Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Японскія казкі прадстаўлены на беларускай мове

Японскія казкі прадстаўлены на беларускай мове

29 студзеня 2019, 19:01 Выданні, Мова, У свеце 37
Японскія казкі прадстаўлены на беларускай мове

Кіраўніца Інфармацыйнага цэнтра японскай культуры, які працуе ў 5-тай дзіцячай бібліятэцы г. Менска, Масако Тацумі з дапамогай дабрачыннага фонда “Чыра” ажыццявіла выданне на беларускай мове казак японскага дзіцячага пісьменніка Нанкіцы Ніімі. Пераклад выканала яе дачка Юйэ Тацумі. Кніжка патрапіла ў Нацыянальную бібліятэку і бібліятэкі абласных цэнтраў Беларусі, дзе з ёй могуць пазнаёміцца чытачы.

 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Нанкіцы Ніімі – папулярны  японскі педагог, перакладчык і паэт  (1913- 1943). Ён нарадзіўся ў пасёлку Янабэ прэфектуры Айцы ў Японіі. За сваё кароткае жыццё Ніімі пакінуў след у літаратуры і атрымаў вядомасць як японскі Андэрсан. Найбольш папулярныя яго казкі “Лісяня Гон”, “Гаротнасці смаўжа”, “За рукавічкамі” перакладзены на 12 моваў свету. 20 ліпеня 2013 года адзначаўся 100-гадовы юбілей Ніімі. У гонар гэтай падзеі яго казкі былі перакладзены на беларускую і рускую мовы пры дапамозе Інфацэнтра японскай культуры ў Менску.

Новае выданне дапоўнена іншымі казкамі Нанкіцы Ніімі, якія пераклала Юйэ Тацумі. Ніімі быў маладым пісьменнікам і, магчыма, таму, ён захаваў яркія ўражанні свайго дзяцінства, якія вобразна перадаў  у казках.

Яго творы здзіўляюць веданнем стану дзіцячых перажыванняў  у розных абставінах і дапамагаюць зазірнуць у свет пачуццяў і ўяўленняў дзіцяці. Чытач сустракае на старонках кніжкі японскіх хлопчыкаў  з незвычайнымі імёнамі: Мацукіцы і Сугісаку, Таро і Кадзо, Тоіці і Сохаці, якія гуляюць са сваімі аднагодкамі, падарожнічаюць, даведваюцца пра гісторыю старажытных газавах лямпаў.

Жывёлы і расліны ў казках дзейнічаюць і трапляюць у розныя прыгоды. Парастак бамбуку ўцякае ад матулі і цягнецца на чароўны загадкавы гук. Ён вырастае дарослым,  і з яго робяць чароўную флейту.

Матуля-ліса пасылае сваё лісяня ў вёску набыць у краме капелюшоў маленькія рукавічкі. Яна ператварае адну лапку лісяняці ў дзіцячую далонь, каб людзі не пакрыўдзілі яе малыша. Малое пераблытвае і прасоўвае ў дзверы крамы лісіную лапку, але чалавек праяўляе любоў і прадае рукавічкі на лапку лісяняці.

Казкі Нанкіцы Ніімі Масако Тацумі ведала яшчэ з дзяцінства, але яна ніколі не ўяўляла, што будзе чытаць іх калі-небудзь беларускім дзеткам! Бацькі Масако Тацумі жывуць у Кіёта. У Японіі Масако-сан скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці  “Сацыёлаг-педагог”. Ва Уладзівастоку яна вывучала рускую мову, а потым пераехала ў Менск, каб удасканаліць веды. Тры гады яна выкладала японскую мову ў БДУ.

Маладзенькая, абаяльная японачка закахалася ў мужнага спартоўца, які нагадваў ёй стралка з лука Насу На- Ёйці са старажытнага японскага эпасу. Яго звалі Сцяпан Бугайчук. У шлюбе ў Масако і Сцяпана нарадзілася дачка Юйэ, у характары якой спалучыліся беларуская сіла волі і японская далікатнасць.

 Цэнтр японскай культуры  быў створаны  ў Менску  ў 1999 годзе пры дапамозе заснавальніка фонду “Чыра” інжынера Усуі Хіра. Дзякуючы падтрымцы простых японцаў, на Беларусі распаўсюджваюцца кніжкі пра краіну Узыходзячага сонца, дарослыя і дзеці могуць знаёміцца з японскай культурай і літаратурай, пашыраюцца сяброўскія стасункі паміж дзеячамі культуры і асобнымі людзьмі. Дэманстраванне чайных цырымоній, выставы кімано, майстар-класы па арыгамі, клуб японскіх шахмат сёгі – такія разнастайныя формы дзейнасці Інфацэнтра знаёмяць беларусаў з японскай культурай. Масако-сан шчыра любіць беларускую мову і працягвае паглыбляць веды ў ёй.

Спадарыня Масако Тацумі ўдзельнічала ў шматлікіх дабрачынных праектах, яна дапамагала з набыццём пектынавых прэпаратаў для дзіцячай SOS-вёскі ў Бараўлянах і закупкамі медыцынскай тэхнікі для РНПЦ дзіцячай хірургіі ў Менску.

Масако Тацумі з’яўляецца аўтарам  ідэй і ажыццяўлення многіх сумесных беларуска-японскіх культурных праектаў. Яна перакладала на беларускую мову вершы Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага. Масако-сан  была ініцыятаркай стварэння музычнага праекта “Месяц і сонца” на вершы японскіх паэтаў, які ажыццявіў Зміцер Вайцюшкевіч.

Юйэ Тацумі вучыцца ў 11 класе 18-ай менскай гімназіі. Яна марыць стаць медыкам і спрыяць аздараўленню беларусаў і японцаў.

Эла Дзвінская,

фота аўтара і сям’і Тацумі.

  1. Масако Тацумі ля партрэта Францішка Скарыны
  2. Юйэ Тацумі з кнігай Нанкіцы Ніімі.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў
Грамадства

Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў

16 лістапада 2018, 11:3331
«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам
Выданні

«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам

4 снежня 2018, 16:2531
Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта
Выданні

Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта

14 лістапада 2018, 11:2030
Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў
Грамадства

Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў

15 лістапада 2018, 21:3930
Далучайцеся да нас