Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Фарміраванне этнічнай ідэнтычнасці асобы дзяцей дашкольнага ўзросту ў кантэнце духоўна-маральнага выхавання

Фарміраванне этнічнай ідэнтычнасці асобы дзяцей дашкольнага ўзросту ў кантэнце духоўна-маральнага выхавання

2 студзеня 2019, 17:17 Мова 76
Фарміраванне этнічнай ідэнтычнасці асобы дзяцей дашкольнага ўзросту ў кантэнце духоўна-маральнага выхавання

Добры  дзень, шаноўнае  спадарства. Шчыра вітаю вас  і шлю  прывітанне  ад аднаго  з самых цудоўных  гарадоў нашай краіны – Нясвіжа.

Апрыёры, для таго, каб жыць асэнсавана і з пачуццём асабістай годнасці, кожнаму з нас патрэбна ведаць свае вытокі, шанаваць традыцыі, захоўваць памяць пра мінулае свайго народа. Мы добра ведаем, што менавіта ў дашкольным узросце, у першыя гады жыцця, у працэсе сацыялізацыі асобы адбываецца інтэнсіўнае фарміраванне эмацыянальна-каштоўнасных, станоўчых адносін дзіцяці да культуры, да сваёй роднай мовы, людзей. А гэта не што  іншае, як  этнічная ідэнтыфікацыя, якая адбываецца на аснове прынцыпу самавызначэння этнічнай прыналежнасці. Згодна з гэтым прынцыпам, чалавек належыць да той этнічнай супольнасці, з якой ён лічыць сябе звязаным агульнасцю мовы, культуры, быту.

 

Вучэбная  праграма дашкольнай адукацыі, Кодэкс Рэспублікі Беларусь  аб  адукацыі,   інструктыўна – метадычныя  пісьмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыш і іншыя лакальныя дакументы надаюць важную ўвагу аспекту фарміравання этнічнай ідэнтычнасці асобы дзяцей дашкольнага ўзросту менавіта ў кантэнце духоўна-маральнага выхавання.

 

Мова выступае асноўным механізмам этнагенезу (прыналежнасцi пры нараджэнні да якой-небудзь нацыі), дзе за ёй замацоўваецца сігніфікатыўная функцыя, інакш кажучы, мова служыць знакам для нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Педагагічны калектыў дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства” ўдзяляе асаблівую ўвагу пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы і вырашэнню задач, накіраваных на далучэнне дашкольнікаў да агульначалавечых і культурных каштоўнасцей і  імкненні захоўваць нацыянальныя каштоўнасці.

З мэтай  найбольш якаснага  вырашэння вышэйпералічаных задач педагагічны калектыў працуе з 2011 года ў фармаце інавацыйных праектаў, накіраваных на фарміраванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту асноў нацыянальнай самасвядомасці, цікавасці да нацыянальнай культуры і традыцый.

На прыкладзе рэалізацыі апошняга інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай  і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа” дазволю сабе прапанаваць  вопыт работы ясляў-сада ў гэтым кірунку.

Арганiзацыя адукацыйнага працэсу на папулярызацыі беларускай мовы ажыццяўляецца у трох накірунках: работа з дзецьмi,  бацькамi і  педагогамі.

Гэтыя накірункі адлюстраваны ў  гадавым плане і плане па рэалізацыі інавацыйнага праекта. Звернемся да некаторых.

Арганізацыя гульняў і заняткаў у музейным пакоі “Беларускай кнігі і цацкі”. Мы добра ведаем, якую  важную ролю адыгрывае ў жыцці дзіцяці цацка, як яна спрыяе пазнанню знешняга свету і служацыць крыніцай станоўчых эмоцый.

Пры выбары цацкі, як сродка выхавання, улічвалі ўзроставыя асаблівасці дзяцей. Заняткі праводзім у другой палове дня, у нерэгламентаванай. Згодна з Праграмай духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа – на-прыклад, гэта могуць быць гульні па сюжэтах беларускіх народных казак, з выкарыстаннем драўлянага канструктара, саламяных альбо гліняных цацак.

