Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гораду-герою ў хвіліну прызнання

Гораду-герою ў хвіліну прызнання

25 верасня 2018, 00:15 Грамадства 43
Гораду-герою ў хвіліну прызнання

Святочная вечарына, прысвечаная 951 гадавіне з дня заснавання Менска, адбылася 16 верасня ў бібліятэцы  імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла. У ёй узяла ўдзел навуковая і творчая інтэлігенцыя горада, сябры грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі касцельных рухаў і супольнасцяў, чытачы бібліятэкі. Госці імпрэзы пазнаёміліся з фотавыставай Міхаіла Крыжаноўскага  “Такой я бачу Беларусь”  і  кніжнай выставай пра вялікіх асобаў, якія жылі і дзейнічалі ў Менску. На вечарыне прагучалі жывыя сведчанні з гісторыі горада, сустрэчу аздобілі выдатныя музычныя творы беларускай і сусветнай класікі.

З  уступным словам да гасцей звярнуўся ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк.

– Будуючы нашу святыню, фундатар касцёла Эдвард Вайніловіч хацеў, каб на франтоне над горадам як знак абароны захоўваўся герб з выявай Маці Божай у атачэнні анёлаў. Ён быў вялікім заха-вальнікам гісторыі, архівістам, следапытам. У яго бібліятэцы  і архівах захоўваліся  дакументы пра ўвесь род Вайніловічаў за 500 гадоў. 

Сёння нам адкрыва-юцца новыя далягляды таксама праз асобу Францішка Скарыны. Мы адкрываем новую старонку яго дзейнасці, не толькі  як перакладчыка, філосафа, доктара медыцыны, але і як верніка. Ён прысвяціў Бібліі ўсё сваё жыццё, каб мы, нашчадкі атрымалі гэтае святло не толькі для развіцця інтэлекту, але  і для развіцця душы. Праз прадмовы і пасляслоўі мы адкрываем веліч яго духу. З дабраслаўлення мітрапаліта Тадэвуша і адабрэння братоў праваслаўных мы атрымалі з Беластока пераклады прадмоваў і пасляслоўяў на іншыя мовы, у тым ліку, італьянскую, каб падаць на Кангрэс, Кангрэгацыю па справах святых, каб вывучалі яго дзейнасць не то-лькі як навукоўца, але і як хрысціяніна, і каб ён быў пры-знаны слугою Божым, як і Эдвард Вайніловіч.

Тады пра Скарыну будуць гаварыць не толькі на Беларусі, але і на ўсім свеце, на ўсіх кантынентах, ва ўсіх храмах і базыліках! Калі Усяленскі сабор прызнае, што Францішак Скарына быў годным хрысціянінам і пранёс святло праз усё жыццё. І мы адчуваем гэта, бо прайшло 500 гадоў, а веліч яго подзвігу толькі раскрываецца. Жадаю ўсім жыхарам Менска любові Божай і апекі Багародзіцы над дамамі і сем’ямі, і над усёй нашай краінай!

У цёплы нядзельны вечар лірычную праграму для гасцей падрыхтавалі навучэнцы музычнай школы № 6 з педагогам і кампазітарам Вольгай Воінскай. Песню “Мой родны кут, як ты мне мілы” выканала пад акампанемент  В. Воінскай вучаніца музычнай школы мастацтваў Валерыя Слінка.

Педагог  Віталія Бурцева прадставіла сваіх вучняў: Максіма Лембіеўскага, Валірыю Слінку і Юрыя Няхая, якія выканалі  папулярныя кла-січныя творы.

Акцёр тэатра ” Зніч”, вядучы майстар сцэны Мікалай Мікалаевіч Лявончык  з імпэтам прадэкламаваў урыўкі з вершаванага рамана Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”,  у якіх прагучала тэма прыгажосці роднай зямлі.

Перад гасцямі выступілі лаўрэаты Міжнародных конкурсаў саліст Белдзяржфілармоніі Аляксандр Музыкантаў  і салістка Нацыянальнага аркестра эстраднай і сімфанічнай музыкі Таццяна Глазунова. 

Вядовец вечарыны Уладыслаў Трыпуз нагадаў  прысутным, што ў гады ваеннага ліхалецця Чырвоны касцёл дзейнічаў. У страшныя часы людзі маліліся ў святыні аб вызваленні ад фашыстаў і ўдзельнічалі ў падпольных групах, якія нанослі значную шкоду нямецкай уладзе падчас акупацыі. Песню з кінафільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, у аснове сюжэта якога ляжала аперацыя ў Менску па ліквідацыі Вільгельма Кубэ, выканаў магістр музыкалогіі, арганіст касцёла Андрэй Міхневіч.

Выдатніца народнай асветы, выкладчыца беларус-кай літаратуры Валянціна Ка-рлаўна Раманцэвіч выступіла  з успамінамі пра ваенныя часы. Старэйшая жыхарка горада распавяла пра вядомых і невядомых герояў  абароны і вы-звалення Менска.

– Наш горад у 1944 годзе ляжаў у руінах. Нашы вуліцы носяць імёны знакамітых франтавікоў. Першым уварваўся ў Менск Фролікаў, камандзір танкавай брыгады, герой Савецкага Саюза. А хто ж быў апошнім, хто пакінуў Менск у 1941-ым? У кнізе “Вогнены танк”  Пампея Беразняка ёсць такі герой Дмітрый Іванавіч Малько. Мне асабіста прыходзілася сустракаць яго з маімі вучнямі і хочацца, каб памяць пра такіх людзей захавалася.

З чытаннем вершаў, прысвечаных Менску, выступілі  педагог Людміла Сяргей, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Таіса Іванаўна Трафімава і паэтка Ядвіга Рай. Яны склалі трапяткія радкі, каб уславіць любімы горад. 

“Найсветлай Божай

                               таямніцай

трымаеш нас сваім святлом.

Непераможны, гераічны,

ты маладзееш праз гады.

Табой на век мне ганарыцца

і  ўслаўляць цябе заўжды.”

 

На экране прамільг-нулі знаёмыя вуліцы і плошчы, праспекты і каналы, знакавыя забудовы і помнікі. Чытачы і госці бібліятэкі  з прыемнасцю прагледзелі відэакліп “Мая сталіца” відэааператара Васіля Кулікова з удзелам фатографа Міхаіла Крыжаноўскага. Вечарыну завершыла песня Аляксандра Віслаўскага на верш Рыгора Барадуліна ” Маленне за Беларусь”.

Супрацоўніцы бібліятэкі Галіна Фёдараўна і Ванда Браніславаўна запрасілі гасцей да шчодрага стала з пірагамі і гарбатай. За бяседай у коле творчых асобаў гаворка ішла пра музыку, мастацтва і духоўныя здабыткі сучасных літаратараў. Цыкл вечарын у бібліятэцы імя А. Міцкевіча будзе прадоўжаны цягам года.

Э. Дзвінская,

фота аўтара.

  1. Ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк;
  2. Малады флейтыст.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Збіральнік скарбаў зямлі беларускай
Навука

Збіральнік скарбаў зямлі беларускай

14 верасня 2023, 22:5319
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0517
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4716
Цікавая сустрэча з беларускім пісьменнікам
Выданні

Цікавая сустрэча з беларускім пісьменнікам

3 сакавіка 2020, 20:3315
Далучайцеся да нас