Прапануем для абмеркавання азнаёміцца з канцэпцыяй праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”, якая прапануецца Грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Па даручэніі Рады ТБМ канчатковую версію падрыхтаваў намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі. Спампаваць праект можна тут.
Крыніца: Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
АБ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАДТРЫМЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ
Канцэпцыя праекта Закона Рэспублікі Беларусь, якая прапануецца Грамадскім аб’яднаннем
“Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Беручы пад увагу тое, што беларуская мова:
– ёсць атрыбутам беларускай нацыянальнай адметнасці;
– ёсць гарантыяй нацыянальнай тоеснасці беларускага народу ў прасторы і часе;
– ёсць нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю;
– ёсць фактарам яднання беларускага народу і тым самым гарантыяй дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе еднасці і непадзельнасці;
– мае магчымасць зберагацца і развівацца ва ўсіх сваіх формах толькі на тэрыторыі пераважнага рассялення беларускага народа, г. зн. у Рэспубліцы Беларусь;
– у выніку працяглай адсутнасці дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі вымагае дадатковай падтрымкі ў параўнанні з мовамі, якія належаць народам з бесперапыннай традыцыяй нацыянальнай дзяржаўнасці і маюць статус міжнародных,
а таксама прызнаючы лінгвістычныя правы грамадзян Рэспублікі Беларусь,
Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь прымае гэты Закон.
Артыкул 1. Праўныя падставы і мэта Закона
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб беларускай мове грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з дадзенага Закона, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Праўнай падставай для распрацоўкі і прыняцця дадзенага Закона з’яўляюцца міжнародна-праўныя акты, абавязковыя для Рэспублікі Беларусь, а менавіта:
– Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека;
– Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах;
– Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных i культурных правах;
– Еўрапейская культурная канвенцыя;
– Канвенцыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры “Аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавы-яўлення”;
– Канвенцыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры “Ааб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны”;
– Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры.
Мэтай гэтага Закона з’яўляецца пашырэнне і ахова функцыянальнага асяроддзя для зберажэння і забеспячэння перспектывы беларускай мове.
Артыкул 2. Статус беларускай мовы
Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа.
Беларуская мова – дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь.
Беларуская мова – тытульная мова Рэспублікі Беларусь.
Беларуская мова ва ўсіх формах яе вуснага і пісьмовага бытавання і незалежна ад ступені кадыфікацыі з’яўляецца нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю, якая ахоўваецца дзяржавай.
Аб’ектамі аховы дзяржавы ёсць беларуская вусная і пісьмовая літаратурная мова, лексіка і фразеалогія, дыялектная мова, старабеларуская мова, графічныя сістэмы і арфаграфічныя традыцыі, тапанімія, традыцыйны іменаслоў і сістэмы наймення людзей.
Артыкул 3. Беларуская мова – нацыянальны капітал
Беларуская мова, як гуманітарная субстанцыя, з’яўляецца прыналежнасцю, а, значыць, і ўласнасцю беларускай нацыі і Беларускай Дзяржавы.
Ніхто ў свеце, акрамя беларускага народа і Беларускай Дзяржавы, не можа праводзіць ніякіх дзеянняў па зменах, рэфармаванні, удасканаленні беларускага маўлення, беларускага правапісу, беларускіх лінгвістычных нормаў.
Ніхто ў свеце акрамя беларускага народа і Беларускай Дзяржавы не мае права вызначаць лінгва-прававы статус беларускай мовы.
2. ДЗЯРЖАЎНАЯ МОЎНАЯ ПАЛІТЫКА, ДЗЯРЖАЎНЫЯ І
АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ ПА ПАДТРЫМЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 4. Асноўныя пастулаты дзяржаўнай моўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь
Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе заканадаўчую, арганізацыйную і фінансавую падтрымку беларускай мовы ў формах і аб’ёмах, неабходных для забеспячэння паўнавартаснага функцыянавання і развіцця беларускай мовы, падтрымання яе прэстыжу ва ўсіх сферах жыцця краіны, у прыватнасці:
– спрыяе падвышэнню моўнай культуры грамадзян;
– стварае ўмовы для захавання дыялектаў;
– стварае ўмовы для захавання помнікаў пісьменства беларускага народа і прымае захады для вяртання помнікаў пісьменства, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі;
– забяспечвае матэрыяльную базу для функцыянавання беларускай мовы;
– забяспечвае фармаванне і развіццё беларускай тэрміналогіі для ўсіх галін навукі, усіх сфер дзяржаўнай дзейнасці і гаспадаркі;
– падтрымлівае як прыярытэтныя галіны навукі, якія займаюцца даследаваннем беларускай мовы, аказвае дзяржаўную падтрымку выданню навуковых і папулярных прац у пытаннях беларускай мовы, перакладаў на беларускую мову даведкавай, навучальна-метадычнай, мастацкай літаратуры, мастацкіх, дакументальных, мультыплікацыйных, навучальных фільмаў.
Беларуская дзяржава абараняе моўныя правы беларусаў у дыяспарах і на абшарах традыцыйнага рассялення беларусаў за мяжой, падтрымлівае адпаведныя ініцыятывы, а таксама ажыццяўляе захады з мэтай надання беларускай мове афіцыйнага статусу на гэтых абшарах. Дзяржава падтрымлівае адкрыццё факультэтаў і кафедр беларускай мовы, а таксама беларускіх школ і беларускамоўных выданняў (газеты, часопісы, альманахі) у замежных краінах – у першую чаргу там, дзе існуюць беларускія дыяспары.
Дзяржава прымае захады для надання беларускай мове афіцыйнага статусу ва ўсіх міждзяржаўных утварэннях, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь.
Артыкул 5. Дзяржаўныя, агульнанацыянальныя і міжнародныя праграмы падтрымкі і распаўсюду беларускай мовы
– у Рэспубліцы Беларусь:
У Рэспубліцы Беларусь распрацоўваюцца і ажыццяўляюцца дзяржаўныя і агульнанацыянальныя праграмы падтрымкі беларускай мовы.
Дзяржаўныя і агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь распрацоўваюцца ў першую чаргу ў кірунках, якія выклікаюць занепакоенасць у грамадстве, патрабуюць неадкладнага ўмяшання дзяржавы.
Дзяржаўныя і агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту Рэспублікі Беларусь, са сродкаў спецыяльных фондаў падтрымкі беларускай мовы; могуць прыцягвацца таксама сродкі айчынных і замежных спонсараў, якія пры гэтым не падлягаюць абкладанню падаткамі, зборамі (пошлінамі).
У Рэспубліцы Беларусь засноўваюцца фонды падтрымкі беларускай мовы.
