Я не бачыў яго і не чуў пра яго.
І калі б не ягоная трагічная смерць, пэўна, ніколі не даведаўся б, што ў Вілейцы быў такі настаўнік – Арцём Харашэй.
З усіх каментароў прысвечных гэтай падзеі, якія я прачытаў на сайце НН, вылучу адзін:
“Вы можаце ўявіць у ЕС ці Канадзе што настаўнік жыве ў інтэрнаце, як бежанец з ваюючых краін?
Зарплаты настаўніка не хапае нават на арэнду жылля…”.
https://nn.by.
Цяпер задам пытанне тым, хто чытаў трылогію Аляксея Талстога “Блуканне па пакутах”. Колькі пакояў было ў кватэры маладога піцерскага інжынера Івана Іванавіча Цялегіна?
Гэтае пытанне я любіў задаваць інжынерам і тэхнікам славутага колісь “Інтэграла”, якія, нібы студэнты, туліліся ў невялікіх пакоях па чатыры і нават пяць чалавек у “абшчазе” на вуліцы Казінца.
А яшчэ я любіў задаваць такое пытанне: што купіў на свой першы заробак сормаўскі рабочы Павел Уласаў з аповесці Максіма Горкага “Маці”? І ці можа нешта такое і ў такой колькасці купіць на свой заробак савецкі інжынер, настаўнік, лекар?
“Буржуазія пазбавіла свяшчэннага арэолу ўсе роды дзейнасці, якія да гэтага часу лічыліся ганаровымі і на якія глядзелі з багавейлівым трымценнем. Лекара, юрыста, святара, паэта, чалавека навукі яна ператварыла ў сваіх платных наёмных работнікаў”.
Чытаючы ў маладыя гады гэтыя словы, я міжволі экстрапаляваў іх на савецкую рэчаіснасць. Маркс і Энгельс і падумаць не маглі, што ў Расіі, прыкрываючыся іх імёнамі, да ўлады прыйдуць людзі, якія будуць працаваць не на ўзвышэнне, а на паніжэнне чалавека, што ў буржуазных Канадзе і Штатах, у Нямеччыне і Францыі будзе больш сацыялізму, чым у “першай краіне пераможнага сацыялізму”. Лекар і юрыст, інжынер і настаўнік там не туляцца ў “абшчагах”, не жывуць у вясковых хатах, дзе ні вадаправода, ні гарачай вады, ні каналізацыі. Там мігрантаў з Азіі і Афрыкі ў такіх умовах трымаць нельга.
А яшчэ я любіў цытаваць Леніна: “Народны настаўнік павінен быць у нас пастаўлены на такую вышыню, на якой ён ніколі не стаяў і не можа стаяць у буржу-азным грамадстве… Да такога стану спраў мы павінны ісці сістэматычнай, няўхільнай, настойлівай працай і над яго духоўным уздымам, і над яго ўсебаковай падрыхтоўкай да яго сапраўды высокага звання і, галоўнае, галоўнае і галоўнае – над уздымам яго матэрыяльнага становішча”.
Вось пра гэтае “галоўнае, галоўнае і галоўнае” ўвесь час забывалі і забываюць тыя, хто называлі і, пэўна, як міністр Карпенка, яшчэ называюць сябе камуністамі-ленінцамі.
Настаўнік царскай гімназіі мог сабе дазволіць паездку ў Берлін ці Парыж. І нават народны настаўнік (настаўнік пачатковай школы) Андрэй Лабановіч у царскі час жыў непараўнальна лепш за многіх іх калег у суверэннай і “еўрапейскай” Беларусі: у яго было гарантаванае жыллё пры школе, а старожка бабка Мар’я за ім прыбірала, яму гатавала і, пэўна ж, мыла кашулі ды споднікі.
Звычайна ў рацыянальна пабудаванай сістэме дзейнічае такое правіла: я даю табе ўсё для твайго бязбеднага існавання, але патрабую ад цябе працы. У бальша-віцкай і постбальшавіцкай сістэме “еўрапейскай” Беларусі ўсё наадварот: я патрабую ад цябе працы, але не гарантую табе бязбеднага існавання. Не гарантаваўшы табе бязбеднага існавання, я патрабую ад цябе… Лепш не пералічваць, што цяпер патрабуюць ад настаўніка ды выкладчыка тэхнікума ці ВНУ.
Калі кажуць, што ў настаўніцкай прафесіі нізкі прэстыж, дык праблема не зводзіцца адно да матэрыяльнага становішча, пра якое пісаў Ленін. Праблема ў тым, што настаўнік бездапаможны перад сістэмай. Ён не можа паставіць вучню адзнаку, якая б адпавядала сапраўднаму ўзроўню яго ведаў, ён не можа даць яму заданне на лета, пакінуць на другі год… Ужо і студэнтаў у нас нельга пакідаць з “хвастамі” ды выключаць з ВНУ. Дармо, што яны не ходзяць на лекцыі і практычныя заняткі, не чытаюць у неаўдыторны час. Педагог бездапаможны перад няздарамі, гультаямі і нахабамі ды перад іх бацькамі. Мусячы выводзіць патрэбныя начальству балы, забяспечваючы патрэбныя начальству паказчыкі, педагог становіцца хлусам і пасмешышчам у вачах няздараў, гультаёў і нахабаў ды іх бацькоў. І ў пасмешышча, у вартага жалю чалавечка ён ператвараецца, калі змушаны хадзіць па дамах і кватэрах, выслухоўваць лаянку не заўсёды цвярозых бацькоў, складаць усякія паперкі.
Я не хацеў бы ўлазіць у палітыку, хацеў бы ўсё звесці да сацыяльных і мара-льных праблем. Але… Дакладна ведаю, што ў савецкі час настаўнікаў не любілі за прапаганду атэізму, асабліва тых двурушнікаў, хто таемна хрысціў дзяцей і нават не абыходзіўся без фарбаваных яек на Вялікдзень. Не любілі за хлусню пра “самы перадавы на свеце лад”, пра “самае шчаслівае жыццё”, пра “самую перадавую навуку” і да т.п. Цяпер прапагандаваць атэізм ад педагогаў не патрабуюць, але многія з іх мусяць крывадушнічаць, хлусіць і апавядаць сваім вучням пра “беларускую мадэль”, “сацыяльна арыентаваную дзяржаву”, пра “мудрую палітыку”… не, не КПСС… А яшчэ мусяць сядзець у выбарчых камісіях і таксама крывадушнічаць і хлусіць. Але дэпалітызацыяй навучальных устаноў у нас і не пахне. Амаль усё, як пры КПСС.
…Шкада, што Бацькаўшчыну, уцякаючы ад гэтай “мадэлі”, тысячамі пакідаюць маладыя людзі.
Шкада, што некаторыя маладыя развітваюцца з гэтым няўтульным светам.
Мяккім пухам Табе зямля, Арцёме.
Анатоль Сідарэвіч.
29 жніўня 2019 г.