Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Замест рэцэнзіі. Таямніцы палескай зямлі

Замест рэцэнзіі. Таямніцы палескай зямлі

7 кастрычніка 2019, 19:16 Выданні 29
Замест рэцэнзіі. Таямніцы палескай зямлі

У 1980 годзе пабачыў свет гісторыка-эканамічны нарыс прафесараў Аляксея Вішнеўскага і Аляксея Літвіна, прысвечаны радзіме вядомага свяціцеля зямлі нашай Кірылы Тураўскага. І вось у  старэйшым выдавецтве “Беларусь” выйшаў другі своеасаблівы навукова-папулярны даведнік пра незвычайны палескі горад – “Тураў: старажытны і сучасны”. Яго аўтарам стаў   пісьменнік, публііцыст і даследчыка гісторыі Юрый Кур’яновіч.

    ДОБРА ведаю, што аўтар новага даследвання даўно і шчыра захоплены як маляўнічай прыродай Тураўшчыны, так і гісторыяй даўно мінулых дзён. Гэтае непадробнае, негульнявое захапленне патрыёта Бацькаўшчыны  выяўляецца ў ягоных  дзеяннях па аднаўленні духоўна-культурнага асяроддзя Палесся. Сёння шматлікае паломніцтва ў таямнічыя мясціны краю нікога не здзіўляе. Незвычайны куточак наведваюць не толькі беларусы, але і замежныя госці. Толькі наўрад ці хто прыпомніць, што менавіта Юрый Кур’яновіч першым пачаў расказваць на старонках рэспубліканскіх выданняў пра загадкавасць крыжа на Барысаглебскіх могілках, які вырастае з зямлі і стаў адным са зна-кавых турыстычных і рэлігійных аб’ектаў.

Каб прыцягнуць належную ўвагу грамадкасці да праблемы заняпаду Турава, Юрый Уладзіміравіч запрашаў і працягвае запрашаць у яго ў прыватным парадку і знакамітых людзей,  і вядомых літаратараў, і радыёстанцыі, і тэлебачанне.  Падчас карпатлівай працы над кнігай разам з аўтарам  горад наведвалі  такія няўрымслiвыя, творчыя людзі, як сябра Саюзаў пiсьменнiкаў Беларусi i Расii паэтка-песеннiца Валянцiна Палiканiна,  паэты-барды Валерый Пазнякевiч і Эдуард Акулін, паэт Леанід Дранько-Майсюк, кінадраматург сцэнарыст і паэт Уладзімір Мароз, паэт, публіцыст Алесь Гібок-Гібкоўскі, даследчык гісторыі і культуры, кнігазнавец Валерый Герасімаў, паэт-перакладчык Генадзь Бардышаў. Удзельнікам некаторых быў і аўтар гэтых радкоў. Памятныя  сустрэчы  адбываліся ў  мясцовых доме культуры і бібліятэцы. Тыя, каму давялося прысутнiчаць пры цікавых размовах – не пашкадавалі, бо запамінальныя хвiлiны былi сапраўдным святам душы, гаючым для яе лекам. Па прызнанні самога Юрыя Кур’яновіча, усялякі раз цукар у яго крывi, якi зашкальваў, знiжаўся  напалову. Пісьменнік не пераставаў падкрэсліваць, што ён  улюбёны ў Тураў.  І таму, як толькi выпадала вольная хвiлiна, ён лёцьма ляцеў у мястэчка.  На адной з сустрэч  ён з хваляваннем прачытаў верш нашай улюбёнай паэткi Яўгенii Янiшчыц:

Будзе слоту абвяшчаць прагноз,

Лiстабой учынiць ператруску,

Песняй, што расчулiла да слёз,

Я прыму цябе па-беларуску.

 

Сапраўды, нiякая слота не была для Юрыя перашкодай. Ён ахвяраваў сваімі вольнымi ад пра-цы днямi, спяшаўся (і, як бачыце, не адзін) да тураўцоў. 

У свой час у краязнаўчым музеі і тураўскіх школах прайшла фотавыстава пісьменніка пад назвай “Краявіды беларускай Палесціны”, якая адлюстравала фі-ласофскую непаўторнасць нашай Бацькаўшчыны. Сярод іншых   можна было пабачыць здымкі вышэй згаданага крыжа і драўлянай капліцы, на месцы якой пабудавалі новую, з белай цэглы. Гэтыя фатаграфіі ўвайшлі, вядома ж, і  ў багата ілюстраваную кніжку пісьменніка-даследчыка.