Арганізацыі маюць права распрацоўваць уласныя праграмы падтрымкі беларускай мовы ў межах сваёй кампетэнцыі.
– у дыяспарах:
Агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў дыяспарах і міжнародныя праграмы распаўсюду беларускай мовы распрацоўваюцца ў межах вырашэння задач па папулярызацыі беларускай мовы на міжнароднай арэне, па заваяванні і абароне пазіцый беларускай мовы ў сусветнай моўнай супольнасці.
Агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў дыяспарах і міжнародныя праграмы распаўсюду беларускай мовы фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту Рэспублікі Беларусь; яны таксама могуць фінансавацца са сродкаў спецыяльных фондаў падтрымкі беларускай мовы, а таксама сродкаў айчынных і замежных спонсараў, якія пры гэтым не падлягаюць абкладанню падаткамі, зборамі (пошлінамі).
3. ДЗЕЙНАСЦЬ ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ,
МІНІСТЭРСТВАЎ І ВЕДАМСТАЎ ПА ПАДТРЫМЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Артыкул 6. Арганізацыя дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы
Гарантам годнага бытавання і свабоднага развіцця беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Ідэалагічнае і арганізацыйнае забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ажыццяўляе Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Заканадаўчае забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ажыццяўляе Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь.
Арганізацыйную і фінансавую падтрымку беларускай мовы ажыццяўляе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Адзін раз на пяць гадоў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прымае дэталёвы план выканання гэтага Закона з улікам палажэнняў дзяржаўных і агульнанацыянальных праграм па падтрымцы беларускай мовы і размяркоўвае адказнасць за выкананне плана паміж адпаведнымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання.
Юрыдычную абарону беларускай мовы ажыццяўляюць праваахоўныя структуры, суды і Пракуратура Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 7. Дзейнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеля годнага бытавання і свабоднага развіцця беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь дасканала валодае беларускай мовай.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь як вышэйшая службовая асоба Рэспублікі Беларусь ставіцца да беларускай мовы, як да нацыянальнай святыні і дзяржаўнай каштоўнасці, уручанай яму беларускім народам разам з прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі.
У ажыццяўленні дзяржаўнай дзейнасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь квыкарыстоўвае беларускую мову ў аб’ёме не меншым за рускую мову.
Усе ўказы Прэзідэнта выдаюцца па-беларуску і па-руску.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь арганізуе дзейнасць усёй уладнай вертыкалі на беларускай мове.
Прэзідэнт Беларусі падчас афіцыйных, публічных, культурніцкіх і інш. мерапрыемстваў асабістым прыкладам падтрымлівае і прапагандуе беларускую мову.
Артыкул 8. Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – Дэпартамент беларускай мовы) ёсць арганізацыйна-выканаўчым органам, які ствараецца з мэтай арганізацыі выканання гэтага Закона.
У сваёй дзейнасці Дэпартамент беларускай мовы кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі нарматыўнымі праўнымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Паўнамоцтвы Дэпартамента беларускай мовы і парадак яго працы вызначаюцца Статутам (Рэгламентам) Дэпартамента беларускай мовы, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Памяшканне для працы Дэпартамента беларускай мовы забяспечвае Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Колькасны і персанальны склад Дэпартамента беларускай мовы зацвярджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Дэпартамент беларускай мовы ўзначальвае Старшыня, які прызначаецца Ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дэпартамент беларускай мовы:
1) разглядае канкрэтныя пытанні выканання гэтага Закона;
2) падае ў органы дзяржаўнага кіравання прапановы па выкананні гэтага Закона;
3) разглядае праекты актаў заканадаўства, палажэнні якіх маюць дачыненне да сферы прымянення гэтага Закона, і падае ў органы дзяржаўнага кіравання высновы наконт праектаў актаў заканадаўства, якія датычаць аховы і выкарыстання беларускай мовы;
4) сумесна з Інстытутам кантролю ведаў і вядучымі ВНУ краіны распрацоўвае інструментарый для праверкі ўзроўню валодання беларускай мовы службоўцамі розных сфер дзейнасці; удзельнічае ў распрацоўцы праграм удасканалення валодання беларускай мовай для службоўцаў;
5) вызначае прыярытэтныя кірункі кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы;
6) ацэньвае і зацвярджае найважнейшыя ўнармавальныя мовазнаўчыя працы (слоўнікі, даведнікі, дапаможнікі, падручнікі);
7) у супрацоўніцтве з іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі ды арганізацыямі вырашае пытанні ўкаранення беларускай мовы ў інфармацыйныя тэхналогіі;
8) сумесна з галіновымі міністэрствамі і іншымі арганізацыямі вырашае пытанні замены іншамоўных тэрмінаў беларускімі адпаведнікамі;
9) дбае пра зберажэнне дыялектаў беларускай мовы;
10) клапоціцца пра захаванне традыцыйных беларускіх геаграфічных назваў, зацвярджае іх спіс і вызначае парадак ужывання;
11) вызначае шляхі рэалізацыі права грамадзян на выкарыстанне традыцыйнага беларускага іменаслову і традыцыйнай сістэмы наймення людзей;
12) сочыць за культурай беларускай мовы ў адукацыі, у сродках масавай інфармацыі, у выдавецкай дзейнасці, у навуцы, у грамадскім жыцці, у іншых галінах;
13) вывучае запыты грамадства ў галіне абароны, унармавання, пашырэння выкарыстання беларускай мовы і прымае па іх рашэнні;
14) зацвярджае Статут і структуру Дзяржаўна-грамадскай Камісіі Дэпартамента беларускай мовы, Сакратарыята Дэпартамента беларускай мовы (далей – Сакратарыят), Дзяржаўнай інспекцыі Дэпартамента беларускай мовы і арганізуе іх дзейнасць;
15) распрацоўвае каштарыс даходаў і выдаткаў Дэпартамента беларускай мовы.
Дэпартамент беларускай мовы Рэспублікі Беларусь карыстаецца правам заканадаўчай ініцыятывы, вырашае канкрэтныя пытанні прымянення законаў, якія рэгулююць афіцыйнае ўжыванне моў у Рэспубліцы; падае прапановы Парламенту і Ўраду; разглядае праекты заканадаўчых і падзаконных актаў, палажэнні якіх маюць дачыненне да сферы прымянення гэтага Закону.
Дэпартамент беларускай мовы супрацоўнічае з іншымі органамі ўлады, Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, універсітэтамі, Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны, іншымі ўстановамі і арганізацыямі.
