Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Пра каштоўнасць асобы – мовай мастацтва

Пра каштоўнасць асобы – мовай мастацтва

18 лютага 2019, 23:07 Культура 47
Пра каштоўнасць асобы – мовай мастацтва

У Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску дэманструецца абшырная выстава “Сучаснікі ХХ. Стагоддзе беларускага партрэта” , якая прадстаўляе выявы выбітных асобаў ХХ стагоддзя і знакамітых людзей, адметных прыгожымі абліччамі. Мастакі ўсіх часоў імкнуліся перадаць каштоўнасць асобы як індывідыума.

У  буйным творчым праекце сабраны працы вядомых беларускіх жывапісцаў. Глядач атрымае асалоду ў назіранні  за развіццём жанру партрэта ў розныя перыяды і вызначэнні рысаў, характэрных розным эпохам і стылям.

У першым раздзеле экспазіцыі асаблівая ўвага нададзена партрэтыстам, якія захавалі індывідуальнасці губернскай эліты пачатку ХХ стагоддзя, стварылі сентыментальныя вобразы жаночай натуры, перадалі тыпажы старасвецкай мяжы аседласці і пакінулі ў спадчыну камерныя партрэты сваіх родных і блізкіх. Невялікія па фармаце карціны спалучаюць параднасць, салоннасць і камернасць.

Гледачам надзвычай цікава паназіраць, як бачылі і паказвалі асобу Лейба Альпяровіч (1874-1913), Янкель Кругель (1869-1940), і Юдэль Пэн (1854-1937). Творчасць Лейбы Альпяровіча выходзіць за рамкі натурнага партрэтавання і ўбірае рысы плыні мяжы стагоддзя: сімвалізму, рамантызму і мадэрнізму. У яго партрэце мастака Бонч-Асмалоўскага, партрэце жанчыны ў белым прысутнічае ўласцівае сімвалізму адчуванне таямніцы, філасафічнасці светаадчування, раскрываюцца тонкія нюансы сферы думак і пачуццяў.

Янка Кругель таксама ўзіраецца ва ўнутраны свет сваіх герояў – менскай мастачкі аматаркі і мецэнаткі Пальміры  Мрачкоўскай і дачкі Сафіі. Карціны і аўтапартрэты Юдэля Пэна захоўваюць класічныя прынцыпы, засвоеныя ў Акадэміі мастацтваў. У маленькай па фармаце працы аўтар перадае духоўную сутнасць асобы. Профільная выява маладой мастачкі Алены Вабішчар-Якерсон выканана з грацыёзнасцю, вытанчанасцю, натуральнасцю і прастатой. На аўтапартрэце ў футры Ю. Пэна захаваны пяшчотны задуменны позірк мастака ў ары-стакратычным кацялку. Мяккасць барады і вусоў перагукваюцца з мяккасцю футра і фактуры тканіны кацялка. Карціны пачатку ХХ стагоддзя паказваюць асобу ў вечным вымярэнні.

Гледачам цікава спыніцца ля партрэта Івана Луцкевіча, які быў выкананы вуглём на паперы Пётрам Сергіеевічам ( 1900-1984). Вартыя  ўвагі аўтапартрэт і партрэт спявачкі Ганны Вашкель, напісаныя Язэпам Драздовічам (1888-1954).

Увагу прыцягваюць партрэты пэндзля Міхася Станюты (1881- 1974) і  Івана Ахрэмчыка (1903- 1971).

 Перыяд вялікай Айчыннай вайны прадстаўлены графічнымі працамі ў жанры плаката, карыкатуры. Франтавыя ваенныя замалёўкі перадаюць вобразы вайскоўцаў пасля бітваў у партызанскіх пунктах, медсанбатах. На выставе прадстаўлены алоўкавыя патрэты С. Раманава, Г. Бржазоўскага, С. Андруховіча. Гэта так званыя партрэты-рэпартажы, партрэты-эцюды, дзе чалавек паказаны ў цеснай узаемасувязі з навакольным светам. У іншай групе твораў паказаны прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, якія змагаліся з ворагам зброяй мастацтва. У канцэртных франтавых брыгадах удзельнічалі  А. Нікалаева, Г. Глебаў, Л. Александроўская, І. Балоцін.  Пасля перамогі перад савецкім мастацтвам была пастаўлена задача стварэння помніка эпохі, праслаўлення правадыроў і герояў вайны.

 З  сярэдзіны 50-тых гадоў у культурным жыцці пачаўся рух, які даў магутны імпульс для развіцця ўсяго мастацтва ХХ стагоддзя. Палітычныя і сацыяльныя змены, звязаныя з развянчаннем культу асобы, паставілі новыя задачы  для выяўленчага мастацтва. На месца пасляваеннай параднасці, пампезнасці, партыйнасці прыйшла рамантыка часоў “адлігі”, адлюстраванне паўсядзённага жыцця простага чалавека. Акцэнты ад дакументальна-пратакольных партрэтаў змясціліся на карысць “героя нашых дзён”: скульптара і навукоўца, медсястры і студэнта, творчай асобы. Адбывалася абнаўленне вобразна-пластычных магчымасцей мовы мастацтва, пераадольвалася некаторая застыласць акадэмічнай вывучкі, мастакі імкнуліся перадаць свежасць уражання, свабоду жывапіснага дыхання. Творцы канца ХХ стагоддзя  больш засяроджваюцца на індывідуальнасці асобы, узмацняюць псіхалагічныя аспекты інтэрпрэтацыі вобраза. Партрэты перадаюць грані характараў славутых сучаснікаў, з’яў-ляюцца дакументамі, якія сведчаць пра эпоху.

Значным укладам у развіццё партрэтнага жывапісу паслужыла творчасць І. Ахрэмчыка, У. Стэльмашонка, Г. Вашчанкі, А. Кішчанкі, М. Селяшчука, Я. Харытоненкі.

На выставе займаюць пачэснае месца выразныя патрэты Пятра Глебкі, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Анатоля Анікейчыка, Святланы Габуновай, якія выражаюць асаблівасці іх творчай натуры. Не аднойчы мастакі надавалі належную ўвагу вобразам класікаў літаратуры: Алаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Янкі  Купалы і Якуба Коласа.

Акрамя жывапісных палотнаў, на выставе прадстаўлены скульптурныя выявы Саламона Міхаэлса, Георгія Паплаўскага і іншых дзеячаў культуры.

Дэмакратычны характар выставы вызначаецца ўключэннем у экспазіцыю твораў прадстаўнікоў авангарднага накірунку ў беларускім мастацтве 90-х- 2000-х гадоў, такіх як Людміла Русава, Руслан Вашкевіч, Віталь Чарнабрысаў  і іншых.

Больш за 100 твораў жывапісу, графікі і скульптуры з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага саюза мастакоў, а таксама збораў прыватных калекцыянераў Аляксандра і Іны Радаевых, Андрэя Плясанава, персанальных калекцый аўтараў ствараюць сапраўдны даведнік у асобах па гісторыі нашай краіны.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

На здымках: працы мастакоў Ю. Пэна, Л. Альпяровіча, У. Тоўсціка, М. Данцыга, Я. Харытоненкі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам
Выданні

«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам

4 снежня 2018, 16:2531
Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў
Грамадства

Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў

16 лістапада 2018, 11:3331
Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта
Выданні

Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта

14 лістапада 2018, 11:2030
Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў
Грамадства

Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў

15 лістапада 2018, 21:3930
Далучайцеся да нас