Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Старадаўняя спадчына Лідскага краю чакае вас!

Старадаўняя спадчына Лідскага краю чакае вас!

21 студзеня 2019, 23:58 Культура 11
Старадаўняя спадчына Лідскага краю чакае вас!

Лідскі край – наша малая радзіма! А што мы ведаем пра яе? Якая прырода навокал нас? Якую спадчыну пакінулі нам продкі? Чым мы павінны ганарыцца і што абавязаны захаваць для будучых пакаленняў? На ўсе гэтыя пытанні вырашылі знайсці адказы навучэнцы 6-7 класаў СШ №11 г. Ліды, якія накіраваліся ў падарожжа па родным краі.

За дзень юныя краязнаўцы наведалі дзесяць населеных пунктаў, якія вядуць сваю гісторыю не адну сотню гадоў. У маршрут паездкі ўвайшлі такія вёскі, як Дакудава – Мінойты – Ганчары – Беліца – Збляны – Голдава – Леснікі – Бабры – Тарнова – Белагруда. Калі правесці лінію на карце, то можна заўважыць, што атрымліваецца пярсцёнак. І на самой справе, “залаты пярсцёнак” Лідскага краю, таму што ў кожным населеным пункце ёсць помнікі гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны.

 

Першым населеным пунктам маршруту стала вёска Дакудава. Пазнаёміцца з гісторыяй вёскі школьнікам дапамаглі мясцовыя жыхары, якія сустракалі дзяцей. Святлана Аляксееўна Агарка, у мінулым настаўнік гісторыі, паказала і расказала, на першы погляд, пра непрыкметны аб’ект, які знаходзіцца пры ўездзе ў вёску з трасы Менск-Гародня. Але сапраўдныя знаўцы гістарычнай спадчыны разумеюць, наколькі значным для нас, лідзян, з’яўляецца гэтае месца, таму што яно ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца адным з пунктаў геадэзічнай Дугі Струве.

Каля царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы школьнікаў сустрэла Ірына Уладзіміраўна Маркевіч, прыхаджанка храма, а ў мінулым таксама настаўнік Дакудаўскай школы. Яна пазнаёміла з гісторыяй праваслаўнага храма і шанаванымі абразамі, якія аберагаюць вёску і яе жыхароў. Таксама навучэнцы пачулі пра дзейнасць партызанскага атрада “Іскра”, калі наведвалі месца пахавання ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівым гонарам мясцовых жыхароў з’яўляецца рэспубліканскі біялагічны заказнік “Дакудаўскі”. Кожны лідзянін ведае, што ў балотах заказніка растуць журавіны. Адправіцца па іх у школьнікаў часу не было, але палюбавацца прыродай змог кожны, пакуль аўтобус накіроўваўся да другога населена-га пункта, вёскі Мінойты.

 

У 90-я гады ХХ стагоддзя стараннямі святара айца Іаана Мяндзіла у Мінойтах быў пабудаваны храм, асвеча-ны ў гонар Святога Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Аб гісторыі царквы і пра жыццё святара хлопцы пачулі менавіта ля сцен храма, дзе і пахаваны айцец Іаан.

 

Не змаглі не заехаць школьнікі ў вёску Ганчары. Сёння ў гэтым населеным пункце знаходзіцца самы старажытны праваслаўны храм Лідскага раёна – Свята-Пакроўская царква. Пры ўваходзе ў царкву размешчана мемарыяльная дошка Мікалаю Усціновічу. Святар служыў у храме ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не аднойчы ён дапамагаў партызанам. Але пасля вайны яго арыштавалі за “антысавецкую” дзейнасць. Ля ўваходу на тэрыторыю храма збудаваны паклонны крыж у памяць аб протаіерэі Іаане Мяндзіле, які служыў у гэтым храме больш за 30 гадоў.

Чацвёртым населеным пунктам стаў аграгарадок Беліца. Пра яго гісторыю юныя краязнаўцы пачулі падчас экскурсіі ў гістарычна-этнаграфічным музеі “Спадчына” Беліцкай школы. Таксама школьнікі ўбачылі такія гістарычна-культурныя аб’екты, як праваслаўная царква Узвіжання Святога Крыжа, каталіцкая капліца з пахаваннямі ХIХ ста-годдзя, мураваны касцёл Святога пакутніка Юрыя, брацкая магіла 20 чырвонаармейцаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памятны знак ля дарогі Ліда-Слонім расстраляным беліцкім яўрэям.

Пятым населеным пунктам маршруту стала вёска Збляны. Галоўны помнік архітэктуры і духоўнасці вёскі – гэта Свята-Пакроўская царква. Падчас наведвання храма навучэнцы не толькі пазнаёміліся з Свята-Пакроўскай царквой, але і паўдзельнічалі ў духоўнай гутарцы з настаяцелем храма айцом Георгіем.