Гульні і заняткі, якія праводзяцца ў праваслаўным пакоі “Калыска для душы”, праходзяць  у фармаце літаратурных конкурсаў чытачоў “Мова родная  – пявучая, звонкая”, размоў з дзецьмі, чытанні твораў на беларускай мове, а таксама праз кніжныя выставы (кніг, зробленых рукамі бацькоў і педагогаў). Згодна з Праграмай духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа –  напрыклад, вывучэнне Праваслаўных традыцый (Вялікдзень,  Каляды, Пакровы і г.д.)

Інфармацыйнае забеспячэнне папулярызацыі беларускай мовы прадстаўлена на  групавых стэндах “Васілёк і Васілінка”, “Ад прадзедаў спакон вякоў…”.  Творчая група педагогаў, якая  працуе ў інавацыйным праекце,  распрацавала макет стэндаў і фармат прапанаванай  інфармацыі для бацькоў.  Абавязкова на гэтым стэндзе павінна быць інфармацыя па тэме тыдня, па мэтах і задачах на беларускай мове. Таксама па ўзросце дзяцей, выхавацелі прапануюць бацькам, для сумеснага развучвання з дзецьмі, вершы, пацешкі, загадкі і г. д. Неабходнасць уключэння сям’і да працэсу азнаямлення дашкольнікаў з сацыяльным акружэннем і нацыянальнай мовай тлумачыцца асаблівымі педагагічнымі магчымасцямі, якімі валодаюць бацькі: любоў і прыхільнасць да дзяцей, эмацыянальна-пачуццёвы бок зносін, іх грамадскі накірунак.

Рашэннем педагагічнага савета вызначаны беларускамоўны дзень (кожны чацвер).  Дарэчы, нават  меню на гэты дзень прапануецца на беларускай мове.

Згодна з Вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі – гульні і заняткі па развіцці беларускага маўлення (1 раз у тыдзень, сярэд-нія і старэйшыя групы). Але кожны чацвер ўсе групы праводзяць гульні і заняткі на беларускай мове.

З мэтай удасканалення прафесійнай кампетэнцыі выхавацеляў, а таксама  педагагічнай асветы бацькоў выхаванцаў па далучэнні дзяцей да вытокаў нацыянальнай культуры, распрацавана тэматычная дэкада па папулярызацыі беларускай мовы. Дэкада прымеркавана да Дня роднай мовы (21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, Міжнародны дзень матчынай мовы – адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе).

Дэкада таксама рэалізуецца ў трох накірунках: работа з дзецьмi, работа з бацькамi, работа з педагогамі.

Перш за ўсё,  гэта метадычнае суправаджэнне  выхавацеляў, дапамога пры арганізацыі  мерапрыемстваў з дзецьмі і іх бацькамі. Семінары-практыкумы садзейнічаюць вырашэнню наступных задач: папоўніць і сістэматызаваць тэарэтычныя веды, павысіць прафесійную кампетэнтнасць педагагічных работнікаў па пытанні развіцця маўлення дзяцей; папярэдзіць і пераадолець недахопы і цяжкасці ў прафесійнай дзейнасці педагогаў па пытанні развіцця маўлення дашкольнікаў.

Таксама для педагогаў з мэтай павы-шэння іх прафесійнага ўзроўню, была арганізавана кансультацыйная гадзіна па праглядзе  і абмеркаванні метадычнай літаратуры, распра-цовак калег па далучэнні выхаванцаў да бела-рускай нацыянальнай культуры, да развіцця маўлення. Мы нават напісалі дыктоўку.

Гэтая дзейнасць дазволіла выхавацелям на высокім узроўні агранізаваць і правесці такія мерапрыемствы з дзецьмі, як размовы, чытанне твораў на беларускай мове, тэатральныя пастаноўкі ва ўсіх узроставых групах па сюжэтах беларускіх казак і твораў беларускіх пісьменнікаў. Як вынік, дзеці з вялікім жаданнем прынялі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах.

