На радзіме вядомага ўкраінскага пісьменніка, паэта, вучо-нага і публіцыста Івана Франко, у дзяржаўным гістарычна-культурным запаведніку “Нагуевічы” на Львоўшчыне, адбылася прэзентацыя кнігі беларускага пісьменніка і гісторыка Юрыя Кур’яновіча “Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар”. Гэта першае беларускамоўнае выданне пра вялікага сына вялікага бацькі, аднаго з найвыдатнейшых прадстаўнікоў украінскага народа. Юры Уладзіміравіч – адзіны айчынны літаратар, які падтрымлівае цесныя сувязі з нашчадкамі героя кнігі, прысвечанай светлай памяці ўнучкі Пятра Іванавіча Надзеі Франко, якую ён асабіста ведаў і якая адышла ў ня-быт 10 траўня 2018 года. У кнізе пра яе ўпершыню распавядае сястра Іванка Міліянчук.
МЕСЦА для прэзентацыі было выбрана зусім не выпадкова. Пятро быў трэцім, малодшым сынам Івана Якаўлевіча і адзіным з яго дзяцей, хто нарадзіўся там, дзе і бацька. У цікавай творчай сустрэчы ўзялі ўдзел галоўны арганізатар мерапрыемства дырэктар “Нагуевічаў” Багдан Лазорак, які мае беларускія (віцебскія) карані, прадстаўнікі мясцовай улады і вя-домыя грамадска-культурныя дзеячы. Сярод іх былі перакладчык беларускай паэзіі, паэт і літаратуразнаўца, сябра Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны Міхайла Шалата, прадстаўнікі Драга-быцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Франко – прафесар кафедры ўкраінскай літаратуры і тэорыі літаратуры філфака, публіцыст, паэт, краязнавец і літаратуразнавец, сябар Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Ра-ман Пастух, дэкан гістфака, прафесар Леанід Цімашэнка, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры сусветнай літаратуры і славістыкі філфака Галіна Сабат, дырэктар універсітэцкай бібліятэкі Ігар Разлуцкі, грамадская дзяячка, ідэйная натхняльніца кніжна-літаратурнага фестывалю “Трускавецкі літфэст” Ганна Літвін і іншыя.
Адзначалася, што беларуская кніга Юрыя Кур’яновіча з’явілася значнай падзеяй у франказнаўстве і несумненна будзе спрыяць узмацненню ўкраінска-беларускіх культурных сувязяў. Аўтар зрабіў вельмі вялікую і пачэсную справу. Дзякуючы яму, гістарычная асоба сына Івана Франко, які знаходзіўся ў цені бацькі, стане куды болей вядомай не толькі для беларускай, але і для ўкраінскай грамадскасці. Як заўважала пляменніца Пятра Іванавіча, вядомы мовазнавец і грамадская дзяячка Зяновія Франко, на якую Юры Ку-р’яновіч спасылаецца ў прадмове да сваёй кнігі, з імем дзядзькі ўвязваліся перыпетыі падзей 20-х і 30-х гадоў, уз’яднанне 1939-га і таемная расправа, хоць, па афіцыйнай версіі, ён загінуў ад фашысцкай бомбы. Сцвярджаючы гэта, улады забаранялі згадваць яго імя нават у музеі бацькі, першым дырэктарам якога ён быў.
Удзельнікі прэзентацыі аднагалосна пагадзіліся з аўтарам кнігі, што на долю слыннага земляка выпала шмат духоўных і маральных выпрабаванняў. Яны былі павязаныя з варункамі асабістага і грамадскага жыцця. Але ў складаных сацыяльна-палітычных абставінах таленавіты навуковец-хімік, літаратар, адзін з першых украінскіх авіятараў ніколі не губляў нацыянальнай годнасці і веры ў высокае прызначэнне чалавека.
ПРЫСУТНЫЯ не маглі не звярнуць увагу на другую частку дасканалай працы, на тое, што яна ўяўляе сабой вельмі глыбокае літа-ратуразнаўчае даследаванне. Аўтар не проста ўпершыню поўнасцю пераклаў на беларускую ўспаміны сына пра бацьку пад нaзвай “Іван Франко зблізу”, а змясціў дакладныя каментары да гэтага твора, якія налічваюць аж 104 зноскі. Ён падаў біяграфічныя звесткі амаль кожнай асобы, якую згадвае, патлумачыў гэаграфічныя назвы, дыялектныя словы, для параўнання прывёў розныя заўвагі на пэўныя факты Пятра Франко і ўкраінскіх даследчыкаў. Ва Украіне ўспаміны сына пра бацьку не тое, што не друкаваліся з такімі падрабязнымі каментарымі, яны ўвогуле друкаваліся без каментароў. Дарэчы, упершыню твор Пятра Франко ў перакладзе Ю. Кур’яновіча з’явіўся ў “Літаратурнай Беларусі” 29 чэрвеня 2012 г.ода. Гэта было апавяданне “Руды пацук” . Яно ўвайшло ў кнігу разам з творамі “Іван Франко зблізу” і “У Херсоне”.
