Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Берасцейская Біблія – у цэнтры ўвагі навуковай супольнасці

Берасцейская Біблія – у цэнтры ўвагі навуковай супольнасці

25 лістапада 2019, 21:29 Выданні, Культура 31
Берасцейская Біблія – у цэнтры ўвагі навуковай супольнасці

Фінальным мерапрыемствам, якое падсумавала цыкл сустрэч, прысвечаных Берасцейскай Бібліі, стаў “круглы стол” у Нацыянальнай бібліятэцы, які адбыўся 14 лістапада. Ён аб’яднаў экспертаў з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН імя Я. Коласа, БДУКіМ, БДУ, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Нацыянальнага мастацкага музея і быў надзвычай змястоўным. У падзеі ўзялі ўдзел Аляксандр Суша, Людміла Іванова, Ігар Клімаў, Аляксандр Сцефановіч, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Юры Лаўрык, Ларыса Доўнар і іншыя кнігазнаўцы, філолагі, бібліятэкары. У абмяркаванні ўдзельнічалі пастары Алег Габрусевіч і Антоні Бокун.

У выступленнях навукоўцаў прагучалі цікавыя факты з гісторыі стварэння берасцейскіх друкарняў ХVI cтагоддзя, з гісторыі перакладу Бібліі, інфармацыя пра асобнікі, якія захаваліся.

– Берасцейскую Біблію называюць яшчэ Радзівілаўскай, ці Пінчаўскай, – паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Людміла Сяргееўна Іванова. – У 1557 годзе сінод малапольскіх рэфарматарскіх збораў абраў камісію па перакладзе ўсяго Святога Пісьма. Цэнтрам перакладу быў абраны горад Пінчаў, у якім існавала гімназія пад кіраўніцтвам Рыгора Оршака. Былі выкарыстаны пераклады са старажытна-яўрэйскай, грэчаскай і французскай моваў. У перакладах удзельнічалі Рыгор Оршак, П’ер Статорыўс, Жан Тэнаўдус, Анджэй Тшацецкі, Францыск Станкар, Якуб Любэльчык, Сымон Зак, на розных этапах далучыліся іншыя тэолагі і перакладчыкі з Італіі і Германіі. М. Радзівіл Чорны ўзяў справу ў свае рукі і ўклаў каля 10000 злотых у выданне Берасцейскай Бібліі. Кніга была прызначана для распаўсюду ў ВКЛ і ў Польшчы. Яна вельмі шанавалася ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Мікалай Радзівіл Чорны быў зацікаўлены, каб пра кнігу ведалі ў свеце. Яна была падаравана знакамітым асобам у Еўропе, Альбрэхту і будучаму імператару Максіміліану, прысвечана Жыгімонту II Аўгусту. Асобнікі кнігі ў скураных пераплётах знаходзіліся ў Ашмянскім, Слуцкім, Капыльскім і Койданаўскім зборах. Пазней пераклад Новага Запавета з Берасцейскай Бібліі быў выкарыстаны для 12-моўнай Бібліі Паліглоты.

– У перакладах Берасцейскай Бібліі бралі ўдзел франкафоны, прадстаўнікі Францыі і Швейцарыі,- паведаміў кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДУКіМ  Ігар Клімаў. – Гэта былі франкамоўныя кальвіністы. Прадстаўнікі Жана Кальвіна былі запрошаны ў школу ў Пінчаў, дзе яны выкладалі грэчаскую і старажытна-яўрэйскую мовы. Сярод грона выкладчыкаў з 17 чалавек, 7 былі франкафонамі. Большую частку перакладчыкаў складалі польскамоўныя пратэстанты.

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што праца над стварэннем арыгінала Берасцейскай Бібліі аб’яднала лепшыя інтэлектуальныя сілы Еўропы.

Ужо ў ХХI cтагоддзі перавыданнем гэтага кніжнага шэдэўра  займаліся прадстаўнікі розных краін: польскія і амерыканскія, нямецкія даследчыкі. І ўрэшце ўнікальны твор, факсімільна перавыдадзены на беларускай зямлі, прыцягнуў увагу навуковай супольнасці на Беларусі.

Прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Жанна Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая распавяла пра факсімільнае перавыданне Берасцейскай Бібліі, якое выканалі ў 2001 годзе Ірэна Квілецкая (Польшча) і Дэвід Фрык (ЗША).

Загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Аляксандр Віктаравіч Стэфановіч паведаміў пра ўнікальны асобнік, які захоўваецца ў бібліятэцы, дзе ён працуе.

– У 1975 годзе, на пяцідзесяцігоддзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя  Я. Коласа, бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, з якой мы супрацоўнічаем, падаравала нам асобнік Берасцейскай Бібліі. У ім не хапала 40 лістоў з пачатку кнігі і 30 лістоў у канцы. Мы ганарымся, што ў нас ёсць гэты асобнік, мы прапагандавалі яго ў свой час.

У 2013 годзе, да 450-годдзя Берасцейскай Бібліі мы зрабілі электронную копію каштоўнага выдання, адсканавалі старонкі, якіх у нас не хапала, вывесілі электронную копію на сайце і бясплатна раздалі дыскі студэнтам, якія  працягваюць вывучаць Берасцейскую Біблію.

Кандыдат педагагічных навук Ларыса Іосіфаўна Доўнар падкрэсліла, што Берасцейская Біблія належыць да кніжнай спадчыны Беларусі і цяпер шануецца належным чынам.

Пастар пратэстанцкай царквы “Ян Прадвеснік” Антоні Бокун выказаў думку, што такія мерапрыемствы неабходны, каб вернікі розных канфесій пазнаёміліся з глыбокімі навуковымі даследваннямі, якія вядуць гісторыкі, філолагі, бібліёграфы. Імёны перакладчыкаў, якія захаваліся, сведчаць, што памяць пра тых, хто рупіўся пра Святое Пісьмо, застаецца на сотні гадоў.

 

Бліскучы ланцуг культурных падзей, звязаных з Берасцейскай Бібліяй, які арганізаваў спадар Алесь Суша, дапамог усвядоміць духоўную і культурную каштоўнасць кніжнага помніка і ролю, якая належала Бібліі  ў старажытнай беларускай дзяржаве.

Эла Дзвінская,

фота аўтара

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1417
Далучайцеся да нас