Па-беларуску ў першым класе магілёўскай школы № 34 будуць вучыцца пяцёра дзяцей. Для 380-тысячнага горада гэта найбольшая колькасць вучняў, якія сабраліся ў адным класе за 8 гадоў адраджэння беларускага школьніцтва.
У 34 школе на першую лінейку з бацькамі прыйшлі Адаліна Самойленка, Леў Пундзік, Юры Кудакцін, Марыя Валашчук ды Кірыла Чарткоў. Паводле іхняй настаўніцы Вольгі Штукаровай, яшчэ на пачатку жніўня была толькі адна заява на беларускамоўнае навучанне. За месяц да пачатку навучальнага года дадаліся яшчэ чатыры. Педагога не бянтэжыць, што ў класе толькі пяцёра дзетак. Яна спадзяецца, што цягам года вучняў паболее.
Вольга Штукарова раней працавала ў беларускамоўнай школе прыгараднай магілёўскай вёскі Цішоўка. Гэтую школу зачынілі.
– Вельмі добра, што ў гарадах з’яўляюцца класы з беларускай моваю навучання, – адзначае яна. – Беларуская мова цяпер у занядбанні, і такія класы будуць надаваць ёй вагу. У школе дзеткі навучацца гаварыць адзін з адным па-беларуску, і за імі пацягнуцца іншыя.
Паводле педагога, цяперашні стан беларускамоўнага навучання – вынік згортвання практыкі выкладання прадметаў па-беларуску. Цяпер, лічыць яна, каб беларускамоўных класаў станавілася болей, патрэбныя намаганні дзяржавы.
Першакласнікі ведаюць, што іх будуць вучыць на беларускай мове.
– Мы гэтага не баімся, – заявілі разам яны і дадалі, што будуць і бацькоў вучыць беларускай мове.
Першай сёлета падала заяву на беларускае навучанне сям’я Пундзікаў. Тата першакласніка Льва Мікалай лічыць абсурдным пытанне, чаму наважыліся вучыць сына па-беларуску. Нехта мусіць быць першым, кажа ён.
– Цяпер ужо не пачуеш, што беларуская мова “калгасная, – тлумачыць Мікалай. – Яна стала прыкметаю таго, што яе носьбіт – чалавек, які ведае, чаго ён хоча. Восем гадоў таму ў Магілёве адраджэнне беларускамоўнага навучання пачыналася з адной вучаніцы. Цяпер – 13 дзетак вучацца па-беларуску. Прагрэс ёсць. Патрэбны штуршок, каб ён быў шпарчэйшым.
Старшыня гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў кажа, што з’яўленне яшчэ аднаго беларускамоўнага класа ў Магілёве – вынік супольных намаганняў грамадскасці і ўлады. Актывіст адзначыў:
– ТБМ напіша падзяку аддзелу адукацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва, а таксама адміністрацыі 34-й школы за спрыянне ў адкрыцці беларускамоўных класаў, а таксама кіраўніцтву садка № 79, у якім сфармаваная беларускамоўная група з дзевяці дзетак. Разам з тым мы будзе пісаць скаргу ў гарвыканкам на аддзел адукацыі Ленінскага раёна, дзе жадання абмяркоўваць сітуацыю з беларускімі класамі і групамі не было, – заяўляе Алег Дзьячкоў.
Выпускніком школы ў 1983 годзе быў цяперашні міністр аховы здароўя Валеры Малашка. На лінейцы ён звяртаўся да вучняў па-расейску.
Радыё Свабода,
г. Магілёў
У магілёўскай школе, дзе вучыўся міністар аховы здароўя, набралі беларускамоўны клас з пяці вучняў
