Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Культуролаг Вадзім Мажэйка пра школьны курс па літаратуры: Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно

Культуролаг Вадзім Мажэйка пра школьны курс па літаратуры: Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно

12 жніўня 2019, 17:39 Мова, Навука 22
Культуролаг Вадзім Мажэйка  пра школьны курс па літаратуры:  Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно

Кандыдат культуралогіі, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка напісаў для сайта Цэнтра новых ідэй “Ідэя” цікавы матэрыял, у якім прапануе пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры.

 

Палова беларусаў зусім не чытае мастацкую літаратуру. Сярод моладзі такіх людзей яшчэ больш, і бацькі схільныя вінаваціць у гэтым відэагульні ды агульнае падзенне нораваў. Аднак, бадай, асноўны забойца цікаўнасці да літаратуры – гэта сучасная школьная праграма. Вось што ў ёй трэба змяніць, каб стала лепей.

 

Вывучаць сусветную літаратуру, а не толькі рускую

 

У беларускіх школах дагэтуль вывучаюць дзве літаратуры – беларускую і рускую. Гучыць неверагодна, але адукацыя фактычна ігнаруе ўвесь корпус сусветнай літаратуры. Так, у навучальнай праграме для X-XI класаў можна знайсці толькі пяць тэкстаў пяці аўтараў, якія адносяцца да сусветнай літаратуры: Шэкспір, Драйзер, Гашак, Лорка, Экзюперы. І ўсе яны – толькі для дадатковага чытання.

“Русское купечество”, “русский национальный театр” “нравственная сила русского национального характера” – гэта ўсё тэмы для навучання, якія ўздымаюцца ў праграме літаратуры. Беларускім дзецям невядома дзеля чаго прапануюць рускацэнтрычны погляд на свет.

Руская літаратурная традыцыя – сапраўды велічэзны складнік сусветнай літаратурнай культуры. Аднак доля рускай літаратуры ў беларускай школьнай праграме мусіць адпавядаць адсотку, які складаюць творы рускіх пісьменнікаў у сусветнай літаратурнай спадчыне. На сёння ў метадычнай частцы праграмы няма тлумачэння, чаму творы рускіх пісьменнікаў маюць такую перавагу.

 

Думаць над творам, а не зубрыць “правільную” крытыку

 

Школьны курс дагэтуль грунтуецца на кансерватыўным падыходзе да разгляду твораў. Каб рэфлексаваць над прозай ды лірыкай, дзецям прапануецца засвоіць “асновы светаўспрымання аўтара”, вывучыць яго біяграфію, а потым зразумець, што аўтар хацеў сказаць. Дзіўна засяроджвацца на гэтым у век постмадэрну, калі Ралан Барт ужо 50 гадоў таму напісаў “Смерць аўтара”.

Французскі філосаф і літаратурны крытык пераканаўча даводзіць, што бессэнсоўна шукаць тлумачэнне твора ў біяграфіі аўтара – “цяпер тэкст ствараецца і чытаецца такім чынам, што аўтар на ўсіх яго ўзроўнях ліквідуецца”. Адпаведна, не існуе “правільнага” разумення таго ці іншага твора, бо тэкст пераасэнсоўваецца наноў з кожным чытаннем

Адпаведна, на ўроках літаратуры трэба вучыцца глыбока разважаць, фармуляваць свае думкі і аргументавана іх выказваць у эсэ ды вусных абмеркаваннях. Немагчыма развіць мысленне, калі проста завучваць тлумачэнні са старой крытыкі.

 

Адлюстраваць у праграме існаванне пісьменніц

 

Пра гендарную роўнасць у курсе літаратуры не чуваць. У праграме дамінуюць творы, якія пісалі мужчыны, і там збольшага прадстаўлены патрыярхальны погляд на свет. Так, ва ўжо ўзгаданай праграме для X-XI класаў асобныя гадзіны выдзелены на вывучэнне толькі творчасці Цвятаевай. Творы Ахматавай ёсць у дадатковых спісах для чытання. Таксама некалькі аўтарак згадваюцца ў агульных аглядах. Усе астатнія творы – мужчынскія.

