6 жніўня на офісе БАЖ у Менску адбылася сустрэча, прысвечаная 5-годдзю з моманту заснавання хрысціянскага інфармацыйнага партала Крыніца.iнфо.– электроннага СМІ, які адлюстроўвае погляд хрысціянаў на грамадскія і культурныя падзеі, транслюе навіны дзейнасці канфесій.
На вечарыне прысутнічалі стваральнікі і аўтары інфармацыйнага партала: Анатоль Шырвель, Павел Севярынец, Аляксандр Тамковіч, Валеры Мацкевіч, Аксана Ючкавіч і іншыя.
Ідэя запачаткавання СМІ з хрысціянскім поглядам на свет нарадзілася ў Паўла Севярынца ў Купліне ў 2013 годзе.
– Для хрысціянаў, якія любяць Беларусь і хацелі б пачуць праўду, не хапала інфармацыйнай прасторы, – адзначыў Павел Севярынец. – Ёсць Sobor.by і Catholic.by, часопіс “Аве Марыя” і “Наша вера”, але не было пляцоўкі, якая б яднала хрысціян розных канфесій. Тры месяцы аўтары будучага партала збіралі інфармацыю з розных бакоў, і 6 жніўня 2014 года тэставая версія выйшла – запрацаваў партал Крыніца. інфо. Ён хутка пачаў набіраць абароты. Склаўся калектыў з 30 чалавек, удалося атрымаць замежную падтрымку для яго дзейнасці. 1000 праглядаў у дзень адзначалі выхад Крыніцы. Парталам зацікавіліся канфесійныя колы, яго пачалі ўзгадваць святары і епіскапы. Царкоўная эліта адчула патрэбу ў міжканфесійнай інфармацыі, каб католікі ведалі, што адбываецца ў братоў-праваслаўных і пратэстантаў, – паведаміў Павел Севярынец.- Аднак потым колькасць праглядаў зменшылася, фінансаванне скончылася. Але, нягледзячы на цяжкасці, 7 чалавек засталіся працаваць на некамерцыйным праекце на валанцёрскіх пачатках. Першым рэдактарам Крыніцы.iнфо быў Анатоль Шырвель. Максім Гацак выконваў вялікую працу, каб працягваць дзейнасць партала. Пастаяннымі аўтарамі Крыніцы сталі Вікторыя Чаплева,Эльвіра Гарошка, Вольга Севярынец і іншыя. Самае галоўнае, што сфарміравалася супольнасць, якая стварае партал і якая пастаянна карыстаецца інфармацыяй.
Прадстаўнікі розных канфесій яднаюцца на ідэі любові да беларускага грамадства. На партале прысутнічае аналітыка, актуальныя інтэрв’ю, навіны з іншых краін. Папулярнасцю карыстаюцца блогі Кастуся Шыталя, Сяргея Луканіна, Максіма Гацака. Практыка паказвае, што чытачоў кранаюць асабістыя рэчы: перамога над хваробамі, жыццё шматдзетных сем’яў, выхаванне дзяцей. Прагляды такіх матэрыялаў складаюць 2.000 – 4.000. Крыніца.інфо стала адным з найбуйнейшых хрысціянскіх парталаў на постсавецкай прасторы. З яго чэрпаюць інфармацыю многія заходнія амбасады. Партал мае тры версіі: рускую, беларускую і англійскую.
Заснавальнікі і аўтары Крыніцы. інфо абмеркавалі перспектывы развіцця партала.
Э. Д звінская,
фота аўтара:
- Павел Севярынец; 2. Сход аўтараў партала на офісе БАЖ; 3. Анатоль Шырвель.