З мэтай педагагічнай асветы бацькоў была арганізавана работа па фарміраванні зацікаўленасці сем’яў да сумеснай дзейнасці з дашкольнай установай. У ходзе сумеснай дзейнасці педагогаў і бацькоў вырашаліся задачы па фарміраванні актыўнай сацыяльнай пазіцыі бацькоў як актыўных удзельнікаў выхавання дзіцяці сродкамі нацыянальнай спадчыны Беларусі.

Праз агранізацыю ў групах інтэрактываў для бацькоў выхаванцаў  “Скарбонка роднай мовы” (бацькам прапанавалі на лістках паперы напісаць  любімыя словы, выразы на беларускай мове, якія потым былі прадстаўлены ў калажах-букетах  “Нашы любімыя беларускія  словы”) педагогі вызначылі ўзровень выкарыстання  беларускай мовы ў сем’ях.  

Удзел тат-валанцёраў у акцыі “Беларуская нацыянальная культура  – вынік мудрасці продкаў” у распаўсюджванні закладак і афармленні сямейных часопісаў “Зямля бацькоў – зямля святая” паказалі, што бацькам не ўсё роўна, у якім моўным і культурным асяроддзі будуць гадавацца і выхоўвацца іх нашчадкі,  якую спадчыну, сямейныя традыцыі яны перададуць сваім дзецям. 

Цікавай была праца па запісе дыска “Калыханкі і забаўлянкі ад тат і дзядуль”.

Асноўным мерапрыемстам, на якім былі падведзены вынікі дэкады, стала святочная акцыя “Беларуская нацыянальная культура – вынік мудрасці продкаў”, дзе і дзеці, і бацькі, і педагогі актыўна прадэманстравалі свае адносіны да станаўлення беларускай культуры, нацы-янальнай мовы, выказалі пачуцці прыхільнасці да духоўных каштоўнасцяў свайго народа, пэўных, уласцівых яму звычак.

А зараз прапаную звярнуць ўвагу на гульневыя альтанкі пад назвай “Мая сінявокая Беларусь”. Такіх альтанак у нас – 12, па колькасці груп.  

Афармленне знешніх бакоў альтанак дапамагае вандраваць па геаграфічнай карце нашай краіны.  Вызначаны 6 абласцей, сталіца – Мінск,  абласныя цэнтры і гарады кожнай вобласці. Як лагатып вобласці быў выбраны найбольш вядо-мы архітэктурны альбо гістарычны помнік гэтай вобласці.

Кожная альтанка мае свою назву і з’яўляецца сваеасаблівым цэнтрам па пэўным напрамку.

Так, ёсць альтанка па працоўным выхаванні, эстэтычным, экалагічным і так далей.

У гэтым годзе мы адчынілі “Альтанку дзяцінства”- наш  музей пад адкрытым небам.  Альтанка стваралася  ў рамках падрыхтоўкі да летняй аздараўленчай кампаніі і рэалізацыі  задач інавацыйнага праекта.

Экспанаты альтанкі былі сабраны вы-хавацелямі і бацькамі дзяцей дзіцячага сада. “Альтанка дзяцінства” была пабудавана з мэтай  знаёмства дзяцей з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце.

Падчас яе наведвання вырашаліся наступныя задачы: адукацыйная – забяспечыць засваенне асноўных фактараў, якія паўплывалі на развіццё роднага краю; развіваючая – развіваць уменні працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, аналізаваць атрыманую інфармацыю; выхаваўчая – выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага роднага краю і Беларусі.

Педагагічным калектывам быў  распра-цаваны метадычны дапаможнік. Дарэчы, асноўную яго частку распрацаваў малады спецыяліст.

Прапаную вам азнаёміцца з яго  зместам. Як бачыце, пры складанні метадычнага матэры-ялу ўлічваўся узрост дзяцей,  а ў  сувязі з гэтым і пазнавальнае, маўленчае, эстэтычнае, сацыя-льна-маральнае і асобаснае  развіццё дзяцей.

З мэтай замацавання ўбачанага на “Альтанцы дзяцінства” распрацавалі гульню на  інтэрактыўным стале і інтэрактыўнай дошцы.

