Home
ТБМ

НЯСВІЖСКАЯ ТЫСЯЧА

НЯСВІЖСКАЯ ТЫСЯЧА

Я – беларус.

 Мая родная мова – беларуская.                   

Васіль Быкаў.

 

28 – 360 – 984 (амаль тысяча) – такія вынікі колькаснага ўдзелу ў Агульнанацыянальнай дыктоўцы на Нясвіжчыне за апошнія гады.

Першыя 28 сабраліся  ў Нясвіжскай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў Дзень роднай мовы два гады таму.

– І пісаць, і дыктаваць было вельмі хвалююча, – кажа Наталля Богдан, якая тады дыктавала.- Вельмі ж непрывычнае мерапрыемства. Зазвычай у нас у бібліятэцы чытаюць, слухаюць, часам спяваюць, а тут пішы, як школьнік. Але спадабалася. Здаецца, што кожны крышку аж памаладзеў. Людзі былі больш сталага веку, правілы тыя школьныя ўжо пазабываліся, дык і пытанні задавалі.  А чаму патрэбна коска?  А чаму тут няма  мяккага знака?

У мінулым годзе асноўнай пляцоўкай таксама была раённая бібліятэка, але добры прыклад на карысць роднай мовы актыўна падтрымалі яшчэ ў чатырох установах горада – педкаледжы імя Якуба Коласа, гімназіі, СШ №4, дзіцячым садку “Караблік дзяцінства” –  і  дзвюх  вясковых школах.  Разам атрымалася 360 удзельнікаў.

І сёлета яны, надзейныя сябры  Агульнанацыянальнай дыктоўкі, вялі рэй, ператвараючы будзённа-прывычнае для школы (не ў навіну ж тут пісаць пад дыктоўку)  ва ўрачыстую,  глыбока сімвалічную дзею.  У СШ № 4 пісалі не толькі старшакласнікі, але і вучні сярэдніх класаў, для якіх  адаптавалі прапанаваныя тэксты. У педкаледжы палічылі, што “Беларуская песня” больш пасуе навучэнцам, а “Думкі пра мову” – выкладчыкам. Кіраўнікі і супрацоўнікі  садка “Караблік дзяцінства” пісалі разам з бацькамі выхаванцаў. У гімназіі, апрабаваная  летась методыка арганізацыі дыктовак дала рэкордную лічбу – 205 удзельнікаў!

Да іх далучыліся новыя – з шырокіх нясвіжскіх ваколіц. У Карцэвічах дыктоўку пісалі ў школе і мясцовым клубе.

– Ды не толькі пісалі, – удакладняе Станіслава Вальчык, – з душэўным клопатам гаварылі пра мову, яе  сённяшні стан, давалі парады, выказвалі  прапановы.

Старанна  выводзілі слоўка за слоўкам вучні  Лысіцкай школы, а таксама  Грыцкавіцкай, Ланскай, Пагарэльцаўскай, Навасёлкаўскай… У Гарадзеі актавісты ТБМ і кіраўнікі дзвюх мясцовых школ вырашылі: разам і дыктоўку пісаць лягчэй.  Каля сотні ўдзельнікаў змясціла прасторная зала школы № 2 г.п.Гарадзея. Поплеч, рука ў руку занатоўвалі “Думкі пра мову…” вучань і настаўнік, рабочы цукровага завода і гарадзейскі пенсіянер. Падзяліць радасць супольнай дзеі прыехалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама  Алена Клішэвіч.

Да ліку нясвіжскай тысячы далучыліся навукавыя супрацоўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” ,  сябры Дома польскага, а падчас хатніх дыктовак –  людзі сталага веку, жыхары  аддаленых  вёсак. Лік удзельнікаў асабліва цешыць, бо словы сёлетняй дыктоўкі “Думкі пра мову: ад Скарыны  да Разанава” заклікаюць жыць з роднай мовай, карыстацца ёю штодня, заставацца беларусамі, каб і падчас перапісу словы Васіля Быкава з любоўю і гонарам прамовіў кожны.

Наталля Плакса,

Нясвіж.

Previous article Агульнанацыянальная дыктоўка ў Гарадзеі
Next article На Лідчыне 12-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі каля 9700 чалавек,

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202526
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202016
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
"Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы…"
Культура

"Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы…"

ліп 13th, 202115