Калумністка budzma.by Ганна Янкута прыводзіць яскравы прыклад патрыярхальнага пады-ходу пры вывучэнні “Героя нашага часу” Лермантава ў IX класе. Праграма прапануе вывучаць “трагічны лёс Пячорына”, аднак ніяк не разглядае гісторыю з пунк-ту гледжання Бэлы, выкраданне якой Пячорын замовіў, а пасля трымаў яе ў няволі і спрабаваў маніпуляцыямі дабіцца яе кахання. У выніку загінула і Бэла, і яе бацька, але іх трагічны лёс складальніка праграмы хвалюе меней.

Не варта ствараць штучныя квоты, каб палову аўтараў складалі жанчыны. Арыентавацца ў першую чаргу трэба на якасць, інакш гэта толькі зашкодзіць іміджу жаночай творчасці. Аднак у сусветнай літаратуры хапае добрых пісьменніц, якія адлюстроўваюць жаночы погляд на свет. Не варта абмяжоўвацца патрыярхальнымі рускімі норавамі.

 

Разбавіць неўміручую класіку сучаснымі творамі

 

За стагоддзі ў чалавецтва назапасілася шмат выдатных узораў мастацкай літаратуры. Аднак са школьнага курса ў дзяцей можа скласціся ўражанне, што літаратура – гэта толькі нейкая забава продкаў, якая даўно аджыла сваё і не мае працягу ў наш час. Відавочна, гэта супярэчыць рэчаіснасці. Да таго ж такі падыход зніжае цікаўнасць да літаратуры ў моладзі, якая натуральна цягнецца да ўсяго сучаснага.

Зразумела, што прасцей складаць праграму з класічных твораў, якія ўжо правераны часам. Не трэба вялікай кваліфікацыі, каб ведаць, што Шэкспір і Дастаеўскі – гэта “топчык” свайго часу. Куды складаней адабраць нешта з сучаснасці, бо трэба будзе адрозніць часова моднае ад сапраўды магутных твораў, якія маюць глыбокі патэнцыял. Кансерватыў-ная беларуская сістэма адукацыі абірае тут просты шлях. Аднак з яго трэба смела ступіць на глебу пошукаў новага, каб прыцягнуць увагу моладзі.

Да таго ж сучасная літаратура патрэбная, каб размаўляць пра актуальныя праблемы, сучаснай мовай і ў актуальным тэмпарытме. Дзецям цяжка адчуць адзінства з героем, знайсці агульныя з ім пачуцці, калі яны жывуць фактычна ў іншым свеце. Безумоўна, існуюць вечныя тэмы, а дасведчаны чытач знойдзе паралелі з блізкай яму рэчаіснасцю ў розных культурных кантэкстах, але школьнік, хутчэй, кіне нудную кніжку ды пойдзе глядзець відэаблог.

 

Стварыць умовы для но-вай генерацыі настаўнікаў

 

Нават самыя перадавыя рэформы на базавым узроўні будуць ажыццяўляць не прасунутыя маладыя рэфарматары, але простыя настаўнікі мовы і літаратуры. Без глыбокіх зменаў у гэтым асяродку ніякія новыя ідэі і прагрэсіўныя методыкі проста не дойдуць да вучняў.

Гаротны лёс беларускіх настаўнікаў вядомы: да халеры працы з паперкамі, дзіўныя абавязкі, кшталту хадзіць па кватэрах вучняў альбо збіраць іх на дабраахвотна-прымусовы хакей. Тыя ж настаўнікі пераважаюць сярод чальцоў выбарчых камісій, якія фальсіфікуюць выбары. Заробкі ж пры гэтым такія мізэрныя, што нават добрых новых кніжак набыць не атрымаецца.

Сацыяльны статус настаўнікаў мусіць адпавядаць той высокай ролі, якую яны выконваюць у грамадстве. Заробкі неабходна павысіць, а не звязаныя з навучаннем абавязкі – скасаваць. Гэта гучыць як кніжная ісціна, якую шмат разоў паўтаралі нават на самым высокім узроўні, але заганная сістэма працягвае існаваць. А яскравыя і ініцыятыўныя настаўнікі, якія могуць зацікавіць вучняў літаратурай (як герой Робіна Уільямса ў “Таварыстве мёртвых паэтаў”), застаюцца адзінкавымі выключэннямі ў беларускай школьнай багне.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5421
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5017
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Далучайцеся да нас