Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Новыя званы будуць абуджаць сумленне і напамінаць пра Божыя запаветы

Новыя званы будуць абуджаць сумленне і напамінаць пра Божыя запаветы

25 лютага 2019, 19:16 Грамадства 20
Новыя званы будуць абуджаць сумленне  і  напамінаць пра Божыя запаветы

17 лютага пасля святочнай імшы адбылося асвячэнне Мітрапалітам Менскім і Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам новых званоў на вежы касцёла св. Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці. З  самай раніцы ля ўвахода ў Чырвоны касцёл урачыста спяваў хор “Голас душы”, абвяшчаючы пра радасную падзею.

У сваёй гаміліі, звяртаючыся да словаў Нагорнай пропаведзі, Мітрапаліт Тадэвуш зрабіў акцэнт на тым, што сапраўднае шчасце асоба, сям’я і народ могуць пабудаваць на фундаменце Божага закону, а не на ўласнай сваволі.

Са скрухай іерарх касцёла ўзгадаў пра трагічны выпадак ў Стоўбцах.

– Зараз шукаюць вінаватых у здарэнні сярод настаўнікаў, псіхолагаў, дырэктара школы і нават міністра адукацыі.  Калі юнак падняў руку на чалавечае жыццё, на жыццё настаўніцы і адна-класнікаў, значыць, яму ў свой час не патлумачылі, што гэта супярэчыць Боскім запаветам.

Іерарх Беларускага касцёла заклікаў вяртацца да хрысціянскіх каранёў, ставіць духоўныя каштоўнасці на першае месца, атрымліваць ласку Божую ў сакрамантах касцёла, клапаціцца пра будаўніцтва і аздабленне новых святыняў.

Падчас літургіі пробашч Чырвонага касцёла ксёндз-канонік Уладыслаў Завальнюк падзякаваў Пану Богу за дар званоў і выказаў спадзяванне, што яны будуць служыць не толькі як музычны інструмент, але  і абуджаць сумленне народа, заклікаць людзей да Бога і да святыняў.

– Званы як частка даўняй традыцыі ўпісаліся ў практыку касцёла і служаць сродкам да запрашэння на літургію. Званы абвяшчалі пра важныя падзеі ў дзяржаве, заклікалі на малітву,- адзначыў кс. Уладыслаў.

Ксёндз Уладыслаў распавёў, што тры званы былі адліты польскімі адмыслоўцамі на ахвяраванні парафіянаў  і ўсіх людзей добрай волі, сярод якіх былі і праваслаўныя вернікі.

 

Найвялікшы звон “Святы Арханёл Міхаіл” важыць 1 тону 250 кілаграмаў  і ўзняты на знак падзякі духоўным і свецкім асобам, якія захавалі веру ў час ганенняў, другі – вагой 700 кілаграмаў – названы ў гонар слугі Божага Эдварда Вайніловіча, які імкнуўся, каб людзі розных веравызнанняў праслаўлялі Пана Бога ў святынях. Трэцці звон важыць 500 кілаграмаў, нагадвае пра Алімпію, Сымона і Алену, і сімвалізуе словы Хрыста: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне.” Надпісы на званах выкананы па-беларуску.

– Званы! Прамаўляйце ўва весь голас, сёння ваша інаўгурацыя!- усклікнуў ксёндз Уладыслаў.

Пасля заканчэння св. Імшы Мітрапаліт Тадэвуш  Кандрусевіч узняўся на вежу Чырвонага касцёла, здзейсніў акрапленне, акаджэнне званоў і сімвалічна ўдарыў у кожны з іх, каб быў пачуты асобны голас кожнага звона. Звонкія, ясныя і чыстыя гукі паплылі над плошчай. Калі іерарх касцёла спусціўся на зямлю да вернікаў, ён звярнуўся з кароткім словам да ўсёй грамады.

– Маісей заклікаў народ да служэння Богу сярэбранымі трубамі, а ў сучасных касцёлах і цэрквах гэтую ролю выконваюць званы, – сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Яго Эксэленцыя ўзгадаў пра выпадак, калі падчас служэння ў Гародні да яго звярнуліся прадстаўнікі мясцовай турмы. Аказалася, што два забойцы, якія здзейснілі цяжкія значынствы, пачулі гукі званоў Фарнага касцёла святога Францішка Ксаверыя і папрасілі, каб да іх накіравалі ў турму святара. “Калі б мы ведалі пра Бога раней, мы ніколі б не здзейснілі таго, што мы зрабілі!” – сказалі злачынцы. Гукі званоў абудзілі іх сумленне і заклікалі да пакаяння.

Урачыстасць адбылася ў прысутнасці сотняў парафіянаў і гасцей, якія прыбылі з розных канцоў горада  і  ўсёй краіны.

Эла Дзвінская,

фота аўтара і Радыё Рацыя.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Каляды.  Беларускія народныя звычаі
Культура

Каляды. Беларускія народныя звычаі

21 снежня 2023, 10:2030
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4722
Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ
Культура

Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ

22 снежня 2021, 06:5817
Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя
Выданні

Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя

18 снежня 2018, 10:5717
Далучайцеся да нас