Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Крыніцы генеалагічнай асветы

Крыніцы генеалагічнай асветы

10 красавіка 2019, 20:54 Навука 42
Крыніцы генеалагічнай асветы

Навукова-практычны семінар “Крыніцы па генеалогіі ў беларускіх архівах і бібліятэках” адбыўся 27 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. На ім з прэзентацыямі выступілі супрацоўнікі навукова-даследчага адзела кнігазнаўства бібліятэкі і прадстаўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

Школьнікі і студэнты вывучаюць гісторыю сваіх сямей, штогод удзельнічаюць у конкурсах радаводаў, асобы сталага веку паглыбляюць свае веды. Таму зала адукацыйных тэхналогій была перапоўненай, і у ёй прысутнічалі такія аўтарытэтныя асобы, як Зміцер Дрозд, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч і іншыя.

– У 90-тыя гады ў нашай краіне пачаўся сапраўдны генеалагічны бум, – адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзяніс Васільевіч Лісейчыкаў. – Калі інфармацыя пра продкаў (дваранскага паходжання, у тым ліку рэпрэсаваных) больш не пагражала стратай кар’еры, многія беларусы пачалі займацца стварэннем радаводаў. А некаторыя захацелі пацвердзіць сваё шляхецкае паходжанне. Пошук інфармацыі стаў актуальным для многіх пры стварэнні карты паляка.

“Сайт “Архівы Беларусі” (https://archives.gov.by/) дае магчымасць атрымаць важную інфармацыю, – распавёў Дзяніс Лісейчыкаў. – Карысную інфармацыю можна знайсці на літоўскіх, латышскіх і польскіх сайтах: lietuvos paveldas, www.lvva-raduraksti.lv, www.szukajwarchiwach.pl і іншых.

20 прыходскіх архіваў цэркваў і касцёлаў адлічбаваныя (з Лоска, Міра, Радашковічаў, Ракава, Дзераўной, Ішкалдзі, Нясвіжа, Росі, Жыровічаў, Быценя і іншых гарадоў.) Ідзе праца над адлічбоўкай іншых архіўных крыніц.

Старшыня Грамадскай арганізацыі “Радавод”, кандыдат гістарычных навук  Вадзім Урублеўскі распавеў пра генеалагічную асвету на сеняшнім этапе, паведаміў пра розныя праекты і інтэрнэт-рэсурсы, які дапамагаюць у пошуку продкаў. Згуртаванне беларускай шляхты не адно дзесяцігоддзе займаецца сістэматызацыяй інфармацыі пра шляхецкія роды. Такую інфармацыю можна адшукаць на сайце: www.nobility.by  (forum).

Гурток даследчыкаў генеалогіі дзейнічае ў БДУ на гістарычным факультэце. Школа практычнай генеалогіі існуе ў праваслаўным прыходзе св. Мікалая Японскага, а заняткі яе праходзяць у будынку Духоўнай Акадэміі ў Менску. Праект ставіць асветніцкія задачы. Гурток ” Наш радавод” існуе ў Гародні. Створаны рэсурс www.radawod.by і захоўвае карысную інфармацыю для тых, хто цікавіцца пытаннямі генеалогіі.

Каштоўную інфармацыю нясе праект “Вілейскі павет” , існуе грамадскае аб’яднанне і сайт: www.vilejski-uezd.by

У Бабруйску дзейнічае гістарычна-генеалагічнае таварыства “Истоки”. Соцыёкультурны праект VEHA ажыццяўляе незалежная арт-група, якая працуе ў галіне архіўнай фатаграфіі і вуснай гісторыі. Інфармацыя пра расійскія генеалагічныя крыніцы размешчана на сайце www.forum. ugd.ru. “Беларусы імкнуцца, каб у нас існавала такая шырокая грамадская пляцоўка па генеалагічных даследваннях, як ва Украіне і Расіі”,- засведчылі ўдзельнікі семінара.

Яўген Станіслававіч Глінскі, супрацоўнік Нацыянальнага архіва, папярэдзіў, што трэба быць уважлівымі ў вывучэнні дакументаў, бо здаўна існавалі фальсіфікацыі і падробкі, праз якія людзі спрабавалі далучыцца да шляхецкага саслоўя і слынных радоў. Часамі мела месца прырастанне звестак, устаўленыя вывады, якія дапісваліся пазней на старонках метрычных дакументаў і рэвізскіх сказак.

Загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, кандыдат гістарычных навук Анатоль Мікалаевіч Сцебурака распавёў пра генеалагічныя крыніцы Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта метрычныя кнігі каталіцкіх касцёлаў, праваслаўных і ўніяцкіх цэркваў Берасцейскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай і Гомельскай абласцей.

Спадар Анатоль пазнаёміў з невялічкай выставай старажытных дакументаў у чытальнай зале рукапісаў. Тут можна пабачыць: алфавітны спіс народжаных і памерлых у Будслаўскай парафіі ў 1780-1855 гадах, спіс шлюбаў, метрычную кнігу Быхаўскага парафіяльнага касцёла на лацінскай мове і іншыя рэдкія дакументы.

Нацыянальны гістарычны архіў і Нацыянальная бібліятэка дапамагаюць чытачам і карыстальнікам у пошуках генеалагічных крыніц для стварэння радаводаў.

Эла Дзвінская,

фота з архіва Анатоля Сцебуракі

  1. Паседжанне школы практычнай генеалогіі ў Менску.
  2. Анатоль Сцебурака.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі
Культура

ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

28 чэрвеня 2022, 20:0816
2 красавіка – Вербніца
Грамадства

2 красавіка – Вербніца

29 сакавіка 2023, 07:3215
“Замкавы гасцінец” у Лідзе запрашае музыкаў і паэтаў
Культура

“Замкавы гасцінец” у Лідзе запрашае музыкаў і паэтаў

26 чэрвеня 2025, 20:0714
У Берасці адкрылі памятны знак на былой сінагозе
Грамадства

У Берасці адкрылі памятны знак на былой сінагозе

19 снежня 2018, 10:2314
Далучайцеся да нас