Дзясятак гадоў палявых даследаванняў, шмат месяцаў, праведзеных за камп’ютарам, і ў выніку свет убачыла новая кніга польскага лінгвіста Міраслава Янкавяка, прысвечаная сучасным беларускім гаворкам Латвіі, – “Wspolczesne gwary bialoruskie na Lotwie. Charakterystyka. Wybor tekstow”.
Міраслаў Янкавяк – ураджэнец горада Легіянова, што пад Варшавай. Ён з’яўляецца выпускніком кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Многа гадоў працаваў у Польскай акадэміі навук. А цяпер з’яўляецца супрацоўнікам Чэшскай АН у Празе.
У Варшаве ў 2004 годзе Янкавяк пачынаў, а ў Празе працягвае вывучаць беларускія гаворкі ў Латвіі. На самым усходнім ускрайку Латвіі, у яе гістарычным рэгіёне Латгалія, на граніцы з Беларуссю і Расіяй, у ваколіцах гарадоў Даўгаўпілс, Краслава, Індра, Посыне, Зылупе жывуць яшчэ апошнія носьбіты беларускай мовы.
Першая кніга Янкавяка “Gwary bialoruskie na Lotwie w rejonie kraslawskim. Studium socjolingwistyczne” выйшла яшчэ ў 2009 годзе. Затым яна двойчы ўбачыла свет па-беларуску, дзякуючы чаму тады яшчэ малады вучоны стаў вядомы ў Беларусі.
Міраслаў Янкавяк:
– У манаграфіі “Gwary bialoruskie na Lotwie w rejonie kraslawskim. Studium socjolingwistyczne” былі адлюстраваны такія праблемы, як функцыянаванне беларускіх гаворак ва ўмовах шматмоўя (выкарыстанне паасобных моў і дыялектаў у розных сферах жыцця), характарыстыка фанетыка-граматычных рыс, змешаны, беларуска-расійскі характар лексікі, а таксама пытанне жыццяздольнасці гэтых гаворак.
Цяпер з’явілася праца пра ўсе куткі Латвіі, дзе гучыць беларуская мова. Апісанне мовы з прыкладамі ў выглядзе расказаў тамтэйшых людзей пра сваё жыццё – мінулае і сучаснае. Праца ўбачыла свет у Празе ў 2018 годзе, але тыраж кнігі з’явіўся толькі цяпер. Выданне аздоблена каляровымі фатаграфіямі з мясцін, у якіх пабываў Міраслаў Янкавяк, шукаючы сляды беларускай мовы.
Міраслаў Янкавяк:
– Кніга “Wspolczesne gwary bialorus-kie na Lotwie. Charakterystyka. Wybor tekstow” складаецца зь дзьвюх частак – разгляду паходжаньня беларускіх гаворак у Латвіі, стану даследаванняў, характарыстыкі стру-ктуры і выбраных дыялектных тэкстаў, запісаных з дапамогай знакаў фанетычнай тран-скрыпцыі. Цікавым пытаннем з’яўляецца паходжанне беларускіх гаворак, якія функцыянуюць на латвійскіх землях.
Нягледзячы на тое, што першыя кантакты крывічоў з балцкімі плямёнамі зафік-саваны ў глыбокім сярэднявеччы, пра з’яўленне большай колькасьці беларусаў на гэтай тэрыторыі можна казаць толькі ў дачыненні да другой паловы ХІХ ст. Міграцыя была выклікана рознымі фактарамі – адміністрацыйнай прыналежнасцю да адной дзяржавы (Віцебская губерня Расійскай імперыі), адменай прыгоннага права ў 1861 г., будаўніцтвам чыгункі Віцебск-Дынабург і іншымі фактарамі. Найбольшая колькасць беларусаў пасялілася на тэрыторыі былога Інфлянцкага ваяводства Рэчы Паспалітай (цяпер Латгалія) – спачатку ў ваколіцах Па-сыэне, а пазней таксама і ў іншых паветах. У 60-я гады ХІХ ст. беларусы складалі ў Лю-цынскім павеце 20,6% ад колькасці ўсіх жыхароў, у Рэжыцкім павеце – 18,1%, а ў Дзвінскім павеце – 6,9%. Беларусы прыяжджалі таксама і ў Курляндскую губерню (ваколіцы Ілукшты, Фрыдрыхштадскі павет).
Найлепшым часам для развіцця культуры, мовы і ідэнтычнасці беларусаў быў даваенны перыяд, калі ў Латвіі функцыянавала шмат школ, таварыстваў і арга-нізацый нацменшасцей. Правы нацменшасцей былі абмежаваны пасля 1934 года, калі прэзідэнт Латвіі Карліс Улманіс увёў аўтарытарны рэжым, і цалкам ігнараваліся ў перыяд з’яўлення савецкай улады ў 1940 г. і пасля 1945 г.
