Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сяргей Панізьнік. На агледзінах творчасці Ілоны Барадулінай (18.07.1962 – 8.12.2019)

Сяргей Панізьнік. На агледзінах творчасці Ілоны Барадулінай (18.07.1962 – 8.12.2019)

24 снежня 2019, 15:43 Грамадства, Культура 94
Сяргей Панізьнік. На агледзінах творчасці Ілоны Барадулінай (18.07.1962 – 8.12.2019)

У двары дома, дзе жыў Уладзімір Караткевіч, 10 траўня 1968 года сабраліся вясёлыя творцы з многіх пасадаў Еўропы: сярод іх Алесь Барскі з Варшавы, Вацлаў Жыдліцкі з Прагі… Каля яго і прытулілася Ілонка Барадуліна, дачка Валянціны і Рыгора. Трымае ляльку-“беларусачку”, якую падарыў мне на дзень нараджэння госць з Прагі, а я, 26-гадовы юнак, перападарыў ляльку ў беларускіх строях 6-гадоваму анёльчыку Ілонцы.

У той дзень і пасля я збіраў фотаздымкі натхнёнага радаводнага твора Барадулінскага Суквецця. Чуў, як ускудлачыныя гады Ілоны скакалі па філалагічных прыступках БДУ, перакульваліся на імператарскіх прыступках Ленінграда-Пецярбурга… Пішуць, што ў 2006 годзе ў Менску адбылася афіцыйная выстава мастачкі Ілоны Барадулінай пад назвай “Плоскасць свабоды”.  Але – увага! У 2004 годзе выйшаў мой зборнік “Пры сьвячэньні…”, дзе апынуўся верш “Зьвеставальная скарбонка” з пазнакай: “На адкрыцьці выставы Івонкі Сурвілы а Ілонкі Барадулінай у Менску. 2004 год”.  Прысвячэнне далёкім гасцям, іх выставе ў Беларусі заканчваецца радкамі:

Зьвеставальная скарбонка  –

                                    з-пад стырна.

Тут  Івонка,  тут  Ілонка, 

                                      тут – Вясна.

Беларусь – каля Канады

                                       хараства…

Нам Дзень Волі не для звады, – 

                                      для Раства!

 

Наступная сустрэча з Ілонай Барадулінай была амаль праз паўстагоддзя – у сеціве. У траўні 2017 года яна мне на фэйсбукаўскай старонцы напісала:

“Паважаны спадар Сяргей, шчыра вітаю Вас з народзінамі! Усяго самага найлепшага і добрага Вам у жыцці! Я вельмі рада, што ў дзяцінстве ведала такога іскраметнага і добрага чалавека, як вы. Святла і незамутненага настрою і поспеху ва ўсім!”

   Я часта адгукаўся на яе несупынныя ўрокі мастацкага імправізатарства, калі Ілона ўвача-відкі стварала пачатак і працяг штораз новай творчай серыі. Перасылаў ёй і некаторыя фотаздымкі. У студзені 2019 года – здымкі з Дома творчасці “Іслач” (верасень 1987 г.). Выпускніца БДУ наўзамен напісала мне пра Алега Антонавіча Лойку:

“Я яго так памятаю: незвычайнейшы чалавек – шчыры, добры, прыцягальны. А слухаць яго было так, што час ляцеў як хвіліна.

Старабеларускую літаратуру ён выкладаў моцна! Мой бацька яго вельмі любіў, і я. Алег Лойка захопліваў сваёй адданасцю, шчырасцю.    20.01.2019.”

   І ў лютым месяцы новага года я не быў у спакоі: пазначаў прытульнымі радкамі кожныя новыя выявы нястомнай мастачкі. Доўга чакаць адказу не прыйшлося:

“Мне так прыемна, спадар Сяргей, што вы мяне бачыце ў маёй творчасці. Ілона. 17.02. 2019 г.”

А маё “напярэймы” было такім:

Я вельмі-вельмі зычу ўдачы 

ў працяг той бацькавай падачы.

