У ёй у навукоўцы і краязнаўцы абмяркоўвалі праблемы гісторыі і культуры памежжа.
Канферэнцыю адкрыў Уладзімір Ганскі, кандыдат эканамічных навук, дацэнт кафедры кіравання, дырэктар навукова-практычнага цэнтра даследаванняў турызму Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці, які сказаў, што “…сёлетняя канферэнцыя прымеркавана да 200-гадова юбілею Свята-Мікалаеўскай царквы. А першая канферэнцыя такога кшталту была прысвечана паэту, этнографу, фалькларысту, грамадскаму дзеячу Ігнату Храпавіцкаму, які нарадзіўся ў в. Каханавічы Верхнядзінскага раёна”.
Асоба гэтага чалавека да гэтага часу ўражвае тым, якім колам праблемаў займаўся Ігнат Храпавіцкі. Яго магілу адшукалі і апякуюць сябры клуба “Белыя вароны” якія “гняздуюцца” ў Ка-ханавічах, на чале з Пятром Квяцінскім.
“І. Храпавіцкі ў 1850 г. …распрацаваў праект скасаван-ня паншчыны і правёў яго на сходзе дваран Віцебскай губерні, але адміністрацыя знайшла зачэпку, каб праект не набыў сілу закону. Пасля доўгі час не прымаў удзел у грамадскім жыцці. Служыў наглядчыкам ссыпных магазінаў Дрысенскага павета, быў абраны ў 1859 г. дрысенскім павятовым маршалкам. Правадзейны член Віцебскага губернскага апякунства дзіцячых прытулкаў, член статыстычнага камітэта. Калі ў 1861 г. выйшаў указ аб скасаванні прыгону і пачалася вялікая сялянская рэформа, Ігнат Храпавіцкі ўзяўся за яе правядзенне, за што ён быў узнагароджаны срэбным медалём на Аляксееўскай стужцы і бронзавым медалём “За труды по освобождению крестьян”.
Чарговая канферэнцыя сабрала навукоўцаў з розных вышэйшых установаў Беларусі – Полацкага і Віцебскага ўніверсітэтаў, навуковых супрацоўнікаў мясцовага музея, быў запрошаны для ўдзелу ў канферэнцыі вядомы краязнавец з Мёраў Вітольд Антонавіч Ермалёнак, які распавёў аб магічных лекавых сродках, што прадстаўлены ў музеі Мёрскай СШ № 3.
На пачатку канферэнцыі слова меў протаіярэй Валянцін Вабішчэвіч, дабрачынны раёна, які сказаў, што “сёняшняя сустрэча – гэта пошук праўды і калі гэты пошук атрымаў Божае дабраславенне, ён будзе мець поспех”.
Натхняльнік гэтай канферэнцыі У.А. Ганскі перадаў у па-дарунак раённаму краязнаўчаму музею кнігу, узрост якой 200 год!, а раённай бібліятэцы – зборнік артыкулаў па тэме канферэнцыі.
Дырэктарка раённага краязначага музея Л. Харашэўская распавяла пра тое, якая праца вядзецца ў раёне па захаванні культурна-гістарычнай спадыны
– У дзяржаўным спісе помнікаў гісторыі і культуры раёна -43 аб’екты, якія ахоўваюцца дзяржавай. З іх: 19 – помнікаў археалогіі, 8 – архітэктуры і 16 – помнікаў гісторыі. Найбольш вядомыя – гэта чыгуначны вакзал ў Бігосава, Сар’янскі храм, былы манастырскі шпіталь ў Асвеі і сядзібна-паркавы комплекс ў в. Вопытная, і ён адзін з найбольш пацярпелых помнікаў архітэктуры раёна. За кожным помнікам замацаваны шэфы, рэгу-лярна вядзеццца маніторынг стану помнікаў гісторыі і культуры, якія, пры ўсім пры гэтым, патрабуюць вялікіх укладанняў для ўтрымання іх у належным стане.
У свой час мне амаль тры гады давялося займацца справай захавання культурна -гістарычнай спадчыны раёна, і тады ж быў створаны Кардынацыйны савет, які якраз і меў сваёй галоўнай справай займацца праблемамі захавання нашай спадчыны. Праўда, як сябра савета, за апошнія тры гады я ніводнага разу не была запрошана на яго пасяджэнні.
Старшы навуковы супрацоўнік музея Антон Бубала ў сваім выступе спыніўся на стасунках паміж жыхарамі памежжа ў пасляваенны час і зазначыў, што -гэты перыяд характарызаваўся, уласцівай народам-суседзям узаемадапамогай. Ён, характарызуючы сёняшнія стасункі паміж суседзямі, выказаў думку аб стварэнні курсаў вывучэння латышскай мовы. Праўда, улічваючы адсутнасць на канферэнцыі прад-стаўнікоў улады, пытанне павісла ў паветры, і я мусіла паразважаць на тэму: “Што рабіць, калі мы і сваёй мовы добра не ведаем?” Але пытанне слушнае, і той жа Антон Бубала, які некалі заканчваў Даўгаўпілскі інстытут і добра ведае мову сеседняга народа, мог бы даць штуршок для стварэння пры раённым музеі адпаведных курсаў. Але, падаецца, прапанова выказана заўчасна.