ПАПЯРЭДНЕ ён падрыхтаваў чытача да ўспрыняцця напісанага і сфатаграфаванага з дапамогай прадмовы пра спазнанне нашага матэрыяльнага свету.  Як вядома, на мове геаметрыі  зямная прастора мае тры вымярэнні – даўжыню, шырыню і вышыню. У такой сістэме каардынат мы і  ўспрымаем  і асэнсоўваем, адзначае аўтар, наваколле. Таму не дужа цяжка ўявіць сабе нейкі прасторавы аб’ект у розных вымярэннях, парадак якіх будзе не вышэй за трэці. Так, кропка ў нулявым вы-мярэнні ператвараецца ў лінію ў аднамернай прасторы, у плоскасць – у двухмернай і, нарэшце, у куб – у трохмернай. А вось уявіць сабе чацвёртае вымярэнне – гэта як сляпому ад нараджэння ўяўна думаць пра фарбы. У гэтым чацвёртым вымярэнні прадстаўнікі розных рэлігійных культаў знайшлі прытулак таямнічым, звышнатуральным з’явам. У некаторых вы-падках яны звязваюць яго з душамі памерлых, якія наведваюць наш свет, каб тварыць цуды. Чатырохмерная прастора стала тым эстэтычным гіпераб’ёмам, дзе пасялілася прывабная па вобразна-мастацкай выдумкі старажытная міфалогія і нашай роднай зямлі. У яе загадкавы свет Юрый Кур’яновіч і здзейсніў сваё падарожжа, якое стала (чытач гэта яскрава адчуе) займальнай  экскурсіяй у векавую гісторыю краіны і спазнаннем  нашай багатай культурнай спадчыны з яе язычніцкімі і біблейскімі матывамі. Матывамі, вельмі характэрнымі для старажытнай Тураўшчыны. Сапраўды, можа, менавіта тут і знаходзіцца каўчэг напаўнення і захавання народнай міфалогіі, ментальнасці і феномену нашай адметнай і незвычайнай культуры.

Каб заінтрыгаваць чытача, непасрэдны расповед аўтар кнігі пачынае з тога месца, дзе б’ецца сэрца палескага краю. Гэта поўдзень краіны, паэтычнае ўзбярэжжа неўтаймавана-наравістай Прыпяці, якой аддае сваю даніну маленькі Струмень. Тут,  сярод балотных капішчаў, старажытных славянскіх паселішчаў i рэшткаў першых хрысціянскіх храмаў, дзе само паветра лашчыць нас паляшуцкім духам паданняў i легендаў, і  прапісаўся легендарны Тураў – прарадзіма ўсходне-славянскіх народаў, рэліктавая скарбонка беларускай этнаграфіі. Нават сёння, падкрэслівае аўтар, гэтая зямля для многіх нашых суайчыннікаў- terra incognita. Першыя рысы яе міфалагічнасці яскрава вымалёўваліся перада мной, калі мы з Юрыем  пераязджалі аднойчы прыпяцкі мост па шашы ад Жыткавіч да Турава. Перад нашымі вачыма паўстала карціна велічнай ракі, аблямаванай зялёнай стужкай адвечных лясоў. I над усёй гэтай прасторай  уражваў ганарліва-незалежны палёт буслоў.  Гледзячы на гэты неруш, мы нібы перагортвалі старонкі памяці, вярталіся  ў часы панавання продкаў – дрыгавічоў i драўлян. Можа,  гэта сюды прыводзіў драўлянскі князь Мал cвaix дзяцей – прыгажуню Малушу i дужага Дабрыню, каб яны атрымалі першае бацькоўскае настаўленне i разуменне такіх рэчаў, як свабода, незалежнасць і любоў да сваёй Радзімы. A цi не перадала потым, пытаецца ў кнізе яе аўтар,  яго дачка па крыві свайму сыну Уладзіміру Вялікаму, хрысціцелю рускай зямлі, гэты незалежніцкі, свабодалюбны дух, а яго дзядзька-выхавацель Дабрыня – ваяўнічы пыл. A цi не бываў тут потым Святаполк Туpaўcкi са сваёй жонкай –  дачкой польскага караля Баляслава I Харобрага? Трэба ж было яму пасакрэтнічаць з Баляслаўнай па-за брамай княжацкага палаца з xaўpycнiкaмi кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча ды часткова суняць хваляванне, pacпавесці пра свае намеры заняць велікакняскі пасад у Кіеве, параіцца пра ўдзел у гэтай справе яе духоўніка – біскупа Рэйнберна…

Так, пагаджаюся з Юрыем: за смугой часу нам не даведацца пра дзявочыя мары дачкі драўлянскага князя Малушы, пра падрабязнасці яе дачыненняў са cвaiм мужам – князем Святаславам Ігаравічам. Не разгледзець i абставін трагічнага лёсу Святаполка, пра-званага летапісцам Акаянным, якога аўтар не раз узгадвае  ў сваёй пазнавальнай кнізе. Прыпяцкая зямля маўкліва захоўвае праўду пра тыя падзеі, пра авеяны легендамі i славай Тураў. Прыемнага ўсім знаёмства з яе таямніцамі…

Уладзімір Барысенка.

Фота аўтара.

  1. Прыдарожны знак пры ўездзе ў горад з боку Жыткавіч. Травень 2019 г.; 2. Памятны знак у гонар 1000-годдзя Турава. Травень 2019 г.; 3. Помнік куліку-марадунцы. Травень 2019 г.; 7. Памятны знак у гонар К. Астрожскага каля царквы Усіх Святых. Травень 2019 г.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3421
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3617
Далучайцеся да нас