Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Усёй грамадой ратуйма беларускую мову і з ёю дзяржаву Беларусь!

Усёй грамадой ратуйма беларускую мову і з ёю дзяржаву Беларусь!

6 снежня 2019, 16:00 Мова 16
Усёй грамадой ратуйма беларускую мову і з ёю дзяржаву Беларусь!

Перыядычны друк, асабліва неафіцыйны, надаваў і надае вялікае значэнне асвятленню такой для нас лёсавызначальнай, але мэтанакіравана занядбанай уладамі праблемы, як моўная. Найчасцей за ўсё такія публікацыі сустракаюцца на старонках любімай вялікай арміяй чытачоў газеты “Народная Воля”. З афіцыйных перыядычных выданняў можна адзначыць толькі “Звязду”. У пераважнай большасці аўтары такіх матэрыялаў льюць свае горкія слёзы з прычыны амаль абсалютнай адсутнасці беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, беспамылкова абвінавачваючы ў гэтай нацыянальнай здрадзе яе дзяржаўны чыноўніцкі апарат, у складзе якога чвэртку стагоддзя таму пачаў закладвацца “русский мир”. А вось рэальных шляхоў выратавання беларускай мовы, на вялікі жаль, не знаходзім у тых публікацыях, на што ёсць важкія прычыны. І такое лёгка зразумець.

Дадзеная праблема ў нас ва ўсе часы насіла архіскладаны характар, была як след наўмысна заблытана зацікаўленымі ў гэтым асобамі. Але такой, як сёння, мы яе яшчэ ніколі не бачылі, бо справа ж  датычыць не пашырэння сферы сацыяльнага выкарыстання беларускай мовы, хаця і гэтага дамагчыся складана, а пра выратаванне яе ад так рэальнага адмірання. Па волі не народа, а саміх уладаў яна практычна цалкам адсутнічае ў афіцыйным жыцці, што не  дае ёй магчымасці быць і сродкам камунікатыўных зносін паміж лю-дзьмі. Яна ледзь чутна гучыць толькі з вуснаў мізэрнай колькасці сапраўдных нацыянальных патрыётаў, якіх, на вялікую бяду, з году ў год становіцца ўсё менш і менш з прычыны інтэнсіўнага пашырэння ў Рэспубліцы Беларусь рускай культуры, што прывяло наш народ да татальнай русіфікацыі.

Здзіўляе, што гэта ніколькі не хвалюе надзеленых высокай уладай палітыкаў, шматлікага дзяржаўнага корпусу ідэолагаў. Беручы прыклад з іх, чвэртку стагоддзя маўчаць, нічога не кажуць пра безнадзейны стан роднай мовы тытульнага этнасу калектывы дзяржаўных гуманітарных навуковых устаноў, філалагічных, філасофскіх, гістарычных факультэтаў дзяржаўных універсітэтаў, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Рознага роду лінгвістычныя праблемы яны спраўна даследуюць, а вось як забяспечыць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай – ні слова. А гэта ж для нас галоўнае.

Дзесяцігоддзямі адварочваецца ад асвятлення набалелых пытанняў моўнай праблемы афіцыйны перыядычны друк. Ствараецца ўражанне, што гэтыя ў найбольшай ступені адказныя за лёс беларускай мовы аўтарытэтныя, уплывовыя структуры цалкам пагадзіліся са сконам беларускай мовы, хаця і добра ведаюць, што такое немінуча прывядзе да страты нацыянальнага  суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, які за 25 гадоў функцыянавання прэзідэнцкай сістэмы так і не набыў рэальнага статусу. Іх ніколькі не хвалюе, што з канчатковым адміраннем беларускай мовы краіна немінуча пазбаўляецца сваёй этнакультурнай самабытнасці, становіцца спакуслівай прынадай для той дзяржавы, чыімі духоўнымі каштоўнасцямі яна задавальняе свае патрэбы. Разбурыць уласную нацыянальную ідэнтыч-насць і захаваць не на словах, а на справе дзяржаўны суверэнітэт – гэта дзве  зусім несумяшчальныя паміж сабою рэчы.

Хоць сёння беларусы з неразмытай, здаровай нацыяна-льнай самасвядомасцю, на вялікую бяду, знаходзяцца ў мізэрнай колькасці, ім ніяк нельга пасіўнічаць, бяздзейнічаць. Неабходна ўсімі сіламі і сродкамі настойліва патрабаваць ад дзяржавы правядзення толькі такой  моўнай палітыкі, якая  адпавядала б карэнным стратэгічным інтарэсам Бацькаўшчыны, не вяла б яе базавы этнас да загубы. Да якога ж часу наш край будзе заставацца з чужой мовай, навязанай яму царызмам жорсткімі каланізатарскімі метадамі?! Прэзідэнцкая вертыкаль Рэспублікі Беларусь не павінна заставацца спадкаемцам іх, а, наадварот, праводзіць моўную палі-тыку ў інтарэсах свайго дзяржаўнага народа, каб не даць яму загінуць ад русіфікацыі.

