Да 85-годдзя пісьменніка ў чэрвені і ліпені ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі праходзіла кніжная выстава. Чытачы зацікавіліся разнастайнасцю жанраў, у якіх працуе вядомы празаік. Гэта апавяданні і аповесці, падарожныя нарысы, зборы публіцыстыкі, раманы пра жыццё і творчасць знакамітых майстроў жывапісу: Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Станіслава Жукоўскага, Антона Бархаткова, Гаўрыіла Вашчанку і іншых.
Пісьменнік пагадзіўся ўзгадаць пра яркія моманты жыцця і вандровак. Юбіляру па старой звычцы зручней друкаваць апавяданні на машынцы, а потым аддаваць іх у камп’ютарны набор. У перапынках паміж літаратурнай працай ён звяртаецца да мальберта. На сценах яго пакоя – пейзажы і партрэты, фотаздымкі родных, вырабы народных майстроў.
– Віктар Філімонавіч, Вы вельмі любіце прыроду, падарожнічалі не толькі па Беларусі, але і наведвалі Мальдзівы, Сейшэлы, Маўрыкій, Мадагаскар. Вашы назіранні аб сустрэчах з жыхарамі гэтых краін адлюстраваны ў аповесці “Глядзіце ў вочы ляму-ру”. Як Вы патрапілі на акіянскія выспы?
– Многія здзіўляліся, як я з’ездзіў на Індыйскі акіян. У канцы 70-тых гадоў дэлегацыя Саюза пісьменнікаў СССР адправілася ў краіны – былыя калоніі Францыі і Англіі, якія сталі вольнымі. Савецкі ўрад імкнуўся завязваць культурныя кантакты з гэтымі народамі і краінамі. Сфарміравалі такую экспедыцыю, куды ўваходзілі міністр культуры Грузіі, скульптар з Латвіі, два прафесары Маскоўскага ўніверсітэта, літоўская паэтэса, і ўключылі мяне. Мы ляцелі на самалёце, гэта было цікава. Я пабываў на выспах у Індыйскім акіяне, і напісаў аповесць пра далёкія краіны. На Сейшэлах і на Мадагаскары я знаходзіў кантакт з прыродай. Яна натхніла мяне на напісанне аповесці, хоць я не ведаў ні мовы, ні гісторыі тых мясцовасцей. За 20 дзён мы наведалі чатыры краіны. Я пабываў на Сейшэлах у дамках у мясцовых людзей, слухаў іх спевы. Былі кантакты і з ваеннымі, і з паліцэйскімі. Брыль сказаў, што гэта лепшае, што ў нас ёсць пра замежжа ў літаратуры. Падарожжы я вельмі любіў і знайходзіў новыя ўражанні. Ужывую сустракаліся сланы і лямуры.
– Ці не прыгадаеце, якім было Ваша першае апавяданне?
-У 1956 годзе ў студэнцкія гады мы адправіліся ў Кустанайскую вобласць і ўдзельнічалі ў жніве на цаліне. Жыццё было цікавае, яно па-маладому ўражвала. Рамантыка, палаткі, героіка гарачых дзён – усё было вельмі ўрачыста. З маладымі аднакурснікамі мы жылі ў палатках у стэпе. У брыгадзе кругласуткава працавалі 13 камбайнаў, на машынах звозілі зерне, і мы ўчатырох у начную змену выгружалі яго і засыпалі яго ў бурт. Бывала, што ўначы адвозілі зерне на элеватар. Едзеш з кіроўцам па стэпе, кругом ноч, дзіўна, як ён арыентуецца. Калі я вярнуўся адтуль – напісаў апавяданне на рускай мове “Сыновья”. Шафёр па дарозе расказваў пра сваіх сыноў, пра іх працу і лёс. Занёс апавяданне ў “Советскую Отчизну” (Так называўся тады часопіс “Нёман”). Многія пісьменнікі майго пакалення, выхадцы з Магілёўшчыны, пачыналі пісаць па-руску: Стральцоў, Чыгрынаў, Ялугін.