Рыгорка НАШ не быў лайдачы:

рашэнні меў на ўсе задачы.

 

А да перасланага Ілонцы здымка Рыгора Іванавіча далучыў такое прызнанне: “Твой, Ілона, бацька – мой хросны бацька ў паэзіі. 18.05.2019 г.”. Яна ведала, хто адрэдагаваў на грамадскіх пачатках мой першы зборнік “Кастры Купалля” (1967). Ілона так адказала на мой пасыл:

“Дзякуй, што Вы, спадар Сяргей – ёсць. Не жартую, калі я чытаю і бачу Вас на фотаздымках – у дзяцінства вяртаюся. Вы былі самым добрым і моцным уражаннем майго дзяцінства”.

Перад маім новым Днём нараджэння мастачка Ілона пераўвасобілася ў сапраўднага лірыка:

” А Вы –  Сяргей – у маёй дзіцячай памяці былі самым вясёлым, шыкоўным і неверагодна асобным, тонкім з ашалелым гумарам і радасцю жыцця. Вы былі – карацей кажучы – для мяне д’Артаньянам. Насамрэч і жанчыны млелі ад вас, і я таксама, хоць і маленькая была. У маім дзяцінстве Вы – Сяргей – былі самай вясёлай, добрай і адмысловай фарбай маёй памяці сярод сяброў майго бацькі. Так я запомніла”.

Адразу вынырнуў экспромт пасля такога ўсплёску слоў.

Пасля малюнкаў калоны

Барадулінай Ілоны:

Каму дваіцца, каму траіцца… 

Бо сама Ілона – 

                        арліца!

 

А 12 верасня 2019 г. свой тэматычны малюнак гэтая пташка вось як падпісала: “Так и мы не знаем лицо следующего дня”. На-ўздагон праз два дні я пакінуў для Ілоны  надпіс:

“На абліччы 

творчыя ключы 

падлічы, –

і створыцца на плошчы

палац з каланчы!”

 

Мо і незаслужана атрымаў водгук ад Ілоны, але ж выказванне цікавай Асобы – гэта тасама “даку-мент эпохі”:

“Дзякуй, спадар Сяргей. Калі вас чытаю – адразу ў дзяці-нства: так было добра, і вы былі адным з самых яркіх і цёплых аганькоў маёй памяці.  Я нават чую ваш голас і бачу вашу ўсмешку”.

Такі сеанс касмічнай сувязі адбыўся ў мяне з далёкім Ізраілем 12 верасня 2019 года. І нечакана напаткала чорная вестка: 8 снежня 2019 года, адолеўшы з анкалагічнай хваробай чуць больш  57-мі гадоў, Ілона – унучка Акуліны Андрэеўны, дачка Валянціны і Рыгора, мама Дамінікі Труцько, жонка Канстанціна Кліміна – перанеслася непамерклай душою ў звеставальную скарбонку Нябёсаў.

                      

 Хвалі Памяці

 На ўспамін пра Ілону Барадуліну

 

Маркоціць мяцеліца:

– Лета не вернецца…

А Памяць – мядзведзіца:

ходзіць па лесвіцах…

         Знойдзе й сутык.

         Вунь і адтуліна…

         Планета не дуліна:

         ёсць Мацярык!

Там Барадуліна

Ілона – бабуліна,

Рыгора і Валі…

Мой там ускрык:

         – Памяці хвалі –

          Ілоны каралі!..

         Мы доўга гулялі

         як дзі-ва-кі…

Памяць не скралі

замкоў кулакі,

вякоў ветракі…

         Знойдзе мядзведзіца,

         дзе ёй пры-ле-ці-цца.

         Мне з ёй прывеціцца

хваляй ракі.

                        Сяргей Панізьнік.   11.11.2019 г.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2619
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2718
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4517
Вольны час па хэштэгу  #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ
Культура

Вольны час па хэштэгу #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ

23 лістапада 2021, 21:0617
Далучайцеся да нас