Упершыню першы перакладчык твораў П. Франко на беларускую пазнаёміўся з Украінай напачатку 80-х, калі быў яшчэ школьнікам. На летніх вакацыях ён апынуўся разам з бацькамі на адпачынку ў курортным Моршыне. Тое, што тады ўразіла і запомнілася, акрамя краявідных малюнкаў Прыкарпацця і Карпат, пісьменнік і даследчык сцісла і ёміста называе сёння двума словамі – нацыянальны каларыт. Ён увасабляўся не толькі ў дойлідстве, народных вырабах, нацыянальных стравах, апранутай у вышыванкі моладзі, розных шыльдах і плакатах па-ўкраінску, а перш за ўсё – у гучанні роднай мовы. Мясцовае насельніцтва натуральна, нязмушана і, не саромеючыся, размаўляла на матчынай мове, што ў той час, як, зрэшты, і сёння, істотна адрознівала радзянскую Украіну ад савецкай Беларусі. Свая, родная гаворка, была чутна паўсюль: на вуліцы, у аўтобусе, краме, кавярні, аптэцы, у размове падлеткаў. Украінскае маўленне, нібы паветра, лунала над тутэйшай зямлёй, нягледзячы на розныя савецкія ідэалагічныя ўстаноўкі і тэорыі пра зліццё моў і нацый. І, мабыць, тады ўпершыню пэўная геаграфічная прастора пачала разумецца патрыёту роднай зямлі і яе мовы ў нацыянальным кантэксце. Змест украінскага нацыянальнага каларыту паступова асэнсоўваўся, па словах мастака, пасля новых летаванняў у Моршыне і наведванняў падчас гэтых адпачынкаў Львова, Стрыя, Даліны, Балехава і Чарнаўцоў.
Пазней былі два гады салдацкай службы ў Палтаве, дзе аднойчы ў звальненні Юры набыў сваю першую ўкраінскую кніжку – малафарматны томік “Кабзара” Тараса Шаўчэнкі з ілюстрацыямі знакамітага мастака Васіля Касіяна. Пасталеўшы, будучы пісьменнік адкрыў для сябе творчыя набыткі Івана Франко, Лесі Украінкі, Марка Чарамшыны і Параскі Плыткі-Горыцвіт – гуцульскай самабытнай пісьменніцы і зберагальніцы народнай спадчыны з карпацкага сяла Крыварыўня на Івана-Франкоўшчыне, а таксама зна-кавы фільм Сяргея Параджанава “Цені забытых продкаў” паводле аповесці Міхася Кацюбінскага. Вось такім быў шлях творцы да ўкраінскіх перакладаў, некалькі з якіх ён прэзентаваў у кнізе “Цвітуць сланечнікі”, што пабачыла свет у 2013-м. Застаецца шчыра парадавацца за Юрыя і падзякаваць яму за плённую працу ў галіне не толькі перакладу, але ўвогуле ў нашай літаратуры, бо кніга, пра якую ішла гаворка, стала трэцяй па ліку, якая выйшла ў бягучым годзе.
Уладзімір Барысенка.
Фота Юрыя Кур’яновіча.
Злева направа: пярэдні рад – Багдан ЛАЗАРАК (укр. Богдан Лазорак; дырэктар дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка “Нагуевічы”), Юры КУР’ЯНОВІЧ, Міхайла ШАЛАТА (укр. Михайло Йосипович Шалата; перакладчык беларускай паэзіі, паэт і літаратуразнаўца, член Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, прафесар кафедры ўкраінскай літаратуры і тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Драгабыцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (ДДПУ) імя Івана Франко), Раман ПАСТУХ (укр. Роман Іванович Пастух; публіцыст, паэт, краязнавец, літаратуразнавец, член Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны); задні рад – Ганна ЛІТВІН (укр. Анна Литвин; грамадская дзяячка, ідэйная натхняльніца кніжна-літаратурнага фестывалю “Трускавецкі літфэст”), Ігар РАЗЛУЦКІ (укр. Ігор Миколайович Розлуцький; дырэктар бібліятэкі ДДПУ імя І. Франко), Васіль ЗВАРЫЧ (укр. Василь Захарович Зварич, кандыдат філалагічных навук, дацэнт ДДПУ імя І. Франко), Леанід ТЫМАШЭНКА (укр. Леонід Володимирович Тимошенко; дэкан гістарычнага факультэта ДДПУ імя І. Франко, прафесар), Уладзімір ХАНАС (укр. Володимир Йосипович Ханас; намеснік галавы Драгабыцкай дзяржаўнай адміністрацыі), Міхайла ЗАДАРОЖНЫ (укр. Михайло Задорожний; дэпутат Львоўскай абласной рады, прадпрымальнік), Галіна САБАТ (укр. Галина Петрівна Сабат; доктар філалагічных навук, прафесар кафедры сусветнай літаратуры і славістыкі філалагічнага факультэта ДДПУ імя І. Франко).