З улікам сказанага вышэй мы прапануем уладам, шырокім колам грамадскасці неадкладна правесці на самым высокім тэарэтычным узроўні з удзелам палітыкаў і адмыслоўцаў навукова-практычную канферэнцыю  па тэме: “Праблемы забеспячэння беларускай мове рэальнага  статусу дзяржаўнай.”  З прычыны незвычайнай складанасці праблемы лічым мэтазгодным запрасіць да ўдзелу ў ёй навукоўцаў з краін, улады якіх пасля распаду поліэтнічных дзяржаў навучыліся і беспраблемна, бесканфліктна абслугоўваюць усе сферы грамадскай жыццядзейнасці чалавека толькі адной сваёй роднай мовай. Не верыцца, што такое адзінаразумнае развязванне моўнай праблемы застаецца непадуладнай толькі адным беларусам. Пажаданы ўдзел у такой канферэнцыі і прадстаўнікоў ад адпаведных структур ЮНЭСКА, Еўразіі, бо  з-за няспыннага паглыблення працэсаў глабалізацыі моўная праб-лема не збіраецца пакідаць сваёй вастрыні. А вось мо пасля такой канферэнцыі Беларусь, парваўшы ланцугі ўласнай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, стане, чаго добрага, Міжнародным Цэнтрам даследавання шляхоў забеспя-чэння кожнай мове тытульнай нацыі краіны статусу адзінай дзяржаўнай, заслужана здабудзе сабе гэтым сусветны аўтарытэт. Пакінуць жа страшэнна сацыяльна занядбаную ўладамі беларускую мову сам-насам з імперскай ідэалагічнай машынай і толькі глядзець, як яна, гаротная, канае, пазбавіць усялякага гонару, аўтарытэту і народжаную на нашай зямлі сучасную дзяржаву, і этнічна абакрадзены, у тым ліку і ёю (дзяржавай), народ.

Па віне чужынцаў і ўласных здраднікаў у нашай няпростай гісторыі не раз ставілася рубам пытанне: “Быць ці не быць беларусам самабытнай нацыяй?” І калі-нікалі даваўся правільны адказ на яго. Вядомы такі незвычайны, павучальны і на сёння факт, калі Кастрычніцкі 1926 года Пленум ЦК КП(б)Б у прынятую Рэзалюцыю ўнёс прапанову: “Уся Кампартыя Беларусі павінна гаварыць на беларускай мове!”  І яна, на вялікую радасць беларусам, загаварыла. Ці не прабіў час і сёння выступіць з такім патрыятычным, выратавальным заклікам: “Уся Прэзідэнцкая вертыкаль Беларусі павінна гаварыць на беларускай мове!” Не верыцца, што сучасныя дзяржаўныя чыноўнікі па ўзроўні свайго інтэлекту, ступені нацыянальнай свядомасці, прысутнасці асабістай самапавагі, здаровага гонару,  адказнасці за лёс нацыі так моцна, недасягальна ўступаюць камуністам 1920-х гадоў, і таму не знойдуць у сябе розуму, сілы волі, каб адважыцца паўтарыць іх па-сапраўднаму нацыянальна-патрыятычны вычын.

Заўвага: Калі на надрукаваны ў газеце “Наша слова” наш матэрыял не будзе пазітыўнай рэакцыі з боку ўладаў, прапанаваную намі навукова-практычную  канферэнцыю неабходна любой цаной правесці  сіламі нашых партый і нацыянальных рухаў, каб вызначыць не толькі рэальныя шляхі выратавання беларускай мовы, а праз складзены адпаведны мартыралог паказаць усяму цывілізаванаму свету, хто яе сапраўдны забойца. У нас зусім няма часу марудзіць! Беларуская мова, а разам з ёю сам беларускі народ, яго дарагая, родная Бацькаўшчына ў нечуванай небяспецы! Не чакайма таго дня, калі па беларускай мове трэба будзе складаць некралог!

Прафесары

Леанід Лыч,

Мікола Савіцкі,                          

23.11.19  г.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0427
Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”
Грамадства

Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”

13 снежня 2018, 10:5826
Мова Нанова: «Я тану!» крычаць толькі ў фільмах
Мова

Мова Нанова: «Я тану!» крычаць толькі ў фільмах

1 мая 2019, 14:4324
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5423
Далучайцеся да нас