Пра “Пасляваенную рэчаіснасць Верхнядзвіншчыны (1944-пачатак 1950 гг.) па матэрыялах вуснай гісторыі” гаварыла на канферэнцыі Алена Вячаславаўна Смуко, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Яе калега, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі і турызму гэтай жа навучальнай установы Уладзімір Аляксандравіч Лобач адразу заўважыў, што яго карані – з Верхнядзвіншчыны, і спыніўся на тэме “Аб’екты сакральнай геаграфіі Верхнядзвіншчыны: сімвалічны статус і рытуальныя функцыі” і нагадаў пра тое, што нашы продкі надавалі культавы статус крыніцам і выкарыстоўвалі іх у абрадавых практыках. Заўважу, што апошнімі гадамі ў нашым раёне распачалі добрую справу па добраўпарадкаванні крынічак, да чаго спрычы-ніліся мясцовыя святары, насельніцтва, сельскія выканкамы, дэпутаты. Так адрадзілі крынічкі ў Шайцерава, Каханавічах, Сар’і, Бароўцы. Праўда, варта, дзеля аб’ектыўнасці сказаць пра тое, што “..мода на адкрыццё і асвячэнне новых крыніц не заўсёды азначае, што вада ў такіх крыніцах адпавядае належным пітным якасцям”, і большасць крынічак знаходзіцца ў заняпадзе, а месцазнахожанне некаторых нават вызначыць цяжка. А раней крынічку мела амаль кожная вёска і яны вельмі шанаваліся жыхарамі. Прыкладам ён распавёў пра крынічку Пяценка ў Расіцы, па сведчаннях старажылаў на месцы якой быццам з’явіўся абраз Божай Маці. А калі святыню занеслі ў Расіцкі храм, яна зноў вярнулася на сваё месца, і тады на гэтым месца выкапалі калодзеж і пабудавалі невялікую царкву, а вада лічылася святой, якая мае гаючыя ўласцівасці.
Цікавы выступ чакаў удзельнікаў канферэнцыі ад Мішынай Веры Іванаўны, старэйшай выкладчыцы кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта – “Вайна ў лёсе сялянскай сям’і (паводле ўспамінаў жыхароў Віцебшчыны і Пскоўшчыны)”.
Яшчэ і сёння сярод жыхароў раёна можна знайсці шмат сведкаў тых шматпакутных часоў, калі вайны пляжыла мясцовыя вёскі. А Верхнядзвіншчына страціла больш за палову сваіх насельнікаў, былы Асвейскі раён увогуле знік з твару зямлі. А карная аперацыя ворагаў “Зімовае хараство” ў 1942 годзе ў Расіцы стала сімвалам няскоранасці і мужнасці людзей, і таму кожны год расіцкая зямля сустракае шматлікія пілігрымкі, якія ідуць, каб ушанаваць подзвіг простых святароў і іх паствы.
“Міфалагема “гаспадар ваўкоў” у фальклоры і магіі розных народаў” – тэма выступу захавальніка фондаў музея навукі і асветы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Паўла Іванавіча Мішына, якая дала для прысутных шмат цікавых і некалькі нават нечаканых фактаў.
Малодшы навуковы супрацоўнік раённага музея А.Л. Вашкель расказаў прысутным аб ролі раёна ў культурным абмене паміж дзяржавамі-суседзямі. Можна да гэтага дадаць, што, дзякуючы дэпутацкаму корпусу раёна, жыхары Верхнядзвіншчыны маюць магчымасць акунуцца ў культурнае жыццё Дагдскага раёна, з якім падпісаны дамова аб супрацоўніцтве, а ў раённай бібліятэцы імя Т. Хадкевіча знаёміццца з творчасцю мастакоў, народных майстроў з суседняй краіны.
Госцем канферэнцыі быў Віктар Калныньш, які цікава гаварыў пра гісторыю Краславы, пра сёняшняе жыццё раёна, з якім у мяне асабіста звязаны цікавыя і цёплыя ўспаміны пра агульныя святы на Кургане Дружбы і святы ў Краславе, а таксама пра турыстычную прывабнасць, пра помнікі гісторыі і культуры рэгіёна.
У гэты ж дзень праца канферэнцыі працягнулася ў раённым краязнаўчым музеі.
Валянціна Болбат,
ТБМ, Верхнядзвінск.