Акрамя таго, запісалі на раённым радыё перадачу “Хвілінка Нясвіжазнаўства”. Калі ласка, паслухайце ўрывак  запісу перадачы.

Альтанка стала месцам добрых сустрэч гасцей не толькі з Беларусі, але  і замежных гасцей.

Мы спадзяёмся, што далучэнне дзяцей да нацыянальнай культуры беларускага народа стане тым падмуркам, на якім шырока разгорнецца нязгаснае пачуццё любові да Баларусі, шаноўных адносінаў да мінулага, жаданне насіць слаўнае імя – беларус.

(Урывак урачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў. Дзеці выконаюць Гімн Рэспублікі Беларусь.)

З беларускай мовай нам жыць у ХХІ стагоддзі!

(Інфармацыя для бацькоў выхаванцаў, размешчаная на стэндзе “Ад прадзедаў спакон вякоў…”)

  21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, Міжнародны дзень матчынай мовы – адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе.

21 лютага – яшчэ адна нагода задумацца пра лёс роднай мовы і  нам, беларусам.  Менавіта сёння хочаццца звярнуцца да бацькоў дашкольнікаў. Чаму? На маленькім прыкладзе паспрабую даць адказ на гэтае пытанне. Восенню   2016 года нашы дзеці і бацькі былі запрошаны ў адну цудоўную ўстананову дашкольнай адукацыі – садок-будучыню. Вельмі прафесіянальныя педагогі і цудоўныя дзеткі сустрэлі нас цеплынёй і ветлівасцю. І вось, у час прывітання нашых дзяцей, а яно было падрыхтавана на беларускай мове,  ад дзяцей гэтага садка я пачула наступнае : “Я ничего не понимаю!  О чем они говорят?”

Уяўляеце мой жах?! Тыя, на каго застанецца наша Беларусь заўтра, не разумеюць роднай мовы!

Шаноўныя бацькі – вы першы транслятар мовы для свайго дзіцяці! Вы добра ведаеце, што родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назвалі яе роднай, калі лічыце яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых 74 працэнтаў, якія пад спіс апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе – значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень размаўляйце са сваімі дзецьмі па-беларуску! Такім днём рашэннем педагагічнага савета ў нашым садку абраны чацвер. У гэты дзень, пачынаючы з прыёму дзяцей і заканчваючы працоўны дзень, усе работнікі і БАЦЬКІ размаўляюць з выхаванцамі на беларускай мове. Ранішняя зарадка пачы-наецца з беларускай музыкі. Падчас усіх рэжымных момантаў дзеці знаёмяцца з беларускімі назвамі посуду, мэблі, адзення, прыродных з’яў, частак цела чалавека і многім іншым. На шпацырах, фізкультурных і музычных занятках выхаванцам прапануюцца народныя гульні рознай рухомасці, народныя песні, пацешкі, прыказкі і прымаўкі. Інфармацыя выхаванцам падаецца дазавана, замацоўваецца на працягу некалькіх дзён і дапаўняецца новым матэрыялам. 

Дома разам з дзецьмі вы можаце:  пачытаць свайму дзіцяці ўжо знаёмыя казкі Х.К. Андэрсана на беларускай мове альбо беларускія казкі, дзе адлюстроўваецца побыт, культура і традыцыі беларускага народа. Такім чынам, мы фарміруем, напаўняем, актывізуем беларускі слоўнік нашых дзяцей, вучым слухаць нацыянальную мову, разумець і свабодна размаўляць на ёй.

Размаўляйце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце  па-нашаму, каб людзі бачылі вашу вернасць сваёй мове. Мова – жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. А людзі, што служаць дзяржаве на чынавенскай пасадзе, вам дзякуй скажуць, бо будуць вучыцца ад вас і вашых дзяцей. А блізкія і далёкія суседзі адчуюць вашу самапавагу і будуць яшчэ больш вас паважаць.

Вольга Пуляк,

 загадчык ДУА “Яслі-сад №4

 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
Далучайцеся да нас