• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 21 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
“Мой тата – палярнік, і я ім ганаруся”

“Мой тата – палярнік, і я ім ганаруся”

14 мая 2019, 20:15 Навука 32
“Мой тата – палярнік, і я ім ганаруся”

Вучні 23 Менскай гімназіі мелі магчымасць сустрэцца з унікальнай асобай, даследчыкам Антартыды, маладым вучоным, біёлагам Дзмітрыем Лукашанцам. Дзмітрый Аляксандравіч, супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра Акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах прачытаў лекцыю пра прыроду і жывёльны свет лядовага кантынента і распавёў пра дзейнасць беларускай навукова-даследчай станцыі “Гара Вячэрняя”.У  спадара Дзмітрыя і яго жонкі Кацярыны двое дзяцей – Руслан і Майя. Руслан ганарыцца сваім татам і запрасіў яго выступіць для сваіх сяброў і іх бацькоў у гімназіі. Вучням пашанцавала прагледзець некалькі відэастужак і ўбачыць калекцыю марскіх зорак і іншых жывёл з дна акіяна.

Самы халодны кантынент быў адкрыты рускімі падарожнікамі Фадзеем Белінсгаўзенам і Міхаілам Лазаравым у 1820 годзе,  а Паўднёвага полюсу ўпершыню дасягнуў нарвежац Руаль Амундсан амаль стагоддзем пазней.

З  50-тых гадоў мінулага стагоддзя міжнароднай супольнасцю было вырашана захоўваць Антартыду як нейтральную тэры-торыю міра і навукі, самае чыстае месца на зямлі. Яе лядовыя пра-сторы, раслінны і жывёльны свет вывучаюць  спецыялісты з ЗША, Расіі, Кітая, Японіі і іншых краін. Беларуская экспедыцыя ў Антарктыдзе працуе ўжо 11 год. Рэспубліка Беларусь мае багатыя традыцыі вывучэння і асваення Антарктыкі. Наша палярная станцыя працягвае будавацца.

Беларусы прымалі актыўны ўдзел у даследваннях у складзе савецкіх антарктычных экспедыцый. Пачынаючы з 1957, у розныя гады ў палярных экспедыцыях удзельнічалі звыш 100 беларусаў. У асноўным, гэта былі навукоўцы: эколагі, метэаролагі, гідролагі. Першым палярнікам Беларусі быў В. К. Шымановіч, удзельнік другой комплекснай антарктычнай экспедыцыі (1957).

11 траўня 2011 года Урадам Беларусі была зацверджана Дзяржаўная праграма “Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011-2015 гады”. З таго часу значна пашырыўся аб’ём навукова-даследчых работ спецыялістамі з Беларусі ў Антарктыдзе, вядзецца будаўніцтва ўласнай станцыі на базе гары Вячэрняй.

Удзельнікі сустрэчы задалі навукоўцу шмат пытанняў.

– Чым унікальны клімат Антарктыды?

– Амаль увесь кантынент пакрыты лядовым покрывам. На узбярэжжы, у раёне будаўніцтва беларускай станцыі тэмпература паветра ўзімку дасягае  – 40, а ўлетку можа быць ад -15 да +5. Вельмі суровы клімат у сярэдзіне кантынента, напрыклад, у той частцы, дзе знаходзіцца расійская станцыя “Усход”, там тэмпература ўзімку дасягае амаль  – 88.

Моцны вецер, які часам дзьме з хуткасцю 30-40 метраў у сякунду і ўздымае снежныя віхуры і завеі. Вецер часам выдувае камяні як соты. Пры ясным надвор’і яркае сонца адлюстроўваецца ад снегу і свеціць асляпляльна. Палярнікі надзяваюць акуляры і маскі, каб зберагчы вочы.

Ледзяны купал над цвёрдай зямлёй у некаторых раёнах Антарктыды можа дасягаць трох кіламетраў. Частка лёду улетку спаўзае ў акіян, так ствараюцца айсбергі. Калі ўлетку растае снег, то можна назіраць мхі і лішайнікі на скалах і камянях. Калоніі імператарскіх пінгвінаў і пінгвінаў Адэлі могуць дасягаць колькасці некалькіх тысячаў асобаў. З пінгвінамі суседнічаюць паморнікі і буравеснікі. Цюлені жывуць на ўзбярэжжы. Антарктычныя воды багатыя планктонам, які з’яўляецца асновай ланцуга харчавання. Асабліва квітнее жыццё на дне акіяна: там жывуць марскія вожыкі, марскія зоркі, малюскі, губкі і іншыя жывёлы.

У прэснаводных азёрах мацерыковых прыбярэжных аазісаў існуюць экасістэмы, населеныя сіне-зялёнымі водарасцямі, круглымі чарвямі, весланогімі рачкамі і дафніямі. У 1994 вучоныя перадалі паведамленне аб хуткім павелічэнні колькасці раслін у Антарктыдзе, што выглядае пацвярджэннем гіпотэзы аб глабальным пацяпленні клімату на планеце.