Была ў мяне цікавая сустрэча з Барысам Іванавічам Бур’янам, які загадваў аддзелам прозы. Ён прыхільна да мяне паставіўся і аддаў апавяданне ў нумар. Яно было надрукавана ў сакавіку 1957 года. Гэта быў чалавек высокай культуры, у мінулым – драматычны актор, франтавік, удзельнік вызвалення Менска. Ён вельмі спадабаўся мне як шчыры чалавек і выдатны прафесіянал. Калі выйшла яго аповесць пра Максіма Багдановіча “Сіняя бухта”, ён падпісаў кнігу, і яна мне вельмі спадабалася. Праз год, скончыўшы ўніверсітэт, я прыйшоў да яго з новым апавяданнем. Ён пацікавіўся маім лёсам. Наша філалагічнае пакаленне: Чыгрынаў, Пташнікаў заканчавалі вучобу і ўладкаваліся ў Менску, хто ў -“Маладосць”, хто – у “Полымя”. Барыс Іванавіч шчыра і па-бацькоўску параіў мне паехаць у раённую газету. “На раёне ты знойдзеш сапраўднае багатае народнае жыццё. Беларуская мова – сёння ў вёсцы.” Так я і зрабіў. Прыехаў у Магілёўскую вобласць і патрапіў адказным сакратаром у родны Чэрыкаў, дзе жылі мае сваякі і стрыечныя браты. Папрацаваў год у Чэрыкаўскай раённай газеце, і адчыў, што там была выдатная школа жыцця і беларускай мовы. Потым я прыжыўся ў канторы лясніцтва і завёў добрыя стасункі з леснікамі. Гэта сяброўства засталося на ўсё жыццё, тэмай у літаратуры стала прырода і леснікі. Лес, паляванне, Сож, цудоўныя мясціны – гэта незабыўнае!
У Лімені быў бабровы запаведнік і вальер з аленямі. Ліменскі лес славіўся яшчэ пры цары, драўніна ішла на будаўніцтва Чарнаморскага флоту. Пасля рэвалюцыі ў доме пана Васілеўскага была заснавана школа-камуна. Яе узначальваў Панцеляймон Лепяшынскі. З яе выйшлі Ісаак Любан, два будучыя генералы. Жыццё мяне звязала з Ліменню. Мы палявалі і рыбачылі, там я напісаў апавяданне “Падранак” і раман “Пушча”. Потым туды прыйшла радыяцыя. Я прыехаў праз пяць дзён, пасля таго, як чарнобыльскае воблака села на Лімень. Мае Чэрыкаўскія лясы аказаліся самымі забруджанымі ў Беларусі. Я пабываў у вёсках, паглядзеў, што там адбываецца і напісаў аповесць “Аброчны крыж”. Намеснік старшыні аблвыканкама Клімаў прапаноўваў выпісаць мне пасведчанне ліквідатара. Я адмовіўся, бо не ратаваў ад бяды, а толькі пісаў. Лясная тэма ўвайшла ў маё жыццё, паляўнічыя былі маімі сябрамі.
Да лесу ў мяне святыя адносіны. З дзяцінства Сож і лес былі роднай стыхіяй. Потым я вандраваў па лясах Карэліі, любіў лясную стыхію, у мяне была машына, палаткі, стрэльбы, сабакі. Маё захапленне лесам якраз і вывела на мастака, які пісаў прыроду і не мог жыць без яе. Вітольд Бялыніцкі-Біруля быў унікальны прыроднік. Напісаўшы пра яго, я зацікавіўся творчасцю яго сябра – Станіслава Жукоўскага і напісаў аповесць “Брат мой духоўны”. Так яно і пайшло ў мяне, я палюбіў гэтую тэму.
– Выдавецтва “Беларусь” нядаўна выдала Вашу кнігу “Зямля Фердынанда” для сярэдняй школы. А раней дзецям рэкамендавалася для прачытання ў ста-рэйшых класах пераважна апавяданне “Дзяльба кабанчыка”.