Дэпартамент беларускай мовы мае права:
1) атрымліваць інфармацыю аб сітуацыі з аховай і выкарыстаннем беларускай мовы ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, усіх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у Рэспубліцы Беларусь;
2) атрымліваць і разглядаць інфармацыю аб рэагавання на прадпісанні Дзяржаўнай інспекцыі Дэпартамента беларускай мовы;
3) удзельнічаць у пасяджэннях, канферэнцыях і нарадах дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, дзе разглядаюцца пытанні беларускай мовы, уносіць прапановы ў гэтых пытаннях;
4) патрабаваць ад дзяржаўных арганізацый распрацаваць уласныя праграмы падтрымкі беларускай мовы ў межах сваёй кампетэнцыі.
Дэпартамент беларускай мовы каардынуе дзейнасць па падтрымцы беларускай мовы, якую ажыццяўляе Міністэрства культуры, упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і мінскага гарвыканкаму, райвыканкамаў, гарвыканкамаў; упаўнаважанымі па справах падтрымкі беларускай мовы сельскіх і пасялковых саветаў, міністэрстваў, ведамстваў ад цэнтральнага апарату да прадпрыемства і асобнай юрыдычнай адзінкі.
Дзейнасць Дэпартамента беларускай мовы фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту. Сродкі Дэпартамента беларускай мовы выкарыстоўваюцца для:
1) выканання задач Дэпартамента беларускай мовы;
2) выплаты заробку супрацоўнікам Дэпартамента;
2) аплаты працы экспертаў, нанятых Дэпартаментам беларускай мовы;
4) падрыхтоўкі і ажыццяўлення публікацый;
5) гаспадарчых выдаткаў.
Старшыня Дэпартамента беларускай мовы:
1) арганізуе працу Дэпартамента беларускай мовы, адказвае за выкананне Камісіяй беларускай мовы пастаўленых задач;
2) адказвае за мэтавае выкарыстанне сродкаў, атрыманых з дзяржаўнага бюджэту і іншых крыніц;
3) склікае пасяджэнні Дэпартамента беларускай мовы, старшынюе на іх, рыхтуе праекты рашэнняў;
4) засведчвае подпісам пратаколы пасяджэнняў Дэпартамента беларускай мовы;
5) прадстаўляе Дэпартамент беларускай мовы ў зносінах з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі;
6) падае праект каштарысу выдаткаў Дэпартамента беларускай мовы на зацвярджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
7) кіруе Сакратарыятам, зацвярджае яго персанальны склад, падае на зацвярджэнне Камісіі беларускай мовы Статут і структуру Сакратарыяту;
9) не менш як адзін раз на год трымае справаздачу аб дзейнасці Дэпартамента беларускай мовы перад Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 9. Дзяржаўна-грамадская Камісія Дэпартамента беларускай мовы
Дзяржаўна-грамадская камісія Дэпартамента беларускай мовы (далей – Камісія) – кансультатыўна-дарадчы (экспертны) орган, які ствараецца з мэтай пастаяннага нагляду за выкананнем гэтага Закона, адсочвання моўных працэсаў у грамадстве і ўнясення прапаноў у дзейнасць Дэпартамента беларускай мовы.
Камісія складаецца з экспертаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, унівэрсітэтаў, прадстаўнікоў профільных грамадскіх арганізацый, у тым ліку творчых саюзаў і арганізацый навукоўцаў (Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Члены Камісіі прызначаюцца на 5 гадоў. Колькасць тэрмінаў удзелу ў Камісіі не абмяжоўваецца. Час пачатку паўнамоцтваў члена Камісіі адлічваецца з дня яго прызначэння ў склад Камісіі.
Камісію ўзначальвае старшыня Дэпартамента беларускай мовы.
Камісія праводзіць пасяджэнні. Пасяджэнні Камісіі праводзяцца не радзей як адзін раз на месяц. Пасяджэнне Камісіі лічыцца правамоцным, калі на ім прысутныя не менш як 2/3 членаў Камісіі беларускай мовы.
Па выніку разгляду пытанняў Камісія прымае рашэнні. Рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала не менш за 2/3 прысутных членаў Камісіі.
Склад камісіі зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 10. Сакратарыят Дэпартамента беларускай мовы
Сакратарыят Дэпартамента беларускай мовы:
1) абслугоўвае Дэпартамент беларускай мовы, дзейнасць яе экспертаў і структур;
2) рыхтуе праекты дакументаў і іншыя матэрыялы для Дэпартамента беларускай мовы;
3) рыхтуе да друку і арганізуе публікацыі дакументаў і выданняў Дэпартамента беларускай мовы;
4) кансультуе грамадзян, юрыдычных асоб;
У складзе Сакратарыяту дзейнічаюць юрыдычны аддзел, аддзел працы з грамадзянамі, выдавецкі аддзел, агульны аддзел.
Артыкул 11. Дзяржаўная інспекцыя Дэпартамента беларускай мовы
Дзяржаўная інспекцыя Дэпартамента беларускай мовы (далей – Інспекцыя) – спецыяльна ўпаўнаважаны дзяржаўны орган, падпарадкаваны Старшыні Дэпартамента беларускай мовы, які ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб беларускай мове.
У сваёй дзейнасці Інспекцыя кіруецца Канстытуцыяй, гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства.
Статут Інспекцыі зацвярджае Старшыня Дэпартамента беларускай мовы.
Структура Інспекцыі зацвярджаецца Старшынём Дэпартамента беларускай мовы па прадстаўленні Дырэктара Інспекцыі.
Інспекцыя ёсць юрыдычнай асобай, мае гербавую пячатку са сваім найменнем, банкаўскія рахункі.
Фінансаванне Інспекцыі ажыццяўляецца з бюджэту Дэпартамента беларускай мовы і іншых крыніц, не забароненых законам.
Супрацоўнікі Інспекцыі, за выключэннем асобаў, што забяспечваюць яе функцыянаванне і ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне, з’яўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі.
Задачай Інспекцыі з’яўляецца ажыццяўленне кантролю за выкананнем гэтага Закона, іншых праўных нормаў, якія забяспечваюць ахову і выкарыстанне беларускай мовы.
Кожны чалавек мае права звярнуцца ў інспекцыю з патрабаваннем праверкі парушэнняў сваіх ці калектыўных правоў у галіне выкарыстання беларускай мовы.
З мэтай рэалізацыі ўскладзенай на яе задачы Інспекцыя ажыццяўляе наступныя функцыі:
1) ажыццяўляе праверкі выканання патрабаваняў заканадаўства аб беларускай мове рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, органамі мясцовага кіравання і самакіравання, усімі ўстановамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і прадухіляе правапарушэнні ў сферы аховы і выкарыстання беларускай мовы;
2) высвятляе ў дзяржаўных органаў, іншых юрыдычных асоб, а таксама фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў прычыны выяўленых парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы і выкарыстання беларускай мовы.
