17 лістапада 2018 г. Мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і ТБМ імя Ф. Скарыны правялі імпрэзу, прымеркаваную да 230-годдзя Івана Насовіча – беларускага мовазнаўцы, лексікографа, фалькларыста, этнографа. Шаноўным госцем быў настаяцель праваслаўнага Свята-Петрапаўлаўскага храма-помніка ў вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна, дацэнт Менскай духоўнай семінарыі пратаіерэй Георгій Сакалоў. Мерапрыемства адбылося перадусім дзякуючы дапамозе загадчыка музея, даўняга сябра нашай арганізацыі, Строгінай Святланы Вікенцьеўны. Супрацоўнікі абласной бібліятэкі падрыхтавалі змястоўную выставу з кнігамі і фотаздымкамі, прысвечаную І. Насовічу.
Айцец Георгій Сакалоў распавёў гісторыю жыцця і дзейнасці Івана Іванавіча Насовіча. Цяжка пераацаніць значэнне Насовіча ў гісторыі беларускай філалогіі, фалькларыстыкі і этнаграфіі. Ён займае пачэснае месца сярод выдатных дзеячаў культуры ХІХ ст. Яго называюць “беларускім Далем”, супастаўляючы дзве слынныя працы У.І. Даля з кнігамі І.І. Насовіча, хоць слушна было б Даля назваць “рускім Насовічам”, таму што слоўнік Даля выдалі праз 10 год пасля выдання “Слоўніка беларускай мовы” (у арыгінале “Словарь белорусского наречия”) і “Зборніка беларускіх прыказак”.
Асноўнае месца ў навуковай спадчыне І.І. Насовіча займае тлумачальна-перакладны “Слоўнік беларускай мовы”. Гэта навукова- лінгвістычны летапіс народа і часу, самы поўны на той час збор лексікі і фразеалогіі жывой беларускай мовы, які ахоплівае больш за 30 тысяч слоў. У гэтым арыгінальным і непаўторным творы засведчаны стан і ўзровень развіцця беларускай мовы сярэдзіны 19 ст., данесены нашчадкам лексічныя скарбы і фразеалагічнае багацце нацыянальнай мовы. Матэрыялы для слоўніка Насовіч чэрпаў з гаворак Магілёўшчыны, Меншчыны, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны, некаторых паветаў Прывіленскага краю, гэта значыць, з усяго моўнага ландшафту тагачаснай Беларусі. Беларуская мова ў тыя часы афіцыйнымі ўладамі не прызнавалася як самастойная, лічылася “наречием русского языка”, і Насовіч уключаў у свой “Слоўнік…” далёка не ўсё, што было ў жывым маўленні беларусаў, а толькі тое, што не супадала з засведчанымі ў даведніках фактамі рускай мовы. Таму ў ягоным “Слоўніку…” няма многіх тысячаў такіх, напрыклад, вядомых кожнаму беларусу шырокаўжывальных слоў, як агонь, вада, вішня, зямля, нага, сын, хлеб і гэтак далей. Дарэчы, у тыя часы, як пісаў І.І. Насовіч ва “Успамінах майго жыцця”, па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў.
Для пацвярджэння ўжывальнасці слоў і даклад-насці тлумачэння І.Насовіч выкарыстоўваў народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Многія словы ўзяты са старабеларускіх пісьмовых помнікаў. Такім чынам, у “Слоўніку…” шырока выкарыстана жывое народнае беларускае слова. Да гэтага часу ён з’яўляецца ўнікальным творам у беларускай лексікаграфіі. Калі Насовіч складаў свой слоўнік, яшчэ і гаворкі не было пра фразеалагізмы, не было ні ў рускай, ні ў замежнай лексікаграфіі ўзораў. Насовіч ішоў самастойным шляхам і даў такія ўзоры распрацоўкі фразеалагізмаў.
Гэты слоўнік па сваёй будове і прынцыпах раскрыцця лексічнага значэння лічаць тлумачальна-перакладным беларуска-рускім даведнікам. У ім апісана больш як 30 тысяч слоў. У многіх выпадках беларускае слова тлумачыцца рускім адпаведнікам, усюды даецца граматычная, а пры неабходнасці і стылістычная характарыстыка слова, прыводзіцца ілюстрацыйны матэрыял з жывой народнай гаворкі.
У 1863 г. рукапіс “Слоўніка…”, пасля 16-гадовай напружанай працы па яго складанні, быў пададзены ў Акадэмію навук. Рукапіс атрымаў высокую ацэнку (“як праца надзвычай важная”). Аўтару была прысуджана Дзямідаўская прэмія (714 рублёў), а ў 1870 г. “Слоўнік…” выйшаў з друку. Акадэмічнае выданне “Филологические записки” ацаніла гэты слоўнік як “помнік, які можа служыць найлепшым упрыгожаннем рускай вучонай літаратуры”.
Другая праца І.І. Насовіча, істотная для беларускай філалогіі і фалькларыстыкі – “Зборнік беларускіх прыказак”. Аўтар сціпла назваў яе зборнікам прыказак, а між тым гэта быў першы ў гісторыі ўсходнеславянскага мовазнаўства тлумачальны слоўнік прыказак. Збіранню, асэнсаванню і вытлумачэнню прыказак Насовіч аддаў больш за дваццаць гадоў жыцця. Публікацыя гэтых матэрыялаў мае сваю гісторыю. Першая тысяча прыказак была надрукавана ў 1852 г.