– У новую кнігу ўключылі апавяданні розных гадоў, аповесць пра Фердынанда Рушчыца, эсэ. Аповесць пра Бялыніцкага-Бірулю раней уваходзіла ў праграму як літаратура пазакласная. Было б добра, каб гэтую аповесць уключылі ў абавязковую школьную праграму. Для дзяцей і моладзі гэта літа-ратура вельмі многа дае. У ёй паказана духоўная шчырасць мастака. Я напісаў восем аповесцей і раманаў пра мастакоў. Увесь час працуючы ў гэтай тэме, глядзіш па-новаму на творцаў, на мастацкую тэматыку. Перада мною, як пісьменнікам, паўстаюць усё новыя і новыя задачы. У Бірулі мяне захапляла, як адчуванне прыроды вылівалася ў яго мастацтва, калі пісаў пра Жукоўскага, мяне хваляваў яго круты лёс і яго пошукі каларыту. Ён быў больш энергічны і тэмпераменты за свайго сябра. Як пісаў аповесць пра Рушчыца – зразумеў яшчэ адну ісціну – літаратура пра мастака сёння вельмі патрэбная!
Калі глыбока ўглядацца і імкнуцца разумець, мастак вучыць чытача духоўнай шчырасці і адкрытасці. Але не проста ўвайсці ў яго ўнутраны свет! Сам мастак адкрываецца найперш свайму твору. Нашаму чалавеку, беларусу, які вельмі замкнёны, гэта сёння вельмі трэба. Успамінаючы сваю маладосць, бацькоў і старэйшых людзей, я заўважаю, што пасля вайны людзі былі больш адкрытыя. Сёння чалавек больш замыкаецца, але з самім сабой цяжка жыць у адзіноце, і людзі групуюцца ў суполкі. Я стараўся быць з усімі адкрытым.
Я напісаў аповесць пра самага замоўчанага нашага мастака Міхаіла Савіцкага. Такія кампазіцыі, глыбокія і складаныя, ніхто, акрамя яго, не мог рабіць. У яго былі сябры, былі і ворагі. Нават інтэлегентныя людзі даходзілі да таго ў сваіх размовах, што казалі: “Ці мае ён права пісаць на тэмы канцлагераў? Яго трэба распрануць і праверыць, ці выпалены ў яго на целе нумар вязня.” Колькі хлусці навалаклі на Савіцкага! А ён быў адданы свайму станку, ён пісаў.
Праглядаю кавалкі сваёй новай аповесці: Савіцкі пісаў сваю апошнюю работу на каленях, яго ўжо не трымалі ногі. Яму зрабілі спецыяльны насціл, другую высокую падлогу, каб ён мог стаяць на каленях і пісаць. Ён пісаў нямецкі шпіталь, дзе немцы выцягвалі кроў з дзяцей. Жыццё яго было трагічным…
– Заўсёды побач з Вамі партрэты Вашых бацькоў…
– Мама і бацька былі грыбнікі, без лесу жыць не маглі, на беразе Сожа стаяла хата. Бацька быў настаўнікам, ён пражыў 77 гадоў. Два разы ён быў у палоне ў Германіі. У першую Сусветную вайну, знаходзячыся ў палоне, ён выкарыстаў час, каб вывучыць нямецкую мову. Потым пры Маскоўскім універстэце ён скончыў завочна вышэйшыя курсы і здабыў дыплом выкладчыка нямец-кай мовы.
У другую Сусветную вайну ён не падлягаў прызыву, як стары чалавек, а ведаючы нямецкую мову, не захацеў заставацца пры немцах, і мы пайшлі ў бежанства. Пазней бацьку давялося быць дырэктарам школы пад Ульянаўскам. Школа знаходзілася ў маёнтку Тургенева. Там стаяў пісьмовы стол, за якім пісаў свой раман “Хождение по мукам” Аляксей Талстой. Праз жонку Аляксея Талстога маёнтак дастаўся яму. Я яшчэ не пісаў пра гэты цікавы адрэзак жыцця.
– Сярод іншых ёсць і Ваш партрэт.
– Яго паднёс мне на 80-годдзе на сустрэчы ў бібліятэцы Антон Вырва. Мы з ім бывалі на пленэрах на Сажы, у Крычаве. Ён паціху замалёўваў і зрабіў мой партрэт.
Гутарыла Эла Дзвінская,
фота аўтара і з
архіва пісьменніка:
- Кнігі пісьменніка ў Нацыянальнай бібліятэцы;
- Віктар Карамазаў у маладосці;
- Віктар Філімонавіч і яго партрэт пэндзля Антона Вырвы.