3) у межах сваёй кампетэнцыі выдае абавязковыя для выканання дзяржаўнымі органамі, іншымі юрыдычнымі асобамі, а таксама фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, прадпісанні аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы і выкарыстання беларускай мовы;
4) у межах сваёй кампетэнцыі вядзе адміністрацыйны працэс;
5) рыхтуе і ва ўстаноўленым парадку ўносіць праекты нарматыўных прававых актаў па пытаннях аховы і выкарыстання беларускай мовы;
6) запытвае ў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, органаў мясцовага кірвання і самакіравання, іншых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і бязвыплатна атрымлівае ад іх інфармацыю, неабходную для выканання ўскладзенай на Інспекцыю задачы;
7) у межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва;
8) у межах сваёй кампетэнцыі дае рэкамендацыі па пытаннях аховы і выкарыстання беларускай мовы;
9) інфармуе грамадства пра сваю дзейнасць;
10) выконвае іншыя прадугледжаныя заканадаўствам функцыі.
Інспекцыя складае справаздачы перад Старшынём Дэпартамента беларускай мовы, абменьваецца інфармацыяй па сваёй дзейнасці з Камісіяй Дэпартамента беларускай мовы. Прадстаўнікі Інспекцыі маюць права ўдзельнічаць у паседжаннях Камісіі Дэпартамента беларускай мовы.
Інспекцыю ўзначальвае Дырэктар. Дырэктар прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад яе Старшынём Дэпартамента беларускай мовы са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дырэктар мае намесніка, які прызначаецца на пасаду Старшынём Дэпартамента беларускай мовы па прадстаўленні Дырэктара Інспекцыі.
Дырэктар Інспекцыі:
1) кіруе дзейнасцю Інспекцыі і нясе персанальную адказнасць за выкананне ўскладзенай на яе задачы;
2) зацвярджае штатны расклад Інспекцыі ў адпаведнасці з яе структурай і колькасцю супрацоўнікаў, а таксама фондам аплаты працы;
3) зацвярджае палажэнні аб структурных падраздзяленнях Інспекцыі;
4) прымае на працу і звальняе ва ўстаноўленым парадку супрацоўнікаў Інспекцыі;
5) ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва дзейнасцю падраздзяленняў Інспекцыі;
6) у межах сваёй кампетэнцыі выдае загады;
7) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Дырэктар Інспекцыі з’яўляецца Галоўным інспектарам паводле пасады, яго намеснік – намеснікам Галоўнага інспектара.
Інспекцыя мае штатных інспектараў.
Інспекцыя можа мець абласныя, гарадскія і раённыя падраздзяленні.
Службовымі асобамі Інспекцыі, якія маюць права ажыццяўляць кантроль за аховай і выкарыстаннем беларускай мовы, з’яўляюцца Дырэктар Інспекцыі і яго намеснік, інспектары.
Інспектары маюць права ажыццяўляць праверкі ў вызначаным заканадаўствам парадку, складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у сферы аховы і выкарыстання беларускай мовы, а таксама ажыццяўляюць іншыя, прадугледжаныя Статутам Інспекцыі і адпаведнымі палажэннямі, правы. Дзеянні і рашэнні інспектараў могуць быць абскарджаны Дырэктару Інспекцыі альбо ў суд.
Дзяржаўныя органы, іншыя юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны падчас праверак Інспекцыі ствараць умовы для выканання інспектарамі іх абавязкаў.
Артыкул 12. Дзейнасць Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўчым забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь
Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь заканадаўча фармуе дзяржаўную палітыку Рэспублікі Беларусь у дачыненні да беларускай мовы, прымае дапаўненні і папраўкі ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэкс Рэспублікі Беларусь у частцы ўстанаўлення крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне Заканадаўства аб мовах, за публічную знявагу і абразу беларускай мовы, за падрыў пазіцый беларускай мовы ў дзяржаве і грамадстве, за непрыняцце мер па папулярызацыі беларускай мовы ў краіне і за мяжой.
Старшыні абедзвюх палат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь дасканала валодаюць беларускай мовай, вядуць паседжанні палат па-беларуску і па-руску, падчас афіцыйных, публічных, культурніцкіх і іншых мерапрыемстваў асабістым прыкладам падтрымліваюць і прапагандуюць беларускую мову.
Старшыні абедзвюх палат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь вядуць пленарныя паседжанні палат на беларускай мове.
Дэпутаты абедзвюх палат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь карыстаюцца беларускай мовай і асабістым прыкладам падчас афіцыйных, публічных, культурніцкіх і іншых мерапрыемстваў асабістым прыкладам падтрымліваюць і прапагандуюць беларускую мову.
Законы Рэспублікі Беларусь прымаюцца на дзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь, могуць прымацца толькі на беларускай мове.
Артыкул 13. Дзейнасць Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь, па навуковым забеспячэнні паўнавартаснага функцыянавання і развіцця беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь
У навуковай, аганізацыйнай і адміністрацыйнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, усіх яе інстытутаў і падраздзяленняў, якая фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, беларуская мова выкарыстоўваецца ў ступені не меншай, чым руская.
Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Беларусь арганізуе і ажыццяўляе навуковае забеспячэнне паўнавартаснага існавання беларускай мовы.
Нацыянальная акадэмія навук арганізуе навуковыя даследванні ў сферы беларускай мовы, літаратуры і ў іншых галінах беларускай лінгвістыкі, публікацыю вынікаў гэтых даследванняў, выданне акадэмічных слоўнікаў, падручнікаў і іншай літаратуры, якая адлюстроўвае працэсы, што адбываюцца ў беларускай мове, вядзе Тэрміналагічны банк беларускай мовы.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі удзельнічае ў працэсе кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы шляхам шырокай і свабоднай агульнаграмадскай дыскусіі.
Кадыфікацыя беларускай літаратурнай мовы адбываецца ў выніку шырокай і свабоднай агульнаграмадскай дыскусіі кансэнсусным рашэннем грамадскай кадыфікацыйнай камісіі, складзенай на парытэтных асновах з навукоўцаў Акадэміі навук, універсітэтаў, прадстаўнікоў профільных творчых саюзаў і грамадскіх арганізацый. Склад кадыфікацыйнай камісіі зацвярджаецца Дэпартаментам беларускай мовы.
Кадыфікаваны варыянт беларускай літаратурнай мовы абавязковы для ўжывання дзяржаўнымі органамі. Дыскрымінацыя носьбітаў мовы паводле ступені яе кадыфікацыі ў недзяржаўнай сферы не дапускаецца. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі арганізуе адаптацыю да беларускай мовы ўсіх відаў камп’ютарных праграм, якія маюць масавае выкарыстанне. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі арганізуе распрацоўку і ўкараненне электронных перакладчыкаў з шырока распаўсюджаных моў свету на беларускую і, наадварот: з беларускай на шырока распаўсюджаныя мовы свету.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі вядзе працу па забеспячэнні годнага прадстаўніцтва беларускай мовы ў навуковым дыскурсе ў Беларусі і па-за яе межамі.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выступае з навукова абгрунтаванымі ініцыятывамі ў справе паляпшэння сітуацыі з бытаваннем беларускай мовы ў краіне і павышэннем яе папулярнасці за мяжой.
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дасканала валодае беларускай мовай, у сваёй афіцыйнай дзейнасці карыстаецца ёй як мінімум у тым жа аб’ёме, што і рускай мовай.
Артыкул 14. Дзейнасць Ураду Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, дэпартаментаў і ведамстваў па практычным, эканамічным і фінансавым забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь
Урад Рэспублікі Беларусь арганізуе і ажыццяўляе практычную, эканамічную і фінансавую падтрымку беларускай мовы.
Прэм’ер міністр Рэспублікі Беларусь дасканала валодае беларускай мовай, арганізуе дзейнасць Ураду, вядзе паседжанні па-беларуску і па-руску.
Урад Рэспублікі Беларусь забяспечвае, каб дзейнасць усіх міністэрстваў і ведамстваў ажыццяўлялася на беларускай мове як мінімум у тым жа аб’ёме, што і на рускай.
Міністэрствы, дзяржаўныя камітэты, дэпартаменты і ведамствы Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у рэалізацыі дзяржаўных праграм падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь у частцы датычнай іх асноўнай дзейнасці.
Артыкул 15. Дзейнасць Міністэрства адукацыі па забеспячэнні паўнавартаснага
функцыянавання беларускай мовы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і ў беларускіх школах дыяспары
Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад’емнае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на беларускай мове. Гэта права забяспечваецца сістэмай дашкольных устаноў, агульнаадукацыйных школ, ліцэяў, каледжаў, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, а таксама ў магістратуры і аспірантуры.
У дзіцячых дашкольных установах, а таксама ў дзіцячых дамах у Рэспубліцы Беларусь выхаванне вядзецца на беларускай мове ці на беларускай і рускай мовах.
У адпаведнасці з пажаданнямі грамадзян па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў могуць стварацца дзіцячыя дашкольныя ўстановы ці асобныя групы, у якіх выхаванне вядзецца на мове нацыянальнай меншасці.
У Рэспубліцы Беларусь вучэбная і выхаваўчая праца ў агульнаадукацыйных школах вядзецца на беларускай мове ці на беларускай і рускай мовах.
У адпаведнасці з пажаданнямі грамадзян па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў могуць стварацца агульнаадукацыйныя школы ці класы, у якіх вучэбна-выхаваўчая праца вядзецца на мове нацыянальнай меншасці ці вывучаецца мова нацыянальнай меншасці.
Парадак вывучэння беларускай мовы вучнямі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі краіны, вызначаецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў галіне адукацыі.
Навучанне і выхаванне ў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на беларускай мове ці на беларускай і рускай мовах.
Беларуская мова ва ўсіх навучальных установах Рэспублікі Беларусь недзяржаўнай формы ўласнасці вывучаецца незалежна ад іх ведамаснай, прафесійнай ці канфесійнай прыналежнасці.
Міністэрства адукацыі распрацоўвае і рэалізуе сістэму маральнага і матэрыяльнага заахвочвання выкладання на беларускай мове. За выкладанне або выхаванне, якое праводзіцца па-беларуску, работнікам адукацыі выплочваецца прэмія.
Міністэрства адукацыі арганізацыйна і матэрыяльна падрымлівае беларускія школы ў дыяспарах у тым ліку і накіраваннем у такія школы выкладчыкаў са свайго штату, або шляхам заключэння дамоў з грамадзянамі тых краін, дзе знаходзіцца беларуская школа.
Міністэрства адукацыі прымае арганізацыйныя захады і аказвае падтрымку ў адкрыцці і арганізацыі працы кафедр беларускай мовы і літаратуры ў краінах блізкага і далёкага замежжа дзеля папулярызацыі беларускай мовы ў як мага большай колькасці краін свету.
Артыкул 16. Дзейнасць Міністэрства культуры па забеспячэнні паўнавартаснага функцыянаванне беларускай мовы ў сістэме культуры Рэспублікі Беларусь і па папулярызацыю беларускай мовы за межамі краіны
Развіццё беларускай мовы – прынцыпова важны накірунак дзейнасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца захаванне і развіццё культуры на мовах народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у краіне.
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь арганізуе далучэнне насельніцтва краіны да здабыткаў сусветнай культуры, ажыццяўляе пераклад на беларускую мову кнігаў, фільмаў, серыялаў, стварае беларускамоўныя аналагі найбольш масавых і папулярных шоў і забаўляльных праграмаў.
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь клапоціцца аб захаванні культурных здабыткаў беларускага этнасу ў дыяспарах, аказвае калектывам і арганізацыям культуры дыяспараў арганізацыйную і матэрыяльную падтрымку.
Асноўнай мовай праграм беларускіх дзеячоў культуры, якія прадстаўляюцца на міжнародныя конкурсы і фестывалі з’яўляецца беларуская мова.
Артыкул 17. Дзейнасць Міністэрства інфармацыі і Белтэлерадыёкампаніі па забеспячэнні паўнавартаснага функцыянаванне беларускай мовы ў беларускай дзяржаве і беларускім грамадстве
Ва ўсіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі выкарыстоўваецца беларуская мова.
Усе дзяржаўныя парталы, усе сайты дзяржаўных устаноў: Адміністрацыі Прэзідэнта, Палаты Прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, міністэрстваў, ведамстваў, абласных, гарадскіх, раённых саветаў і выканаўчых камітэтаў, іншых дзяржаўных структур і арганізацый маюць беларускую версію. Беларуская версія не можа змяшчаць менш інфармацыі і быць аформлена горш, чым рускамоўная.
Літаратурныя і навуковыя выданні якія выходзяць на замежных мовах маюць беларускамоўнае рэзюмэ.
Працэнт і аб’ём замежнай відэа- і кінапрадукцыі, набытай Белдзяржтэлерадыёкампаніяй і агучанай па-беларуску, не павінен быць меншым за працэнт і аб’ём замежнай відэа- і кінапрадукцыі набытай Белдзяржтэлерадыёкампаніяй і агучанай па-руску.
Артыкул 18. Дзейнасць Міністэрства спорту і турызму па папулярызацыі
беларускай мовы ў беларускім грамадстве
і годнай рэпрэзентацыі краіны на міжнароднай арэне
Міністэрства спорту і турызму арганізуе трансляцыю спартыўных рэпартажаў з усіх значных матчаў і спаборніцтваў на беларускай мове.
Усе спартовыя і турыстычныя аб’екты маюць знешняе і ўнутранае афармленне на беларускай мове.
Усе экскурсаводы краіны абавязаны валодаць беларускай мовай у аб’ёме дастатковым для паўнавартаснага выканання службовых абавязкаў.
Артыкул 19. Дзейнасць Міністэрства гандлю і Дзяржаўнага мытнага камітэту
па забеспячэнні правоў беларускіх спажыўцоў
Міністэрства гандлю і Дзяржаўны мытны камітэт дапускаюць на беларускі рынак толькі тавары, якія маюць беларускамоўную спецыфікацыю, а таксама беларускамоўны варыянт дакументацыі (інструкцыі па экплуатацыі, тэхнічныя апісанні, гарантыйныя талоны і г.д.).
Артыкул 20. Дзейнасць Міністэрства сувязі і інфарматызацыі па забеспячэнні паўнавартаснага функцыянаванне беларускай мовы ў галіне электроннай і паштовай сувязі
Пошта і тэлеграф забяспечваюцца маркамі, канвертамі, паштоўкамі, бланкамі і да т. п., надпісы на якіх выконваюцца на беларускай мове і адпавядаюць патрабаванням Сусветнай паштовай канвенцыі.
Любыя даведачныя, інфармацыйныя і забаўляльныя паслугі па электронных сродках сувязі павінны быць даступныя на беларускай мове.
Артыкул 21. Дзейнасць міністэрстваў транспарту і дзяржаўных транспартных
кампаній па забеспячэнні паўнавартаснага функцыянаванне
беларускай мовы ў галіне транспарту і беларускамоўным афармленні
транспартных магістраляў
Усе пісьмовая і вусная даведкавыя інфармацыя для грамадскасці на транспарце: на вакзалах, станцыях, аэрапортах, прыпынках транспарту, а таксама на карпусах і ў салонах любых пасажырскіх транспартных сродкаў павінна быць на абедзвюх дзяржаўных мовах. Тэксты на беларускай і на рускай мовах мусяць мець аднолькавы змест і быць аднолькава заўважнымі.
Артыкул 22. Дзейнасць Міністэрства Абароны, Міністэрства Унутраных Спраў,
Дзяржаўнага Памежнага Камітэту, Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі,
іншых вайсковых, спецыяльных фармаванняў і сілавых структурах Рэспублікі Беларусь
Ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых, спецыяльных фармаваннях і сілавых структурах Рэспублікі Беларусь ужываецца беларуская і руская мова. Баявая і штодзённая служба ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых, спецыяльных фармаваннях і сілавых структурах Рэспублікі Беларусь арганізуецца па беларускамоўных баявых і агульнавайсковых статутах.
Пры арганізацыі ўзаемадзеяння з вайсковымі і праваахоўнымі структурамі замежных краін ужываецца беларуская і іншыя прымальныя для бакоў мовы.
Артыкул 23. Дзейнасць Міністэрства юстыцыі, пракуратуры, судоў
У Рэспубліцы Беларусь судаводства вядзецца на беларускай і рускай мовах.
Кожны чалавек мае права выступаць у судзе на любой з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, а таксама на іншых мовах, без залежнасці ад таго, на якой мове вядзецца працэс. Гарантуецца права на ўдзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка.
Выбар мовы ці моў вядзення працэсу адбываецца па згодзе бакоў. У выпадку немагчымасці дасягнуць згоды, выбар мовы ці моў ажыццяўляе суд.
Пры разглядзе ў судах крымінальных і грамадзянскіх спраў, гаспадарчых спрэчак асобам, якія прымаюць удзел у справе і не валодаюць мовай судаводства, забяспечваецца права азнаямлення з адпаведнымі матэрыяламі, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове.
Следчыя і судовыя дакументы выдаюцца асобам, якія прымаюць удзел у справе, па іх патрабаванні, у перакладзе на родную мову або іншую мову, якой яны валодаюць.
Вядзенне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на беларускай і рускай мовах.
Калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, не валодае мовай, на якой вядзецца справа, яна можа выступаць на роднай мове і карыстацца дапамогай перакладчыка.
Натарыяльнае справаводства ў Рэпубліцы Беларусь вядзецца на беларускай і (або) рускай мовах. Мова (мовы) справаводства па канкрэтнай справе абіраецца кліентам.
Калі асоба, якая звярнулася ў натарыяльную кантору ці іншая зацікаўленая асоба, не ведае моў, на якіх вядзецца справаводства, тэксты дакументаў павінны быць перакладзены ёй натарыусам ці іншай адказнай асобай, якая здзяйсняе натарыяльнае дзеянне, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Акты пракурорскага нагляду ў Рэспубліцы Беларусь складаюцца на беларускай ці рускай мовах.
У зносінах з органамі пракуратуры, пракурорскага нагляду іншых дзяржаў выкарыстоўваецца прымальная для бакоў мова.
Артыкул 24. Дзейнасць Міністэрства працы
Дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы мусяць забяспечыць права працоўнага карыстацца вуснай і пісьмовай беларускай мовай пры выкананні сваіх службовых абавязкаў.
Дзяржаўныя ўстановы абавязаны забяспечыць навучанне беларускай мове для сваіх супрацоўнікаў. Навучанне мусіць быць арганізавана ў зручны для супрацоўніка час і такім чынам, каб яму не замінала выкананне службовых абавязкаў.
Дасканалае валоданне беларускай мовай павінна быць дадатным фактарам пры прыёме на працу і павышэнні ў пасадзе ў дзяржаўных установах.
4. ДЗЕЙНАСЦЬ ОРГАНАЎ МЯСЦОВАГА КІРАВАННЯ, І САМАКІРАВАННЯ, ПРАДПРЫЕМСТВАЎ, УСТАНОЎ, АРГАНІЗАЦЫЙ, ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЙ, І ГРАМАДСКІХ
АБ’ЯДНАННЯЎ ПА ПАДТРЫМЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Артыкул 25. Дзейнасць органаў мясцовага кіравання Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь
Нарматыўныя прававыя акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь публікуюцца на беларускай мове ці на дзвюх дзяржаўных мовах. Абедзве моўныя версіі маюць аднолькавую юрыдычную моц.
Усе інфармацыйныя паведамленні для грамадскасці, а таксама бланкі і фармуляры, якія выдаюцца дзяржаўнымі арганізацыямі і прадпрыемствамі ці размяшчаюцца ў іх памяшканнях, мусяць быць на абедзвюх дзяржаўных мовах.
Органы мясцовага кіравання і самакіравання ажыццяўляюць падтрымку беларускай мовы падчас сваёй штодзённай дзейнасці, а таксама шляхам рэалізацыі на месцах дзяржаўных і агульнанацыянальных праграмаў падтрымкі беларускай мовы, распрацоўваюць і рэалізуюць мясцовыя праграмы і планы падтрымкі беларускай мовы.
Фінасаванне мясцовых праграмы і планаў падтрымкі беларускай мовы ажыццяўляецца за кошт мясцовых бюджэтаў, спецыяльных фондаў і сродкаў спонсараў і мецэнатаў.
Арганізацыйную працу па выкананні праграмаў падтрымкі беларускай мовы ў абласцях вядуць упаўнаважаныя па справах беларускай мовы. Усе органы мясцовага кіравання прызначаюць упаўнаважанага ці ўпаўнаважаных па справах беларускай мовы.
Артыкул 26. Абавязкі і правы ўпаўнаважаных па справах беларускай мовы у органах мясцовага кіравання Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь
Упаўнаважаныя па справах беларускай мовы у органах мясцовага кіравання Рэспублікі Беларусь абавязаны:
– арганізоўваць рэалізацыю на месцах дзяржаўных і агульнанацыянальных праграмаў падтрымкі беларускай мовы;
– распрацоўваць і рэалізоўваць мясцовыя праграмы і планы падтрымкі беларускай мовы;
– патрабаваць ад прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, таварыстваў, фірмаў і іншых суб’ектаў гаспадарання а таксама ад усіх юрыдычных суб’ектаў права Рэспублікі Беларусь выканання гэтага Закона, Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь, палажэнняў дзяржаўных, агульнанацыянальных і мясцовых праграмаў падтрымкі беларускай мовы.
Упаўнаважаныя па справах беларускай мовы ў органах мясцовага кіравання Рэспублікі Беларусь маюць права:
– кантраляваць выкананне гэтага Закона, Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных, агульнанацыянальных і мясцовых праграмаў падтрымкі беларускай мовы аддзеламі мясцовых органаў улады, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, таварыствамі, фірмамі і іншымі суб’ектамі гаспадарання, а таксама ўсімі юрыдычнымі суб’ектамі права Рэспублікі Беларусь;
– прадстаўляць да прыцягнення да адказнасці кіраўнікоў аддзелаў мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў, установаў, арганізацый, таварыстваў, фірмаў і іншых суб’ектаў гаспадарання, а таксама ад ўсіх юрыдычных суб’ектаў права Рэспублікі Беларусь у рамках заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 27. Дзейнасць прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, таварыстваў, фірмаў і іншых суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь
Прадпрыемствы, установы, арганізацыі, таварыствы, фірмы і іншыя суб’екты гаспадарання Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць падтрымку беларускай мовы падчас сваёй паўсядзённай дзейнасці, а таксама шляхам удзелу ў рэалізацыі на месцах дзяржаўных і агульнанацыянальных праграмаў падтрымкі беларускай мовы.
Кіраўніцтва прадпрыемстваў, ва ўстановаў, арганізацый, таварыстваў, фірм і іншых суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь прызначае супрацоўнікаў, адказных за выкананне праграмаў падтрымкі беларускай мовы ў рамках правоў, нададзеных ім гэтым законам.
Прадпрыемствы, установы, арганізацыі, таварыствы, фірмы і іншыя суб’екты гаспадарання Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць маркіроўку сваіх тавараў на беларускай і пры неабходнасці на іншых мовах. Першы асобнік усіх тэхнічных дакументаў на тавары (тэхнічнае апісанне, інструкцыя па эксплуатацыі, гарантыйныя талоны і інш.) выконваюцца на беларускай мове.
Тэхналагічнае абсталяванне, выпушчанае ў Беларусі і завезеная з замежных краін, забяспечваецца дакументацыяй на беларускай мове.
Банкі і бухгалтэрыі прадпрыемстваў забяспечваюць права грамадзяніна атрымліваць паўнавартаснае абслугоўванне на беларускай мове, карыстацца беларускамоўнымі версіямі любых дакументаў. Для гэтага ў краіне распрацоўваецца поўны камплект банкаўскай і бухгалтарскай дакументацыі на беларускай мове.
Артыкул 28. Дзейнасць палітычных партый і грамадскіх аб’яднання Рэспублікі Беларусь па падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь
Грамадскія аб’яднанні нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Беларусь арганізуюць дзейнасць на нацыянальных мовах або на нацыянальных і беларускай мовах.
5. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПА ПАДТРЫМЦЫ І АБАРОНЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Артыкул 29. Правы грамадзян Рэспублікі Беларусь па карыстанні беларускай мовай
Рэспубліка Беларусь усімі неабходнымі сродкамі забяспечвае права грамадзян свабодна карыстацца беларускай мовай ва ўсіх сферах грамадскага жыцця на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі краіны мае права карыстацца беларускай мовай ў любым выпадку, у любым месцы, у любы час.
Кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь дастаткова ведаць толькі беларускую мову, каб пачувацца і быць паўнапраўным, паўнавартасным і годным суб’ектам беларускага грамадства.
Кожная асоба ў Рэспубліцы Беларусь мае права на атрыманне любых дакументаў, а таксама на ажыццяўленне на яе просьбу прадугледжаных заканадаўствам дзеянняў і правядзенне ў адносінах да яе працэдур на беларускай мове.
Усе дзяржаўныя органы, а таксама іншыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь, незалежна ад формы ўласнасці і арганізацыйна-праўнай формы, надзеленыя правам зацвярджаць бланкі, узоры і іншыя формы дакументаў, якія выдаюцца на просьбу грамадзян ці арганізацый Рэспублікі Беларусь альбо іншым чынам прызначаны для выкарыстання грамадзянамі ці арганізацыямі Рэспублікі Беларусь, забяспечваюць права грамадзян на атрыманне любых бланкаў, узораў, іншых форм дакументаў на беларускай мове.
Натарыусы і іншыя ўпаўнаважаныя на ажыццяўленне натарыяльных дзеянняў асобы забяспечваюць асобам, што звярнуліся да іх за ажыццяўленнем натарыяльнага дзеяння, права на атрыманне дакумента, што афармляецца пры ажыццяўленні натарыяльнага дзеяння, на беларускай мове. Адмова аформіць натарыяльнае дзеянне па-беларуску са спасылкай на няведанне мовы альбо тэхнічныя акалічнасці не дапускаецца.
Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі забяспечваюць асобам, што звярнуліся да іх за ажыццяўленнем адміністрацыйнай працэдуры, права на атрыманне дакумента, што афармляецца пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры, на беларускай мове. Адмова аформіць адміністрацыйнае дзеянне па-беларуску са спасылкай на няведанне мовы альбо тэхнічныя акалічнасці не дапускаецца.