З-за суровасці клімату ў Антарктыдзе няма пастаяннага насельніцтва. Часовае насельніцтва, якое базуецца на навуковых станцыях, складае ад 5000 чалавек летам да 1000 чалавек зімой. На сёняшні дзень больш за 40 краін маюць у Антарктыдзе навуковыя станцыі. Да ліку пастаянных антарктычных даследчыкаў належаць прадстаўнікі вялікіх і высокаразвітых краін.

–  Як трапляюць беларускія палярнікі ў Антарктыду?

– Экспедыцыя адпраўляецца на расійскім караблі “Акадэмік Фёдараў” праз Атлантычны акіян. Карабель робіць прыпынкі ў Германіі і ў Кейптаўне (Паўднёва -Афрыканская рэспубліка), дзе члены экіпажа папаўняюць запасы паліва і  харчавання. Каманда, у складзе якой – будаўнікі, вучоныя, медыкі і тэхнічныя спецыялісты, праводзяць на станцыі паляр-нае лета са снежня па люты. Гэта калі казаць толькі пра нашу станцыю і іншыя сезонныя станцыі; але на большасці расійскіх станцый людзі жывуць круглы год. Улетку карабель курсіруе ўздоўж узбярэжжа Антарктыды і наведвае станцыі розных краін, дастаўляе людзей і грузы, вывозіць смецце ў асобных бочках.

Беларускія палярнікі могуць дабірацца да месца станцыі таксама самалётам. Боінг з экіпажам і грузамі здольны сесці на лядовую паверхню. Па зямлі (дакладней – па снезе і лёдзе) перасоўваюцца ўсюдыходы і снегаходы.

Домікі і асобныя будаўнічыя матэрыялы для стварэння станцыі з карабля на зямлю дастаўляліся верталётам. Зборка модуляў ішла на месцы. На станцыі ёсць даследчыя лабараторыі і дызельныя  электрастанцыі. Трымаць сабак зараз не дазваляецца, а раней гэта было магчыма.

– Чым харчуюцца палярнікі?

– Яны ўжываюць мяса, бульбу, шмат гародніны і садавіны (яблыкі, апельсіны). Харчаванне ў экспедыцыі павінна быць якас-ным. Запасы прадуктаў папаўняюцца падчас заходу ў Германію і Паўднёвую Афрыку з такім разлікам, каб хапіла на ўвесь час антарктычнага лета.

– Як навукоўцы даследуюць дно акіяна?

– Выкарыстоўваецца спецыяльны апарат – робат, які апускаецца ў лунку ў лёдзе. Даследчык кіруе ім, ён паглыбляецца ў ваду, можа браць пробы жывёл (напрыклад, марскіх зорачак) і раслін, здымаць на відэа дно акіяна.

– Як Вам удалося здзейсніць Вашу мару і патрапіць у Антарктыду?

– Я нарадзіўся ў Менску ў 1986 годзе ў сям’ і акадэміка Аляксандра Аляксандравіча Лукашанца. У школе цікавіўся біялогіяй, а ў прыватнасці – заалогіяй, пасля заканчэння школы паступіў у БДУ на біялагічны факультэт. У 2008 годзе паступіў у магістратуру, а потым – у аспірантуру. У 2014 годзе абараніў дысертацыю. Яе тэма была звязана з дробнымі мікраскапічнымі арганізмамі – калавароткамі. Старэйшыя калегі ездзілі ў Антарктыду, я даведаўся ад іх пра экспедыцыі, зацікавіўся гэтым. Кіраўнікі навуковых накірункаў па розных галінах выбіраюць самых годных спецыялістаў, якія б маглі адправіцца на лядовы кантынент і праводзіць даследванні. Часцей выбіраюць маладых, у каго ў парадку са здароўем, тых, хто добра валодае метадамі даследванняў. Але ўзрост не самае галоўнае. Кіраўніку біялагічнага накірунку Юрыю Рыгоравічу Гігіняку – 74 гады і ён ужо чатыры разы пабываў у Антарктыдзе. Магчыма, мая далейшая навуковая праца таксама будзе прысвечана Антарктыдзе.

– Раскажыце, калі ласка, пра сабраную калекцыю антарк-тычных раслін.

– Расліннасць у Антарктыдзе прадстаўлена, ў асноўным, мхамі і лішайнікамі. Збор іх аб-разцоў абавязкова ўваходзіць у біялагічную праграму экспедыцыі. Цягам папярэдніх экспедыцый мае старэйшыя калегі сабралі многа матэрыялу, я таксама папоўніў калекцыю. Гэты гербарый лічыцца здабыткам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цікава, што адны віды антарктычных лішайнікаў жывуць толькі там, а іншыя – сустракаюцца і ў Паўночным паўшар’і.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

На здымках:

  1. Д.А. Лукашанец; 2. Дзеці вывучаюць марскія расліны; 3. Госці сустрэчы.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы
Выданні

Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы

12 студзеня 2021, 19:0320
Свята Дня Незалежнасці
Грамадства

Свята Дня Незалежнасці

18 жніўня 2019, 21:5219
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
60 беларускамоўных хітоў сучаснасці — суб'ектыўны спіс TuzinFM і Letapis.by
Грамадства

60 беларускамоўных хітоў сучаснасці — суб'ектыўны спіс TuzinFM і Letapis.by

30 лістапада 2018, 14:2217
Далучайцеся да нас