Голдава, наступны населены пункт, заўсёды быў цэнтрам духоўнасці нашага раёна. Яшчэ ў ХVII стагоддзі тут праводзіліся кірмашы. У той час на сродкі мясцовага памешчыка была пабудавана царква. Сучасная царква была пастаўлена ў 1793-95 г.г. на сродкі Фелікса Важынскага і асвечана ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Да 1834 года царква была ўніяцкай. Яшчэ вядома, што на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца царква, раней быў мужчынскі манастыр. Сучасны храм пабудаваны з дрэва і з’яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства, які ахоўваецца дзяржавай, як і ўсе храмы, якія мы наведалі ў гэты дзень. Сёння тут працягваюць весці летапіс пра жыццё прыходу і бераж-ліва захоўваюць абраз Голдаў-скай Божай Маці. У цэнтры вёскі мы наведалі помнік загіну-лым аднавяскоўцам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

Вёска Леснікі – сёмы населены пункт маршруту. Многія лідзяне ведаюць, што гэтая вёска з’яўляецца сястрой беларускай вёскі Хатынь. Пачуць гісторыю тых трагічных падзей школьнікі змаглі з вуснаў навучэнкі 6 “Б” класа СШ №11 Дар’і Булавус, якая ў мінулым годзе працавала над даследаваннем “Вёска Леснікі Лідскага раёна – старэйшая сястра Хатыні…” у рамках рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі памяці”.

 

Далей у нашым маршруце была вёска Бабры. Пазнаёміцца з невялікім населеным пунктам, дзе сёння пражывае 11 чалавек, хацеў кожны краязнаўца нашай паездкі. Чаму? Тлумачэнне вельмі простае. Па-першае, сёння ў вёсцы захавалася і дзейнічае праваслаўная царква, пабудаваная яшчэ ў 1810 годзе. За час свайго існавання сцены царквы ўбачылі шмат пераменаў і вакол сябе, і ўнутры. Як змог захавацца драўляны храм, для ўсіх застаецца загадкай. А вось мясцовыя жыхары распавялі, што на будаўніцтва царквы выбіралася хвоя вельмі патрабавальна: дрэвы прывозілі з другога берага Нёмана, бо лічылі, што там лес мацней. Секлі дрэвы зімой, ды і то тыя, з якіх не збіралі смалы. І, вядома, захаваць будынак храма да нашых дзён дапамагала вера, з якой продкі будавалі яе. Па-другое, побач расце двухсотгадовы дуб-волат, аднагодак храма. Убачыць такога волата ў нашых краях вялікая рэдкасць. Па-трэцяе, на царкоўнай тэрыторыі ўжо шмат гадоў захоўваецца камень-следавік. Як сцвярджае мясцовая легенда, след належыць Божай Маці.

 

Далей дарога прывяла нас у вёску Тарнова, візітнай карткай якой з’яўляецца дом-сядзіба графа Маўраса, пабу-даваная ў 80-я гады 19 стагоддзя. Сёння гэта жылы дом, дзе жывуць людзі. З гісторыяй вёскі нас пазнаёміў ў гістарычна-краязнаўчым музеі “Спадчына” Тарноўскай школы настаўнік гісторыі Аляксандр Іосіфавіч Раўко. У вёсцы ўстаноўлены два помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры пад’ездзе да р. Дзітва нашу ўвагу прыцягнуў яшчэ адзін помнік, усталяваны, як аказалася, на месцы гібелі чалавека, чыё імя носіць яшчэ адна з вуліц нашага горада – камандзіра 86 кавалерыйскага палка А.Ф. Труханава.

 

Дзясятым населеным пунктам падарожжа па нашай малой радзіме стала вёска Белагруда. Што здзівіла дзяцей на гэты раз, дык гэта знак “Селішча перыяду сярэдневечча”. Амаль усе вандроўцы апынуліся ўпершыню на такім месцы. Але вядомы гэты населены пункт сваім архітэктурным помнікам – касцёлам Святога Міхаіла, пабудаваным ў 1908 годзе на месцы драўлянага храма 1609 года ў рамана-гатычным стылі. Не заўважыць яго вежы на ўзвышшы ля ракі Дзітва проста немагчыма. Тут беражліва захоўваецца мясцовашанаваны абраз Белагрудскай Божай Маці, які змешчаны ў алтары храма. Абраз налічвае 300-гадовую гісторыю. Існуе легенда, быццам бы абраз прыплыў на гэтае месца па рацэ, а праз некаторы час людзі пабудавалі на беразе драўляны касцёл.

 

Падчас экскурсіі юныя краязнаўцы СШ №11 г. Ліды змаглі ўбачыць і наведаць шэраг гістарычна-культурных помнікаў і прыродных аб’ектаў. Вучні паспрабавалі адказаць на пытанне, з чаго ж пачынаецца любоў да Радзімы? Вядома, з любові да сваёй малой радзімы! Любіце, шануйце, захоўвайце тое, што дасталася вам у спадчыну! А навучэнцы СШ №11 г. Ліды запрашаюць і вас прайсціся па іх маршруце! Старадаўняя спадчына Лідскага краю чакае вас!

Наталля АНАШКЕВІЧ,

настаўніца СШ №11г. Ліды.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4116
Далучайцеся да нас