Значэнне зборніка не толькі ў тым, што яго аўтар упершыню занатаваў каля чатырох тысяч прыказак і прымавак. Выдатны знаўца беларускай народнай творчасці, Насовіч упершыню ва ўсходнеславянскай фалькларыстыцы зрабіў спробу патлумачыць сэнс нашых прыказак і прымавак, адзначыць асаблівасці функцыянавання, параў-наць іх з прыказкамі і прымаўкамі з іншых моў. Звяртаючы ўважлівы погляд на беларускія народныя прыказкі, Насовіч сцвярджаў, што яны складаюць для простага наро-да маральна прак-тычную філасофію, якую ён, безумоўна, цудоўна ведаў, што дае падставы назваць даследчыка энцыклапедыстам беларускага жыцця.
Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін твор, напісаны, але не надрукаваны. Насовіч ва “Успамінах майго жыцця” прыгадвае: калі ён упершыню глядзеў на свой толькі што выдадзены “Слоўнік беларускай мовы”, то ўбачыў, што, на жаль, замест ягонай вялікай прадмовы да “Слоўніка…”, якая каштавала яму “многіх бяссонных начэй на працягу цэлага года”, далі кароткую рэдакцыйную прадмову з некаторымі высновамі, супрацьлеглымі поглядам аўтара. У ягонай прадмове даваліся, у прыватнасці, гістарычныя звесткі пра беларускую гаворку “як гаворку старажытнага племені крывічоў ад вярхоўя Заходняй Дзвіны, Дняпра і Волгі”, гаворку, сляды якой “і цяпер яшчэ відаць у Пскоўскай, Смаленскай і Цвярской губернях”.
Насовіч напісаў і яшчэ некаторыя лінгвістычныя працы, а таксама апублікаваў шэраг фальклорных зборнікаў з беларускімі песнямі.
За некалькі гадоў да адыходу ў іншы свет І.І. Насовіч напісаў “Успаміны майго жыцця”. Рукапіс захоўваўся ў ягонай унучкі, якая жыла ў Паўночнай Асеціі, і ў пачатку 1950-х гадоў быў набыты акадэмічным Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. А ўпершыню прыкладна палова гэтай мемуарнай працы на-друкавана ў трох нумарах часопіса “Нёман”.
Насовіч нарадзіўся ў в. Гразівец Быхаўскага павета (цяпер Чавускі раён) у сям’і дзяка 26 верасня (7 кастрычніка) 1788 года. Мінула толькі 16 гадоў, як гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, і грамадскае жыццё знаходзілася яшчэ пад уплывам прагрэсіўных ідэй Асветніцтва. Скончыўшы Магілёўскую гім-назію, Магілёўскую духоўную семінарыю, быў настаўнікам, інспектарам Аршанскага духоўнага вучылішча, Мсціслаўскага духоўнага вучылішча, а пасля быў і рэктарам апошняга. З 1822 года працуе ў сістэме Міністэрства народнай асветы: загадчык, наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі. Заслугі ў галіне адукацыі Насовіча былі адзначаныя ордэнам св. Станіслава ІІІ ступені.
У 1843 г. Насовіч выходзіць у адстаўку, атрымлівае вялікую пенсію (на ўзроўні генерала) і пасля вяртання ў Мсціслаў займаецца навуко-вай дзейнасцю, супрацоўнічаючы з Археаграфічнай камісіяй, этнаграфічным аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства, аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук.
Няўрымслівы пенсіянер стварыў унікальны гістарычны слоўнік. Іван Іванавіч Насовіч здолеў паказаць, што сусвет беларусаў бязмерны, а жыццё багатае і разнастайнае, даў магчымасць глыбей даследаваць гэты сусвет, што было немалаважна для развіцця нацыянальнай самасвядомасці. Вядома, што таўшчэзны слоўнік Насовіча быў настольнай кнігай у Максіма Багдановіча, па якой паэт вывучаў родную мову.
Слоўнік – гэта пераканаўчы аргумент на карысць існавання ў цэнтры Еўропы самабытнай і багатай беларускай мовы, а адпаведна і беларускага народа.
Нарадзіўшыся ў кан-цы XVIII ст., перажыўшы і наступленне французаў, і паўстанні, і змену цароў, ён, апантаны і працавіты, адукаваны і дапытлівы, нібыта пражыў некалькі жыццяў: і жыццё так званага грамадска карыснага чалавека (калі працаваў у сферы адукацыі), і жыццё навукоўца (калі выйшаў на пенсію і амаль увесь час даказваў, што яшчэ не стары і можа быць патрэбны навуцы). Якая сіла духу, прага жыцця і дзейнасці павінна быць у чалавека, які першыя даследчыцкія працы прадстаўляе на суд навуковай грамадскасці ў 62 гады, а “Сло-ўнік…”завяршае к 75!
Але яго смерць 25 ліпеня 1877 г. засталася незаўважанай грамадскасцю: чалавека, што так многа зрабіў для роднага краю і на карысць дзяржавы, вернападданым якой быў, пахавалі ціха на могілках Тупічэўскага манастыра ў Мсціславе.
Адзначаючы сёлета 230-годдзе з дня нараджэння Івана Іванавіча Насовіча, будзем і надалей помніць пра ягоны навуковы подзвіг у гіс-торыі нашага народа і яго духоўнай культуры.
Наталля Шэмянкова,
г. Магілёў.