Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Піліпенкі

90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Піліпенкі

26 мая 2026, 23:08 Навука 20
90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Піліпенкі

Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (19 траўня 1936, Нежыхаў, Брагінскі раён – 6 красавіка 2025) – бела-рускі этнограф, этнолаг, гісторык. Дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі (1994-2004). Доктар гістарычных навук (1993), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1994), прафесар (1995).

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Мазырскім педагагічным вучылішчы (зараз – Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна), затым паступіў у 1956 годзе на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам гісторыі Мамайскай васьмігадовай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, а затым – Каплічскай сярэдняй школы на Гомельшчыне.

У 1964-1967 гадах вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1967 года працаваў на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спачатку выкладчыкам кафедры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а затым дацэнтам кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін (з 1977 – дацэнт, 1995 – прафесар, 1994 – член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі).

З 1991 года М. Ф. Піліпенка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела этналогіі. У 1993 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю, а з траўня 1994 года па 2004 год – дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. З 2004 года – галоўны навуковы супрацоўнік аддзела этналогіі інстытута.

Памёр 6 красавіка 2025 года ва ўзросце 88 гадоў.

Навуковая дзейнасць

Даследаваў праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейных адносін, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў. Аўтар манаграфіі “Этнаграфія Беларусі” (1980), “Узнікненне Беларусі: новая канцэпцыя” (1991), суаўтар калектыўных прац “Гістарычнае краязнаўства Беларусі” (1980), “Народная педагогіка беларусаў” (1996), “Беларусы” (1998), “Беларусь на мяжы тысячагоддзяў” (2000), “Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё” (2001), “Беларусы. Т. 5. Сям’я” (2001), “Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі” (2002).

Ён аўтар звыш ста навуковых артыкулаў, сярод якіх найбольш значнымі з’яўляюцца “Паходжанне і сацыяльная сутнасць сімвалічных выкупаў у беларускай вясельнай абраднасці” (1969), “Сляды родавай арганізацыі ў вясельных звычаях славянскіх народаў” (1969), “Сям’я і шлюб у беларускіх сялян у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.” (1970), “З гісторыі вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору” (1970), “Роля эвалюцыі і дыфузіі ў гісторыі традыцый” (1990), “Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывілізацыі” (1995), “Прынцыпы класіфікацыі вясельнай абраднасці беларусаў” і інш.

У працы “Этнаграфія Беларусі” разглядаў фальклор як элемент духоўнай культуры беларусаў. У артыкулах, надрукаваных у энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі” вывучыў многія міфалагічныя вобразы беларусаў. Абгрунтоўваючы свой пункт гледжання аб паходжанні беларускага народа, побач з іншымі крыніцамі, ён шырока выкарыстоўваў матэрыялы па беларускім фальклоры.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі
Культура

ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

28 чэрвеня 2022, 20:0816
2 красавіка – Вербніца
Грамадства

2 красавіка – Вербніца

29 сакавіка 2023, 07:3215
100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва
Культура

100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва

17 лютага 2023, 15:4915
Памёр Уладзімір Карызна
літаратура

Памёр Уладзімір Карызна

14 сакавіка 2026, 19:5014
Далучайцеся да нас