Кожная асоба ў Рэспубліцы Беларусь мае права атрымаць на свой пісьмовы, вусны, электронны зварот у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь адпаведна пісьмовы, вусны, электронны адказ на беларускай мове.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманне адукацыі любога ўзроўню на беларускай мове.
Навучанню на беларускай мове, выданню літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права насіць, а таксама надаваць сваім дзецям асабовыя імёны ў адпаведнасці з беларускай іменаслоўнай традыцыяй; ужываць і запісваць свае асабовыя імёны і прозвішчы ў адпаведнасці з беларускай іменаслоўнай традыцыяй.
Адмова дзяржаўнымі органамі альбо службовымі асобамі ў ажыццяўленні дзеянняў, звязаных з напісаннем асабовых імёнаў, проз-вішчаў грамадзян, калі грамадзянін патрабуе напісання яго імя (імёнаў), прозвішча ў адпаведнасці з беларускай іменаслоўнай традыцыяй, не дапускаецца.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права атрымліваць інфармацыю пра тавары (работы, паслугі) на беларускай мове.
Прадавец (вытворца, пастаўшчык, прадстаўнік вытворцы, пастаўшчыка альбо прадаўца, выканаўца) абавязаны забяспечыць права грамадзян на атрыманне прадугледжанай заканадаўствам інфармацыі пра тавары (работы, паслугі) на беларускай мове.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія праходзяць вайсковую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і вайсковых фармаваннях Рэспублікі Беларусь, маюць права карыстацца падчас службы беларускай мовай. Дзяржава стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.
Паводле вуснай альбо пісьмовай заявы асобы, у адносінах да якой распачаты крымінальны пераслед альбо ўзбуджана крымінальная справа, распачаты адміністрацыйны працэс – адпаведны крымінальны працэс, крымінальная вытворчасць, адміністрацыйны працэс падлягае вядзенню на беларускай мове.
Артыкул 30. Абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь па падтрымцы і абароне беларускай мовы
Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь цераз удзел у выбарах і рэферэндумах з’яўляецца суб’ектам дзяржаўнага кіравання і акрамя правоў мае і абавязкі па захаванні, падтрымцы і абароне беларускай мовы.
Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь абавязаны:
– не ставіцца пасіўна да абразлівых і зняважлівых выказванняў на адрас беларускай мовы, іншых парушэнняў гэтага Закона, а звяртацца ў такім выпадку ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы;
– патрабаваць ад дзяржаўных службоўцаў, ад кіраўніцтва і інжынерна-тэхнічнага кіраўніцтва прадпрыемстваў, установаў, арганізацый, таварыстваў, фірмаў і іншых суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь пры выкананні сваіх службовых абавязкаў выконваць патрабаванні гэтага Закона;
Кожная сям’я Рэспублікі Беларусь абавязана забяспечыць, каб дзеці да 16 год авалодалі вуснай і пісьмовай беларускай мовай.
6. АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ГЭТАГА ЗАКОНА
Артыкул 31. Адказнасць дзяржаўных структур фізічных і юрыдычных асоб за парушэнне гэтага Закона
Фізічныя і юрыдычныя асобы, якія парушаюць гэты Закон, нясуць адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
У Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях уносяцца змены і дапаўненні з тым, каб устанавіць адказнасць за наступныя парушэнні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні беларускай мовы:
1) парушэнне раўнапраўя беларускай мовы ў дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, іншых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;
2) дзеянне або бяздзеянне, якое прывяло да парушэння права грамадзяніна Беларусі на атрыманне адукацыі на беларускай мове;
3) адсутнасць тэкстаў на беларускай мове, не менш змястоўных за тэксты на іншых мовах, на пячатках, бланках, шыльдах, надпісах у службовых памяшканнях, афіцыйных сайтах у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, іншых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;
4) парушэнне права грамадзяніна атрымаць інфармацыю пра тавары ці паслугі на беларускай мове, у тым ліку адсутнасць назваў тавараў і паслуг на беларускай мове, адсутнасць тэкстаў на беларускай мове, не менш змястоўных за тэксты на іншых мовах, на ўпакоўках тавараў, у інструкцыях да тавараў, у апісаннях паслуг, якія прадаюцца / аказваюцца ў Рэспубліцы Беларусь; адсутнасць гукавых інфармацыйных паведамленняў на беларускай мове, не менш змястоўных за паведамленні на іншых мовах, у аб’ектах транспарту, гандлю, сферы паслуг;
5) парушэнне права грамадзяніна атрымаць адказ ці дакумент на беларускай мове ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, іншых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;
6) невыкананне пазначанай у гэтым Законе прапорцыі беларускамоўных тэлевізійных і радыёпраграм, прызначаных для публічнага паказу кіна- і відэафільмаў.
7) неўжыванне беларускіх формаў геаграфічных назваў, у тым ліку як першасных пры перадачы на іншыя мовы, акрамя беларускай;
8) адмова грамадзяніну ў праве насіць самому або надаваць сваім дзецям асабовыя імя (імёны) адпаведна беларускім іменаслоўным традыцыям, ужываць і запісваць свае асабовыя імёны і прозвішчы адпаведна беларускім іменаслоўным традыцыям;
9) невыкананне прадпісанняў Дзяржаўнай інспекцыі Дэпартамента беларускай мовы (інспектара Дзяржаўнай інспекцыі Дэпартамента беларускай мовы);
10) усе іншыя парушэнні права грамадзяніна актыўна і пасіўна карыстацца беларускай мовай ў поўным аб’ёме ва ўсіх сферах грамадскага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь.
7. ПЕРАХОДНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 32. Парадак і тэрміны ўвядзення ў дзеянне гэтага Закона
Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўна-грамадская камісія, Сакратарыят і Інспекцыя Дэпартамента беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ствараюцца ў вызначаным гэтым Законам парадку на працягу 6 месяцаў з дня ўступлення ў сілу гэтага Закона.
Усе дзяржаўныя органы абавязаны на працягу (1 года) з даты ўступлення ў сілу гэтага Закона прывесці свае нарматыўныя праўныя акты ў адпаведнасць з палажэннямі Закона.
На працягу (1 года) з дня ўступлення ў сілу гэтага Закона Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечвае ажыццяўленне перакладу на беларускую мову дзейных заканадаўчых актаў (кодэксы, законы), іншых нарматыўных праўных дакументаў, у першую чаргу датычных сфер адукацыі, культуры, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама забяспечвае ажыццяўленне перакладу на беларускую мову баявых і агульнавайсковых статутаў, што дзейнічаюць ва Узброеных Сілах і іншых сілавых і спецыяльных структурах Рэспублікі Беларусь.