Харошы дзядзька Міхась Скобла.
Разумны, прыгожы, дасціпны, вершы піша, у розных газетах друкуецца, падабаецца жанчынам і дзецям. Нядаўна ў “Народнай Волі” (гл. № 76 ад 25 верасня) чарговы артыкул напісаў, аж цэлых 100 радкоў і назву цікавую прыдумаў “Шашаль мовы – трасянка”. Палымяны публіцыст сп. Міхась выступіў у абарону роднай мовы ў яе найчысцейшым варыянце, праўда, не сказаўшы, які з існых яе варыянтаў яму даспадобы, “тарашкевіца” ці “наркамаўка”. Прамаўчаў і пра ўлюбёны алфавіт, бо іх у нас два – “кірыліца” і “лацінка”.
Прааналізаваўшы мову артыкула сп. Скоблы, сціпла назавём яе “скаблянка”, тым больш што “трусянка” ўжо ёсць. Спадзяюся, што ў яго пярэчанняў з гэтай нагоды не будзе. Шырокае кола носьбітаў “трасянкі” абмаляваў “народаволец” дзядзька Міхась. Гэта экскурсаводы розных музеяў, аўтары прыдарожных шыльдаў, вядомыя спевакі і гумарысты і асабліва маладыя паэты. Трапіў у гэты ганаровы шэраг і я. Праўда, песні і вершы я не пішу, і спеўнага таленту не маю, але – былы старшыня ТБМ і, самае галоўнае, амаль рэктар і “цяперашні арганізатар Нацыянальнага ўніверсітэта”.
Можа, тут якраз і “закапаны сабака”, бо хто толькі зараз на мяне не нападае з нагоды заснавання і дзейнасці ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Вось і Міхась Скобла далучыўся да такіх дзяржаўных выданняў як “СБ” і “Лідская газета”, незалежнага сайта ЗБС “Бацькаўшчына”, выпускнікоў ЕГУ і іншых змагароў за “дэмакратыю і справядлівасць”.
Але з гісторыяй у сп. Міхася ёсць крыху праблемаў. Так, ён піша, што трасянка “далася беларусам у знакі яшчэ на самым пачатку сталінскага тэрору”. Не, шаноўны сп. Скобла, з’явілася яна ў нас значна раней, яшчэ ў 17 ст., у часы Рэчы Паспалітай, і была яна польска-беларускай, прычым ахапіла спярша нашых магнатаў і шляхту. Дастаткова прыгадаць знакамітую “Прамову Мялешкі”. Але размаўляючы па-польску, наша эліта пра трасянку не забывалася, за што ёй вялікі дзякуй. Напрыклад, наш зямляк Адам Міцкевіч уключыў у свае творы сто-лькі беларускіх слоў, што палякі зараз цэлыя дысертацыі пішуць на гэтую тэму, накшталт “Беларусізмы ў творах Адама Міцкевіча”. Ды і наш класік Янка Купала трасянкі не цураўся, прычым карыстаўся яе двума варыянтамі, як польска-беларускім, так і беларуска-рускім. Дарэчы, і свае першыя вершы спрабаваў пісаць па-польску.
У савецкія часы беларуская трасянка жорстка выкаранялася, асабліва ў войску. Дастаткова вясковаму беларусу сказаць некалькі родных слоўцаў альбо прамаўляць рускія словы на свой капыл, адразу чуліся кпіны і здзекі з боку “таварышчаў афіцэраў”.
Таму трасянка ў нас зараз не шашаль, а апошні бастыён абароны перад шалёным наступам “русского мира”.
Напрыклад, прыедзе ў Маскву вядомы нам усім беларус, прачытае па паперцы пра-мову на “великом и могучем”, а потым адкладзе яе ўбок і скажа толькі адно слова “гвалт” і ўсё, ён ужо не “рускі са знакам якасці”.
Вялікую ролю носьбіты трасянкі, а гэта большасць насельніцтва Беларусі, могуць адыграць у наступным годзе, падчас чарговага Перапісу насельніцтва.
Я заклікаю ўсіх, хто яшчэ не перайшоў канчаткова на літаратурную мову сусед-няй дзяржавы, ва ўсіх графах падпіснога ліста пісаць толькі адну мову – беларускую.
Хай трасянка замацуе нашу незалежнасць, а потым, калі па-беларуску загаворыць наша ўлада, можна спакойна, без вялікага ўціску і гвалту засвоіць і “скаблянку”.
Ганаровы старшыня ТБМ, в.а. рэктара Універсітэта
імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў.