзе працягнуў займацца кнігазнаўчай тэматыкай.

– Ваш бацька Якаў Пракопавіч, кандыдат філасофскіх навук, быў выкладчыкам Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, пазней працаваў у БДУ. Яго педагагічны і навуковы досвед дапамагаў Вам?

– Так. Бацькі мае, перш за ўсё, былі людзі чалавечныя і гуманныя, сям’я наша была кніжнай. Бацька паходзіў з украінамоўнага бранскага казацтва. У Маскве ён заканчваў Інстытут чырвонай прафесуры. У 1931 годзе ён быў накіраваны на працу ў Петразаводскі Карэла-Фінскі ўніверсітэт, дзе выкладаў дыялектычны матэрыялізм. Я нарадзіўся ў Петразаводску ў 1937 годзе.

У 1939 годзе студэнты курса, дзе бацька выкладаў, дабраахвотнікамі пайшлі на савецка-фінскую вайну. Сам бацька, хаця і меў бронь, мог пазбегнуць удзелу ў ваенных дзеяннях, але таксама ў 1940 годзе добраахвотнікам пайшоў на фронт. Маці атрымала паведамленне, што ён загінуў. Яго частка трапіла ў акружэнне, але ён здолеў выратавацца. Перад наступленнем фінаў мы з маці і дзвюмя сёстрамі перабраліся з Петразаводска на баржы ў Сыктыўкар, дзе і пражылі да канца вайны. Суседнія баржы побач з намі былі затоплены.

Пасля вайны ў Менску выдзялялі кватэры, і бацька аддаў адзін наш пакой сям’і афіцэра. Калі мы прыехалі з Сыктыўкара ў Менск, я паступіў вучыцца ў 8-ую школу. З хлопцамі мы забіраліся на разваліны дамоў, знаходзілі розныя рэчы. На першых занятках мы пісалі тэксты на беларускай мове. Я атрымаў двойку, бо прыехаў з поўначы і выхоўваўся на рускай мове і культуры.  З таго часу я сур’ёзна пачаў займацца беларускай мовай і стаў выдатнікам, заканчваў сярэднюю школу № 42. Мой дыпломны праект на Усесаюзным аглядзе-конкурсе студэнцкіх прац атрымаў залаты медаль.

Маці Бэці Генрыхаўна была эканамістам і ў 50-тыя гады выкладала ў тэхналагічным універсітэце імя Сталіна гісторыю эканомікі. У часы сталінскіх рэпрэсій бацькі не ўсведамлялі маштабаў усяго, што адбывалася ў краіне. Пры дзецях яны пазбягалі размоваў пра гэта.

– Ваша кніга “Францыск Скарына”, напісаная ў суаў-тарстве  з В. Чамярыцкім і  В. Шматавым,  атрымала прэмію ЮНЭСКА  ў канцы 70-тых гадоў.

– Яна была перакладзена і выдадзена для замежнікаў на англійскай і французскай мовах. Кніжка была невялікай, сапраўды, добра чыталася, распаўсюджвалася па арганізацыях, якія цікавіліся старажытнай пісьменнасцю, і атрымала прэмію. Гэтыя, выдадзеныя на замежных мовах кнігі, дазволілі значна пашырыць вядомасць Беларусі ў свеце і паказаць  самабытнасць і высокую ступень культурнага  развіцця беларускіх зямель на розных этапах гісторыі.

– У  1990 годзе, калі святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Францішка Скарыны, Вы былі ініцыятарам, навуковым кансультантам і аўтарам  археаграфічнага каментара да трохтомніка факсімільнага выдання скарынаўскай Бібліі.

– Каб выдаць Біблію Скарыны, спатрэбілася знайсці найлепшы захаваны экзэмпляр і дапоўніць яго аркушамі з розных выданняў. Для гэтага прыйшлося аб’ездзіць бібліятэкі розных краінаў. У падарожжах мяне суправаджаў фатограф Менскай фабрыкі каляровага друку, які здымаў выяўленыя асобнікі ці аркушы. Я апісаў, у якіх краінах і бібліятэках захоўваюцца кнігі.

– Аб’яднаўшы даследванні ХVIII- ХХ стагоддзяў, працы савецкага перыяду, замежныя публікацыі, агляды Скарыніяны ў сваёй дысертацыі, абароненай у 1999 годзе,  Вы  падрабязна апісалі розныя бакі кнігавыда-вецкай і асветніцкай дзейнасці Скарыны.

– Мною выкарыстоўвалася гістарычна-рэтраспектыўная бібліяграфія, апісанні кніжных фон-даў, непасрэдная эўрыстыка ў айчынных і замежных архівах, бібліятэках, музеях і прыватных зборах, прымяняліся метады структурна-аналітычнага, апісальнага і гістjрыка-параўнальнага даследвання.

Важным напрамкам скарыназнаўства 60-90-тых гадоў былі даследванні філасофскіх, грамадска-палітычных, этычных, эстэтычных поглядаў Скарыны, рэнесансна-гуманістычных тэндэнцый у яго творчасці. Акрамя мяне, асаблівасці выдавецкай і літаратурнай дзейнасці Скарыны вывучалі У.М. Конан, Ю.А. Лабынцаў, В.А. Чамярыцкі, М.М. Грынчык і іншыя. Відавочны прарыў у беларускай Скарыніяне, узняццё яе на новы ўзровень у канцы 80-90-х гадах было звязана з дзейнасцю дзяржаўных і навуковых устаноў Беларусі. Пасля ўтварэння Навукова-асветніцкага цэнтра імя Скарыны ў 1991 годзе пад кіраўніцтвам А. Мальдзіса, у цэнтры былі сканцэнтраваны скарынаўскія даследванні.

У той перыяд вялікі абагульняльны матэрыял быў сістэматызаваны ў фундаментальным юбілейным выданні “Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік”. Поспехі былі дасягнуты ў бібліяграфічных, кнігазнаўчых, крыніцазнаўчых і мовазнаўчых даследваннях. Апісана была большасць экзэмпляраў кніг Скарыны, выяўлены і ўведзены ў навуковы ўжытак амаль усе актавыя дакументы, якія датычаць Скарыны.

– Нацыянальная бібліятэка, калі  ініцыявала навукова-даследчую праграму да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, змагла  абаперціся на Вашы даследванні і ажыццявіць поўнае ўзнаўленне скарынаўскай спадчыны ў 20-ці тамах.

– Гэта, безумоўна, прыносіць вялікае задавальненне! Скарынаўская спадчына застанецца бясцэнным скарбам для нашчадкаў. 

Зараз я працую над спадчынай Радзівілаў, кнігазборамі, якія захаваліся ў канцы ХVIII стагоддзя. Поўнасцю апісваюцца тамы, якія засталіся. Бібліятэка Радзівілаў патрапіла спачатку ў Дом ураду, потым – у акадэмічную бібліятэку.

У  Празе  ў  юбілейным  2017 годзе я набыў прыладу для лепшай працы над тэкстамі і рукапісамі – павелічальнае шкло з падсветкай. Хочацца яшчэ папрацаваць і апублікаваць добрае і істотнае.

– Жадаем Вам добрага здароўя і плёну ў даследваннях!

Гутарыла Э. Дзвінская,

фота з архіва

Г. Я. Галенчанкі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Далучайцеся да нас