Разам з аднаўленнем незалежнасці Латвіі ў 1991 г. пачалося адраджэнне гра-мадска-культурнага жыцця беларусаў у латвійскіх гарадах і ў Латгаліі.
Згодна з прынятай у беларускай дыялекталёгіі традыцыйнай класіфікацыяй, гаворкі на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Латвіі трэба лічыць працягам паўночнай групы паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы; гістарычна яны складаюць адзін масіў з гаворкамі з беларускага боку мяжы і гаворкамі паўднёвай часткі Пскоўскай вобласці Расіі (раёны Себежа і Невеля). Прыналежнасць гэтай тэрыторыі да трох дзяржаў (Беларуская ССР / Беларусь, Латвійская ССР / Латвія, Расійская СФСР / Расія) прывяло з цягам часу да пэўнага адрознення беларускіх гаворак. Самая моцная русіфікацыя назіраецца на тэрыторыі РФ (у сувязі з адсутнасцю беларускамоўнай адукацыі або адміністрацыйна-грамадкай падтрымкі), а найменшая – на тэрыторыі Беларусі.
Прысутнасць беларусаў на латвійскіх землях была адзначана ўжо Аляксандрам Рыціхам (“Этнаграфічная карта еўрапейскай Расіі”, 1875 г.), а пазней Яўхімам Карскім (“Этнаграфічная карта беларускага племені”, 1903 г.).
Карскі не толькі вызначыў межы беларускага этнасу на гэтай тэрыторыі, але і першым ахарактарызаваў беларускія гаворкі Латвіі. Прысутнасць беларускіх гаворак на гэтай тэрыторыі была таксама пацверджана даследаваннямі членаў Маскоўскай дыялекталягічнай камісіі (“Дыялекталагічная карта рускай мовы ў Еўропе”, 1914 г.).
Вялікія заслугі маюць члены міжнароднай экспедыцыі 1977 г., у якой удзельнічалі даследчыкі з Беларускай і Латвійскай ССР. Даследавалі яны на працягу некалькіх гадоў беларускія гаворкі на беларуска-польска-літоўска-латвійскім памежжы, вынікам чаго стала выданне “Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” (1979-1986 гг.).
Шматгадовыя дыялекталягічныя даследаваньні паказалі, што беларускія гаворкі на тэрыторыі Латвіі таксама не аднародныя. На поўначы (Зылупе, Пасыене) назіраецца больш рыс, характэрных для расейскіх гаворак і расейскай мовы (пераважна лексічных, менш фанетычных і граматычных), а на поўдні гаворкі маюць больш беларускі характар. Некаторыя з рыс, апісаных Я. Карскім у 1903 г., не былі мной зафіксаваны на тэрыторыі, якая знаходзіцца на поўнач ад Шкяўне (там адсутнічае форма займенніка гэты, не адбываецца палаталізацыя (к), (г), (х), няма канструкцый тыпу “пайсьці да бацькі”). Не назіраецца аднароднасць таксама і ў маўленні дзвюх груп насельніцтва – аўтахтонных беларусаў (мова больш русіфікаваная) і прыежджых у Латвійскую ССР пасля Другой сусветнай вайны (у мове захавалася больш беларускіх элементаў). Аднак амаль усе дыялектныя рысы, пра якія пісаў больш за сто гадоў таму Я. Карскі, фіксуюцца ва ўсіх гаворках на тэрыторыі Латвіі.
Сярод найбольш распаўсюджаных рыс беларускіх гаворак можна назваць: звонкі, фрыкатыўны (г) – галава, горад, (у) нескладовае – пайшоў, а таксама формы дзеяслова 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку – знаець, паедзець, робюць. Хутчэй за ўсё, гэтыя моўныя рысы будуць прысутнічаць у мове мясцовых жыхароў яшчэ доўгі час.
Міраслаў Янкавяк збіраецца працяг-ваць пісаць даследаванні пра беларускія гаворкі Латвіі. Паводле яго слоў, гэтыя дыялекты імкліва знікаюць, і неабходна зрабіць, каб захаваць іх хаця б для навукі.
Міраслаў Янкавяк:
– Чарговай публікацыяй будзе мана-графія “Gwary bialoruskie na Lotwie jako przyklad leksykalnego dziedzictwa pogranicza baltycko-slowianskiego” з дадаткам “Slownik gwar bialoruskich na Lotwie”. Плануецца таксама выданне невялікага “Atlasu gwar bialoruskich na Lotwie”.
Віктар Корбут.
Фота: В. Корбут/
radyjo.net.