Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Іванава – Слоніму або Падарожжа ў сталіцу беларускага пісьменства

Іванава – Слоніму або Падарожжа ў сталіцу беларускага пісьменства

20 верасня 2018, 00:47 Культура 14
Іванава – Слоніму   або Падарожжа ў сталіцу беларускага пісьменства

ХХV Дзень беларускага пісьменства сабраў прыхільнікаў і майстроў прыгожага беларускага слова на Берасцейшчыне ў горадзе Іванаве. Паклікаў у дарогу і нас, лідзян, – мяне (аўтара гэтых радкоў) з жонкай Лілеяй, настаўніцу рускай мовы і літаратуры СШ №11 Наталлю Анашкевіч з мужам Ігарам – нашым кіроўцам.

Як ужо стала традыцыяй, для правядзення такога Свята выбіраюцца гарады з  багатай гістарычнай спадчынай, якія маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і дзейнасці славутых дзеячоў Беларусі, а таксама тыя гарады, у якіх зараджалася асвета, культура і кнігадрукаванне. Ужо чацвёрты раз Берасцейшчына прыняла эстафету яго святкавання. Гэты год для Іванава стаў своеасаблівым тым, што яму сёлета споўнілася 595 год, а г.зн. на 100 год ён маладзейшы за наш горад Ліду.

Забягаючы наперад, скажу, што ўсе мерапрыемствы, па зацверджанай праграме прайшлі на высокім узроўні. У гэтым пастараліся самыя гараджане, будаўнікі, якія змянілі воблік горада ў яго ўпарадкаванні. Пляцоўкі, на якіх раскінуліся горад майстроў, атракцыёны, конкурсы і забавы прыцягвалі сваю зацікаўленую аўдыторыю.

Ну і якое свята беларускага пісьменства без літа-ратуры, а тым больш без яе стваральнікаў!? У гэтай справе пэўных адхіленняў таксама не праглядалася. У гэтым можна было ўпэніцца ва ўрачыстым шэсці з харунгвамі гарадоў, маючых дачыненне да папярэдніх святаў (пісьменнікаў, дзеячоў культуры, прадстаўнікоў дзяржаўных структур і ўлады). Адкрыццё памятнага знака “Янава слова” ў выглядзе сонечнага гадзінніка, на якім замацавана ў мармуровай чарнільніцы пяро, абапал якога выгравіраваны даты і назвы гарадоў, дзе праходзілі такія ж фестывалі, прыўзнялі настрой у жыхароў і гасцей Іванава. Апоўдні на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы гарадскога парка адбылося афіцыйнае адкрыццё свята. Выступленне прадстаўнікоў улады, духавенства, зачытванне віншавальнага ліста ад Прэзідэнта краіны, мастацка-тэатралізаваная дзея “Малой радзіме пакланюся!”… і вось – самы напружаны момант – уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. На сцэну адзін за другім падымаюцца пісьменнікі – лаўрэаты, якія напісалі значныя творы ў 2018 годзе. Так, у намінацыі “Леп-шы твор (лепшы зборнік) паэзіі” пераможцам стаў Казімір Камейша, у намінацыі “Лепшы твор прозы” – Васіль Шырко, за “Лепшы твор драматургіі” адзначаны Гергій Марчук, у намінацыі “Лепшы твор публіцыстыкі” – Зінаіда Дудзюк, за “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства” – Іван Штэйнер, у намінацыі  “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” перамагла Вольга Нікольская, а “Лепшы дэбют” быў у Юліі Алейчанкі. Трэба зазначыць, што на гэтай жа сцэне праз пэўны час адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Слоніму Гарадзенскай вобласці,  гораду, які непадалёк суседнічае з Лідай. І як памятаем, у 2015 годзе такое ж свята прайшло таксама ў суседнім Шчучыне.

Прывабнымі пляцоўкамі для аматараў мастацкага слова стала месца фестывалю кнігі і прэсы, дзе раскінуліся павільёны “Кніга і прэса Рэспублікі Беларусь”, “Слова пісьменніка”, “Добрая кніга – дзецям”, “Друкарскі двор ХVІ стагоддзя”, выстаўкі выданняў абласных і раённых СМІ Берасцейшчыны, галаграм ста-радрукаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а так-сама значнай выставы “Беларускі буквар: сувязь пакаленняў”, прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар” і інш. Не абышлі  ўвагай сімвалічную справу – гашэнне маркі і паштовага канверта. Адным словам, кожны ахвочы тут, у Іванаве, мог знайсці сабе штось сваё, куды цягнулася душа: ці то паслухаць чытанні вершаў з вуснаў саміх паэтаў – творчай інтэлігенцыі Беларусі і атрымаць ад іх аўтографы, ці то пабываць на новых спартыўных пляцоўках і прыняць там удзел у спаборніцтве.

Трэба зазначыць, што ўжо па традыцыі складовай часткай свята з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй”. Як стала вядома з вуснаў саміх удзельнікаў экспедыцыі, у кожным горадзе ці вёсцы, праз якія быў пракладзены маршрут, было пасажана па 25 дрэўцаў. Гэта ж цэлыя сады – Сады Малітваў!

Так, у гэтыя дні, здаецца, усе дарогі вялі ў горад Іванава не толькі беларусаў, але і замежнікаў. Гэты палескі раён багаты на мінуўшчыну, славутымі асобамі, якія сваёй дзейнасцю праславілі яго за межамі нашай краіны. А гэта знакаміты мастак, кампазітар, музыка Напалеон Орда. Лідзяне ведаюць, што ён  – і аўтар мастацкай выявы Лідскага замка. Месцам для фотазоны турыстаў тут стаў помнік яму. Непадалёку ад Іванава, у знакамітым Моталі (славіцца каўбасамі) калісьці на свет з’явіўся будучы першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, а яшчэ раней будучая каралева Рэчы Паспалітай Бона Сфорца дала гэтаму мястэчку Магдэбургскае права… 

Мне, як кіраўніку літаб’яднання “Суквецце”, пашчасціла мець магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі культуры, з творчай інтэлігенцыяй Беларусі, з тымі пісьменнікамі, якія ствараюць сёння беларускую літаратуру, з кіруючымі органамі нашай краіны для пракладвання літаратурных сувязей, у чым атрымліваў толькі станоўчыя адказы.

Напэўна, кожны іванавец ганарыцца вёскай Дастоева, адкуль пачаўся род вялікага класіка рускай літаратуры Ф.М. Дастаеўскага. Менавіта на падворку вясковай школы насупраць Траецкай царквы ўстаноўлены помнік пісьменніку, а школа ганарова носіць яго імя і змяшчае ў сваіх сценах музей класіка. Абмінуць гэты населены пункт не маглі і мы. Пашчасціла нам з вуснаў экскурсавода дазнацца пра тое гістарычнае мінулае з роду Дастаеўскіх, пабачыць цікавыя экспазіцыі. 

Свята – гэта святло, гэта радасць. Менавіта яно замацавалася ў нас у Жыровічах, якія наведалі на зваротным шляху. Гаючая вада, як бы той Жыватворны Агонь ад Труны Гасподняй, замацавала ў нас незабыўны маршрут з надзеяй, што наступны 2019 год нас зноў збярэ, на гэты раз на Гарадзеншчыне – у горадзе Слоніме.

Алесь Хітрун,

кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея.

Фота прыхільніцы прыгожага пісьменства Наталлі Анашкевіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас